Вы тут

Тамара Краснова-Гусачэнка: «Ратаваць словам! І, мне здаецца, гэта — нямала!»


У Тамары Красновай-Гусачэнкі 1 красавіка 2023 года — прыгожая дата. Імя старшыні Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтара шматлікіх кніг для дарослых і дзяцей вядома ў Беларусі і Расіі. Прызнанне яе творчасці — шматлікія высокія дзяржаўныя і літаратурныя ўзнагароды.


Фота: orshanka.by

Пра Радзіму

З чаго, па-вашаму, пачынаецца Радзіма?..

— Прыгадваецца радок з майго верша, напісанага больш за 20 гадоў таму:

Даже самая широкая дорога

Начинается от Отчего порога…

Гэта і ёсць адказ на гэтае пытанне. Калі коратка. Радзіма пачынаецца ўсё ж не «з карцінкі ў буквары», літар у ім… Гэта потым… Пачатак — з першых усвядомленых пахаў роднай хаты, духмянага водару хлеба з печы, невымоўна ласкавых і родных гукаў голасу маці, яе крокаў, адчування сілы, упэўненасці і абароненасці: ад самых першых палётаў духу — калі бацька падняў цябе на рукі высока і моцна трымае над сваёй галавой — да тваіх уласных радасных — пад урачыстыя гукі на ўсё жыццё памятных святочных песень: «Забота у нас простая, // Забота наша такая, // Жила бы страна родная // И нету других забот….» Таму што Радзіма — самае галоўнае для кожнага на свеце. Таму што гэта — твая хата, твая матуля, тата, сям’я, школа, дзеці, ды і чытанка! І таварышы ў двары... І, галоўнае, мірнае неба над галавой, тваёй і ўсіх, хто жыве на Зямлі.

— Каго вы з удзячнасцю ўспамінаеце?

— Немагчыма нават у думках пералічыць усіх, хто адыграў у маім жыцці важную, вырашальную ролю — даваў цвёрдыя, але добра запамінальныя ўрокі, хто дапамагае цяпер, ратуе ад згубы фізічнай, духоўнай, маральнай, хто паказвае стваральны шлях…

Найперш згадаю, вядома, сваіх продкаў. Дзед Антон вучыў усведамляць свет, бачыць і ўяўляць яго, а затым і чытаць — па Бібліі. На печы доўгімі зімовымі вечарамі, калі за вокнамі выла завіруха і завеі намяталі сумёты, вышэйшыя за саламяныя дахі вясковых хат, мне было з ім цёпла і ўтульна. І з гэтага таксама пачыналася Радзіма! Слухаючы Біблію, як ствараўся свет, у дзень першы… дзень другі… я падарожнічала ў сваім уяўленні далёка ад занесенай снегам вёскі ў такіх маляўнічых і яркіх кутках, якія не ўбачыш ні ў адным кіно…

Дзед Даніла, які выгадаваў дзіўны сад на гліняным, як лічылася, бясплодным узгорку, ператварыў яго ў рай зямны: грушы і яблыні, вішні і чарэшні, маліны і ажыны, слівы і жэрдэлі, а сартоў іх — не пералічыць... Яблыкі ад наліваў, што празрыста свецяцца на сонцы, да ружовых, малінавых. Грушы — памерам з кулак малатабойца! А бэзу… Ад белых да сініх і залацістых адценняў. Дзед быў майстар на ўсе рукі: умеў класці печы, займаўся шапавальствам, вырабляў скуры, шыў кажухі! Не было ў сялянскім побыце справы непадуладнай майстру Данілу... А маліўся як?! Мог прастаяць усю ноч каля ківота пасля найцяжэйшага працоўнага дня. Маліўся за сына Івана, які загінуў у першыя дні вайны, пакінуўшы сіротамі чацвярых дзяцей. Праз 40 гадоў пасля вайны знайшлі яго імя на помніку брацкай магілы пад Гомелем. А дзед колькі жыў — столькі чакаў…

Бабулі мае — Вера і Алёна — праліі ткалі, шылі і вышывалі, пяклі і салілі… Расцілі гародніну і нарыхтоўвалі разнасолы так, што і па сёння не ела нічога смачнейшага і натуральнейшага, не апранала адзення больш ласкавага і прыгажэйшага, чым рабілі чароўныя рукі маіх бабуль.

Маці, бацька — проста гераічныя людзі. Калі гляджу старыя фатаграфіі — проста святыя абліччы, а не твары! Свецяцца, ясныя вочы, шчырыя, такой верай і любоўю напоўненыя...

Бацька, Іван Антонавіч, у час вайны дайшоў ад вёскі Шчапяціна, што на Браншчыне, да Берліна і вярнуўся параненым, кантужаным — але жывым! Узначаліў калгас, якога, па сутнасці, не было. Хаты спалены, людзі, змучаныя, у асноўным старыя, жанчыны і дзеці, жылі ў згорбленых зямлянках... Трэба было адбудоўваць вёску, араць, сеяць —
аднаўляць збалелую зямлю з попелу і руін... Здавалася, як? Нічога ж не было… Ні трактароў, ні машын — вазы ды напаўдохлыя коні, удовы і сіроты-дзеці…. Старшыня прыгожы, гарачы, але пакалечаны вайной. І вось жа — выдужалі!

Мама, Аляксандра Данілаўна, — настаўніца. Яна сама будавала з саману (гэта гліна з саломай) школу, насіла за 50 вёрст з раёна ўсё неабходнае для вучобы: падручнікі, сшыткі, крэйду, карты, глобус… Ад цяжкай фізічнай працы моцна захварэла і 30 гадоў была прыкавана да інваліднай каляскі. Пазней ёй было прысвоена званне «Заслужаны настаўнік СССР». О, дзіўная рукадзельніца, пявучая мастачка, мая дарагая мама!

І ў далейшым усе, амаль усе, хто сустракаўся на жыццёвым шляху, былі маімі строгімі, але вельмі добразычлівымі настаўнікамі. Першай, хто заўважыў мае літаратурныя здольнасці і агучыў на ўвесь клас маё школьнае сачыненне, была настаўніца Ларыса Барысаўна.

Замужам я была тройчы. Першы муж — вядомы мастак. Ад яго я збегла, не раздзяліўшы захапленне сюррэалізмам. Юнацкі максімалізм... Другі муж — ваенны лётчык, з-за якога я і апынулася ў Беларусі, мужны і выдатны чалавек, загінуў амаль 40 гадоў таму…

Трэці муж, Уладзімір — маё першае сапраўднае каханне. З ім мы пражылі 37 гадоў, выгадавалі дзяцей, пабудавалі дом, пасадзілі сад, выдалі больш за 25 маіх кніг! Так бывае, што першае каханне сустраецца калі пражываем палову жыцця, як у Бэлы Ахмадулінай, памятаеце: «Хочаце верце, хочаце не верце. Было каханне другое і трэцяе… А першае я не адразу сустрэла… З таго часу толькі свята ў яго і веру. У сваё адзінае каханне — першае…»

Але яго таксама не стала чатыры гады таму… Ён у першыя дні аварыі на ЧАЭС быў у ліку ліквідатараў. Вынікі праявіліся праз трыццаць гадоў. Уладзімір — майстар спорту, дужы і моцны чалавек, жыццярадасны, згарэў ад злой і жорсткай хваробы... Як выжыла — не ведаю. Толькі сям’я, паэзія і праца сярод людзей, маіх выдатных калег, выратавалі... Нізкі ім паклон за падтрымку, любоў, клопат, увагу.

У Віцебску ў маім станаўленні як кіраўніка навастворанай грамадскай арганізацыі — абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі — істотна дапамагалі старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка (цяпер старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь) і Аляксандр Мікалаевіч Косінец (цяпер памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Пра іх хочацца сказаць асабліва, як пра людзей выключных: працавітых, энергічных, адданых сваёй справе, якія ўмеюць разбірацца ў людзях, давяраць ім.

У літаратурным свеце — найвялікшая павага да нашага легендарнага пісьменніка і кіраўніка, народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца; да маіх расійскіх аўтарытэтных калег — былога старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Валерыя Ганічава, рэдактараў маіх першых кніг, літаратуразнаўцаў, кіраўнікоў вядомых расійскіх выдавецтваў і часопісаў Станіслава Куняева, Аляксандра Казінцава.

Словы ўдзячнасці адрасую Алесю Карлюкевічу, Уладзіміру Андрыевічу, пры падтрымцы якіх былі выдадзены некалькі маіх найлепшых кніг, у тым ліку і той, якая стала лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі.

Вельмі знакавамі былі звароты да маёй творчасці літаратуразнаўцаў, якія зрабілі глыбокі аналіз маіх кніг, — акадэміка Уладзіміра Гніламёдава, прафесара Таццяны Шамякінай. Шэраг прафесійных артыкулаў напісалі вядомыя літаратуразнаўцы і калегі па пяры Алесь Марціновіч, Зіновій Прыгодзіч... Сяброўства падтрымліваю і цяпер з першым рэдактарам маіх кніг, выдадзеных у Беларусі, Анатолем Аўруціным, Нінай Чайкай, Віктарам Шніпам… Я ўдзячна ўсім, хто з адкрытай душой сустрэўся на маім шляху!

У чым для вас найвышэйшая каштоўнасць сям’і?

— Сям’я — гэта і ёсць Радзіма. Дзе бацькі, дзяды, дзеці, унукі — там і вытокі патрыятызму, там — Айчына. Мае родныя — мая падтрымка ва ўсім, а я — іх апора, дарадца, настаўнік, выхавальнік. У пераемнасці пакаленняў — працяг жыцця, яго святло.

У мяне было трое дзяцей. Цяпер у гэтым свеце, са мной, — двое. Старэйшы сын Мікалай, вайсковец, будучы зусім малады, загінуў у службовай камандзіроўцы.

Уся мая вялікая радня, сваточкі, сваякі, усе — адна вялікая і дружная сям’я. Усе працавітыя, старанныя, вельмі добрыя. Кожны па-свойму таленавіты. Гасцінныя і хлебасольныя, яны ўмеюць працаваць і весяліцца, гараваць і радавацца, дапамагаць адзін аднаму і непадробна спачуваць і суперажываць. Словам, мы разам! І гэта галоўнае. Такой павінна быць сям’я ў маім разуменні. 

Пра творчасць

Кажуць, да паэта прыходзіць муза. А каго чакае паэтка?

— «Паэтка» — слова не маё. Яно нейкае штучнае, памяншальнае, ненатуральнае. Я ўвогуле не люблю гендарных адрозненняў, якія падкрэсліваюцца ў адносінах да людзей, якую б прафесію яны ні мелі. Можна падумаць, што прыналежнасць да таго ці іншага полу вызначае здольнасці і талент чалавека, яго працавітасць і ўменне служыць сваёй справе з поўнай аддачай?

Паэт! І не мае значэння, жанчына гэта ці мужчына. Таму паэт, калі ён сапраўды такім з’яўляецца, не чакае нікога і нічога. Ён працуе. На жаль, часцей за ўсё зарабляе свой хлеб надзённы іншай справай. Піша паэт зусім не для грошай і не для літаратурных крытыкаў… Сядзіць за пісьмовым сталом глыбока за поўнач, калі нехта ўжо спіць, нехта працуе, дзесьці кахаюць, а дзесьці забіваюць... А ты, паэт, сядзіш, такі маленькі і самотны, і няма ў цябе ні ўлады, ні сродкаў… Але ты гарыш жаданнем выратаваць, захаваць свет, палепшыць жыццё людзей. І наўмысна не складаеш аніякіх слоў — яны просяцца самі, імкліва кладуцца на паперу, спяшаешся, каб не страціць, усё занатаваць.

Вядома ваша крылатая фраза: «Душа — геніяльная форма выратавання». Што гэта значыць для вас?

— Гэта першы радок верша, напісаны шмат гадоў таму і прысвечаны майму мужу Уладзіміру: «Душа — геніяльная форма выратавання». Для мяне  гэта маё сакральнае бачанне. А для чытача? Гэта залежыць ад яго думкі, бачання. Галоўнае, куды прывядуць яго гэтыя словы, што дадуць: асацыяцыі, дапамогу. Так, менавіта дапамогу. Бо ўсё, што я раблю, пішу, кажу, служыць толькі аднаму: дапамагчы іншаму. Паэту вельмі ўласціва на сваёй шкуры адчуваць спаўна гэтыя пакуты. Дык каму ж, як не яму, шчыра-
ваць для іншых?! Верагодна, часам адным радком. І, мне здаецца, гэта — нямала!

Тамара Іванаўна, вы — аўтар рознабаковы. Як расстаўляеце прыярытэты ў творчасці для дарослых і дзяцей?

— Ды не я іх расстаўляю. Яны мяне падпарадкоўваюць. Дзе, калі і пра што пісаць, вырашае толькі само жыццё. Прычым так лоўка раздае мне заданні, што аніяк ні аб’ехаць іх, ні абысці. Пасля выкананай задачы даецца новы загад: рухацца далей!

Пра сябе

— Як ставіцеся да даты свайго нараджэння: 1 красавіка?

— Выключна з павагай і любоўю! Гэта дзень іконы Божай Маці «Замілаванне», дзень памяці Праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай. І, галоўнае, дзень гэты і час майго нараджэння былі прадказаны маці маёй Мікалаем Цудатворцам у сне. І нарадзілася я ў зямлянцы, у глухой пасляваеннай вёсцы, дзе не было святла, дзе «Збан стаяў на краёчку стала… І ў ім свяціліся вербы, як мімозы…»

— Ці пагодзіцеся, што ў вас мала вершаў пра каханне?

— Усе мае вершы, абсалютна ўсе — пра каханне! Але пра каханне без стогнаў, галашэнняў, без ныцця і жаночых папрокаў. Гэта сапраўды мне не ўласціва. У маіх вершах — неспасціжна глыбокая любоў да ўсяго жывога, да людзей, родных і такіх безабаронных.

А пра каханне да канкрэтнага мужчыны... Не, ніколі я не магла сваё душэўнае гарэнне і палыханне адкрыць нікому. Нікому! Нават сабе. Гэта ўсё ўва мне. «Я не пісала пра каханне… Я ў ім жыла…»

— Што для вас адпачынак?

— Адпачываць не ўмею. І прызнаюся, што адпачынак — гэта мастацтва, мне зусім невядомае. Скажу, што найлепшыя моманты адпачынку для мяне — гэта праца. Бо толькі ў руху жыву, радуюся, адчуваю прыліў энергіі і сіл. У выкананні чагосьці важнага, карыснага, патрэбнага людзям, сям’і, дзецям, свету адчуваю сваю патрэбу. А інакш навошта? Навошта рабіць тое, што не патрэбна нікому?

Падрыхтавала Алена СТЭЛЬМАХ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».