Вы тут

Рахматула Назараў: Якуб Колас — таксама народны дыпламат


Падчас ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша адбыліся Дні узбекскай літаратуры ў Беларусі. У Мінск прыехала дэлегацыя вядомых узбекскіх літаратараў, выдаўцоў, прадстаўнікоў Цэнтра народнай дыпламатыі ШОС. Прайшлі шматлікія творчыя сустрэчы, прэзентацыі, дыскусіі, падчас якіх пацвердзілася, што культурныя сувязі паміж узбекскім і беларускім народамі мацнеюць, нягледзячы ні на якія абставіны. Пра гэта мы пагутарылі для «Звязды» з Часовым Павераным па справах Рэспублікі Узбекістан у Беларусі Рахматулой Назаравым. Гаворка наша адбывалася ў знакавым месцы — доме-музеі Якуба Коласа, беларускага класіка, які падчас вайны жыў з сям’ёй ва Узбекістане, шчыра любіў гэты сонечны край і сябраваў з узбекскімі пісьменнікамі.


— Якую ролю ў народнай дыпламатыі іграюць дзеячы культуры?

— Мы знаходзімся зараз у доме-музеі Якуба Коласа, і гэтага пісьменніка мы адназначна можам разглядаць як народнага дыпламата. Сёння афіцыйныя дыпламаты, прадстаўнікі Узбекістана, што працуюць у Беларусі, выкарыстоўваюць імя гэтага пісьменніка, яго творчасць для яшчэ большага збліжэння народаў Узбекістана і Беларусі. У апошні час народная дыпламатыя разглядаецца як важны элемент, які ўмацоўвае мір, сяброўства, добрасуседства. Дзякуючы літаратуры, дасягаецца лепшае разуменне культуры іншых народаў, нягледзячы на колер іх скуры, рэлігію, светапогляд. У нас ва Узбекістане таксама апошнім часам велізарная ўвага надзяляецца народнай дыпламатыі. На Дні ўзбекскай літаратуры ў Мінск прыбыла вялікая дэлегацыя ў колькасці больш за дзесяць чалавек. Там не толькі пісьменнікі і выдаўцы, але і прадстаўнікі Цэнтра народнай дыпламатыі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ва Узбекістане. У нашай краіне гэтая арганізацыя даволі маладая, ініцыятыва па яе стварэнні была агучана прэзідэнтам Узбекістана Шавкатам Мірзіёевым у 2017 г., у час саміта ШОС. У 2018 годзе з’явіўся спецыяльны указ прэзідэнта, і быў заснаваны гэты Цэнтр. Сёння ён паспяхова працуе, у тым ліку ў накірунку Узбекістан-Беларусь прароблена вялікая праца. Тое, што беларусы пачынаюць больш даведвацца пра ўзбекаў, а мы больш пра вас, беларусаў, заслуга менавіта Цэнтра народнай дыпламатыі ШОС. Згадаю, што Беларусь на сённяшні дзень з’яўляецца назіральнікам у ШОС, і зараз актыўна вядзецца праца наконт яе паўнавартаснага членства ў гэтай арганізацыі. 

— Зусім нядаўна ў межах правядзення Дзён літаратуры Узбекістана Цэнтр народнай дыпламатыі ШОС ва Узбекістане і Саюз пісьменнікаў Беларусі падпісалі Мемарандум аб супрацоўніцтве, а напрыканцы мінулага года ў Ташкенце такое ж пагадненне было падпісана паміж пісьменніцкімі арганізацыямі Беларусі і Узбекістана. Якія сумесныя праекты ў бліжэйшы час плануюцца?

— Супрацоўніцтва паміж літаратарамі нашых краін пачалося не з падпісання пагаднення між пісьменніцкімі саюзамі, яго корні ідуць далёка ў гісторыю. І Якуб Колас унёс свой агромністы ўклад у гэтую справу. Як і Янка Купала, і іншыя вялікія паэты і пісьменнікі Беларусі. Іх творчасць перакладаецца на ўзбекскую мову, творчасць узбекскіх паэтаў і мысляроў таксама перакладаецца на беларускую мову і высока ацэньваецца на Беларусі. Згадаю адзін з такіх праектаў — кнігу Алішэра Наваі «Улюбёны сэрцаў», якая была перакладзена на беларускую мову, і я ведаю, што гэтая кніга вельмі папулярная сярод чытачоў Беларусі. Паэты і пісьменнікі, якія гэтымі днямі знаходзяцца ў Мінску і ўдзельнічаюць у Днях узбекскай літаратуры ў Беларусі, распавядалі шмат пра супрацоўніцтва з беларускімі калегамі, я нават для сябе адкрыў новую інфармацыю пра ўзаемныя пераклады і публікацыі, якая мяне радуе. Сувязь паміж нашай творчай інтэлігенцыяй — адзін з актыўных накірункаў працы прадстаўніцтва Узбекістана на постсавецкай прасторы. І мы будзем прыкладваць намаганні, каб творчыя і культурныя ўзаемаадносіны паміж нашымі краінамі паглыбляліся. 

— Падчас сённяшняй гутаркі ў доме-музеі Якуба Коласа прагучала згадка пра адзін з сумесных узбекска-беларускіх праектаў — фільм пра Якуба Коласа.

— Гэта не адзіны сумесны праект у галіне кіно. Нядаўна адбыўся анлайн круглы стол беларускай і узбекскай творчай інтэлігенцыі, у тым ліку з удзелам кінематаграфістаў. У ім прымаў удзел і генеральны дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Уладзімір Карачэўскі, які таксама выказаўся па гэтым пытанні. Ён сказаў, што на сённяшні дзень у плане кіно нашы адносіны развіваюцца актыўна, як ніколі. Ва Узбекістане праходзіць кінафестываль «Жамчужына Усходу», і кожны год беларускія кінематаграфісты ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве. Натуральна, і ў міжнародным фестывалі «Лістапад», які праходзіць у Мінску, актыўна ўдзельнічаюць узбекскія кінематаграфісты. Апошні раз, калі беларускія кінематаграфісты прыехалі на Ташкенцкі кінафестываль, і была дасягнутая дамоўленасць пра зняцце дакументальнага фільма пра Якуба Коласа, у прыватнасці, пра ягонае прабыванне ва Узбекістане ў 1940-х гадах, калі сям’я беларускага класіка знаходзілася ў эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. На сённяшні день, наколькі мне вядома, ужо вядуцца актыўна здымкі, і вельмі спадзяюся, да канца года гэты дакументальны фільм будзе паказаны аўдыторыі. Думаю, ён таксама паслужыць мастом паміж нашымі народамі. Таксама між нашымі кінастудыямі існуе дамова праводзіць Дні беларускага кіно ва Узбекістане ў межах Ташкенцкага фестывалю, і, адпаведна, праходзяць Дні ўзбекскага кіно ў час мінскага кінафестывалю. Гэта ўжо стала традыцыяй. Традыцыяй стала здымаць сумесныя фільмы, як супрадзюсары, выкарыстоўваць здымачныя пляцоўкі партнёраў. Напрыклад, узбекскі фільм «Ілхак», ваенная драма пра маці, якая згубіла на фронце пяцёх сыноў, знятая рэжысёрам Джахангірам Ахмедавым, на 27-м мінскім кінафестывалі «Лістапад» атрымала Гран-Пры і спецыяльным прыз Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Большая частка эпізодаў гэтага фільма была знятая на тэрыторыі Беларусі, што было ўхвальна прынята і узбекскім, і беларускім гледачом. Зараз у супрадзюсарстве здымаецца фільм «Казбек», у аснове якога рэальная гісторыя подзвігаў героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева, камандзіра разведчыкаў партызанскай брыгады «Чэкіст» у Магілёўскай вобласці. Думаю, гэты фільм будзе прадстаўлены гледачу ў бліжэйшы час.

— Якім атрымліваецца ўдзел узбекскай дэлегацыі ў Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы?

—Надзвычай насычаным і плённым. Кожны дзень нас чакае шмат мерапрыемстваў. Так, і сёння, напрыклад, перад сустрэчай у доме-музеі Якуба Коласа адбылася міжнародная літаратурная імпрэза «Літаратурны мост сяброўства: Беларусь і Узбекістан» у Дзяржаўным літаратурным музеі гісторыі беларускай літаратуры, потым нашы дэлегаты ўзялі ўдзел у міжнародным сімпозіўме «Пісьменнік і час». Запланаваны вечары узбекскай паэзіі ў гонар 120-годдзя народнага паэта Гафура Гуляма і ў гонар Алішэра Наваі. Дарэчы, нашы выдаўцы апошнія гады пачалі асабліва актыўна прымаць удзел у Мінскай кніжнай выстаўцы-кірмашы. На гэты раз прыехалі прадстаўнікі чатырох выдавецтваў, якія прывезлі больш за сто кніг. Гасцям нашага стэнда падрыхтаваны цікавыя відэаролікі, якія распавядуць пра нашу краіну і культуру узбекскага народа. 

— Калі наведваеце нашу кніжную выставу, ці заўсёды набываеце беларускія кніжкі?

— Абавязкова. Кожны год набываю. І для сябе, і перадаю калегам у Ташкент. Шукаю кнігі, з якім можна больш даведацца пра вашы традыцыі, вашу гісторыю, мову. 

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў. 

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».