Вы тут

Маладзёжных лідараў дапамагае выхоўваць унікальны праект «Каманда будучыні»


Больш як 160 чалавек складаюць кадравы рэзерв, які ўдалося сфарміраваць за час рэалізацыі нацыянальнага праекта «Лідарская платформа «Каманда будучыні». Яго ідэя ўпершыню была агучана Маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь з трыбуны VІ Усебеларускага народнага сходу. А першы набор адбыўся восенню 2021 года.


— У назве нашага праекта зашыфраваны сэнс — мы імкнёмся стварыць каманду будучыні, якая будзе ўвесь час пашырацца і прымнажацца, — расказвае старшыня Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Мікіта Рачылоўскі. — І тое, што наша ідэя была агучана з самай высокай трыбуны, накладае на нас вялікую адказнасць. Мы не маем права апускаць узнятую планку... У 2022 годзе лідарская платформа «Каманда будучыні» стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу маладзёжных ініцыятыў, а ў 2023 годзе ўключана ў рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні Года міру і стваральнай працы.

Мы кансалідавалі вакол сябе самую актыўную і неабыякавую моладзь. Узрост удзельнікаў праекта — ад 18 да 35 гадоў. Наша мэта — пошук сацыяльна актыўных маладых людзей, навучанне іх тэарэтычным і практычным навыкам у сферы лідарства і дзяржаўнага кіравання, стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі для абмену досведам і распаўсюджвання найлепшых практык.

Адбылося ўжо пяць набораў у праект. Дарэчы, пяты набор атрымаўся самым «дарослым» і, напэўна, самым цікавым у плане жыццёвага і прафесійнага вопыту яго ўдзельнікаў. Старт навучанню ўдзельнікаў пятага набору быў дадзены 11 сакавіка на базе Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яго арганізатарамі выступаюць Маладзёжны парламент, Цэнтр міжнародных даследаванняў факультэта міжнародных адносін БДУ, маладзёжнае грамадскае аб'яднанне «Рух наперад» і навукова-культурная ўстанова «Еўразійскае Партнёрства».

— Усяго на пяты набор прыйшлі 142 заяўкі. Адабраць з іх 40 найбольш актыўных маладых людзей на падставе запоўненых анкет было вельмі няпроста, — канстатуе старшыня НКУ «Еўразійскае Партнёрства» Аляксей Тома. — Таму для фарміравання магутнай каманды мы імкнуліся захаваць пэўны баланс — адбіралі прадстаўнікоў ад кожнай ВНУ, арганізацыі і кожнага горада, адкуль паступілі заяўкі....

Хачу падкрэсліць, што «Каманда будучыні» — унікальны праект, аналагаў якому ў Беларусі няма. Мы навучаем моладзь soft skіlls — навыкам, абавязковым для сучаснага кіраўніка: публічных выступленняў, вербальнай камунікацыі, мастацтва вядзення дзелавых перагавароў і г. д. Больш за тое, на нашых мерапрыемствах мы ствараем сувязі паміж патрыятычна настроенай моладдзю. Вучым іх працаваць у камандзе, чуць адзін аднаго, таму што толькі ў адзінстве можна дасягнуць пастаўленых мэт. Атрыманы ўдзельнікамі праекта досвед, навыкі і знаёмствы дапамагаюць ім стаць на галаву вышэй саміх сябе і падзяліцца потым гэтым досведам з іншымі.

З кожным наборам праграма і мерапрыемствы праекта ўдасканальваюцца, на іх запрашаюць ганаровых і ўнікальных гасцей. Па стане на сакавік бягучага года было арганізавана ўжо 19 мерапрыемстваў у рамках лідарскай платформы «Каманда будучыні». Яны праводзіліся на пляцоўках БДПУ, Мінскай гарадской ратушы, факультэта міжнародных адносін БДУ, ААТ «БелАЗ», Белтэлерадыёкампаніі, тэлеканала СТБ, Выканкама СНД і прэс-цэнтра Савета Рэспублікі.

Удзельнікаў кожнага набору чакаюць чатыры насычаныя мерапрыемствы. На занятках юнакі і дзяўчаты атрымліваюць тэарэтычныя веды і практычныя навыкі ў сферы лідарства і дзяржаўнага кіравання, а напрыканцы навучання прэзентуюць уласныя праекты.

Першы трэнінг, як правіла, прысвечаны майстэрству публічных выступленняў і вядзення дэбатаў. Падчас бліц-дэбатаў абмяркоўваюцца актуальныя тэмы знешняй і ўнутраннай палітыкі. Гэта могуць быць самыя розныя пытанні, напрыклад, удзел Беларусі ў міратворчых аперацыях за мяжой, змяненне сістэмы падаткаабкладання для розных сацыяльных груп, перспектывы ўвядзення адзінай валюты ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі, пераход на лічбавыя рублі і адмена наяўных грошай, актуальнасць прымянення цэнзуры ў сацыяльных сетках, мараторый на смяротнае пакаранне і г. д.

Другое мерапрыемства пятага набору прайшло на базе факультэта міжнародных адносін БДУ. Для яго ўдзельнікаў быў арганізаваны трэнінг па майстэрстве невербальнай камунікацыі. А затым адбылася дзелавая гульня «Мадэль ЕАЭС», дзе можна было прымяніць на практыцы атрыманыя навыкі. Маладыя лідары былі падзелены на пяць каманд, кожная з якіх прадстаўляла краіну ЕАЭС. У рамках мадэлі ўдзельнікі вырашалі задачы па знешняй палітыцы саюза. Дарэчы, Белдзяржуніверсітэт традыцыйна моцна прадстаўлены ў праекце: у пятым наборы развіваюць свае «скілы» студэнты юрыдычнага, эканамічнага факультэтаў і факультэта міжнародных адносін.

— Вельмі яскравае і эмацыянальнае мерапрыемства — трэнінг па майстэрстве выступлення на камеру і ўдзел у ток-шоу. Узважана адстойваць свой пункт гледжання пры дэфіцыце эфірнага часу — асаблівае ўменне, — падкрэслівае Мікіта Рачылоўскі. — Калі твой апанент перахапіў ініцыятыву, то камера будзе засяроджана толькі на ім. Увогуле, вельмі важна навучыцца выгадна выступаць на камеру пры любых абставінах, пазіцыянаваць сябе, таму што лідар грамадскай думкі павінен пастаянна прысутнічаць у інфармацыйным полі.

Падчас ток-шоу вядучы не проста накіроўвае ўдзельнікаў, але і спрачаецца з імі, задае правакацыйныя пытанні. Задача ўскладнена тым, што ўсё адбываецца ў рэжыме прамой трансляцыі: права на памылку няма.

Фінальная кропка ў навучанні — прэзентацыя і абарона праекта па паляпшэнні і развіцці краіны. Так бы мовіць, «дыпломны праект», сведчанне, што маладому чалавеку ёсць што сказаць і ёсць што прапанаваць. Іх ідэі могуць тычыцца сацыяльнай сферы, удасканалення заканадаўчай дзейнасці, сферы інфармацыйных тэхналогій, маладзёжнай палітыкі і г.д.

— Калі мы збіраем у адным месцы столькі прыгожых, разумных, актыўных і мэтанакіраваных маладых людзей, то ў гэтым асяроддзі абавязкова што-небудзь народзіцца, — разважае Аляксей Тома. — Галоўнае, што праект стаў цэнтрам прыцягнення для маладых лідараў. Гэта вынік сур'ёзнай каманднай работы.

Унікальнасць праекта яшчэ і ў тым, што для ўсіх яго ўдзельнікаў навучанне бясплатнае. Між іншым, праект суправаджаюць прафесійная фота- і відэаздымка, у якасці спікераў запрашаюцца лідары грамадскай думкі, журналісты і тэлевядучыя. Свае дзверы перад удзельнікамі расчыняюць сур'ёзныя арганізацыі, установы і прадпрыемствы, сярод іх — Выканаўчы камітэт СНД, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, ААТ «БелАЗ» і іншыя.

— Гэта насамрэч унікальны праект. Падпісваюся пад кожным словам, — кажа ўдзельнік трэцяга набору Дзмітрый Муравейнікаў. — «Каманда будучыні» дапамагае расці, гэта эфектыўны інструмент для прафесійнага развіцця нашай моладзі. Я асабіста даведаўся аб ім выпадкова з сацыяльных сетак і адразу падаў заяўку. Праект даў мне вельмі шмат: асабліва хочацца адзначыць лекцыі па публічнай дыпламатыі, прамоўніцкім майстэрстве і новыя знаёмствы, бо для маладога чалавека вельмі важна знайсці аднадумцаў, з якімі можна рушыць далей. Асабіста мне бліжэй за ўсё фармат дэбатаў. Яны дапамагаюць развіваць крытычнае мысленне, навыкі прамоўніцкага майстэрства, уменне аргументавана адстойваць сваю пазіцыю. Гэта ўсё вельмі важна не толькі для дыпламатаў, але і для дзяржаўных служачых, таму што ўсё ў нашым жыцці — гэта перагаворы, а дэбаты вучаць, як правільна даносіць сваю пазіцыю. Вельмі проста крычаць і крытыкаваць, а вось аргументавана адстойваць сваю думку можа далёка не кожны. Да таго ж удзел у праекце — выдатная магчымасць зарэкамендаваць сябе.

Мікіта Рачылоўскі анансаваў, што арыенціровачна ў кастрычніку бягучага года будзе аб'яўлены новы набор у «Каманду будучыні».

— Каб ваша анкета выглядала больш выйгрышна і не засталася незаўважанай, патрабуецца добрае партфоліа, — раіць ён. — Мы, калі бачым вакол сябе таленавітых людзей, імкнёмся іх падтрымаць, таму далучайцеся ўжо сёння да тых мерапрыемстваў, што праводзяцца Маладзёжным парламентам пры Нацыянальным сходзе, Цэнтрам міжнародных даследаванняў БДУ і навукова-культурнай установай «Еўразійскае Партнёрства». Сачыце за нашымі афіцыйнымі акаўнтамі ў сацыяльных сетках. Будзем знаёміцца, кантактаваць і рушыць далей разам. Таксама мы адкрыты для партнёрства, таму, калі ёсць ідэі, як наш праект далей развіваць і маштабіраваць, каб ён станавіўся яшчэ больш глабальным, рознабаковым і цікавым для моладзі, будзем рады ўсім прапановам.

Мікіта Рачылоўскі ўдакладніў, як узаемадзейнічаюць з найбольш актыўнымі і амбіцыйнымі выпускнікамі «Каманды будучыні»:

— Яны трапляюць у наш кадравы рэзерв. Мы з імі заўсёды на сувязі, запрашаем і рэкамендуем іх для ўдзелу ў розных праектах і мерапрыемствах для таго, каб яны актыўна працягвалі працаваць з моладдзю.

Трэба дадаць, што сам Мікіта Рачылоўскі быў удзельнікам першага набору конкурсу «Каманда будучыні», а старшыня камісіі па міжнародных справах Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь Аліна Рацькова — удзельніца другога набору.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з сацыяльных сетак

Выбар рэдакцыі

Грамадства

 Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

Для чаго Аляксей Хомчык стаў урачом?

«Дзядзька Васіль загінуў, ты павінен працягнуць яго справу. Ты добра вучышся, павінен стаць доктарам».

Грамадства

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

Буякі, суніцы і лісічкі — прыцэньваемся да падарункаў чэрвеня

«Ёсць і імпартныя, іспанскія — яны па-ранейшаму ў раёне 70 рублёў за кіло, 30 рублёў — кантэйнер».

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.