Вы тут

Музы і таямніцы


Да 100-гадовага юбілею народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва сёлета падрыхтавалі шмат выставак — акрамя таго, што яго творы можна пабачыць у галерэі, якая носіць імя творцы, экспазіцыя прадстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Яму прысвячаюць вялікую выстаўку беларускія жывапісцы.


Да свайго 100-годдзя мастак не дажыў пару гадоў — вялікі чалавек, вялікае жыццё. Жыццё, вартае фільма. І нават не аднаго. Прэм’ера чарговага дакументальнага праекта, прысвечанага мастаку, пад назвай «Леанід Шчамялёў. Усе адценні белага» адбылася на тэлеканале АНТ (вытворчасць студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна»). Але крыху раней фільм прадставілі ў кінатэатры «Беларусь», дзе адбылася сустрэча са здымачнай групай. Рэжысёр-пастаноўшчык Кацярына Шарамет, зусім маладая дзяўчына, звярнула на сябе ўвагу адметнай працай: яна сама рабіла і камп’ютарную графіку, і мантаж. 

Прадстаўляючы здымачную групу, Уладзімір Бокун адзначыў: «Гэта незвычайны фільм для нас. Па-першае, ён зроблены за вельмі кароткі тэрмін — тры тыдні. Гэта было звязана з тым, што трэба было зняць працэс падрыхтоўкі да юбілейнай выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Праца адлюстравана на экране». 

Не проста адлюстравана, а стала своеасаблівым рэжысёрскім ходам: музейныя шэдэўры нібыта са здзіўленнем пазіраюць на карціны Шчамялёва, якія праносяць па залах музея, рыхтуючы выстаўку. І не толькі пазіраюць — яны абураюцца і быццам гавораць — іх вусны пачынаюць варушыцца (гэта падасца эфектным для тых, хто не глядзіць на мастакія творы з выключным піетэтам да аўтарскай задумы). Гучаць тыя самыя словы, якія так балюча было чуць мастаку на пачатку свайго творчага шляху. Але твор 1959 года «Вяселле» ў выніку трапіў у музей дзякуючы тагачаснаму дырэктару Алене Аладавай. 

Леаніда Шчамялёва сапраўды не адразу зразумелі: усё неяк не па каноне, дзіўная кампазіцыя, што ўжо казаць пра сюжэты, нетыповыя для сацрэалізму. Яго абарона дыплома была б правалам. І наогул у Беларусі, якая перажыла жахі вайны, не прымалі творы Шчамялёва-франтавіка, у якіх быў закладзены сімвалічны сэнс. Складаны быў час, і невядома, як бы склаўся далейшы лёс мастака, каб не спецыялісты з Масквы, якія разгледзелі ў яго карцінах адметны аўтарскі погляд. У фільме адлюстраваны гэты момант, таксама распавядаецца і пра перажыванні чалавека, які вельмі хацеў стаць мастаком. 

Стаў. І жыццё завіравала. Праца, выкладанне. І каханне. Неяк паміж радкамі: у яго на той момант было дзве дачкі. Але зрабіў выбар. Іншы перыяд жыцця, Муза натхняла. Творчасць буяла. 

Праўда, так бывае. Гэта жыццё. А мастакі (і наогул творчыя людзі) жывуць і жывяцца эмоцыямі. І — так, гэтая жанчына, якая стала другой жонкай, пражыла з ім большую частку жыцця. Святлана Мікалаеўна ў фільме шчыра распавядае, як рамантычна пачыналася іх каханне і доўжылася да апошняга дня Леаніда Дзмітрыевіча. Ні ценю сумневу, асабліва калі бачыш колькасць яе выяў на яго карцінах: напэўна, так выглядае зямное каханне. Стоп. Але ж да іх сустрэчы ў яго ўжо была сям’я... «Што з ёй не так?» — прамільгне думка ў дапытлівага гледача, але застанецца без адказу.) 

Рэжысёр Кацярына Шарамет прызналася, што гісторыю ў больш чым 90 гадоў жыцця цяжка распавесці за трыццаць хвілін. Таму самае галоўнае, што імкнуліся перадаць стваральнікі, — атмасфера жыцця, светапогляд, настрой душы мастака. Так, зроблена!.. 

На гэтым можна было б паставіць кропку: праект ажыццявіўся і будзе мець свой, верагодна, паспяховы лёс. Але калі нешта недагаворана, то хочацца сказаць. Нават калі ўжо вельмі «пасля». Так бы мовіць, удакладніць інфармацыю, якая ўжо жыве ў прасторы. У мастака можа быць не адна Муза! У той самы час, калі Леаніда Шчамялёва жорстка крытыкавалі і нават не хацелі прыняць яго дыплом, калі насуперак меркаванням паўставалі яго самыя моцныя творы, побач з ім была першая жонка Галіна Іванаўна, імя якой у фільме не згадваецца наогул. А яна не проста дапамагала трымаць удар, а ўсяляк спрыяла таму, каб ён вучыўся (спачатку ў мастацкім вучылішчы, пасля ў інстытуце) і атрымліваў жаданую прафесію, калі яны жылі разам. І яе мастак выяўляў на карцінах. Яна была побач з ім больш за 20 гадоў і нарадзіла дзвюх дачок. Адна з іх — Маргарыта, таксама адметная мастачка, — вельмі цёпла гаворыць пра тату ў фільме, напэўна, таму, што бацькі пасля развітання здолелі захаваць добрыя адносіны, што само па сабе заслугоўвае павагі (асабліва калі трэба раскрыць мастака яшчэ і як чалавека). Галіна Іванаўна і Леанід Дзмітрыевіч падтрымлівалі стасункі да апошніх дзён і сышлі з жыцця з розніцай у некалькі тыдняў. 

...І што нам гэта дае? Не проста сцвярджэнне справядлівасці, хоць і гэты момант важны, паколькі значны этап два чалавекі прайшлі разам. Але і дзеля глыбокага разумення творцы, бо ўсё, што ён здолеў зрабіць, паўставала не проста так, а пад уплывам людзей ці жыццёвых абставін. Разрываць адносіны цяжка, і тое, што для некага — рамантыка, для іншага — боль (тым больш вартая павагі жанчына, якая адпусціла каханага). Нават мірнае развітанне перажыць няпроста. І, напэўна ж, не проста так ў мастака ў нейкі момант узніклі праблемы з алкаголем (пра гэта інфармацыю ў фільме пакінулі). Усё-такі нездарма біёграфы даследуюць перыяды творчасці мастакоў, удакладняюць імёны тых, хто ўплываў на іх. Вывучаюць уплыў кожнай Музы. Шэдэўры нараджаюць людзі, якія адчуваюць. Камусьці шчасціць, і Муза прыходзіць у жыццё аднойчы. А ў некага ў розныя перыяды — розныя пачуцці, жарсці, эмоцыі. І розныя творы. Не трэба нават глядзець далёка (Мадзільяні, Пікаса, Далі...). Вось толькі некалькі гісторый мастакоў, якія былі звязаны з беларускай зямлёй. 

На творчасць Марка Шагала паўплывалі першая жонка Іда, другая Валянціна, але паміж афіцыйнымі шлюбамі былі яшчэ адносіны з Вірджыніяй, якая нарадзіла яму сына. Ілья Рэпін меў дзвюх афіцыйных жонак — Веру і Наталлю. І не пазбягаў яшчэ і рамантычных адносін. Станіслаў Жукоўскі быў жанаты двойчы — з Аляксандрай і Сафіяй... Ураджэнец колішняй Віцебскай губерні (цяпер гэта латвійскі Даўгаўпілс) Марк Ротка таксама двойчы ўступаў у шлюб — з Эдзіт, пасля — з Мэл. Але напрыканцы жыцця застаўся самотны. 

Цікавасць выклікаюць адносіны не толькі мужчыны. Напрыклад, авангардыстка Надзея Хадасевіч стала другой жонкай славутага Фернана Лежэ, але дачку нарадзіла ў першым шлюбе з мастаком Станіславам Грабоўскім. 

Асабістыя гісторыі знакамітых мастакоў (наогул творцаў) — гэта не ў малой ступені каталізатары таленту, таямніцу якога так хочацца разгадаць... 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

Ірына Старавойтава: За гады суверэнітэту ў Беларусі сфарміравалася свая школа стварэння падручнікаў

«Для таго, каб стаць падручнікам, матэрыялы, падрыхтаваныя аўтарамі, праходзяць шмат этапаў экспертызы, абмеркаванняў на дыялогавых пляцоўках з педагогамі, узгадненняў, апрабацыю ва ўстановах адукацыі». 

Рэгіёны

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

З чым едзе Брэстчына на сёлетні Форум рэгіёнаў

Вобласць падрыхтавала ладны пакет прапаноў удзельнікам форуму.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.