Вы тут

Сувораўскія шляхі памяці


За пяць гадоў пошукавай дзейнасці члены турысцкага эколага-краязнаўчага клуба «Дзвіна», які працуе на базе Віцебскага кадэцкага вучылішча, вярнулі з небыцця каля пяці тысяч імёнаў мірных жыхароў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Наперадзе ў сувораўцаў — рэалізацыя праекта, прысвечанага памяці спаленых вёсак Віцебскага раёна.


Паняцце патрыятызму для віцебскіх кадэтаў — не толькі прыгожае слова, але і лад жыцця, выхаваны ў сценах установы. У 1996 годзе на базе Віцебскага кадэцкага вучылішча пачаў сваю работу краязнаўчы клуб «Дзвіна», які ўзначаліў малады педагог-гісторык Мікалай Півавар. Прайшло 27 гадоў, аб дзейнасці юных кадэтаў і Мікалая Васільевіча ведаюць далёка за межамі вобласці, аднак яны і дагэтуль пазл за пазлам карпатліва аднаўляюць ваенную мазаіку Прыдзвіння.

Улічыць кожнае пахаванне

Штотыднёвыя краязнаўчыя паходы з'яўляюцца неад'емным метадам работы клуба, а з 2018 года патрыятычная работа з моладдзю выйшла за межы аднаго дня на тыдзень, моцна пераплялася з урокамі гісторыі. Дзейнасць клуба ў гэтым кірунку пачалася з пошуку няўлічаных пахаванняў: падчас вандровак знаходзілі ў лесе, на полі адзінокія стэлы з чырвонымі зоркамі, а часцей — звычайныя крыжы без шыльд — пра іх ведаў мала хто, хіба толькі помнілі нешматлікія старажылы. Кадэты пад кіраўніцтвам Півавара шукалі інфармацыю аб адзінокіх пагорках, складалі лісты і накіроўвалі іх у райвыканкам, некалькі са знойдзеных пахаванняў паставілі на ўлік, замацавалі за імі адказных.

Лічба знойдзеных краязнаўцамі аб'ектаў перасягнула за 100 і працягвае павялічвацца. Паставіць на ўлік усе пахаванні, замяніць разбураныя часам помнікі і добраўпарадкаваць тэрыторыю, а галоўнае, зрабіць пад'езд было вельмі складана (асабліва ў цяжка даступных месцах). Аднак гэту праблему Мікалай Васілевіч вырашыў: з-пад яго рукі выйшла кніга, дзе сабраны звесткі пра ўсе пахаванні, помнікі воінскай славы, памятныя месцы, звязаныя з вайной, з указаннем геаграфічных каардынат і кароткая інфармацыя аб іх. Цяпер гэтыя каштоўныя для нашай памяці адрасы не згубяцца.

У Віцебскім раёне па афіцыйных даных узята на ўлік 123 пахаванні, юныя энтузіясты знайшлі яшчэ 120. Аб некаторых, можа, і ведае грамадскасць, аднак не ўдзяляе ўвагі. Напрыклад, каля Янавічаў ва ўрочышчы Зайцава расстралялі яўрэяў, у брацкай магіле па архіўных звестках ляжаць 1600 чалавек, помнік ёсць — увагі няма. Члены клуба ўзнялі праблему, і пахаванне, як і больш за 50 іншых, улічана гарадской і раённай пракуратурай у ходзе расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа.

Другі кірунак дзейнасці — вяртанне з небыцця імёнаў загінулых. Віцебскі раён моцна адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў Беларусі — тут на працягу дзевяці месяцаў стаяў фронт, чалавечыя страты былі велізарныя: загінула каля 63 тысяч байцоў, але гісторыкі сведчаць, што гэта лічба можа быць большая. Ахвярамі вайны сталі 15 тысяч мірнага насельніцтва. У АБД «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь» занесены толькі 34 тысячы прозвішчаў воінаў. На тэрыторыі раёна знаходзіцца адзіны помнік вайны, які носіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, — «Віцебскія вароты».

Па архіўных дакументах Віцебскай вобласці і Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі кадэты знаходзілі новыя імёны ахвяр вайны. Удалося ўстанавіць амаль дзве тысячы, па «Кнізе Памяці» — 2800 прозвішчаў. Працавалі і з газетнымі артыкуламі, з якіх выявілі 14 персаналій, падчас палявых выхадаў удалося вярнуць 96 прозвішчаў. Атрымалася, што намаганнямі Мікалая Півавара і членаў клуба былі вернуты імёны амаль пяці тысячам ахвяр вайны, знойдзена каля 70 новых пахаванняў.

Добраўпарадкаванне — яшчэ адзін важны кірунак дзейнасці «Дзвіны», які ідзе поруч з мемарыялізацыяй памяці: у 2019 годзе кадэты ўсталявалі памятную шыльду з QR-кодам на месцы былога канцлагера ў Лужасне. Разам са студэнтамі ВДУ імя Машэрава на магіле савецкага лётчыка ў вёсцы Чырвоная Іскра быў усталяваны помнік. Падчас аднаго з паходаў месцічы расказалі краязнаўцам, што каля вёскі Храпавічы ёсць магіла вясковай настаўніцы і яе пажылой маці. Пахаванне знайшлі, па дакументах устанавілі імёны загінулых: Марыя Аляксандраўна Ястрабава і Марыя Аляксандраўна Ждановіч. Энтузіясты добраўпарадкавалі магілу, усталявалі шыльду — гэта толькі адна з некалькіх дзясяткаў гісторый вяртання.

Прыдзвінскі попел

Новы праект кадэтаў прысвечаны ўвекавечванню памяці спаленых вёсак Віцебскага раёна. Разам з членамі клуба гэтай ідэяй гарыць і Ілья Мандраў. «Падчас распрацоўкі праекта мы даведаліся, што па даных НАРБ у Віцебскім раёне ў гады вайны было знішчана каля 503 вёсак. Але мы знайшлі яшчэ 130 населеных пунктаў, і гэта таксама не канчатковы вынік. Запавольвае пошукавы працэс адсутнасць канкрэтнай тэрміналогіі: што лічыць або не лічыць спаленым населеным пунктам», — расказвае кадэт. Ілья ўспрымае сваю пошукавую дзейнасць данінай памяці двум прадзедам, якія дайшлі да Берліна.

Атрымліваецца, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў раёне было знішчана звыш 630 вёсак, аднак памяць аб іх захоўваюць толькі восем помнікаў на месцах былых населеных пунктаў, яшчэ 12 вёсак увекавечаны ў Хатыні — гэта складае менш за чатыры працэнты ад агульнай колькасці.

Аптымальным шляхам вырашэння гістарычнага прабелу кадэты лічаць стварэнне мемарыяльнага комплексу раённага маштабу, бо ўсталёўваць лакальныя помнікі на месцах немагчыма па шэрагу прычын: многія з вёсак больш не існуюць, да месца іх знаходжання няма пад'езду і не засталося ў жывых відавочцаў вогненных падзей. Акрамя помніка, краязнаўцы хочуць стварыць аўтаматызаваную базу даных «Спаленыя вёскі Віцебскага раёна». Па словах Мікалая Півавара, месцам, дзе можа быць рэалізаваны праект, правільна было б абраць Суражчыну, чые землі пацярпелі ад карных аперацый больш, але каб зрабіць мемарыял агульнадаступным, яго можна размясціць у цэнтры раёна.

Важны праект, які павінен быць у кожным раёне нашай пакутнай краіны, не можа быць рэалізаваны хутка. Магчыма, гэта патрэбная для ўсіх жывых кадэцкая ідэя знойдзе сваё ўвасабленне праз дзесяць гадоў, але спіс спаленых карнікамі вёсак Прыдзвіння члены патрыятычнага клуба «Дзвіна» пастараюцца захаваць хоць бы ў кнізе ці ў мемарыяльным кутку.

Рух наперад

Намаганні юных патрыётаў былі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. У красавіку мінулага года кадэты-актывісты сустрэліся з Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь Андрэем Шведам. Краязнаўцы падзяліліся вынікамі сваёй пошукавай работы, але ў даволі вялікія для кадэцкага вучылішча вынікі ў пракуратуры паверылі не адразу. Пасля праверкі абласнымі структурамі віцебскіх энтузіястаў назвалі прыкладам для іншых прадстаўнікоў маладога пакалення.

Свае вынікі працы кадэты паспяхова прадстаўляюць на розных канферэнцыях: у скарбонцы дасягненняў клуб «Дзвіна» захоўвае сем перамог на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па вучэбным прадмеце «Гісторыя» і пяць — на ўсерасійскім сувораўскім конкурсе.

У планах патрыётаў на гэтую вясну — усталяваць 12 інфармацыйна-мемарыяльных шыльд. Сярод памятных месцаў — вёска Цімахі, якая ў студзені 1942 года стала на Беларусі першым населеным пунктам, вызваленым ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (пасля савецкім воінам прыйшлося адступіць, але гістарычны факт застаецца фактам). У канцы красавіка пошукавы атрад «Віцебскія кадэты» ўпершыню возьме ўдзел у палявых раскопках міжнароднай «Вахты Памяці» на тэрыторыі раёна. А гэта значыць, што ў гісторыі клуба «Дзвіна» пачнецца новая, не менш важная старонка.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?