Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Добра прыгатаваная, і жабка смачная»


Адно з задавальненняў у падарожжы для мяне — гэта магчымасць пакаштаваць нейкую экзатычную мясцовую ежу. Яшчэ да паездкі на поўдзень Францыі я запланавала пакаштаваць: французскае віно, жабіныя лапкі, слімакоў, паштэт з качынай печані, сыры. Кажуць, там смачная ежа, порцыі вялікія, аднак жанчыны ўсе стройныя!


Тур у нас на 7 дзён. Сняданак у гатэлі — шведскі стол. Налягаю на інжырнае варэнне з круасанам. Раз прыехала, буду каштаваць і глядзець, худнець буду дома. Абедаем і вячэраем у рэстаранчыках. Яны тут невялікія і ўтульныя. Першае, што я спытала ў афіцыянта: «Ці ёсць у меню жабіныя лапкі і вінаградныя слімакі?»

Размаўляць складана: дрэнная англійская як у мяне, так і ў афіцыянтаў. З цяжкасцю зразумела, што слімакоў падаюць у рэстаранчыку за вуглом, а жабіныя лапкі — страва, распаўсюджаная ў Паўночнай Францыі, а тут, на Поўдні, яе няма. Шкада, жабіныя лапкі пралятаюць!

Аказваецца, кухні Паўночнай і Паўднёвай Францыі моцна адрозніваюцца. Кухня поўдня пераклікаецца з італьянскай: ежа больш тлустая, порцыі вялікія. А кухня Паўночнай Францыі блізкая да кухні Бельгіі: фламандскае рагу, пірог з цыбулі-парея, гарбузовыя вафлі, часночны суп, зялёныя вугры, каўбаскі з рубцоў.

Зайшлі з сяброўкай паабедаць у мясцовы рэстаранчык. Тройчы даследавалі меню, прыгледзеліся, што прынеслі за бліжэйшы столік... і замовілі малюскаў у вінным соусе з часнаком. Чакаем...

За суседнім столікам пара — яму пад пяцьдзясят, ёй пад трыццаць. Дама, грэбліва скрывіўшыся, нешта пстрыкае ў тэлефоне, ён манатонна есць малюскаў. «Ну што, лысы, завёў маладую — еш малюскаў!»- у думках з’едліва падкалола я. Навукова даказана: малюскі павышаюць патэнцыю.

Мяркуючы па выразе іх твараў — пара ў сварцы. Але абедаюць разам. Дакладней, абедае ён, а яна сядзіць са шклянкай вады і нешта піша ў тэлефоне. Аднак калі я асабіста паспытала страву, мой твар прыняў такi ж выраз.

Малюскаў нам падалі злёгку расчыненымі. Прасцей, паставілі на падстаўку гарачы рондальчык, у якiм у вінна-часночным соусе плавалі малюскі. Прадукт багаты бялком і вітамінамі. Каштую... Раскрываю ракавінку малюска і адной створкай выграбаю змесціва з другой.

Гарачы соус, які практычна дыміцца, пах часнаку і прыправаў... Ну, малюскі... Смак — на аматара. Не разумею, чым яны так падабаюцца людзям? Хоць на смак і колер таварышаў няма. Вырашыла: падабаюцца карыснасцю.

У ракавінках маленькія мідыі шэрага колеру і халадцападобнай кансістэнцыі... магчыма, трэба час, каб іх палюбіць? Не будзь амаль кіпячай падліўкі, сказала б, што малюскі сырыя. Але гарачае сырым не бывае!

Добра, не добра, а грошы заплачаны — есці трэба. Малюскаў з’ела з цяжкасцю. Падобна на тое, я не гурман. Раз кажуць, што смачна, значыць, так і ёсць. Проста не на мой густ, або да іх трэба прывыкнуць? Самая смачная ежа тая, якую еў у дзяцінстве. А ў дзяцінстве я ела суп-крупеню, дранікі, сала і агуркі з градкі. А падобныя ракавінкі мы збіралі на Лахве, але нам і ў галаву не прыходзіла іх пакаштаваць.

«Можа, не даварылі?» — паўстаў сумнеў. Аднак мужчына іх еў з веданнем справы, а ён мясцовы. Пасля ежы была лёгкасць і сытасць. І ўсё ж такі было ў іх нешта такое, што не давала мне спакою.

Наступным горадам у нашым падарожжы быў Сен-Трапе. Там мы абедалі ў рэстаранчыку на прыстані. На суседнім століку стаяў рондаль з малюскамі. Я звярнула ўвагу, што малюскі добра раскрытыя і мідыі жоўтага колеру.

Вырашыла паспрабаваць яшчэ раз... смачныя. Усё ж такі ўчарашнія малюскі былі іншымі: па кансістэнцыі і смаку. Вось так. Не ведаючы мовы, паразумецца цяжка. А узяўшы страву па прыкладу, можна ўляпацца, і прыйдзецца есцi сырое. 

Паштэт з печані качкі дзівосны. Порцыя маленькая, не ела, а смакавала патроху. Дорага, але смачна. Мой муж ніколі не есць печань курыцы або качкі, лічыць — субпрадукт. Паспрабаваў бы гэтую! Значыць, галоўнае — як прыгатавана! Добра прыгатаваная, смачная і жабка.

Спадабаўся казіны сыр. Дома да казінага малака не дакранаюся, а тут казіны сыр (са спецыфічным пахам) — смаката. Кожны дзень спрабую нешта новае, у асноўным морапрадукты. Смак іншы, магчыма таму, што прама з мора, або па-майстэрску прыгатавана?

А віно? Віно адпавядае ўсім крытэрам: і на сценачцы куфля пакідае разводы, і букет цудоўны, і галава ад яго не баліць. Хоць, магчыма справа ў колькасці выпітага.

Вінаградныя слімакi сталі любімай стравай. Іх падавалі ў многіх рэстаранах, і можна было купіць паўфабрыкат у краме і запекчы ў ЗВЧ. Непрывабныя, запечаныя з зялёнай прыправай прама ў ракавінках — рэальна смачныя. Чапляеш відэльчыкам і выцягваеш з ракавіны гарачанькую. Дзед Шчукар, напэўна, дадаў бы: «А яна пішчыць!» Запэўніваю — не пішчыць! Прыгатавана са спецыямі — смачная.

На час чакання замовы перад намі ў рэстаране паставілі перакус — аліўкавы алей і белы хлеб (бясплатна).

А ў дарагім рэстаране паднеслі чарачку лікёру, для дзіцяці — марозіва і сувенір. А калі б мы замовілі дарагі абед, то нас абслугоўвалі б адразу тры афіцыянты, падліваючы ў шклянку віно і падаючы стравы. Чаявыя — на меркаванне кліента.

Вось такую кухню я паспрабавала на поўдні Францыі. А жанчыны там сапраўды стройныя!

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.