Вы тут

Каб правесці рэканструкцыю кватэры ў стагадовым доме, мінчаніну давялося судзіцца з суседзямі


У рэдакцыю звярнуўся Павел Кісель і распавёў гісторыю аб тым, як ён больш за 8 гадоў змагаецца за свае правы... Гаворка ідзе пра рэканструкцыю маленькага памяшкання ў гістарычным цэнтры Мінска — былой аднапакаёвай кватэры ў Ракаўскім прадмесці. Кватэра месціцца на першым паверсе, у невялікім аднапад'езным чатырохпавярховым дарэвалюцыйным доме. У 2011 годзе яна была выведзена ў нежылы фонд і павінна была быць ператворана ў офіс. Але... паводле слоў мужчыны, суседзі чыняць яму перашкоды.


«Хацелася зрабіць як лепш...»

Падыходжу да чатырохпавярховіка па вуліцы Вызвалення, 7. Спачатку ў вочы кідаецца крама жаночай бялізны, размешчаная на першым паверсе. Падышоўшы бліжэй, заўважаю на доме шыльду з надпісам — «Гісторыка-культурная каштоўнасць. Будынак ХІХ ст. Прычыненне шкоды караецца па законе». З пад'езда выходзіць Павел і распавядае, што некалі тут было толькі два паверхі і ўсяго весем кватэр, кожная з асобным уваходам. У 1969 годзе дом рэканструявалі, прыбудавалі яшчэ два паверхі. Многія з сённяшніх жыхароў атрымалі кватэры яшчэ ў тыя часы.

Павел жа набыў кватэру на першым паверсе адносна нядаўна, на пачатку двухтысячных. Кажа, што вучыўся тут непадалёку, палюбіў гэты раён і марыў жыць менавіта тут. Праз некалькі гадоў памёр сусед Паўла па пляцоўцы, які вёў асацыяльны лад жыцця, і сваякі выставілі яго аднапакаёвую кватэру на продаж. Яна была ў запушчаным стане. Але Павел загарэўся ідэяй яе купіць, бо цана была вельмі прывабнай. Пасля пакупкі вырашыў перарабіць яе ў архітэктурнае бюро для свайго таты. «У яго, заслужанага архітэктара, ніколі не было сваёй творчай майстэрні. І я вырашыў на старасці гадоў зрабіць яму такі падарунак. Тым больш якраз выйшаў указ Прэзідэнта, што першыя паверхі, асабліва гістарычнага цэнтра горада, рэкамендуецца выкарыстоўваць пад актыўную дзейнасць». Пасля таго, як кватэра была выведзена ў нежылы фонд, Мінгарвыканкам даў дазвол на правядзенне праектна-вышукальных работ і рэканструкцыю памяшкання з арганізацыяй асобнага ўвахода.

«Па законе ўсе нежылыя памяшканні павінны мець свой асобны ўваход з вуліцы... Мой тата, які, дарэчы, і з'яўляецца аўтарам праекта рэканструкцыі, прапанаваў арганізаваць яго за кошт унутранай прасторы памяшкання. Для гэтага трэба было падняць падлогу і апусціцца на паўмарша ўніз. Акрамя таго, была магчымасць пашырыць памяшканне і зрабіць унізе яшчэ адзін пакойчык з акенцам. Распрацаваны праект з двухузроўневай прасторай у 2014 годзе ўзгаднілі ўсе неабходныя інстанцыі. Мы атрымалі станоўчае заключэнне дзяржбудэкспертызы. Заставалася толькі дачакацца дазволу Дзяржбуднагляду на пачатак работ...» У той час у доме якраз ішоў капітальны рамонт. Павел прызнаўся, што хацеў паспець правесці рэканструкцыю ў рамках капрамонту, каб потым не выразаць акно ў патынкаванай і пафарбаванай сцяне. Кажа, хацелася зрабіць як лепш, па-гаспадарску. Таму пачаў работы раней часу. Усталяваў лесвіцу, зрабіў перакрыцці, пачаў выразаць акенца ў сцяне... І менавіта ў гэты момант суседзі пачалі скардзіцца... «Да мяне прыйшлі з праверкай з Дзяржбуднагляду і абвінавацілі ў самавольным будаўніцтве. Выпісалі штраф. На той час я быў нявопытным у юрыдычным плане, аплаціў яго і тым самым прызнаў факт самавольнага будаўніцтва без права абскарджання. Хоць можна ж было даказваць, што гэта было не самавольнае будаўніцтва, а самавольны пачатак работ па ўзгодненым праекце».

Павел кажа, што гарадскія ўлады дазволілі б яму пасля выплаты штрафу працягнуць работы. І гэта было б лагічна. Але... суседзі былі катэгарычна супраць. Павел не выключае, што тут прымешаная і зайздрасць: маўляў, у яго павялічылася плошча памяшкання. Як гэта так?

У выніку мужчына атрымаў паперу з патрабаваннем прывесці памяшканне ў першапачатковы стан. Павел выканаў гэта патрабаванне — закапаў пакой, які ўтварыўся пад кватэрай. Праўда, толькі праз пяць гадоў даказвання сваёй пазіцыі. «Пасля таго, як я вярнуў усё, як было, адміністрацыя Цэнтральнага раёна дазволіла працягнуць рэканструкцыю. Але пры ўмове, што будуць улічаны інтарэсы іншых уласнікаў домаўладання». Усё звялося да таго, што адзіны шанц Паўла здзейсніць запланаванае — згода яго суседзяў. Прычына: сцяна, у якой праектам рэканструкцыі прадугледжаны асобны выхад, з'яўляецца агульнай маёмасцю...

«У 2021 годзе пакінуў гэты свет мой тата. Мне ўсе казалі, прадаць гэта памяшканне, вывесці яго назад у жылы фонд. Я ж вырашыў прынцыпова давесці справу да канца».

Павел сцвярджае, што пераспрабаваў усе законныя шляхі, каб дамовіцца з суседзямі, — але бессэнсоўна, яны нават слухаць не хочуць. «Накіроўваў кожнаму ўласніку заказное пісьмо з выкладаннем сітуацыі, грукаў у дзверы. З усіх 17 кватэр адкрыла адна жанчына і паслала мяне далёка, маўляў, не дам ніякай згоды. На агульны сход, які праходзіць раз на год, у 2021 годзе з'явілася толькі суседка, якая напярэдадні купіла кватэру. Яна, дарэчы, адзіная, хто даў згоду на рэканструкцыю. Паколькі суседзі ігнаравалі мяне і мае спробы дамовіцца, мне нічога не заставалася, як звярнуцца ў суд». Судовы працэс цягнуўся ажно паўтара года. У выніку 12 снежня мінулага года суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў, што суседзі ствараюць Паўлу перашкоду ў правядзенні рэканструкцыі. І вынес рашэнне: дазволіць працягнуць работы без уліку іх меркавання. Жыхары падалі апеляцыйную скаргу на рашэнне суда.

Кропка ў гэтым шматгадовым супрацьстаянні пастаўлена толькі 20 сакавіка. Сімвалічна, кажа Павел, што рашэнне суда першай інстанцыі ўступіла ў законную сілу менавіта ў Міжнародны дзень шчасця. «Нарэшце я магу працягнуць усе даўным-даўно запланаваныя работы па рэканструкцыі без згоды суседзяў. Але перш трэба абнавіць заключэнне дзяржаўнай экспертызы, некаторыя пячаткі». Хоць Павел не выключае, што «неабыякавыя грамадзяне» будуць скардзіцца далей...

«Такі будынак нельга чапаць»

Як кажуць, у кожнага свая праўда. Свая яна ў і суседзяў Паўла. У гэтым я пераканалася пасля размовы з дзвюма жыхаркамі дома № 7. Яны па-ранейшаму, нягледзячы на тое, што рашэнне суда не на іх баку, катэгарычна супраць рэканструкцыі.

Пад сярэднім акном плануецца асобны ўваход.

— Ён сябе не вельмі добра павёў з самага пачатку, утойваў ад нас, што збіраецца рабіць рэканструкцыю. Некаторыя больш за 30 гадоў тут жывуць. Гэта, лічу, непавага.

— Мы выпадкова даведаліся, што ён пачаў работы, бо ў пад'езд раніцай зайсці было немагчыма. Усё ў пыле, брудзе. Ён працаваў, у тым ліку і дрылем, з 6 вечара і да 12 ночы. Мы пачалі скардзіцца ў адміністрацыю раёна... Маўляў, праверце, што ён там творыць. Камісія прыехала і ўбачыла парушэнні.

— Там поўнае парушэнне. Якая можа быць рэканструкцыя, калі дому больш за 100 гадоў. У такіх дамах наогул нельга нічога рабіць. А ён самавольна выкапаў пад гэтай кватэрай на глыбіню 2 метры пакой 10 м2. І ў нясучай сцяне хоча зрабіць акно і дзверы. Паколькі дом з драўлянымі перакрыццямі, перагародкамі, гэта ж можа быць абрушэнне. Не ведаю, як новае кіраўніцтва адміністрацыі дало яму дазвол на працяг рэканструкцыі.

— Навошта такія глабальныя рэканструкцыі рабіць у такім старым доме? Шмат ёсць новых пабудоў, у якіх можна рэалізоўваць свае ідэі. А гэты дом трэба захаваць.

— Гэты дом не чапай — можа, ён яшчэ сто гадоў прастаіць. А калі крануць... Такіх дамоў у нас у Мінску адзінкі.

— Я не бачыла дакументаў, якія б пацвердзілі, што на сёння канструкцыя ў добрым стане і ці ўплывае яна на маю маёмасць. Чалавек ужо аступіўся. Самабуд зрабіў. Як я магу быць упэўнена, што ён што-небудзь яшчэ не парушыць...

— У цэнтры горада займець дадатковы пакой 10 квадратных метраў любы захоча. У нас вось няма ні балконаў, ні падвальных памяшканняў. Нам гэтага нельга. А яму можна?

— Ён так і сказаў: вы мне не далі згоды, таму я буду вам помсціць. Ён гэта і робіць. Падаў на нас у суд. Выпускае сабаку, які гадзіць на клумбах, што мы разбілі побач з домам...

Пасля размовы з суседзямі я папрасіла Паўла пракаментаваць боязь наконт таго, што дом можа рухнуць… «Гэта эмоцыі, не больш чым меркаванне, прычым нічым не пацверджанае. Каб зрабіць рэканструкцыю памяшкання, мы займаліся даследаваннем глыбінна. У мяне ёсць уся дакументальная база, якая сведчыць, што гэта бяспечна, што наша рэканструкцыя не нанясе шкоды дому, ён не рухне. Праектнае рашэнне з двухузроўневай прасторай узгоднена прафесіяналамі, тут неаднаразова рабілі абследаванні, экспертызы... Усе заключэнні станоўчыя. Я сам жыву ў гэтым доме, з жонкай і маленькім дзіцём, прычым на першым паверсе. Таму не менш за іншых зацікаўлены, каб на мяне нічога не звалілася і дом прастаяў як мага даўжэй. Тым больш гэты дом — гісторыка-культурная каштоўнасць, на асобым рахунку у Міністэрстве культуры, яны кантралююць вельмі жорстка такія дзеянні. Некалькі разоў прадстаўнікі Мінкульта былі на аб'екце, у тым ліку па скаргах гэтых неабыякавых грамадзян».

Пакуль што трапіць у былую кватэру нумар 4 можна толькі праз гэтыя дзверы ўнутры пад’езда.

Тое ж самае пытанне я задала і начальніку ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска Ірыне Бычко. Яна сказала, што было абследаванне тэхнічнага стану канструкцыі жылога дома. Яно паказала, што ў выпадку выканання работ па праекце будынку нічога не пагражае. Таму рэканструкцыя ніяк не ўплывае на бяспеку пражывання.

Р. S. ...Павел праводзіць мяне да выхаду з пад'езда. Звяртаю ўвагу, што па іроніі лёсу нават паштовыя скрыні першай і чацвёртай кватэр (якія належаць Паўлу) вісяць асобна ад астатніх... Мужчына выйграў суд. Але прынамсі я не заўважыла, што ён скача ад радасці. «Нягледзячы на перамогу, я лічу, што любыя ваяўнічыя дзеянні надзвычай шкодныя. Бо няма пераможцаў у вайне. За 8 гадоў, не кажучы ўжо аб страчаных грашах і ўпушчанай выгадзе, я панёс вялізныя выдаткі жыццёвай энергіі. У выніку з жыццярадаснага, аптымістычнага чалавека ператварыўся ў апаслівага і недаверлівага. Чалавек жыве не для таго, каб даказваць, што мае рацыю. Але я не бачу, як гэту сітуацыю можна было вырашыць інакш... І, перамогшы, усё адно кажу: варожасць — гэта дрэнна».


Па каментарый я звярнулася ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска. Паводле слоў начальніка ўпраўлення па архітэктуры і будаўніцтве Ірыны Бычко, Мінгарвыканкам першапачаткова, калі выдаваў дазвол на рэканструкцыю яшчэ ў 2013 годзе, папярэджваў Паўла аб тым, што яму неабходна да пачатку правядзення работ атрымаць згоду ўсіх уласнікаў сумеснага домаўладання. Але ён па нейкіх прычынах гэтага не зрабіў. Акрамя таго, Ірына Бычко пацвердзіла, што мужчына сапраўды распрацаваў праектную дакументацыю і прайшоў экспертызу. Аднак дазвол на правядзенне асноўных работ яму не выдаваўся. Ён без дазволу выканаў частку работ асноўнага перыяду самавольна. У сувязі з гэтым у 2016 годзе Інспекцыя Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам спыніла яго і выпісала штраф. Было прынята рашэнне аб прывядзенні памяшкання ў першапачатковы стан. Уласнік павінен быў закапаць ніжні ўзровень. Ён гэта зрабіў, праўда, толькі пасля суда. Пасля гэтага ўласніку памяшкання было даведзена, што ён можа працягнуць рэканструкцыю пры ўмове, што атрымае пісьмовую згоду суседзяў. Ірына Бычко ў той час не працавала ў адміністрацыі, таму ведае ўсё гэта толькі з дакументаў.

Начальнік упраўлення па архітэктуры і будаўніцтву ў курсе, што Павел Кісель выйграў суд, бо юрыст, якая працуе ў адміністрацыі, прысутнічала на судовых пасяджэннях. Паводле слоў Ірыны Бычко, перш чым прыступіць да будаўнічых работ, Павел у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах павінен звярнуцца ў адміністрацыю раёна з заявай на працяг рэканструкцыі. І прыкласці рашэнне суда аб тым, што дазволена, каб яе разгледзелі без згоды суседзяў.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.