У канцы сакавіка многія рэгіёны краіны пераўтварыліся ў сапраўдную беларускую Венецыю. Для некаторых жыхароў Віцебшчыны гумавыя лодкі засталіся адзіным сродкам сувязі з «вялікай зямлёй», а ў Віцебску ратавальнікі разам з гараджанамі шукаюць залатую рыбку, якая знікла пад рачной гладдзю.
Заходняя Дзвіна сёлета «схапіла» ў свае абдымкі берагі і пабудовы многіх раёнаў паўночнага рэгіёна. У цэнтры Віцебска ў месцы зліцця Дзвіны і Віцьбы ўтварылася сапраўднае мора, перакрыўшы прыбярэжную пешаходную зону. Максімальны ўзровень вады дасягнуў 9,4 метра, пабіўшы рэкорд 10-гадовай даўнасці. У зоне рызыкі аказаўся Свята-Духаў жаночы манастыр Віцебскай епархіі — вада падышла амаль да сцен будынка, ратавальнікі разам з ігуменняй спускаліся ў падполле і рыхтавалі план абароны, аднак рака здала пазіцыі.
Сітуацыя з вялікай вадой у горадзе на Дзвіне знаходзіцца пад пільным кантролем Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вось і сёння раніцай разам з начальнікам сектара арганізацыі і функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Дзмітрыем Мамойкам і галоўным спецыялістам сектара Віктарам Кулаковым мы накіраваліся на гідралагічны пост «Віцебск». Замеры ўзроўню вады тут праводзяць у 8 гадзін раніцы і вечара. За апошнія тры дні шкала на лінейцы знізілася на 34 сантыметры, па стане на раніцу 7 красавіка вышыня вады ў рацэ складала 8,93 метра. Тут жа праводзяць і замеры тэмпературы — Дзвіна прагрэлася ўжо да 2,5 градуса.
Што ж гэта за залатая рыбка, знікненне якой узбуджана адгукнулася сярод віцябчан? Некалькі гадоў таму на востраве прыбярэжнай пешаходнай зоны, дзе Віцьба ўпадае ў Дзвіну, усталявалі скульптурную кампазіцыю ў выглядзе залатой рыбкі, вышыня якой 2,3 метра. Рачная плынь літаральна патапіла яе, і цяпер ратавальнікі ацэньваюць сітуацыю з адыходам вялікай вады па з'яўленні на паверхні элементаў скульптуры.
Спецыялісты сектара, акрамя штодзённага кантролю вады, прымаюць паведамленні ад насельніцтва і выязджаюць на месцы. З пачатку паводкі 24 сакавіка гарадскія ратавальнікі прынялі больш за 50 заявак, часцей — ад жыхароў прыватнага сектара, чые домаўладанні знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад берагавой лініі. Нярэдкія выпадкі, калі падворкі гараджан разам з цяпліцамі і гаспадарчымі пабудовамі «плывуць» з-за растання ападкаў. Калі пагрозы жыццю і здароўю грамадзян няма, то МНС прапануе платныя паслугі па адпампоўцы вады. А на маёмасць, якая была застрахавана і пацярпела, будзе выплачана кампенсацыя, таму ратавальнікі яшчэ раз нагадваюць грамадзянам аб важнасці страхавання.
Рэзанансны выпадак, які атрымаў статус надзвычайнай сітуацыі прыроднага характару і стаў першым у вобласці, здарыўся 5 красавіка ў Віцебскім раёне: каля вёскі Барвін быў разбураны ўчастак грунтавой дарогі паміж Заходняй Дзвіной і садовымі таварыствамі «Лужасна-1» і «Лужасна-2». Раённымі структурамі праблема была вырашана: 17 адзінак тэхнікі ўмацавалі берагавую лінію пры дапамозе звыш 1400 тон горных мас і 100 тон цвёрдых будаўнічых матэрыялаў.
Па стане на 7 красавіка ў Віцебскай вобласці застаюцца падтопленымі 7 жылых дамоў, 109 падворкаў, 195 гаспадарчых пабудоў, 15 участкаў дарог, тры масты. Застаюцца адселенымі 31 чалавек, з іх — 13 дзяцей. Ратавальнікі і арганізацыі раёнаў прыходзяць на дапамогу не толькі людзям, але і дамашнім жывёлам.
Асабліва небяспечны стан басейна Заходняй Дзвіны зарэгістраваны на гідралагічных пастах «Полацк» і «Верхнядзвінск». На Полаччыне вада не толькі затапіла прыбярэжныя зоны, але і пранікла на тэрыторыі паркаў. Аднак мясцовыя аматары байдарачнага спорту вырашылі выкарыстаць капрызы воднай стыхіі на сваю карысць: па прасторах сацыяльных сетак гуляюць відэа, як палачане «вандруюць» па горадзе на лодках. Клуб «Байдарачнікі Полаччыны» назвалі свой маршрут «У пошуках Рагвалода» або «Полацкая Венецыя», плануюць здзяйсняць водныя паходы, пакуль не сыдзе вада, і запрашаюць далучыцца да незвычайных падарожжаў усіх ахвотных. А ў Віцебску блогеры ў якасці вясновага перформансу сплаўляліся па Дзвіне на гумавым ружовым фламінга.
Гідролагі прагназуюць спад вады ў хуткім часе. Як той казаў, у прыроды няма дрэннага надвор'я, галоўнае — з якім настроем да яго ставіцца.
Аляксандра ГВОЗДЗЕВА
Фота аўтара і клуба «Байдарачнікі Полаччыны»
Давайце высветлім, пачым сёння наш галоўны прадукт «зімовага рацыёна», што ў асартыменце ў гэтым лістападзе і які від сала карыстаецца цяпер найбольшым попытам.
«Устаюць раней за ўсіх і пазней за ўсіх кладуцца»
...Як ламае сумеснае актыўнае пераабсталяванне жылля добрыя сем’і, я ведаю не па чутках.