Вы тут

«Абеліскі параненай зямлі». Без шанцу на глыток паветра


Відэакадры масавага забойства пацыентаў у магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы фігуравалі ў абвінавачванні супраць фашыстаў на Нюрнбергскім працэсе.

У чорнай, скрыўленай прасторы — фігура чалавека, які цягнецца да акна. Ён ловіць выратавальны глыток паветра, але сілы хутка пакінуць... Гэты памятны знак у гонар пацыентаў Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы, якіх знішчылі немцы падчас фашысцкай акупацыі абласнога цэнтра ў 1941—1942 гадах, зроблены па ініцыятыве беларускіх і нямецкіх медыкаў. Яго аўтар — магілёўскі скульптар Аляксандр Мінькоў, які перамог у прысвечанай гэтай тэме конкурсе. Яго эскіз быў аднагалосна падтрыманы журы з беларускага і нямецкага бакоў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны пацыентаў Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы мэтанакіравана забівалі вокісам вугляроду. Па розных даных, загінула каля 1500 чалавек. Памятны знак такога кшталту, напэўна, адзіны ў Беларусі і другі ў свеце. Яшчэ адзін знаходзіцца ў Германіі, краіне, дзе і была распрацавана бесчалавечная ідэя эўтаназіі псіхічнахворых людзей.


Алена Лазарэнка апякуецца захаваннем памяці пра пацыентаў і ўрачоў, забітых фашыстамі.

Страчаная гісторыя

Намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы Алена Лазарэнка на працягу больш чым 30 гадоў аднаўляе гісторыю адной з найбуйнейшых да вайны ў Беларусі псіхіятрычных бальніц рэспубліканскага значэння, якой на той перыяд была гэта ўстанова.

— Калі я, яшчэ зусім малады ўрач, прыйшла працаваць у найстарэйшую рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу і сутыкнулася з тым, што з яе гісторыі не захавалася амаль ніякай інфармацыі, адразу ж уключылася ў даследчую справу, — расказвае Алена Васілеўна. — Іншыя медыцынскія ўстановы выдаюць сабе брашуры, а ў нас нічога няма. І гэта пры тым, што датай заснавання нашай псіхбальніцы лічыцца 1802 год, калі тут яшчэ жылі манахі, якія і ўзялі пад апеку першых няшчасных. У 1804 годзе ў Магілёве адкрылася псіхіятрычнае аддзяленне гарадской бальніцы хуткай дапамогі, якое ў 1810 годзе атрымала статус бальніцы і размясцілася на базе былога Карабанаўскага архіерэйскага маёнтка. Да вайны на тэрыторыі магілёўскай псіхбальніцы знаходзіўся музей псіхіятрыі, найбагацейшая гісторыя была сабраная, меліся нават шафы, з дапамогай якіх да вайны ўціхамірвалі псіхічнахворых. У гады вайны гэты музей быў цалкам разгромлены і разрабаваны.

Даследчыца пачынала з агульнай гісторыі. Былы намеснік галоўнага ўрача абласной псіхіятрычнай бальніцы Валерый Бялянін даў ёй артыкулы, па якіх яна склала для сябе прыблізную храналогію. Яшчэ былі жывыя некалькі медработнікаў, відавочцы тых жахлівых ваенных падзей. Разам з галоўнай медыцынскай сястрой Ганнай Савуцінай маладая ўрач рабіла запыты ў розныя архівы, у тым ліку Беларускі нацыянальны архіў-музей гісторыі медыцыны, але нічога не знайшлося. А вось з маскоўскага архіва КДБ прыслалі паказанні асобных людзей і крыху матэрыялаў з Нюрнбергскага працэсу.

Так пачалася памалу раскрывацца самая трагічная старонка ў гісторыі бальніцы. Гэта вельмі натхніла на той момант маладога спецыяліста. Яна заўсёды лічыла, што яе абавязак перад калегамі і тымі людзьмі, якіх яны лячылі, сцерці «белыя» плямы, якія, на жаль, існуюць да сённяшняга дня. Прозвішчы многіх з тых, хто загінуў ад рук фашыстаў, дагэтуль застаюцца невядомымі.

Даведка

Сакрэтная праграма эўтаназіі асоб з фізічнымі і псіхічнымі недахопамі Т4 (Aktіon Tіergartenstrae 4) стартавала ў Германіі ў 1939 годзе. Нямецкія нацыянал-сацыялісты выступалі за стэрылізацыю, а ў далейшым і фізічнае знішчэнне людзей з псіхічнымі расстройствамі, разумова адсталых і спадчынна абцяжараных хворых. «Мазгавым цэнтрам» акцыі Т4 было аддзяленне берлінскай рэйхсканцылярыі па адрасе Тыргантэнштрасэ, 4, з-за чаго і з'явілася спецыфічнае найменне праграмы. Фактычна ніякіх аглядаў хворых у большасці выпадкаў не праводзілася — дастаткова было тром экспертам на падставе анкеты пацыента напісаць «непаўнавартасны», і лёс яго быў вырашаны. У рамках рэалізацыі праграмы нямецкія ўрачы ўпершыню адпрацавалі забойства людзей у газавых камерах і на аўтамабільных платформах. У прыватнасці, падчас вайны ў Польшчы можна было бачыць смяротныя фургоны з надпісамі: «Імперскі кававы гешэфт».

Першыя ахвяры эўтаназіі

З матэрыялаў Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці:

«Увосень 1941 года па загадзе афіцэра Магілёўскага гестапа капітана Прыпа ў адным з пакояў псіхбальніцы ніжняга паверха была ўладкаваная «душагубка» шляхам далучэння да аднаго з вокнаў газаправодных трубак ад аўтамашыны... У адзін з дзён па загадзе таго ж Прыпа ў душагубцы было атручана выхлапнымі газамі каля 700 псіхічнахворых. Падача газу ў пакой, у які заганялася па 70—80 чалавек, ажыццяўлялася па тых самых газаправодных трубках ад заведзенага матора машыны...»

— Ахвярамі эўтаназіі на тэрыторыі Савецкага Саюза псіхічнахворыя магілёўскай псіхбальніцы станавіліся ўпершыню, — расказвае Алена Лазарэнка. — Фашысты шукалі танны спосаб забойства і вырашылі выкарыстоўваць выхлапны газ ад аўтамабіля. Спачатку падагналі легкавы аўтамабіль, але выхлапаў ад яго было недастаткова. Пацыенты доўга пакутавалі, нават у немцаў, якія глядзелі на гэта, нервы не вытрымлівалі. Таму надалей вырашылі выкарыстоўваць грузавы аўтамабіль. Медсястра Наталля Казакова, якую я яшчэ застала, расказвала пра тое, што медперсанал чуў, як крычалі за сцяной пацыенты. Яна казала, што знаходзілася ў сумежным пакоі з душагубкай і што ад плачу і крыку псіхічнахворых сціскалася сэрца. Калі выносілі іх трупы, яны ўсе мелі ненатуральную позу, былі скурчаныя, у рваным адзенні, пасчапляныя адно з адным, з надзьмутымі венамі на целе і фіялетавага колеру тварамі. Для вынасу трупаў прыцягваліся спецыяльна прыгнаныя немцамі яўрэі. Работнікі бальніцы спрабавалі ратаваць псіхічнахворых, выводзілі за тэрыторыю бальніцы, але тыя нічога не разумелі і вярталіся зноў.

З успамінаў відавочцаў

Лізавета Лакцютка, да вайны старшая медсястра Магілёўскай рэспубліканскай псіхіятрычнай бальніцы:

«У верасні 1941 года ў санаторным аддзяленні бальніцы немцы ўчынілі душагубку і пачалі знішчаць хворых. Было атручана і забіта больш за 1000 чалавек. Пакінулі толькі пацыентаў з невялікім тэрмінам захворвання, без выяўленага дэфекту асобы. У кастрычніку 1941 года ў бальніцу прыйшоў працаваць нейрахірург Магілёўскай абласной бальніцы доктар Макар Куўшынаў, які падчас вайны ўзначаліў там антыфашысцкую падпольную арганізацыю. У яго атрымалася дамовіцца аб пераводзе некаторых хворых у абласную бальніцу, а частку выпісаць па дамах. Такім чынам было выратавана каля 40 чалавек. 24 ліпеня 1943 года Макар Куўшынаў разам з пацыентамі быў знішчаны ў душагубцы».

Атручвалі, забівалі токам, расстрэльвалі...

Гітлераўцы не цырымоніліся ў выбары спосабаў расправы з безабароннымі людзьмі. Адных атручвалі выхлапнымі газамі, другіх забівалі токам, трэціх вывозілі за горад і расстрэльвалі ў супрацьтанкавых равах. Захаваліся сведчанні Ганны Савуцінай, якая расказвала, што ў сярэдзіне ці канцы 1941 года некалькі соцень пацыентаў былі расстраляны немцамі ў Пашкаўскім лесе. Разам з імі, па яе словах, расстралялі і былога галоўнага ўрача бальніцы Меера Майсеевіча Кліпцана. «Там была выкапана вялікая яма, і некаторыя хворыя, верагодна, пападалі туды яшчэ жывымі і потым задыхаліся пад грузам мёртвых цел. Ва ўсякім разе супрацоўнікі бальніцы, якія шукалі там на наступны дзень расстралянага па іх здагадцы галоўнага ўрача, сцвярджалі, што зямля, якой былі прысыпаны загінулыя, «яшчэ дыхала».

Наогул, інфармацыі пра галоўнага ўрача Меера Кліпцана амаль не захавалася. Усё, што атрымалася пра яго знайсці, гэта тое, што ён з таго самага моманту, калі ў Магілёў прыйшлі немцы, хаваўся на гарышчы аднаго з будынкаў бальніцы. Супрацоўнікі насілі яму ежу і адзенне. Але знайшоўся здраднік. Немцы яго схапілі, пераапранулі ў бальнічнае адзенне і памясцілі сярод хворых 1-га псіхіятрычнага мужчынскага аддзялення. Потым разам з іншымі расстралялі.

— У фільме «Любоў зямная» ёсць вельмі кранальны эпізод, калі псіхічнахворы дапамагае ўрачу-псіхіятру сесці ў машыну, на якой яе разам з пацыентамі вязуць на расстрэл, — кажа Алена Лазарэнка. — У нас заўсёды казалі, што гэты эпізод створаны па расповедах пра нашу псіхбальніцу. Нашага галоўнага ўрача таксама пасадзілі ў машыну разам з хворымі і потым расстралялі. Сярод нашых супрацоўнікаў знайшоўся нелюдзь, які выдаў яго. Ён адсядзеў потым за гэтую здраду. Галоўнага ўрача штодзень вадзілі на допыты. Пасля першага ён вярнуўся па-зверску збітым, а на спіне піжамы была прышыта жоўтая зорка. У адзін са жнівеньскіх дзён, пасля чарговага допыту, Кліпцан паспеў папярэдзіць персанал, што рыхтуецца нешта страшнае і што ён бачыцца з імі апошні раз. І сапраўды, яго расстралялі.

Знайсці дакладнае месца, дзе гэта адбылося, не атрымалася. Як і даведацца пра яго сям'ю. Вядома толькі, што яна паспела эвакуіравацца з Магілёва.

З матэрыялаў Дзяржаўнага архіва Магілёўскай вобласці:

«У 1943 годзе восенню нямецка-фашысцкія захопнікі, маючы намер пазбавіцца ад слядоў сваіх злачынстваў па знішчэнні савецкага насельніцтва, у супрацьтанкавых ірвах вёскі Новае Пашкава праводзілі эксгумацыю і спаленне трупаў. Работы вяліся на працягу месяца, ёй займалася спецыяльна створаная з арыштаваных каманда. Па завяршэнні работ каманда была таксама знішчана і спалена, пра што ёсць сведчанні асобных асуджаных, у якіх атрымалася збегчы. Апошнія пацыенты Магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы былі знішчаны зімой 1941—1942 гадоў. Пасля немцы разгарнулі ў памяшканнях псіхбальніцы свой шпіталь».

Імёны з небыцця

Пошукавая дзейнасць, разгорнутая Аленай Лазарэнкай, дапамагае аднавіць ваенныя падзеі. Яна метадычна прапрацоўвала кожнае імя, якое было звязана з мінулым бальніцы.

— На мае публікацыі ў СМІ адгукнулася сваячка Ганефы Гурэцкай, былой пацыенткі бальніцы, — расказвае ўрач. — На жаль, сустрэцца з ёй не атрымалася. Яна нечакана перастала выходзіць на сувязь. Потым стала вядома, што яна прадала кватэру і кудысьці з'ехала. Ганефу Пятроўну расстралялі ў 1941 годзе, ёй было прыкладна 31—34 гады, яна пражывала ў вёсцы Суцін Мінскай вобласці. У Расіі яшчэ жывы сын гэтай пацыенткі. У сям'і мала казалі пра псіхічную хваробу жанчыны, таму падрабязных звестак пра яе лёс няма. Вядома, што ў гады вайны згарэла хата і разам з ёй дакументы гэтай жанчыны і яе фота. Муж Гурэцкай расказваў сыну, што яны не паспелі забраць яе з бальніцы, але пазней, калі дабраліся ў акупаваны Магілёў, даведаліся ў мясцовых жыхароў, што яна была расстраляна ў рове недалёка ад бальніцы разам з іншымі.

У былой медсястры Ганне Савуцінай, якая дапамагала Алене Лазарэнцы аднаўляць ваенны перыяд гісторыі, атрымалася адшукаць жонку пацыента з Быхава Фёдара Карзо, які загінуў падчас расправы немцаў з хворымі. Карзо быў удзельнікам фінскай вайны 1939—1940 гадоў, атрымаў на фронце кантузію. На фоне гэтага ў яго пачаліся праблемы з псіхічным здароўем. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сваякі не паспелі яго адразу забраць з бальніцы, а калі прыехалі, было ўжо позна. Сын Фёдара Карзо быў вайскоўцам, памёр у 2007 годзе, а ўнук жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу.

Па словах відавочцы А. Кухаравай, сярод пакараных пацыентаў былі і іншыя ўдзельнікі «фінскай» вайны, але іх прозвішчы невядомы. Ёсць звесткі, што сярод расстраляных у Пашкаўскім лесе была і 40-гадовая жанчына з адной з вёсак Быхаўскага раёна. Яна трапіла ў псіхбальніцу на глебе пасляродавага псіхозу.

У пошуку сведкаў нямецкай расправы з пацыентамі і супрацоўнікамі бальніцы былі задзейнічаны і студэнты гістфака МДУ імя А. Куляшова, якія зацікавіліся гэтай гісторыяй. Яны абышлі мясцовасць, прылеглую да псіхбальніцы, і апыталі насельніцтва.

Ёсць успаміны Таццяны Цішынай, якая пацвердзіла, што псіхічнахворых расстрэльвалі ў супрацьтанкавым рове вёскі Новае Пашкава, які быў выкапаны пры абароне Магілёва. «Пасля таго як роў быў запоўнены целамі забітых, немцы сагналі жыхароў вёсак Новае і Старое Пашкава, у тым ліку і дзяцей, закопваць трупы. Сярод іх была і мая маці. Расказвалі таксама, што з месца расстрэлу збегла псіхічнахворая маладая жанчына, якая называла сябе Наташа. Яна хадзіла па вёсцы і начавала дзе давядзецца: часам на могілках, часам у каго-небудзь з мясцовых жыхароў. У вёсцы яна знаходзілася даволі доўга, пакуль захоўвалася адносна цёплае надвор'е, пасля знікла невядома куды».

Немцы прапанавалі стварыць помнік

Прапанова ўшанаваць памяць закатаваных у душагубцы магілёўскай псіхбальніцы людзей прагучала менавіта з вуснаў немцаў. Яны таксама паабяцалі дапамогу ў пошуку фактаў па дадзеным злачынстве.

— Гэта было вельмі плённае супрацоўніцтва, — удакладняе Алена Лазарэнка. — Яно пачалося ў 1995 годзе, калі ў Магілёў прыехала група нямецкіх урачоў. Яны цікавіліся пытаннямі медыцыны, гісторыі, медыцынскай этыкі. Аснову дэлегацыі складалі ўрачы- псіхіятры і псіхолагі клінікі ўніверсітэта горада Хайдэльберг. Калі яны даведаліся, што ў нашай бальніцы фашысты праводзілі эўтаназію псіхічнахворых, то паабяцалі дапамагчы нам з інфармацыяй. У Германіі яны падзяліліся ўражаннямі з калегамі. Гэтымі фактамі зацікавіўся прафесар інстытута гісторыі і этыкі медыцыны тэхнічнага ўніверсітэта горада Мюнхена доктар псіхіятрычных навук Герыт Хаендорф. Ён працаваў у архівах Штазі міністэрства дзяржбяспекі ГДР і знайшоў дакументы, якія пацвердзілі факт знішчэння акупацыйнымі войскамі псіхічнахворых у Магілёве і псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках пад Мінскам. Ён наткнуўся на відэаролік, які паказваўся на Нюрнбергскім працэсе. Усяго паўхвіліны, але гэта жывая хроніка. Нелюдзі цынічна здымалі на камеру жахлівыя моманты эўтаназіі хворых людзей у Навінках. Гэтыя кадры потым сталі дакументальным сведчаннем супраць іх на Нюрнбергскім працэсе.

Размова на гэтую тэму працягнулася на сумесным беларуска-нямецкім семінары, які прайшоў у 2005 годзе на базе Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Семінар датычыўся тэмы «Паўнавартаснае жыццё — супрацьпраўе нацыстаў у адносінах да інвалідаў з псіхічнымі захворваннямі і сучаснае прававое становішча людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Германіі і Беларусі». Разглядаліся пытанні медыцынскай этыкі і правоў пацыентаў. Менавіта падчас семінара і прагучала ідэя стварэння памятнага знака ў Магілёве.

— На тэрыторыі нямецкай клінікі ў Хайдэльбергу ёсць помнік, прысвечаны ахвярам праекта Т4, — удакладняе Алена Лазарэнка. — Першыя спробы эўтаназіі праводзіліся на хворых менавіта нямецкіх псіхіятрычных клінік, а потым і на грамадзянах, прывезеных з акупаваных тэрыторый Савецкага Саюза. У памяць ахвяр зроблены помнік у выглядзе круга, на якім высечаны нямецкія і рускія імёны. Ініцыятыва немцаў са стварэннем помніка ў Магілёве была падтрымана Магілёўскім аблвыканкамам. З 2005 года з беларускага і нямецкага бакоў была праведзена вялікая работа па зборы і вывучэнні гістарычных падзей пра тыя падзеі. У рабоце ініцыятыўнай групы ўдзельнічалі людзі розных прафесій, вучоныя, студэнты, псіхолагі. Куратарам з нямецкага боку стаў Герыт Хаендорф. Немцы арганізавалі збор сродкаў, якія потым пайшлі на стварэнне помніка.

Агульная памяць

Ідэя з памятным знакам была рэалізавана ў 2009 годзе. Праект помніка на тэрыторыі псіхіятрычнай бальніцы «У памяць аб загубленых душах» стаў вынікам шматгадовага супрацоўніцтва Магілёўскай абласной псіхіятрычнай бальніцы і грамадскай ініцыятывы нямецкага горада Карлсруэ, узначаленай доктарам Ульрыхам Лохманам. У конкурсе на найлепшы эскіз было прадстаўлена шмат работ, але аднагалосна перамог Аляксандр Мінькоў.

Памятны знак быў адкрыты 2 ліпеня на тэрыторыі абласной псіхіятрычнай бальніцы каля таго будынка, дзе знаходзілася душагубка. У мерапрыемстве прынялі ўдзел і прадстаўнікі Пасольства ФРГ у Беларусі, а таксама ўніверсітэцкай клінікі горада Хайдэльберга.

— Кожны раз, калі мы адзначаем даты, звязаныя з ваенным мінулым і ахвярамі Вялікай Айчыннай вайны, прыходзім сюды, каб яшчэ раз ушанаваць памяць нашых калег і пацыентаў, — кажа Алена Лазарэнка. — Дагэтуль жыву марай аднавіць той музей, які быў на тэрыторыі бальніцы. На жаль, вельмі мала экспанатаў. Самы каштоўны — кніга з кадравымі загадамі па бальніцы 1944 года. Але музей гэты патрэбны. Бальніца пачала функцыянаваць практычна адразу ж пасля вызвалення Магілёва — з ліпеня 1944 года. Спачатку прывялі ў парадак памяшканні і тэрыторыю, а ў жніўні тут знаходзіліся 54 хворыя, працаваў адзін урач, дзевяць медсясцёр і шаснаццаць санітараў. У 2011 годзе ў мяне была магчымасць выступіць з дакладам пра гісторыю магілёўскай псіхіятрычнай бальніцы на адкрытай дыскусіі па ахвярах фашысцкага генацыду ў Германіі. Гэтая тэма наогул вельмі трагічная. Псіхічна хворыя людзі — самыя безабаронныя і адкрытыя. Відавочцы расказвалі, што, калі іх везлі на расстрэл пад выглядам эвакуацыі, яны бралі з сабой самае дарагое, што ў іх было, — хустачку, талерачку. Слухаць такое без слёз было немагчыма. Гэтыя людзі былі цалкам знясіленыя, худыя. Немцы, калі прыйшлі ў горад, пазбавілі пацыентаў псіхіятрычнай бальніцы прадуктаў. Страшна, калі чалавека пераўтвараюць у не патрэбны нікому баласт. І хочацца, каб гісторыя пра гэты перыяд не забывалася. Пошукі працягваюцца дагэтуль. Але інфармацыя часта вельмі супярэчлівая, недакладная. Прыходзіцца ўвесь час нешта перапрацоўваць, дапаўняць. Дачка Паліна, калі была школьніцай, дапамагала мне, удзельнічала са сваімі даследчымі работамі ў конкурсах, прэзентацыях. Цяпер яна вельмі запатрабаваны ўрач і часу займацца гісторыяй у яе не хапае. Але цікавасць праяўляюць школьнікі, навучэнцы медыцынскага каледжа. Так што памяць аб тых жахлівых падзеях у надзейных руках. Дарэчы, на помніку ёсць вельмі трапны надпіс: «Хто забывае сваё мінулае, той асуджаны на яго паўтор».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і з архіва Алены Лазарэнкі

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».