Вы тут

Магілёўскі Галоўпаштампт набыў сучаснае аблічча і стаў больш зручным для гараджан


Апошнім этапам глабальнай рэканструкцыі, якая працягвалася болей чым тры гады, стала мадэрнізацыя галоўнага паштовага аддзялення сувязі № 30. Перад гэтым уцяплілі будынак, замянілі інжынерныя сеткі, зрабілі рамонт даху. Атрымаўся цалкам адноўлены аб’ект. Зараз аддзяленне № 30 не пазнаць. Яно стала больш прасторным, светлым, а галоўнае — функцыянальным.


— Мы выразна выдзелілі зону чакання для кліентаў і рабочую зону з шасцю працоўнымі месцамі, — звяртае ўвагу намеснік дырэктара Магілёўскага філіяла РУП «Белпошта» Галіна Марчанка. — Прыкметна павялічылася паштовая крама, дзе з’явіўся нават куточак для стасункаў посткросераў і філатэлістаў. Тут жа можна набыць тавары дзяржаўнай сімволікі, іх асартымент значна пашыраны. Для персаналу створаны зручныя рабочыя месцы, абсталяваны пакой для прыёму ежы.

У аддзяленні ўстаноўлена сучаснае камп’ютарнае абсталяванне з высокатэхналагічным праграмным забеспячэннем, паскорыць абслугоўванне кліентаў дапамогуць і плацёжна-даведкавыя тэрміналы. Створаны ўсё ўмовы, каб наведвальнікі маглі хутка і якасна атрымаць увесь неабходны для іх комплекс паштовых паслуг. Акрамя разнастайнай паштовай прадукцыі, установа прапануе тавары спажывецкага попыту як прадуктовыя, так і прамысловыя.

У адкрыцці абноўленага аддзялення прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў, старшыня гарсавета дэпутатаў Максім Гурын, намеснік генеральнага дырэктара РУП «Белпошта» Вадзім Герасімёнак, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Разам з дырэктарам Магілёўскага філіяла «Белпошты» Аляксандрам Бручыкавым яны падпісалі памятныя паштоўкі з пасланнем будучаму Магілёва, чым далі старт рабоце абноўленага галоўпаштампта.

Паштавікі вельмі трапятліва ставяяцца да гісторыі свайго ведамства. Адлік яе вядзецца з часоў Кацярыны Вялікай, якая 250 гадоў таму дала дазвол на заснаванне паштовай установы ў Магілёўскай губерні. Шмат цікавага звязана з адкрыццём будынка галоўпаштампта ў Магілёве. Захаваліся фота і асабістыя рэчы начальніка тады яшчэ Магілёўскай паштовай канторы Ульяна Булыбенкі, які ўзначаліў яе ў 1948 годзе. Пры ім і будаваўся вось гэты будынак, які расчыніў свае дзверы ў 1962 годзе. Пры ведамстве была нават свая майстэрня па вытворчасці мэблі. А асвятлялі паштовае памяшканне свяцільнікі маскоўскага метрапалітэна.

Шмат чаго цікавага можна знайсці, калі пагартаць фотаальбом перыяду стварэння галоўпаштампта. Берагуць паштавікі і нумар газеты «Магілёўская праўда», якая пісала пра адкрыццё такога значнага для Магілёва аб’екта.

Сёння аддзяленне паштовай сувязі № 30 абслугоўвае каля 30 тысяч чалавек. Штомесячна ім апрацоўваецца каля 90 тысяч адпраўленняў простай пісьмовай карэспандэнцыі, болей чым 12 тысяч заказных адпраўленняў, каля 300 каштоўных лістоў, 3000 пасылак і 2000 адпраўленняў паскоранай пошты. Паштальёны аддзялення дастаўляюць падпісчыкам прыблізна 20 тысяч экземпляраў друкаваных выданняў.

— Галоўпаштампт — вельмі важны аб’ект для Магілёва, месца прыцяжэння гараджан, — падкрэсліў у размове з журналістамі старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. — Адбылася істотная рэканструкцыя будынка, у выніку якой з’явіліся зручныя ўмовы для работы супрацоўнікаў і абслугоўвання гараджан. Тут усё створана для таго, каб кліент мог атрымаць увесь комплекс паштовых паслуг. Абноўлены аб’ект стаў яшчэ адным упрыгожваннем горада.

Да адкрыцця аддзялення была прымеркавана віктарына на веданне гісторыі пошты з уручэннем памятных сувеніраў, прэзентацыя паштовых марак з дададзенай рэальнасцю. Была магчымасць бясплатна пераслаць паштовую картку і сфатаграфавацца на памяць з гістарычнымі асобамі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.