Вы тут

Юбілейны канцэрт, гастролі і нацыянальная опера


Гэты тэатр пачынаўся ў няпростыя часы, перажыў розныя перыяды ў сваёй гісторыі, але заўсёды так ці інакш гаварыў пра чалавека — праз мастацтва, у вобразах і гуках, ствараючы асаблівы свет, дзе можна было адпачыць ад будзённасці і рэальнасці, напоўніць сябе энергіяй жыцця. У тэатра заўсёды ёсць два светы: адзін — той, што ведаюць і бачаць асобы, якія да яго непасрэдна датычныя. Другі — той, з якім сутыкаюцца гледачы, якім важна, каб душа не губляла пачуццёвасць, магла рэагаваць на фальш (бо музыка — глеба гэтага тэатра), і не забывалася пра тое, што чалавеку ў любыя эпохі і часы патрэбная жывая і стваральная сіла. А тут яна памнажаецца некалькімі відамі мастацтва адначасова: музыка, спевы, танец, візуальныя вобразы... Магчыма, таму Вялікі тэатр адзін з тых, да якога цягнецца публіка ў цяперашні час. І не толькі таму, што ў юбілейны сезон ёй прапануюць не толькі тыя праекты. Што сталі традыцыйнымі і пазнавальнымі, але і адмысловыя імпрэзы і задумы — пра некаторыя трэба падумаць (і задумацца) ужо зараз. Зрэшты, да гэтага падштурхоўваюць словы генеральнага дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Кацярыны Дулавай, якая працуе на новай пасадзе крыху больш за год.


Фота: bolshoibelarus.by

Пра тэндэнцыі

— З задавальненнем назіраю той працэс, пра які я падазравала, часам удзельнічала ў ім, калі прыходзіла ў тэатр як глядач, на мастацкія саветы. У мяне была магчымасць глядзець на тое, як функцыянуе, папаўняецца кадрамі Вялікі тэатр. А цяпер я гэта бачу ў рэальнасці. Калі былыя студэнты Акадэміі музыкі складаюць фактычна трупу тэатра, а калісьці я іх прымала на вучобу, не ведаючы, які ў іх будзе лёс: вось гэта дзіўны паварот, бо ёсць магчымасць назіраць не толькі прафесійны рост, але і раскрыццё. Напэўна, гэта самая вялікая каштоўнасць маёй новай працы. Вялікі гонар служыць такому тэатру, быць датычным да яго гісторыі, зрабіць яго яшчэ лепшым агульнымі намаганнямі. 

Калі я прыйшла працаваць у тэатр, у нас было крыху больш за 50 працэнтаў наведвальнасці, быў складаны посткаранавірусны сезон. А сёлета да сакавіка мы падышлі да новай лічбы: больш за 90 працэнтаў наведвальнасці ў сярэднім (ёсць спектаклі, на якія зала запаўняецца на 100 працэнтаў). У 2022 годзе Вялікі тэатр даў 350 спектакляў і канцэртаў на галоўнай і камернай сцэне, а таксама падчас гастрольных паказаў. Наведалі тэатр больш за 200 тысяч гледачоў. 

Пра моладзь

— Адна з характэрных рыс, якія ўласцівыя тэатру ў апошні час — папаўненне калектыву маладымі спецыялістамі. Яны прыйшлі ў майстэрні тэатра, папоўнілі аркестр і хор, оперную і балетную трупы. 

У нас ёсць адукацыйныя праекты і культурныя праграмы для моладзі. У 2022 годзе тысячы студэнтаў і навучэнцаў розных устаноў адукацыі наведалі Вялікі тэатр — як падчас экскурсій, так і ў якасці ўдзельнікаў некаторых акцый. Альбо як гледачы. Для мяне гэта шчасце, бо калі я бачу моладзь у зале, то разумею, што наша мастацтва жыве і працягвае хваляваць, натхняць, інакш наўрад ці моладзь прыйшла б сюды: гэта ж не караоке ці ІТ-цэнтр, але акадэмічны тэатр. Аказваецца, ім цікава. 

Пры Вялікім тэатры працуе дзіцячы тэатр-студыя. З яе выхаванцаў выраслі дзеячы беларускай культуры, шмат супрацоўнікаў нашага тэатра ў дзіцячым узросце мелі досвед выхаду на сцэну ў оперных спектаклях ці ў балетных. У дні велікодных святаў мы правядзем канцэрт дзіцячай студыі.

Пра гастролі

— Мы ездзім па краіне, хоць для нас гэта і не надта проста. Рыхтуем гала-канцэрт на сцэне «БЕЛАЗу» ў Жодзіна. Цяжка паверыць, але артысты самі запрасілі экскурсію. У 2022 годзе ў нас было 35 такіх гастрольных выступленняў. Але мы рады бачыць у сябе гледачоў з розных рэгіёнаў — на нашы спектаклі прыязджаюць на аўтобусах, як у лепшыя часы. 

Наша балетная трупа накіроўваецца на фестываль у Ташкент са спекталем «Спартак». Яе ўзначаліць Валянцін Мікалаевіч Елізар’еў. Далей у маі—чэрвені балетная трупа паедзе па гарадах Расіі са спектаклямі «Лебядзінае возера» і «Ганна Карэніна». Наведаюць Перм, Цюмень, Казань, Чалябінск. Запланаваныя абменныя гастролі з Пермскім і Чалябінскім тэатрамі. А ў лістападзе чакаем абменныя гастролі Вялікага тэатра Расіі. Для паказу прапанаваныя опера Мадэста Мусаргскага «Барыс Гадуноў» і балет сучаснага кампазітара Ільі Дзямуцкага «Чайка».

Сёлета ўпершыню пасля закрыцця сезона на нашай сцэне адбудуцца гастролі замежных тэатраў. Гэта была ініцыятыва Валянціна Мікалаевіча Елізар’ева. Людзі больш старэйшага веку памятаюць, што лета было перыядам гастроляў, калі ў нас паказвалі свае спектаклі тэатры іншых краін. Не буду хаваць: у нас ёсць інтарэс пашырыць кантакты і крыху зарабіць. Таму вырашылі нашым партнёрам прапанаваць правесці гастролі ў Мінску. У ліпені, калі наша трупа пойдзе ў адпачынак, у гледачоў ўсё адно застанецца магчымасць наведваць Вялікі тэатр. Пакуль ёсць дамоўленасці пра паказ спектакляў Чалябінскага тэатра оперы і балета (балет «Карсар» і опера «Баль-маскарад»). Вядуцца перамовы з Пермскім тэатрам оперы і балета, тэатрамі «Гелікон-опера» і «Астана-балет». У кожнага тэатра будзе тыдзень для паказу сваіх спектакляў. Спадзяюся, гэта будзе цікава той публіцы. Якая летам застаецца ў Мінску. А таксама турыстам, сярод якіх шмат тых, хто прыязджае з Расіі. 

Пра міжнародныя праекты

— Напачатку красавіка да нас прыязджаюць італьянскія пастаноўшчыкі оперы «Севільскі цырульнік». Будзе нейкая аўтэнтыка, звязаная з тым, што да спектаклю дакрануцца тыя, хто прадстаўляе радзіму кампазітара Джаакіна Расіні. Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіць Уладзімір Авадок. Для салістаў, якія б хацелі ўдзельнічаць у гэтым спектаклі, быў абвешчаны конкурс. Мы правялі праслухоўванні. На сённяшні дзень ёсць прапановы ад выканаўцаў не толькі з Беларусі, што пашырае магчымасці. Напрыклад, каваціну Разіны мы можам пачуць як у сапранавым так і ў мэца-сапранавым варыянце, таму што такія прапановы паступілі. 

Пра святкаванні

— Вышэйшая кропка нашай працы сёлета — юбілейны канцэрт, які запланаваны на 19 мая. Хочацца, каб ён быў незабыўны. Узгадаем ветэранаў сцэны, якія датычныя да гісторыі Вялікага. А 25 мая — у Дзень нараджэння тэатра — усіх чакае традыцыйная «Кармэн». Спадзяюся, што будуць сюрпрызы. 

У перадюбілейныя дні Беларускі саюз мастакоў гатовы прадставіць экспазіцыю жывапісных работ, у якіх адлюстраваныя гэты будынак і людзі тэатра. Нас цікавяць партрэты, замалёўкі, Троіцкая гара і ўсё, што адбывалася ў гэтых мясцінах. 

І яшчэ адна выставачная ідэя, звязаная з гістарычнымі фота. Мы звярнуліся да Уладзіміра Ліхадзедава, уладальніка ўнікальнай калекцыі амаль 5 мільёнаў фота Беларусі. Нас цікавяць старыя фотаздымкі, звязаныя з гісторыяй гэтага месца. Прадметам разгляду будуць даваенныя фота з першай дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, што адбылася ў 1940-м годзе. На іх адлюстраваныя нашы выдатныя майстры, інтэр’еры тэатра. Наогул у нас вялікі будынак з цудоўнымі холамі, якія можна напоўніць мастацтвам. 

Пра асоб

— І ўсё ж Вялікі — гэта не будынак. Гэта нават не рэпертуар. А гэтая жывая традыцыя ў імёнах, асобах, сюжэтах і дасягненнях, якая перадаецца з вуснаў у вусны. Таму са сцэны Вялікага мы звычайна віншуем з юбілеем і дзякуем за працу асобам, якія завяршылі сваю кар’еру. 21 красавіка адзначым юбілей выдатнай балерыны, якая танцавала на сцэне Вялікага тэатра, Вольгі Лапо. Уладальніца медаля Францыска Скарыны, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна праявіла сябе цудоўным чынам — выхоўвае моладзь як педагог. Мы вырашылі з трупай балета, каб у гэты вечар быў паказаны спектакль «Жызэль». Таму што ў ім удзельнічае яе вучаніца Лізавета Мусорына, якой усяго 19 гадоў, а яна ўжо выступае ў якасці салісткі Вялікага тэатра. 

Пра нацыянальнае ў рэпертуары

— Думаю, ужо можна казаць пра тое, што мы вызначыліся з тэмай нацыянальнай оперы. На мой погляд, вялікія нацыянальныя оперы перш за ўсё накіраваныя на тое, каб захоўваць традыцыі і прадстаўляць духоўны стрыжань, уласцівы народу. Мне здаецца, гэта будзе сапраўдная сур’ёзная справа ў жыцці Вялікага тэатра: гісторыя Ефрасінні Полацкай. Асоба, якая вызначыла духоўны кірунак, уласцівы нашай зямлі. Цяпер вядуцца перамовы, наша пастановачная група ўжо выязджала ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. Сюжэт распрацоўваем з высокай ступенню карэктнасці, разумеючы, што гаворка пра духоўную асобу. Але неабавязкова сам персанаж павінен быць у творы. У шэрагу выпадкаў у мастацтве прадстаўляецца тое, што было зроблена гэтай асобай. Рухаемся ў гэтым кірунку, каб паказаць важкасць і значнасць таго, што мы сёння маем дзякуючы такой асобе як святая Ефрасіння Полацкая, якая тут спачывае. Дарэчы, яе мошчы вярнуліся на радзіму дзякуючы намаганням Мікалая ІІ. Спадзяемся, гледачоў зацікавіць сюжэт, у аснове якога не войны, не вялікія бітвы, не кроў, нешта зусім іншае. Гаворка не ідзе пра містэрыю, а пра жывы матэрыял. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

«Шэрая» зарплата — сумныя вынікі

Што губляюць работнік і дзяржава?

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.