Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Смоўж»


Ад цяжкага нерухомага погляду мужчыны Эла здрыганулася, нібы да яе дакранулася нешта брыдкае. Так на яе глядзеў толькі Адам, брат айчыма. «Смоўж», — пазнала яна мужчыну і заспяшалася да касы. Хваля мінулага накрыла жанчыну.


Фота: pixabay.com

Калі Эле споўнілася семнаццаць, яна пераехала да маці. Два гады таму бацькі Элы развялiся i раз’ехаліся будаваць новыя сем’і, а яе забрала да сябе бабуля. А потым бабуля памерла, і Эла тры месяцы жыла адна, пакуль мацi не паклікала яе жыць да сябе.

Восень была позняй, і ў горадзе лютаваў грыпп. З вільготным ад тэмпературы поглядам Эла ляжала за фіранкай ля печы. Маці падкінула ў топку вугалю і глянула на дачку. «Бяды б не здарылася! Мікалай на дзесяць гадоў маладзейшы за мяне, і на дзесяць старэйшы за Элу. А маладое цела для мужчыны... » — Таццяна саромелася дарослай дачкі.

— З войска прыйшоў брат Колі, да нас прыедзе! Хоча ў горадзе на працу ўладкавацца. Яшчэ гора на маю галаву! Напэўна, будзе жыць у нас. А дзе пакласці? На канапе ў зале? — усхліпнула яна. Эле стала шкада мацi.

Маці яшчэ аб адным перажывала: «Дзевер раскажа бацькам, што ў мяне дачка дарослая. Навошта ім пераспелая нявестка? А тут яшчэ жыццё такое, у ложку не павярнуцца. Дачка ў пярэднім пакоі, а брат мужа ледзь не пад бокам спіць».

— Гэта Адам, — з парога прадставіў невысокага хлопца Мікалай. — Ён пажыве ў нас, пакуль інтэрнат атрымае.

Маці заўсміхалася, замітусілася:

— Вядома, праходзьце, — і стала накрываць на стол.

— А гэта Таніна дачка Эла, — Коля адсунуў фіранку.

— Здрасце, — усміхнулася Эліна галава з-пад старых коўдраў.

— Добры дзень, — госць моўчкі ўтаропіўся на Элу. Доўга і неадрыўна глядзеў на яе. Дзяўчыне стала няёмка, і яна адвярнулася.

— Эла вучыцца ў тэхнікуме, — сказаў Мікалай, бачачы «ступар» Адама. Ён стараўся дагадзіць брату. Адам хоць і быў малодшым у сям’і, а трымаў верх над усімі. У сям’і яго пабойваліся, а за спіной называлі «куркуль», так як быў ён жорсткі, прагны і заўсёды дамагаўся таго, чаго хацеў.

Адам уладкаваўся на малаказавод і адразу знайшаў спосаб вынасу смятаны праз прахадную ў пляшцы за рамянём. З першага заробку купіў сабе дзве пары абутку. Сказаў: «Запас дае ўпэўненасць». Паступіў у тэхнікум на завочнае.

Эла днявала і начавала ў сяброўкі, рыхтавалі курсавы праект. Нечакана Мікалай праявіў турботу: «Дзе яна швэндаецца? Ты ж маці! Адам хоча жаніцца на Эле і супраць яе начлегаў па-за домам! Нашы бацькі ўхвалілі гэты шлюб. Святар сказаў, што так можна, каб адзін брат ажаніўся з маці, а другі — з дачкой».

Рашэнне братоў не падлягала абмеркаванню —Таццяна павінна ўгаварыць Элу выйсці за Адама. Але Эла не прымала яго заляцанняў. Адам шалеў і муштраваў брата, а той ціснуў на Таццяну: «Гэтая смаркачка не разумее свайго шчасця! Ты ж маці, прымусь!»

— Паглядзі, які самастойны! Прыбудову да нашага дома плануе, будзеце побач жыць. Купіў сабе касцюм і цябе апране. Маці і дачка могуць выйсці замуж за братоў, — угаворвала Таццяна дачку.

Эла наадрэз адмаўлялася:

— Не пайду за гэтага «Смаўжа».

Маці рыдала:

— Табе што, цяжка з ім у кіно схадзіць? Ты павінна выйсці за яго, інакш мяне Коля кіне! Я павешуся, калі ён мяне кіне! Смерці маёй хочаш?

Вешацца ў маці было звычайнай справай. Колькі Эла сябе памятала, маці заканчвала разборкі са сваімі мужчынамі пагрозай: «Павешуся!» Для дасягнення мэты ўсе сродкі добрыя.

— Мам, ён жа падобны на ліпкага смаўжа, — загаварыла яна з маці прымірэнча. Але тая толькі рукой махнула і пайшла ў калідор. Угаворы доўжыліся месяц, і Адам стаміўся чакаць. На сямейным савеце, калі Элы не было дома, было прынята рашэнне: ён возьме дзяўчыну сілай. Куды ёй потым дзявацца?

Вечар быў звычайным... Эла рабіла курсавую работу. Айчым і маці сышлі прагуляцца. Адам, патаптаўшыся на кухні, падышоў да яе і загаварыў пра каханне. А праз хвіліну схапіў у бярэмя і павалок да ложка...

Памяць Элы не захавала, як у яе рукі трапіў нож, магчыма, яна тачыла аловак і паклала яго побач. Але наступны момант урэзаўся ў памяць дэталёва. Адам стаіць, прыціснуўшыся спіной да сцяны, а яна, прыставіўшы да яго жывата нож, шыпіць скрозь зубы: «Кішкі выпушчу, падла... Смоўж... яшчэ падыдзеш...». Дзе яна такіх слоў нахапалася?

Кропелькі халоднага поту праступілі на лбе спалоханага жаніха, жаданне рэзка знікла: «Эла... Эла Якаўлеўна, прабачце! Я нічога... Больш не паўторыцца», — лапатаў ён, мяркуючы, што яна звар’яцела. Чыстая пантэра, зараз пырне — і кранты.

Некаторы час яна не адводзіла нож, як бы сумняваючыся ў яго словах. А Адам халадзеў ад агню ў яе вачах і вастрыні сталі, праступаючай скрозь кашулю. За гады службы ён не перажыў столькі, колькі за гэтыя хвіліны. Эла адышла. Ашаломлены Адам выйшаў... Трохі астыўшы, накіраваўся на пошукі брата. Шлюбную пару сустрэў недалёка, распавёў пра сваё фіяска. Вярнуліся дадому разам.

— Ён спрабаваў згвалтаваць мяне! — адразу сказала Эла.

— Ты што, жартаў не разумееш? Я пажартаваў, — як нічога і не было ўсміхаўся Адам.

Маці таксама ўсміхалася:

— Ён пажартаваў.

— Я што, дурніца? — толькі і сказала Эла і пайшла да сяброўкі. Цяпер яна дома амаль не бывала. Мікалай ціснуў на Таццяну...

Ад сняданку Элу адарваў крык айчыма: «Эла! Хутчэй! Нясі нож!» Яна выскачыла ў калідор. Ад кручка на столі да шыі маці цягнулася вяроўка. Зэдлік перакулены. Мікалай трымае жонку, абхапіўшы яе ногі. "Рэж вяроўку!"— крыкнуў ён. Галава маці схіленая на бок, вочы прыкрытыя — ахвяра, якая здалася на волю лёсу.

Ці нож быў тупы, ці рукі трэсліся, толькі Эла ніяк не магла справіцца з вяроўкай, а калі абрэзала, у самой пацямнела ў вачах. Адкрыла іх, калі маці паднесла ёй нашатыр. Потым маці доўга рыдала.

"Што, гадаўка, давяла маці?!«— упершыню злосна рыкнуў на Элу Мікалай. Эла не спала ўсю ноч. Было шкада маці, але брала зло — трэба ж было гэтаму чортаву «Смаўжу» з’явіўся ў іх доме!

Невядома, якое рашэнне яна прыняла б... але на зімовыя вакацыі ёй у тэхнікуме далі бясплатную пуцёўку. Эла паехала ў санаторый, дзе і сустрэла свой лёс. Яна выйшла замуж і з’ехала ў іншы горад. Цяжарная прыехала наведаць маці. Адам ужо жыў у інтэрнаце. Маці скардзілася на дрэнныя адносіны з Мікалаем, як бы абвінавачваючы ў гэтым Элу.

Адам зайшоў у хату, калі Эла была адна. Як вылічыў?

«Што, прыехала?! — закрычаў ён. — Прэч з дому! Ты тут кватарантка і не смей сюды носа паказваць!» Ён шалеў і ненавідзеў. Вусны крывіліся, з рота пырскала пена, ён бегаў па хаце і замахваўся. Эле стала страшна за дзіця, і зноў спрацаваў інстынкт.

Схапіла вядро і абдала вадой Адама, яго бабровую шапку, зімовае паліто з футравым каўняром. А потым абліла і другім вядром. «Я буду крычаць», — яна выскачыла за дзверы, правальваючыся ў снег, кінулася да брамкі суседзяў. Адам кінуўся наўцёкі ва ўсім мокрым. Ён бярог сваю рэпутацыю.

***

Мікалай праз нейкі час памёр. Адам ажаніўся і жыў дзесьці ў іх раёне. Цяпер Эла прыехала наведаць маці, яна зайшла ў краму і сутыкнулася з гэтым нерухомым позіркам. Гэта быў ужо сівы, атлусцелы, але ўсё-ткі Адам. Успомніла, як марыла адхлястаць яго па шчоках. Але цяпер гэта ўсё было такім далёкім... Яна выйшла з крамы, села ў машыну, у люстэрку задняга віду ўбачыла Адама. Кінуўшы кошык, ён выбег на ганак і глядзеў ёй услед. Пазнаў…

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?