Вы тут

Кніжная дыпламатыя. Адбыўся круглы стол на тэму беларускага пераклада


Працягваецца распачатая 10 сакавіка гаворка пра мастацкі пераклад. Вашай увазе прапануюцца вытрымкі з абмеркавання, агучаныя цікавыя факты з гісторыі і сучаснай перакладчыцкай практыкі, найбольш важныя думкі, выказаныя ўдзельнікамі акадэмічнага круглага стала «Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы», у якім узялі ўдзел навукоўцы і пісьменнікі-перакладчыкі: дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў; першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, пісьменніца-перакладчыца Алена Стэльмах; пісьменніца-перакладчыца Іна Фралова; перакладазнаўцы Алена Лапцёнак, Наталля Якавенка і мовазнаўца Ірына Ялынцава, што працуюць у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі; перакладазнаўца, супрацоўніца Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Інга Бязлепкіна; вядомы беларускі перакладчык і перакладазнаўца Міхась Кенька.


Іна Фралова і Міхась Кенька.

«Навошта перакладаць Конан Дойла на беларускую мову, калі кожны з нас, сучасных беларусаў, здольны прачытаць Шэрлака Холмса па-руску, і прачыталі ўжо?» — са здзіўленнем запытала аднойчы таленавітая і вельмі паважаная ў літаратурных колах асоба падчас гаворкі на перакладазнаўчыя тэмы. 

Пытанне «Навошта перакладаць?» наўрад ці ўзнікне ў расійскага чытача, калі размова будзе ісці пра пераклад з беларускай, англійскай ці любой іншай мовы на рускую, бо зразумела, што гэта неабходна для азнаямлення з іншамоўным творам. Аднак у Беларусі зусім іншая сітуацыя.

Міхась Кенька: «Беларускі чытач здавён жывіцца перакладамі сусветнай літаратуры на рускую мову. На ёй былі выдадзены шматтомныя зборы твораў: Ч. Дыкенса ў 30 тамах, А. Бальзака ў 24 тамах, В. Скота выдалі 20 тамоў, Ф. Стэндаля — 15, Д. Лондана — 13, Ж. Верна і М. Твэна — 12, Г. Гейнэ і В. Гётэ — 10, Ф. Шылера — 7, згаданага А. Конан Дойла — 8, усіх не злічыць. Такую раскошу беларускія кнігавыдаўцы і перакладчыкі і раней не маглі і цяпер не могуць сабе дазволіць. Але беларускія чытачы без перашкод знаёмяцца з творамі гэтых і многіх іншых замежных пісьменнікаў, таму што, набываючы сярэднюю адукацыю, добра авалодваюць рускай мовай, карыстаюцца ёй у быце.

Я некалі пераклаў на беларускую мову раман Генрыка Сянкевіча «Крыжакі». Аддаў на гэта шмат сіл і часу, але ніякага задавальнення не адчуў, бо мой пераклад аказаўся незапатрабаваны: ён быў яшчэ раней перакладзены на рускую мову. Цяпер імкнуся перакладаць тое, што на рускай мове не друкавалася».

Ці значыць гэта, што англа-беларускі або нейкі іншы пераклад на беларускую пры наяўнасці рускамоўнага адпаведніка нам не патрэбны? Не, патрэбны, нягледзячы на нізкую запатрабаванасць і зразумелы прагматызм у стаўленні да такога перакладу ў сітуацыі блізкароднаснага білінгвізму (двухмоўя). На тое ёсць шэраг сур’ёзных прычын.

Ігар Капылоў: «Па-першае, мастацкі пераклад на беларускую мову — вельмі эфектыўны, дзейсны сродак папулярызацыі беларускай мовы: далучэнне чытача да скарбаў сусветнай літаратуры праз беларускае слова. У сваю чаргу пераклад твораў беларускіх аўтараў на іншыя мовы не толькі садзейнічае знаёмству замежных чытачоў з набыткамі беларускіх творцаў, але і спрыяе ўключэнню беларускай мовы ў міжмоўны кантэнт.

Па-другое, у сённяшні складаны час, калі адбываюцца палітычныя разломы, рэлігійныя спрэчкі, міжэтнічныя канфлікты, мастацкі пераклад адыгрывае выключна важную ролю ў якасці сродку міжкультурнай камунікацыі. Праз мастацкае слова фарміруецца так званая кніжная дыпламатыя, якая садзейнічае ўмацаванню міжнародных сувязей і кантактаў».

Ігар Капылоў.

І чытач нярэдка выйграе пры азнаямленні з рознамоўнымі або з некалькімі аднамоўнымі перакладамі твора, таму што атрымлівае магчымасць лепшага разумення арыгінала.

Вось, напрыклад, адным з папулярных у беларускіх кнігалюбаў твораў з’яўляецца раман Джэрома Дэвіда Сэлінджэра «The Catcher in the Rye» ў рускамоўным перакладзе Рыты Райт-Кавалёвай мае назву «Над пропастью во ржи» (1960). Існуюць яшчэ два пераклады гэтага твора на рускую мову: «Обрыв на краю ржаного поля детства» (1998) Сяргея Махрова і «Ловец на хлебном поле» (2008) Максіма Нямцова. У перакладах на іншыя мовы назва твора гучыць так: па-французску — «Лавец сэрцаў» («L’attrape-coeurs»); па-шведску — «Выратавальнік у крызісе» («Räddaren i nöden»); па-дацку — «Праклятае юнацтва» («Forbandede Ungdom»). І, нарэшце, па-беларуску — «Лавец у жыце» («Звязда», 2011, № 7, 3 верасня) або «Над прорвай у жыце» (паводле рускамоўнага перакладу 1960 года). Колькі розных сэнсаў, а значыць, і розных адкрыццяў у межах аднаго твора!

Інга Бязлепкіна: «У кантэксце блізкароднаснага беларуска-рускага білінгвізму і ў сувязі з двума толькі што згаданымі беларускамоўнымі варыянтамі назвы рамана Сэлінджэра неабходна сказаць таксама аб распраўсюджанай практыцы апасродкаванага перакладу праз рускую мову.

Інга Бязлепкіна.

Часам пераклад, напрыклад, англамоўнай паэзіі праз рускамоўныя аналагі практыкуецца нават тымі, хто на прафесійным узроўні валодае замежнай мовай. Каб зразумець што з гэтага вынікае, давайце звернем увагу на заключныя радкі 8-га санета У. Шэкспіра.

Арыгінал: «Whose speechless song, being many, seeming one // Sings this to thee: Thou single wilt prove none».

Пераклад С. Маршака: «Нам говорит согласье струн в концерте, // Что одинокий путь подобен смерти».

Пераклад М. Дуброўскага: «Гавораць гукі людзям у канцэрце, // Што адзінокі шлях цяжэй ад смерці».

Пераклад Я. Семяжона: «І сэнс бясслоўнай песні ў іх канцэрце, // Што адзі- нокі шлях падобны смерці».

Пры супастаўленні трох перакладных варыянтаў можна заўважыць іх падабенства паміж сабой: аднолькавая рыфма, увядзенне вобразаў канцэрта і струн, з’яўленне матыву шляху, параўнанне са смерцю, чаго няма ў арыгінале. У такіх выпадках добра было б мець яшчэ адзін адпаведны аўтарскаму тэксту, а не рускамоўнаму варыянту, пераклад на беларускую мову, што таксама з’яўляецца адказам на пытанне “Навошта перакладаць?”».

Ірына Ялынцава: «Ва ўмовах білінгвізму (г. зн. валоданне і папераменнае карыстанне дзвюма мовамі) або полілінгвізму (калі ва ўжытку знаходзяцца тры і больш моў) узровень чытацкіх патрабаванняў да перакладчыцкай працы значна павышаецца. Чытачы, якія валодаюць не адной мовай, сапраўды могуць параўноўваць не толькі арыгінал і пераклад, але і некалькі перакладаў аднаго твора, што прымушае шукаць і выпрабоўваць розныя падыходы да самога працэсу перакладу, асабліва калі гэта руска-беларускі ці беларуска-рускі пераклад».

У сувязі з двухмоўем чытачоў перад айчыннымі перакладазнаўцамі востра стаіць яшчэ адно заканамернае пытанне: навошта перакладаць на беларускую мову творы рускай літаратуры, асабліва тыя, што вывучаюцца ў беларускіх школах?

Міхась Кенька: «Добрае веданне рускай мовы ўсім адукаваным насельніцтвам Беларусі абумовіла тое, што пераклад на беларускую мову з рускай даўно ўжо практычна не патрэбны. Кнігі рускіх пісьменнікаў беларусы чыталі і чытаюць у арыгіналах, перакладаць якія ў такой моўнай сітуацыі няма патрэбы. Навошта чытаць А. Пушкіна, І. Буніна, Ф. Дастаеўскага, Л. Талстога ў перакладах, калі можна добра зразумець іх у арыгінале?».

Алена Лапцёнак: «Я хацела б выказацца наконт мэтазгоднасці рускабеларускага перакладу ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму. Мне імпануе думка, што пашырэнне перакладаў на беларускую — спосаб папулярызацыі беларускай мовы і ўмацавання яе пазіцый у свеце. Менавіта гэтая мэта абумовіла ўзнікненне значнай колькасці перакладных твораў у 20—30 гадах ХХ стагоддзя і заклала асновы айчыннай традыцыі мастацкага перакладу. Нашы класікі — Якуб Колас, Янка Купала, Янка Маўр — шмат перакладалі, прычым не толькі з рускай, але і з заходнееўрапейскіх моў — праз рускую. Тое самае адбываецца і цяпер».

Мэтазгоднасць перакладу з рускай на беларускую неаднаразова ставілася пад сумненне не толькі чытачамі-білінгвамі, перакладчыкамі, але і некаторымі айчыннымі літаратуразнаўцамі (у прыватнасці, аўтарытэтным кампаратывістам Галінай Адамовіч). Тым не менш, паколькі любая нацыянальная культура, і літаратура як яе частка, цікавая свету ў першую чаргу сваёй класічнай спадчынай, то і па сёння актыўна перакладаецца на беларускую мову руская класіка. Напрыклад, наш выдатны празаік Алесь Жук пераклаў на беларускую раман «Майстар і Маргарыта» Міхаіла Булгакава, а на пытанне пра мэту і прычыну перастварэння адказаў: «Мне спадабаўся твор, і ўзнікла жаданне яго перакласці. Кожная развітая літаратура павінна мець пераклады твораў такога ўзроўню на роднай мове».

Наяўнасць перакладаў на сваю нацыянальную мову твораў «вышэйшага гатунку» з далёкіх і блізкароднасных моў, як у нас руская, насамрэч з’яўляецца сведчаннем развітасці літаратуры.

Высокая запатрабаванасць рускабеларускага мастацкага перакладу падаецца парадаксальнай, але яна заканамерная таму, што існуе жаданне пісьменнікаў-перакладчыкаў папрактыкавацца ў перакладчыцкім майстэрстве, якое патрабуе высокага ўзроўню валодання мовамі арыгінала і перакладу, чаму вельмі спрыяе наш беларуска-рускі білінгвізм.

Алена Стэльмах: «Сапраўды так. Пераклад — важны сродак для рэалізацыі творчага патэнцыялу пісьменніка, таму што перакладчыцкая праца — гэта перш за ўсё ўдумлівае прачытанне твора. Зразумела, найлепшыя памочнікі на гэты час — слоўнікі, даведнікі, сябры-калегі, парады якіх не зашкодзяць. Усё гэта разам са свабодным валоданнем мовай арыгінала ў выпадку беларуска-рускага ці руска-беларускага перакладу спрыяе ўдасканаленню пісьменніцкага майстэрства».

Іна Фралова: «А наогул, што такое пераклад? Гэта не толькі кампраміс паміж кагнітыўным і эмацыянальным, гэта «скрынінг» нашага сучаснага грамадства. Арыгінал у параўнанні з перакладам, нават з самым таленавітым, жыве значна больш, некаторыя асобныя творы будуць жыць вечна. Праходзіць час, і пры ўмове, што грамадства дарастае, даспявае ўжо да іншага разумення тэксту, узнікае патрэба ў новых перакладах».

Безумоўна, пераклад — «скрынінг» свайго часу, як любы мастацкі твор, і менавіта таму, што выконвае функцыю арыгінала ў іншамоўнай культурнай і літаратурнай прасторы. Пры ўмове таленавітасці пераклад жыве, як арыгінал: «Над пропастью во ржи» з 1960 года чытаюць і будуць далей чытаць, нягледзячы на існаванне яшчэ двух рускамоўных перакладаў пазнейшага часу, якія засталіся незапатрабаванымі. А вось пра «іншае разуменне тэксту», да якога дарасло на сёння наша грамадства, варта пагаварыць наступны раз.

Заканчэнне будзе.

Падрыхтавала  Наталля ЯКАВЕНКА

Фота Марыны ВАРАБЕЙ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.