Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі — адзін з найбольш уплывовых у краіне, ён аб'ядноўвае ў сваіх шэрагах больш за 580 тысяч чалавек: работнікаў як дзяржаўных, так і прыватных устаноў адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук, навучэнскую моладзь, аспірантаў і дактарантаў. Іх заваёвы і праблемы, занятасць і заробак — штодзённы клопат прафсаюзнай арганізацыі. На VІ пленуме Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі яго старшыня Таццяна Якубовіч падвяла вынікі работы за 2022 год.
— Паспяховая абарона правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза шмат у чым залежыць ад таго, наколькі эфектыўна мы працуем у прававым полі. Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ўвесь час прымаюцца меры, накіраваныя на ўдасканаленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і механізмаў работы з грамадзянамі па разглядзе зваротаў. Намі ў гэтым напрамку зроблена шмат, — падкрэсліла прафсаюзны лідар. — Арганізоўвалася навучанне, публікаваліся артыкулы па пытаннях заканадаўства аб працы, даваліся кансультацыі на асабістым прыёме, па тэлефоне, у ходзе работы прамых ліній, круглых сталоў, аказвалася дапамога ў складанні дакументаў для падачы ў суд, забяспечвалася абарона ў судзе правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза. Мы аднавілі на рабоце 10 педагагічных работнікаў. Можа, лічба і невялікая, але за ёй — дзесяць людскіх лёсаў.
Летась прафсаюзам і яго арганізацыйнымі структурамі ажыццяўляўся грамадскі кантроль у больш як 11 тысячах арганізацый. Выяўлена больш як 11,5 тысячы парушэнняў. Дзякуючы рабоце прававых інспектараў прафсаюза работнікам галіны вярнулі амаль 150 тысяч рублёў.
І ўсё ж, нягледзячы на сур'ёзную працу, якую праводзіць прафсаюз, за 2022 год у наш адрас паступіла амаль на 800 зваротаў больш у параўнанні з 2021 годам. Павялічылася колькасць пытанняў па аплаце і стымуляванні працы, ахове працы.
Таццяна Якубовіч праінфармавала, што найбольшая колькасць выяўленых парушэнняў заканадаўства аб працы тычылася калектыўна-дагаворнай работы, парадку ўзгаднення лакальных прававых актаў, заключэння, прадаўжэння і скасавання працоўных дагавораў, кантрактаў, вядзення кадравай дакументацыі і іншых.
Летась сумесна з ФПБ Беларускі прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі ўдзельнічаў у разглядзе 140 праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку накіраваных на прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць са зменамі ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
— Сумесна з Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі мы выступілі супраць унясення ў заканадаўства норм, якія прадугледжваюць скарачэнне тэрмінаў папярэджання работнікаў аб змяненні істотных умоў працы (да 7 каляндарных дзён), а таксама павелічэння гранічных тэрмінаў пераводу работнікаў на іншую работу або да іншага наймальніка (да 1 года) без яго згоды і значнага павелічэння максімальнай нормы звышурочных работ. Не падтрымалі ўстанаўленне адміністрацыйнай адказнасці работнікаў за работу без заключэння працоўнага дагавора, паколькі афармленне працоўных адносін з'яўляецца абавязкам наймальніка. Патрабаванне аб абавязковай выплаце падаходнага падатку з усіх выплат і падарункаў, якія работнікі атрымліваюць ад прафсаюзных арганізацый, мы таксама не падтрымалі, — канстатавала Таццяна Якубовіч. — На жаль, пакуль не знайшлі падтрымкі нашы прапановы ў частцы павелічэння асноўнага водпуску асобным катэгорыям работнікаў. На падставе вышэйсказанага лічу, што нам неабходна пашырыць практыку выкарыстання прамых тэлефонных ліній, рэгулярнага правядзення выязных асабістых прыёмаў грамадзян, сустрэч з калектывамі, прэс-канферэнцый па актуальных пытаннях, абмеркавання на інтэрнэт-сайтах найбольш значных праектаў нарматыўных прававых актаў, у тым ліку з прыцягненнем прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Неабходна на перыядычнай аснове аналізаваць якасць і колькасць скаргаў, якія паступілі, і прымаць меры па павышэнні эфектыўнасці іх разгляду. На жаль, у нас ёсць хоць і адзінкавыя, але паўторныя звароты нашых грамадзян.
— Кантрактная форма найму важная не толькі як дадатковая крыніца павышэння заработнай платы работнікаў, асаблівую значнасць у наш час набывае стабільны псіхалагічны мікраклімат у працоўных калектывах і выключэнне ў іх сацыяльнай напружанасці, — падкрэслівае старшыня галіновага прафсаюза. — Мы неаднаразова адзначалі, што яшчэ сустракаюцца кантракты, якія патрабуюць больш прынцыповай пазіцыі як з боку кіраўнікоў арганізацый галіны, так і з боку кіраўнікоў арганізацый прафсаюза па напаўненні іх дадатковымі мерамі стымулявання працы.
«Мы бачым, як многія народы ў сучасным свеце змагаюцца за сацыяльна-арыентаваную эканоміку, бясплатную адукацыю і медыцыну, за тое, да чаго мы ўжо прывыклі на працягу шэрагу дзясяткаў гадоў. У сувязі з гэтым на аснове паслядоўнай і мэтанакіраванай работы прафсаюза значную ролю займаюць пытанні сацыяльнага партнёрства. Тэрмін «сацыяльнае партнёрства», якім сёння прынята называць узаемадзеянне ўлады і прафесійных саюзаў, — не проста гучнае азначэнне, а добра адпрацаваная практыка сумеснага вырашэння многіх актуальных пытанняў, — падкрэслівае Таццяна Якубовіч. — Стан калектыўна-дагаворнай работы ў арганізацыях прафсаюза сістэматычна аналізуецца і разглядаецца на пасяджэннях кіруючых органаў, у працэсе чаго адзначаецца станоўчая тэндэнцыя па ўключэнні норм, якія паляпшаюць прававое становішча работнікаў — членаў нашага прафсаюза ў параўнанні з заканадаўствам. Падвядзенне вынікаў іх выканання, недапушчальнасць выключэння асобных норм і ў цэлым якасць калектыўных дагавораў, пагадненняў павінны быць пад пастаяннай нашай увагай».
Адно з самых актуальных пытанняў для работнікаў адукацыі — зарплаты. Летась шэсць разоў пераглядаўся памер базавай стаўкі, які прымяняецца для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. З 1 студзеня бягучага года яе памер складае 228 рублёў (рост да студзеня 2022 года — 110,1 працэнта).
— Паводле даных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, як і ў мінулым годзе, павышэнне базавай стаўкі ў 2023 годзе будзе ажыццяўляцца ў некалькі этапаў, у сувязі з чым яе сярэднегадавое значэнне павялічыцца на 10 працэнтаў, — праінфармавала Таццяна Якубовіч. — Прынятыя летась змяненні і дапаўненні ў пастанову Міністэрства адукацыі нумар 71 таксама накіраваны на павышэнне заработнай платы. Прафсаюзам праводзілася тлумачальная работа па пастанове Міністэрства адукацыі № 461, была арганізавана «гарачая лінія» па пытаннях аплаты працы ў працоўных калектывах.
Аналіз зваротаў сведчыць аб некаторай напружанасці асобных катэгорый работнікаў (настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выхавальнік, памочнік выхавальніка ўстаноў, якія рэалізоўваюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі) у частцы нераспаўсюджвання на іх надбаўкі за работу ў галіне. Гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася на ўзроўні Міністэрства адукацыі, яно патрабуе прыняцця ў далейшым узважанага рашэння.
У 2022 годзе намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў арганізацый краіны склала 1630,9 рубля. Сярэдняя заработная плата работнікаў галіны адукацыі за студзень—снежань 2022 года склала 1115,8 рубля. «Безумоўна, мы разумеем, што трэба далей працаваць ва ўзаемадзеянні з сацыяльнымі партнёрамі ў частцы паэтапнага дасягнення паказчыкаў па павышэнні заработнай платы работнікаў галіны. Планы, запісаныя ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны да 2025 года, мы абавязаны выканаць», — дадала Таццяна Якубовіч.
Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі запэўніла, што пытанні своечасовай выплаты заработнай платы і поўнай занятасці работнікаў знаходзяцца на пастаянным прафсаюзным кантролі. Вынікі праведзеных маніторынгаў сведчаць аб адсутнасці ў 2022 годзе фактаў парушэнняў тэрмінаў выплаты заработнай платы, прадугледжаных калектыўнымі дагаворамі. Фактаў няпоўнай занятасці работнікаў па ініцыятыве наймальніка, прыпынення дзеянняў асобных норм калектыўных дагавораў таксама не ўстаноўлена.
У 2022 годзе спецыялістамі сацыяльна-эканамічных аддзелаў прафсаюза ажыццёўлены грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб працы ў 255 арганізацыях, у ходзе якіх было выяўлена амаль 800 парушэнняў. Дзякуючы прынятым мерам вернута работнікам больш за 400 тысяч рублёў, незаконна ўтрыманых ці несвоечасова выплачаных, што на 52,8 працэнта больш у параўнанні з 2021 годам. Усяго па патрабаванні прафсаюза работнікам было выплачана звыш 752 тысяч рублёў, што на 100 тысяч больш, чым у папярэднім годзе.
Сярод парушэнняў пераважаюць факты невыканання заканадаўства аб працы ў частцы разліку планавага фонду аплаты працы, нявыкарыстаных сродкаў, прадугледжаных на аплату працы. Работа ў гэтым кірунку патрабуе кантролю і пільнай увагі, удзелу з боку арганізацый прафсаюза ўсіх узроўняў.
Яшчэ адна актуальная тэма — арганізацыі харчавання работнікаў галіны ў сталовых устаноў адукацыі, яно неаднаразова абмяркоўвалася на пасяджэннях кіруючых органаў прафсаюза і калегіяльных органаў Міністэрства адукацыі.
— Прыемна адзначыць, што на сёння заканадаўцы замацавалі права педагогаў і іншых работнікаў устаноў адукацыі (для нас гэта было прынцыпова) харчавацца ў аб'ектах грамадскага харчавання па месцы іх працы, — падкрэсліла Таццяна Якубовіч. — Немалаважнае пытанне — забеспячэнне работнікаў галіны жыллём. На пачатак бягучага года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стаяць амаль 14 тысяч (13 943) работнікаў (з іх 83,5 працэнта — у гарадах і 16,5 працэнта — у сельскай мясцовасці).
У сталічных установах вышэйшай адукацыі у чарзе стаяць амаль 800 чалавек з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, або 10,4 працэнта ад агульнай колькасці.
На працягу 2022 года 810 работнікаў палепшылі жыллёвыя ўмовы ў асноўным шляхам кааператыўнага і індывідуальнага будаўніцтва ці набыцця жылля.
«На жаль, адной з прычын, якая замінае палепшыць жыллёвыя ўмовы (уступіць у долевае будаўніцтва або пабудаваць жыллё ў камерцыйнага забудоўшчыка без прыцягнення льготнага крэдытавання) з'яўляецца невысокі ўзровень заработнай платы педагагічных работнікаў, — канстатавала Таццяна Якубовіч. — Улічваючы актуальнасць пытання, ёсць неабходнасць яго разгляду сумесна з Міністэрствам адукацыі з мэтай захавання кадравага патэнцыялу і павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі, асабліва для замацавання маладых спецыялістаў, якія адпрацавалі абавязковы тэрмін па размеркаванні ва ўстановах адукацыі. У нас часта пытаюцца: чаму для медыкаў будуецца арэнднае жыллё, а педагогі такой прывілеі не маюць?»
Напрыканцы свайго выступлення Таццяна Якубовіч падзякавала асабіста кожнаму члену прафсаюза і ўсім сацыяльным партнёрам за штодзённую сумесную плённую працу і заўважыла, што «толькі разам мы здольны вырашаць усе пытанні, якія стаяць на парадку дня».
Надзея НІКАЛАЕВА
«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».
Новая гісторыя гістарычнага факультэта.
Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.
Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.