Вы тут

Што карыснага для сябе пачулі прадстаўнікі мясцовай улады ў Пасланні Прэзідэнта? Меркаванні


Пасланне кіраўніка дзяржавы сёлета выклікала асаблівы інтарэс у беларусаў. Яно і зразумела: калі вакол напружаная няпостая сітуацыя, вельмі важна пачуць, што скажа лідар краіны, які не толькі валодае гэтай самай сітуацыяй лепш за ўсіх, але і ведае, што рабіць далей, каб жыць у міры і дабрабыце. Тэлеграм-канал «Пул першага» апублікаваў інфармацыю, паводле якой сёлета ў параўнанні з мінулым годам прамую трансляцыю і тэлеверсію звароту Прэзідэнта паглядзелі на 490 тысяч чалавек больш — агулам 2 мільёны 125 тысяч чалавек.

Мы сабралі каментарыі тых, хто мае непасрэднае дачыненне да мясцовага самакіравання, — ад сенатараў да дэпутатаў сельскіх Саветаў.


Фота: БелТА.

Калі гаворыць Прэзідэнт, гэта дакладна вывераная стратэгія і тактыка

Наталля Качанава, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу (у эфіры тэлеканала «Беларусь 1»):

— Гэта было моцнае выступленне Прэзідэнта, дзе кожны знайшоў адказы на тыя пытанні, якія яго хвалявалі. І чарговы раз кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на тым, што, калі б не было 2020 года, яго сапраўды трэба было б прыдумаць, каб убачыць, хто ёсць хто і ці правільна мы развіваемся ў эканоміцы, у сацыяльным напрамку ў нашай краіне. І мы бачым, што наша палітыка абсалютна апраўданая.

Чарговы раз прагучала ініцыятыва Прэзідэнта па мірных пагадненнях ва Украіне. Кожны нармальны чалавек жадае жыць у мірнай краіне. Наша палітыка міралюбівая. Тыя прапановы, якія неаднаразова выказвае Прэзідэнт нашай краіны («Хельсінкі-2», мірныя ініцыятывы), заўсёды накіраваны на стваральную працу, захаванне міру. І да гэтага трэба прыслухацца. Мы ў сваёй краіне неаднаразова пераконваліся ў тым, што калі гаворыць гэта Прэзідэнт, то дакладна вывераная стратэгія, дакладна вывераная тактыка. І трэба было б прыслухацца ўсім да таго, каб захаваць мір не толькі ў канкрэтна ўзятай краіне асобна, але і ва ўсім свеце. Гэта самае галоўнае сёння для ўсёй сусветнай супольнасці...

Перш за ўсё — заўсёды аб гэтым гаворыць Прэзідэнт — для нас галоўнае эканоміка. Будзе эканоміка — усё астатняе будзе складацца ўдала. І таму тыя задачы, якія былі пастаўлены Прэзідэнтам па імпартазамяшчэнні, адкрыцці новых вытворчасцяў і прадпрыемстваў у кожным раёне, кожным горадзе, — гэта ж задачы не сённяшняга і нават не ўчарашняга дня. Аб гэтым Прэзідэнт гаварыў даўно — што трэба мець свае вытворчасці, прадпрыемствы, свае тэхналогіі, навуку для таго, каб мы маглі жыць так, як лічым патрэбным. І, акрамя таго, каб маглі развівацца.

Мы бачым, што эканоміка паказвае тое, што мы сёння можам спакойна жыць і працаваць. У нас дастаткова працоўных месцаў. У нас людзі сёння, якія жадаюць зарабіць, могуць працаваць. Калі ласка, працуйце на прадпрыемствах, у арганізацыях — ёсць працоўныя месцы. Адкрыты магчымасці для пастаўкі сваёй прадукцыі на экспарт. І, вядома, мы павінны захаваць усё тое, што ў нас было, усе нашы вытворчасці і прадпрыемствы. Таму ў эканоміцы пытанне нумар адзін — гэта стварэнне новых тэхналогій і вытворчасцяў, імпартазамяшчэнне. Тое, аб чым гаворыць Прэзідэнт. І, канешне, гэта эфектыўная работа нашых прадпрыемстваў...

Я думаю, што сёння ўжо шмат хто ўсвядоміў, што наш беларускі рубель — сапраўды добрая валюта для нас, беларусаў. І я думаю, што няма сёння неабходнасці бегчы ў абменнікі. І гэта адчулі нашы людзі. Ну хто сёння гаворыць аб тым, што ім не хапае долараў або еўра? Усе думаюць аб тым, як зарабіць свой беларускі рубель, каб жыць нармальна ў сваёй краіне. А для гэтага ў Беларусі створаны ўсе ўмовы, каб вучыцца, працаваць, нараджаць дзяцей, адпачываць.


Трэба будаваць будучыню на нацыянальных традыцыях

Алег Дзячэнка, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі:

— У сваім звароце да суайчыннікаў Прэзідэнт Беларусі вызначыў шэсць асноўных умоў захавання суверэнітэту і незалежнасці. Адна з іх — гістарычная памяць і нацыянальныя традыцыі. Вельмі сур'ёзная і глыбокая тэма. Парадыгма відавочная — без захавання нацыянальнай ідэнтычнасці немагчыма якасна забяспечыць нацыянальны суверэнітэт і незалежнасць. У сувязі з гэтым беларускі нацыянальны лідар правільна і своечасова ўзняў пытанне аб паэтапным культурным «імпартазамяшчэнні».

Давайце ўспомнім, з чым мы сутыкнуліся ў свой час? З падачы празаходніх палітычных эліт у свядомасць беларусаў маштабна запампоўваліся найгоршыя ўзоры заходняй масавай культуры. Культ гвалту і гандлю людзьмі, прапаведаванне нетрадыцыйных шлюбаў, прапаганда прымітыўных інстынктаў, нораваў крымінальнага свету і «дна» грамадства абрынуліся на людзей. У выніку адбывалася размыванне духоўных каштоўнасцяў, якія ствараліся нашым народам стагоддзямі. Фактычна знішчаліся нацыянальныя традыцыі. Але ж час змяніўся і беларуская дзяржава, дзякуючы Прэзідэнту нашай краіны, спыніла гэтыя дэструктыўныя працэсы.

На маю думку, сёння нам трэба больш увагі аддаваць папулярызацыі традыцыйных беларускіх свят, такіх як Каляды, Дзяды, Радаўніца, Купалле, рэгіянальных народных фестываляў творчасці кампазітараў, мастакоў, пісьменнікаў і паэтаў, шэдэўраў народнай і царкоўнай архітэктуры, адным словам, усяго таго, што было створана за тысячагадовы перыяд беларускай дзяржаўнасці.

Ды і сучаснае культурнае жыццё Беларусі вызначаецца дынамічнасцю і разнастайнасцю, самабытнасцю і арыгінальнасцю. Паглядзіце, колькі сёння праводзіцца мастацкіх выставак, музычных, тэатральных і кінематаграфічных фестываляў, як выбудавана сістэма культурнай сацыялізацыі насельніцтва. Усё гэта неабходна несці, як той казаў, у масы.

Прэзідэнт звярнуў увагу на новую тэндэнцыю ў грамадстве: «Расце попыт на айчыннае, народнае. Прычым датычыцца гэта не толькі мерапрыемстваў. Людзі жадаюць бачыць не імпартаваныя, а створаныя ў сваёй краіне вобразы ва ўсім, пачынаючы ад упакоўкі прадукцыі і заканчваючы інтэр'ерным афармленнем гарадской інфраструктуры».

Вось над гэтым і трэба ўсім нам актыўна працаваць. І ад нас цяпер будзе залежаць, наколькі эфектыўна мы зможам «прашыць» грамадскую свядомасць, найперш моладзі, нацыянальным беларускім культурным кодам.


Стратэгія развіцця нашай краіны і настольная кніга нацыянальнай бяспекі

Алена Пасюта старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

— Галоўны пасыл, які я адзначыла б у Пасланні Прэзідэнта, датычыцца народнага адзінства як першай умовы захавання незалежнасці і суверэнітэту. Калі ў папярэднім Пасланні прагучалі пытанні наконт таго, ці гатовыя мы плаціць за суверэнітэт, цяпер пытанне ў тым, што мы зрабілі для таго, каб яго замацаваць.

Была звернута ўвага на канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, на захаванне гістарычнай памяці і данясенне праўды да маладога пакалення. І тут важнае месца належыць дэпутацкаму корпусу. Мы бачым гэта, рэалізоўваючы ў рэгіёне некалькі праектаў дадзенага кірунку. А моладзь, трэба сказаць, у нас цудоўная. У маладых людзей шмат ідэй, варта толькі накіроўваць іх у правільнае рэчышча.

Відавочна, што ў сістэме адукацыі будзе праведзена адпаведная работа, перагледжана праграма, вучэбныя дапаможнікі. Варта звярнуць увагу на работу акрэдытаваных тураператараў, якія павінны правільна даносіць гістарычную праўду, не скажаць факты, што ўплываюць на фарміраванне свядомасці нашых грамадзян, асабліва маладых людзей. Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, не варта займаць агрэсіўную пазіцыю ў адносінах да нашых заходніх суседзяў, трэба ствараць умовы для выхавання патрыётаў сваёй краіны праз сучасныя дасягненні і гістарычна-культурную спадчыну. І такіх прыкладаў нямала. Узяць хоць бы маштабную выстаўку «Беларусь інтэлектуальная», якая з поспехам прайшла праз усе рэгіёны краіны і прадэманстравала высокі ўзровень беларускай навукі.

Адзначыла для сябе і такі тэзіс у Пасланні, як «культурнае імпартазамяшчэнне». Згодная, што гэта павінна стаць трэндам для ўсіх вытворцаў. Чаму б не адзначыць на ўпакоўцы беларускіх тавараў нейкую эмблему, слоган, які б не толькі вызначаў айчыннага вытворцу, але і заклікаў падтрымліваць свае прадпрыемствы? Магчыма, гэта будзе нейкі нацыянальны арнамент ці сімвал. Каб беларус усведамляў, што пры куплі беларускага тавару ён уносіць свой уклад у развіццё эканомікі, бо эканоміка — гэта таксама гарант міру і бяспекі.

Важнае значэнне ў Пасланні было нададзена рабоце з сем'ямі, у тым ліку шматдзетнымі. Падтрымка дзяржавы ў дадзеным аспекце каласальная. І тут я работу дэпутацкага корпуса бачу ў тым, каб такая падтрымка дайшла да кожнага дзіцяці, таму што ўсе рашэнні па накіраванні грашовых сродкаў і выплат прымаюцца таксама і дэпутатамі. Яны і павінны разабрацца, як гэтыя сродкі размяркоўваюцца ў сям'і, ці ідуць яны па прызначэнні.

Як адзначалася ў Пасланні, чалавек працы — галоўная каштоўнасць грамадства. Кожны, хто працуе, можа зарабіць. І наш аблсавет у сувязі з гэтым распачынае праект, які прапанаваны Саветам ветэранаў. Сэнс такі — ідэаламі для моладзі павінны стаць людзі працы, якія ўсё жыццё прысвяцілі служэнню народу. У хуткім часе мы збяром такіх людзей, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды за працу ў розных сферах. І першым нашым госцем будзе былы намеснік старшыні аблвыканкама Марыя Бірукова.

Што датычыцца рэгіянальнага развіцця, тут Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на дэурбанізацыю. Людзі ў горадзе і ў сельскай мясцовасці павінны жыць у аднолькава камфортных умовах, мець якасны ўзровень жыцця — ад дарожнай інфраструктуры да забеспячэння таварамі і паслугамі. Вядома, трэба ўлічваць і запатрабаванасць гэтых паслуг, іх эканамічную абгрунтаванасць. У дадзеным кірунку важна развіваць дзяржаўна-прыватнае партнёрства з прыцягненнем насельніцтва. Напрыклад, да добраўпарадкавання сваіх падворкаў, тэрыторый, дарог, населеных пунктаў. Дзяржава стварае пэўныя ўмовы, але камфорт залежыць ад саміх жыхароў, наколькі яны гатовыя яго забяспечыць. Цяпер мы чакаем выхад Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні», у якім будзе раздзел і па грамадзянскіх ініцыятывах. Такі вопыт у Гродзенскай вобласці ёсць. У нас рэалізавана 14 праектаў, мы падвялі вынікі і ўзнагародзілі найлепшых. Дзякуючы жыхарам і спонсарам мы ў 2,5 раза дапоўнілі той бюджэт, які быў выдзелены Банкам развіцця.

Перашкод для развіцця няма. Паміж уладай і насельніцтвам выбудавана пэўная сувязь, працуюць саветы па міжведамасным узаемадзеянні, мы вядзём дыялог з месцаў аб унясенні змяненняў у чарговыя нарматыўныя акты. Зніжаецца і колькасць зваротаў грамадзян, што сведчыць аб пазітыўнай сітуацыі на месцах. Мы здольныя пераадолець выклікі санкцый. Самае галоўнае — как быў мір на нашай зямлі!


Пасланне — маршрутная карта для кожнага

Віктар Дарожкін, старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў:

— Пасланне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь народу — гэта карта, на аснове якой кожны чалавек на месцы павінен скласці свой маршрут і працаваць на карысць краіны.

Сучасны рытм жыцця патрабуе ад любога чалавека ледзь не штохвілінна прымаць важныя рашэнні, але трэба абавязкова думаць аб іх наступствах. І калі пры гэтым кожны — вучань, кіраўнік арганізацыі, дзяржаўны служачы на сваім працоўным месцы — стане добрасумленна выконваць ускладзеныя на яго абавязкі, а дзесьці нават ісці з апярэджаннем, можна будзе казаць пра тое, што пасыл Прэзідэнта прыняты і мы разам працуем над яго рэалізацыяй.

Лейтматывам Паслання беларускага лідара сталі ўмовы захавання суверэнітэту і незалежнасці ў цяжкай знешнепалітычнай сітуацыі. На сённяшні дзень зроблена шмат у сферы ваеннай падрыхтоўкі, мы гатовыя стаць на абарону сваёй Айчыны, калі над нашымі нацыянальнымі каштоўнасцямі павісне рэальная пагроза. Аднак супрацьстаяць агрэсарам мы зможам толькі разам, захаваўшы такое дарагое для нас паняцце народнага адзінства.

Беларусы як ніхто іншы ведаюць, наколькі мір з'яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю, здабытай у мінулым стагоддзі неймавернай цаной. Мільёны нашых суайчыннікаў, якія былі сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, аддалі свае жыцці дзеля Перамогі. Дзеля свабоды і незалежнасці, каб мы з вамі сёння змаглі пабудаваць моцную і міралюбівую дзяржаву. Больш за 80 гадоў таму захопнікі не змаглі зламаць наш моцны нацыянальны дух, і, вельмі важна, каб, грунтуючыся на горкіх уроках мінулага, мы заставаліся адзінымі і сёння ў нялёгкіх палітычных умовах. Генетычная памяць беларусаў — гэта самая моцная зброя.

Але не толькі аб праблемах знешняй і ўнутранай палітыкі гаварылася ў Пасланні Прэзідэнта. Не засталіся без увагі эканоміка, сацыяльная сфера, многія штодзённыя, бытавыя пытанні, якія хвалююць кожнага. У прыватнасці, беларускі лідар заявіў: «Усе рашэнні па рэгуляванні цэн прынятыя. Так, яны жорсткія. Вы ведаеце мой прынцыповы падыход: нікому не дазволена беспадстаўна павышаць цэны і абіраць людзей».

На тэрыторыі Віцебскай вобласці многія грамадскія арганізацыі, у тым ліку прафсаюзы, праводзяць пастаянны маніторынг гандлёвых сетак, каб не дапусціць неапраўданага росту цэн для атрымання кімсьці звышпрыбытку. Акрамя таго, у насельніцтва заўсёды ёсць магчымасць патэлефанаваць і паведаміць аб падобных фактах. Але не кантроль з'яўляецца асноўнай задачай.

Наша краіна сёння мае багаты перадавы вопыт у аграрнай галіне, паўсюль паспяхова працуюць аграпрамысловыя холдынгі, на жывёлагадоўчых комплексах аўтаматызуецца вытворчы працэс. Шмат што зроблена, і ў гэтым наша перавага, аднак самае галоўнае — стварыць айчынную прадукцыю ў дастатковай колькасці, захаваць і прапанаваць яе беларусам па тым кошце, які супастаўны з заробкам.

Прэзідэнт на сённяшні дзень зрабіў самае важнае — захаваў мір. Наша задача цяпер — развіваць эканоміку, працаваць з поўнай аддачай, каб разам ствараць лепшую будучыню.


Моцная сям'я — моцная дзяржава

Аксана Юркоўская, старшыня Ружанскага сельскага Савета Пружанскага раёна:

— У Пасланні мяне асабліва ўсхвалявала тэма сям'і, дэмаграфічнай бяспекі краіны. «Нас, беларусаў, павінна быць больш, — сказаў Прэзідэнт краіны. — Гэта найважнейшая ўмова суверэнітэту. І дзяржава шмат робіць, каб гэтую ўмову забяспечыць. У краіне ўчыняецца маштабная падтрымка сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей... А для шматдзетных — асаблівыя ўмовы: жыллё, сямейны капітал, бясплатнае харчаванне ў дзіцячым садку і школе...»

Але сёння нас, як і кіраўніка дзяржавы, хвалюе той факт, што падтрымка ў асобных выпадках можа не даходзіць да свайго адрасата — дзіцяці, якому яна і прызначана. Маецца на ўвазе, што ёсць несамавітыя бацькі, якія жывуць за кошт той падтрымкі ці, яшчэ горш, прапіваюць грошы. І з гэтым, сапраўды, трэба змагацца.

Лічу, што варта стварыць кампетэнтную камісію з ліку парламентарыяў, педагогаў, юрыстаў, а таксама прадстаўнікоў мясцовай улады, каб усебакова разглядзець дадзенае пытанне. Пытанне, дарэчы, не такое простае, як можа падацца на першы погляд, і надзвычай далікатнае. Я ўжо не раз чула прапановы, што дапамога, нават на будаўніцтва жылля, павінна быць адраснай. Маўляў, добрая, станоўчая сям'я — значыць атрымлівай крэдыт з наступным пагашэннем на будаўніцтва кватэры альбо дома. Але ў такім выпадку існуе рызыка суб'ектыўнага падыходу. Падобныя пытанні неабходна вырашаць заканадаўча. А вось нейкім чынам улічваць удзел шматдзетных бацькоў у эканоміцы пры выдзяленні льгот, асабліва на будаўніцтва, думаю, сэнс ёсць.

Адным словам, праблема, з якой сутыкнулася грамадства, няпростая, і яе вырашэнне заклікана мець на мэце найперш стымуляванне сем'яў да нараджэння дзяцей — «нас павінна быць больш». А ў сем'ях павінны расці здаровыя і шчаслівыя дзеці, якія ў будучым возьмуць на сябе клопат пра эканоміку і сацыяльную сферу, пра краіну ў цэлым.

На тэрыторыі нашага сельсавета жыве 101 шматдзетная сям'я, дзе выхоўваецца 343 дзіцяці. Большасць гэтых людзей, нават можна сказаць, абсалютная большасць — цалкам станоўчыя, дружныя сем'і. Бацькі шчыруюць на рабоце і дома, тым самым падаюць добры прыклад дзецям. Ёсць усе падставы чакаць, што іх дзеці вырастуць працавітымі, прыстойнымі грамадзянамі нашай краіны.

Праўда, ёсць і такія, якім патрэбны пастаянны кантроль, напамін пра бацькоўскі абавязак падтрымліваць парадак у доме, клапаціцца пра вучобу і паводзіны дзяцей. Менавіта кантроль, рэгулярныя наведванні прадстаўнікоў адпаведных службаў падтрымліваюць названых шматдзетных бацькоў у пэўнай форме. Сітуацыя ў сем'ях не крытычная, але ж, як ужо гаварылася, патрабуе ўвагі.

За час маёй работы на гэтай пасадзе быў выпадак, калі сямейную пару пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Здараліся выпадкі, калі дзяцей часова змяшчалі ў прытулак. Цяпер бывае, што дзеці атрымліваюць статус СНС — тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, але апошняе, як правіла, падштурхоўвае бацькоў да выпраўлення. Тым больш што з такімі бацькамі актыўна працуем.

Адной са сваіх задач мясцовая ўлада лічыць работу па ўсебаковым умацаванні сям'і. Мы добра разумеем, што моцная сям'я — залог моцнай дзяржавы.


Трэба быць ініцыятыўнымі і адданымі Радзіме

Ларыса Герасімава, старшыня Касцюковіцкага раённага Савета дэпутатаў:

— Я ўжо не першы раз бяру ўдзел у гэтым маштабным усенародным мерапрыемстве, і сёлета, як заўсёды, усё было шчыра, адкрыта і справядліва. Адна з найважнейшых тэм — яднанне беларускага народа, незалежнасць нашай краіны і суверэнітэт. Сёння вельмі важна захаваць мір і дабрабыт. Гэта блізка і зразумела кожнаму беларусу. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы мірныя людзі, але заўсёды гатовыя абараніць сваю краіну, свой народ, дзяцей і ўнукаў. Нашы нашчадкі павінны ведаць гісторыю, быць патрыётамі краіны, любіць Радзіму. І толькі ад нас залежыць, якія яны будуць на самай справе. Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб Беларусь квітнела, жыла ў міры і была незалежнай. Цалкам згодная са словамі Прэзідэнта, які кажа, што кожны мае магчымасць у нашай краіне годна жыць дастойна, працаваць, атрымліваць добрую заработную плату. І жыццё нават у невялічкім населеным пункце, тым жа аграгарадку, не павінна быць горшае, чым у сталіцы.

Што датычыцца згуртаванасці, магу прывесці прыклад на нашым узроўні. Той жа Беладубраўскі сельсавет, вядомы сваім «гусіным святам», нядаўна ўзяўся за вельмі актуальную ініцыятыву — аднаўленне крыніцы. Яна падобная да вядомай Блакітнай, што ў Слаўгарадскім раёне, але пэўны час не выкарыстоўвалася і прыйшла ў непрыдатны стан. Людзі там ужо правялі тры суботнікі. На аднаўленні крынічкі разам працуюць і мясцовыя жыхары, і старасты, і дэпутаты. Кожны дапамагае, чым можа. Мясцовы майстар, напрыклад, зрабіў лесвіцу, падрыхтаваў масток. Ініцыятыва аб'яднала жыхароў і натхніла.

Згуртоўваюць нас і сумесныя святы. Людзі там адпачываюць ад гаспадарчых спраў, абмяркоўваюць са знаёмымі агульныя тэмы. Падчас такіх мерапрыемстваў узнагароджваюць ініцыятыўных людзей, віншуюць самых маленькіх, сталых, маладыя сем'і. Здаецца, дробязі, але ўсё гэта сапраўды яднае. На дні нараджэння вёсак прыязджаюць людзі з розных куточкаў краіны, якія потым таксама імкнуцца ўдзельнічаць у жыцці сваёй малой радзімы.


Сумесная праца можа ўсіх згуртаваць

Сяргей Багдановіч, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства «Шчомысліца, дэпутат Шчомысліцкага сельскага Савета Мінскага раёна:

— У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што нам трэба асаблівую ўвагу ўдзяліць захаванню і ўмацаванню суверэнітэту і незалежнасці нашай дзяржавы, паколькі мы яшчэ ніколі ў навейшай гісторыі не падыходзілі да такой небяспечнай мяжы.

Зразумела, што мы, работнікі сельскагаспадарчай галіны, таксама ўносім свой уклад у справу захавання незалежнасці. А менавіта ўмацоўваем харчовую бяспеку Беларусі. Сёння ўсе мы павінны аб'яднацца. І толькі сумесная праца можа ўсіх згуртаваць. І кожны добрасумленна робіць сваю справу: жывёлаводы, спецыялісты гаспадаркі, паляводы, механізатары.

Для сельскіх працаўнікоў надыходзіць гарачая пара — пачынаецца пасяўная кампанія. Мы да яе падрыхтаваліся, забяспечаныя ўсім неабходным. Таму што кожны разумее: наш абавязак — выпускаць больш сельгаспрадукцыі, пастаянна паляпшаць яе якасць. Менавіта ад гэтага залежыць харчовая бяспека, а значыць, не толькі зарплата і дабрабыт людзей, але і суверэнітэт краіны.

Мы ў пастаянным пошуку новых спосабаў і шляхоў эфектыўнага і выніковага гаспадарання на зямлі. За добрую работу людзі атрымліваюць дастойную зарплату. У калектыве няма цякучкі кадраў. Як толькі з'яўляецца вакансія, яна хутка запаўняецца. Жыць побач са сталіцай і зарабляць не менш, чым у горадзе, — такое ёсць далёка не ва ўсіх гаспадарках.

Шмат увагі аддаём і камфортным умовам пражывання нашых работнікаў: будуем жыллё, забяспечваем кватэрамі. Як сказаў кіраўнік дзяржавы ў Пасланні, Мінск — гэта не ўся Беларусь. Кожны рэгіён павінен мець якасную сістэму медыцынскага абслугоўвання, адукацыі, культуры, гандлю. Людзі павінны жыць камфортна ў любым кутку Беларусі.


Словы, якія кранулі за жывое

Жанна Бізня, старшыня Улукаўскага сельскага Савета дэпутатаў Гомельскага раёна:

— Калі слухала выступленне Прэзідэнта, адзначыла для сябе, што яго пасылы — пра будучыню. Мы не стаім на месцы, а будуем, ствараем, забяспечваем дастойнае, бяспечнае, мірнае жыццё ў сваёй суверэннай краіне. Наша сіла ў тым — гэта пацвердзіў і 2020 год, — калі мы як народ адзіныя. Так, могуць быць розныя пункты гледжання на тыя ці іншыя падзеі ў грамадстве, што нармальна. Але мы іх павінны абмяркоўваць на тых жа дыялогавых пляцоўках, сустрэчах, але ні ў якім разе не са зброяй у руках, ні ў якім разе не дэструктыўна. Мы не павінны забываць, што сёння будуем краіну, якую пакінем сваім дзецям. Многія, хто слухаў Пасланне Прэзідэнта, адзначылі адзін  з яго пасылаў: «Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт». Для мяне гэтая фраза звязана не толькі з сям'ёй, але і з грамадствам і нашым Прэзідэнтам уласна. Як бы ні было цяжка, якія б палітычныя выпрабаванні ні выпалі на шляху Прэзідэнта, ён выдужаў і абараніў усіх нас, як патрыёт працягвае паказваць на сваім прыкладзе, як трэба любіць і берагчы сваю краіну, цаніць тое, што маеш.

У Пасланні Прэзідэнта прагучалі і тыя тэзісы, якія проста кранулі за жывое. Гэта тэма дзяржаўнай падтрымкі сем'яў з дзецьмі. Я цалкам згодная з пазіцыяй Прэзідэнта, што калі дзяржава дапамагае, то мае права патрабаваць справаздачы аб тым, куды ў сям'і ідзе тая дапамога і ці на карысць дзяцей? Таму што, на жаль, бываюць такія выпадкі, калі ў сям'і грошы, якія выдзелены як сацыяльная падтрымка на выхаванне, накіроўваюць не заўсёды на мэты развіцця дзіцяці, паляпшэння ўмоў пражывання. І як адзначыў сам Прэзідэнт: не заўсёды прычына такіх сітуацый — толькі п'янства. Часта гэта проста нядбайнае, інфантыльнае, няспелае стаўленне да жыцця, да выхавання сваіх дзяцей, якія недаатрымліваюць тое, што павінны былі атрымаць ад бацькоў. Таму падзяляю пазіцыю, што падтрымка дзяржавы павінна быць дыферэнцыяванай і кантраляванай. На тэрыторыі нашага сельскага Савета, напрыклад, значная колькасць сем'яў атрымала жыллё, пабудаванае з дзяржпадтрымкай. Гэта сем'і з дзецьмі, сем'і і шматдзетныя і малазабяспечаныя, але ў той жа час і сем'і, прызнаныя тымі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Нягледзячы на каласальную работу ўсіх суб'ектаў прафілактыкі, на жаль, здараюцца факты адабрання дзяцей з сем'яў. Здараецца, бацькі і скарысталіся сацыяльнай падтрымкай, і забяспечаныя жыллём, але ўсё роўна тое не шануюць. І мы сутыкаемся з фактамі, калі сродкі накіроўваюць не на патрэбу сваіх дзяцей. Гэта вельмі балюча казаць, таму што ў нашым сельсавеце ёсць шмат выдатных прыкладаў шчаслівых, вельмі моцных, працалюбных шматдзетных сем'яў. Шмат у нас актыўных шматдзетных бацькоў, якія могуць быць добрым прыкладам для іншых, як жыць у сельскай мясцовасці, выхоўваць дзяцей, браць актыўны ўдзел у самых розных конкурсах, прадстаўляць свой раён на сямейных фестывалях.

Людзі нашы вельмі актыўныя, неабыякавыя. Шмат хто працуе ў абласным цэнтры, і калі едзе з работы дадому ў раён, вядома, хоча таксама бачыць гарадскі камфорт у сельскай мясцовасці. Таму жыхарам нашага сельсавета вельмі блізкая тэма развіцця рэгіёнаў, сацыяльна значнай інфраструктуры, закранутая ў Пасланні Прэзідэнта. Хацелася б адзначыць тэму ўладкавання дарог, і ў прыватнасці, бетонных, як было адзначана кіраўніком дзяржавы. Магчыма, гэты напрамак будзе ў тым ліку разгледжаны для ўкаранення ў сельскай мясцовасці, таму што дарожнае пытанне вельмі актуальнае для ўсіх рэгіёнаў. Цікавяцца нашы жыхары, безумоўна, і тэмай медыцынскага абслугоўвання ў сельскай мясцовасці.


Падрыхтавалі Аляксандра ГВОЗДЗЕВА, Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.