Вы тут

Святлана Ананьева: «Памяць аб агульным ваенным мінулым не павінна згаснуць...»


Казахстан на сёлетняй ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прадстаўляе Святлана Ананьева, загадчыца аддзела аналітыкі і знешніх літаратурных сувязей Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Аўэзава, член праўлення Саюза пісьменнікаў Казахстана, намеснік старшыні навукова-экспертнай групы Асамблеі народаў Казахстана горада Алматы. Паміж урачыстымі мерапрыемствамі яна расказала аб выданнях, якія прэзентавала, паразважала пра літара­турную сітуацыю. Самае цікавае з размовы — да ўвагі чытача.


Фота Кастуся Дробава.

— Святлана Віктараўна, падзяліцеся ўражаннямі ад вашага сёлетняга прыезду ў Мінск.

— Мы (кажу ад імя многіх супрацоўнікаў Інстытута літаратуры і мастацтва імя Мухтара Аўэзава, які я прадстаўляю) вельмі любім бываць у вас. У розныя гады сюды прыязджалі акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Казахстан Уаліхан Каліжанаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Казахстан Кенжэхан Матыжанаў, Бахытжан Канап’янаў, дзякуючы якому пабачыў свет літаратурны альманах «Казахстан — Расія», а таксама іншыя пісьменнікі і перакладчыкі ў складзе розных дэлегацый. У лёс кожнага з іх Беларусь не толькі ўвайшла, але і адлюстравалася ў творчасці, публіцыстыцы. Штораз выстаўка-кірмаш у Мінску дорыць адкрыцці, новыя імёны, і я заўжды кажу сваім студэнтам, магістрантам і дактарантам пра тое, што Мінск адкрывае дзверы ў сусветны літаратурны працэс. Менавіта адсюль я прывезла сучасную фінскую літаратуру, па якой напісала раздзел па сучаснай літаратуры Фінляндыі для калектыўнай манаграфіі нашага інстытута «Сусветны літаратурны працэс ХХІ стагоддзя». Кнігі сучасных іранскіх аўтараў цудоўна пераствораны па-руску і выдадзены ў Маскве, але знайшла я іх на выстаўцы ў Мінску! Па іх мая калега Айнур Каліяскарава напісала раздзел пра сучасную іранскую літаратуру. Варта згадаць сучасніцу Вікторыю Кінг, кнігі якой прэзентаваліся ў Мінску. Пісьменніца нарадзілася ў Алматы, скончыла Казахскую кансерваторыю, працавала ў Малдове, у Расіі, а цяпер жыве ў ЗША і прадстаўляе рускамоўную казахстанскую літаратуру. У трылогі В. Кінг адлюстравала сучасны погляд на Расію і Казахстан з Амерыкі. Аўтар пераасэнсоўвае гісторыю краін СНД, у прыватнасці, яна піша пра снежаньскія падзеі ў Алматы, пра тое, як горад аднаўляўся пасля іх. Важны позірк здалёк — у сусветным літаратуразнаўстве набірае абароты так званы іманалагічны дыскурс — калі пісьменнік стварае вобразы герояў іншай нацыянальнасці, прадстаўнікоў іншай культуры.

Вельмі люблю ўдзельнічаць у выстаўцы, у захапленні ад беларускіх калег, з якімі супрацоўнічаем многія гады. Шмат было сумесных праектаў, выданняў, сярод якіх — унікальны альманах «Сугучча», пераклады Абая і Мухтара Аўэзава на беларускую мову… Дзякуючы гэтаму класікі казахскай літаратуры ідуць у шырокую сусветную прастору!

Мы ў сваю чаргу цікавімся сучаснай беларускай літаратурай, што паказалі ў калектыўнай манаграфіі. Будуць тэмы навуковых дысертацый, прысвечаныя параўнальна-супастаўляльнаму аспекту.

— Некалькі слоў аб праграме, з якой прыехалі…

— Прэзентавала нашы навуковыя выданні, хрэстаматыю ў двух тамах «Казахстан у маім лёсе». Першы том, з паэзіяй, выйшаў трохі раней, а цяпер я прадставіла другі — з прозай. Сярод аўтараў хрэстаматыі шмат сучасных беларускіх: Алесь Карлюкевіч, Алена Стэльмах, Генадзь Даронін, Міхась Пазнякоў, Мікола Мятліцкі, Юлія Алейчанка і іншыя.

А яшчэ расказала пра наш новы зборнік на дзвюх мовах — рускай і казахскай — «Літаратура Казахстана ў замежных крыніцах» — тут таксама ёсць артыкулы Міколы Мятліцкага, публікацыі Алеся Карлюкевіча, Міхася Пазнякова.

Нашы асабістыя прафесійныя кантакты прыводзяць да пашырэння агульнага гуманітарнага поля і супрацоўніцтва. Спадзяюся наступным разам прывезці калектыўную манаграфію, пра якую распавядала. Тым больш што сёлета мы пачалі працаваць над працягам навуковага зборніка, дзе ўжо ёсць шмат тэкстаў беларускіх пісьменнікаў і даследчыкаў.

— Якімі бачыце перспектывы далейшага збліжэння нашых літаратур?

— Была размова пра тое, каб правесці анлайн круглы стол, прысвечаны літаратурнаму супрацоўніцтву, каб адрадзіць традыцыі ХІХ і ХХ стагоддзяў — вельмі ганарымся тым, што нашы класікі прагучалі ў той час па-беларуску. А нядаўна пабачыў свет першы выпуск альманаха «Казахстан — Беларусь». Многія супрацоўнікі нашага інстытута, у тым ліку былы дырэктар, міністр асветы Адый Шарыпаў, вызвалялі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў — памяць аб агульным ваенным мінулым не павінна згаснуць…

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».