Вы тут

Кіраўнік майстэрні эстраднага мастацтва: «Хвілінка» — таксама наша сям’я


У жыцці мастацкага кіраўніка майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» Таццяны Пановай усё цесна пераплялося: сям’я і праца. Яе муж Яўген Фамбараў адзначае, што Таццяна ўмее ўсё сумяшчаць, нікога не абдзяліўшы ўвагай. З імі вельмі цікава мець зносіны: яркая экспрэсіўная Таццяна — з пароды тых жанчын, якія заўсёды застаюцца маладымі і дзейнымі, і Яўген — увасабленне спакою і ўпэўненасці чалавека, які ўсё моцна трымае ў сваіх руках.


Таццяна і Яўген

— Што было спачатку: сям’я ці «Хвілінка»?

Таццяна Панова (Т. П.): — Сям’я, хоць «Хвілінка» — таксама наша сям’я. Мы з Жэнем разам вучыліся ў музычным вучылішчы, наш курс быў вельмі дружны. Пасля заканчэння вучылішча Жэню прызвалі на службу ў войска, а я паступіла ва ўніверсітэт культуры. У гэты перыяд мы выпалі з поля зроку адно аднаго.

Яўген Фамбараў (Я. Ф.): — Пасля вяртання з войска я таксама паступіў ва ўніверсітэт культуры. Ведаў, што многія сябры па музвучылішчы ўжо там. З Таняй аднавілася знаёмства, калі мы выпадкова апынуліся ў адным ліфце і паспелі абмяняцца тэлефонамі.

Т. П.: — У нас былі агульныя сябры, інтарэсы, аказалася, што і жывём па суседстве. Як пара мы сустракаліся ўсяго тры месяцы, і неяк само сабой вырашылася, што ствараем сям’ю.

— Звычайна студэнты творчых ВНУ выступаюць на чужых вяселлях, каб зарабіць на сваё. А вы паспелі?

Т. П.: — Не, не паспелі, увесь час ішоў на вучобу. Вяселле нам спраўлялі бацькі, за гэта ім вялікі дзякуй. Мы лічым, што вяселле — вельмі асабістае свята, на якое запрашаюцца толькі самыя блізкія людзі, таму не вельмі фінансава абцяжарылі бацькоў. А вось музыканты, якія працавалі ў кафэ, у той вечар адпачывалі, бо выступалі нашы сябры.

Вяселле

— А як далей уладкоўвалі жыццё? Перавяліся на завочнае аддзяленне?

Я. Ф.: — Таня ішла на чырвоны дыплом, а маёй спецыяльнасці — «Музыкант-духавік» — завочна наўрад ці па-сапраўднаму навучышся, таму мы засталіся на дзённым. Паўтару ўслед за Таняй: дзякуй нашым бацькам. Канешне, яны дапамагалі, пакуль мы вучыліся.

— А дзе вы жылі?

Я. Ф.: — У Танінай мамы, і па-ранейшаму жывём усе разам. Мая цешча Раіса Міхайлаўна — вельмі тактоўная, разумная жанчына, ні разу ў жыцці не адчуваў сябе ў яе доме, як кажуць, у «прымах». Мы з ёй нават змовы супраць Тані ладзілі…

— А вось пра гэта падрабязней, калі ласка…

Я. Ф.: — Нашаму сыну Яраславу было тры месяцы, калі Таня з «Хвілінкай» з’ехала на конкурс у Магілёў. Сын захварэў, высокая тэмпература... Таня тэлефануе, пытаецца, як дзіця. Мы вырашылі, што нічога не гаворым, самі справімся. Навошта яе хваляваць, калі на адлегласці яна нічым не можа дапамагчы?

Т. П.: — З таго конкурсу мы прыехалі ў званні лаўрэатаў. Там я пазнаёмілася з кампазітарам Алегам Елісеенкавым. Ён, калі даведаўся, што я — маладая мама, якая корміць дзіця, сказаў: «Вы вар’ятка, прыязджайце да мяне па песні, будзе вам падарунак». З таго часу ён дорыць нам цудоўныя дзіцячыя песні.

— Вы планавалі нараджэнне дзіцяці?

Т. П.: — Так, прычым, вельмі свядома. Перш трэба было стаць на ногі як у прафесійным сэнсе, так і цалкам самастойна забяспечваць сям’ю. Пасля заканчэння ўніверсітэта мне прапаноўвалі аспірантуру, можна было застацца і ў 1-й музычнай школе Мінска, дзе праходзіла практыку. Усё гэта было вельмі зручна, але мне так хацелася свой калектыў! Адным з пунктаў размеркавання была 194-я школа з эстэтычным ухілам у мікрараёне Сокал. Па тым часе — далекавата, рэйсавым аўтобусам трэба было дабірацца. Але там працаваў такі класны дырэктар! У мяне стварылася вялікая нагрузка: спевы, малодшы школьны хор, вакальная група, факультатыў па эстэтыцы і пры гэтым — неверагодная творчая свабода. Вось адтуль адлічвае «Хвілінка» свае 30 гадоў!

Сын, любімы і доўгачаканы, з’явіўся, як мы і планавалі, праз пяць гадоў пасля вяселля. Мая мама жартавала: «Таня ў радзільным доме, а па тэлевізары паказваюць яе дзяцей».

Раіса Міхайлаўна Панова — любімая мама, цешча і бабуля

— Кажуць, што ў дэкрэт вы і не сыходзілі. Запрасілі няню ці бабулі дапамагалі?

Т. П.: — У дэкрэце я была тры месяцы. Як маладой маме мне вельмі пашанцавала! Па-першае, Жэня — выдатны муж і бацька, дзякуючы якому я не ведала, што такое ўставаць па начах да дзіцяці. Па-другое, нашы творчыя прафесіі, а мая маці таксама педагог па музыцы, дазволілі складаць графік работы так, што з Яраславам хтосьці ўвесь час быў, часцей за ўсё мая мама. А з трох гадоў сын ужо займаўся ў «Хвілінцы».

— Яўген, а вы не раўнавалі жонку да працы?

Я. Ф.: — Было крыху... Сустракаў яе са школы, часта ехалі апошнім аўтобусам... Але я разумеў, як Тані цікава і важна тое, што яна робіць. І ёй удаецца сумяшчаць кар’еру і сям’ю, яе хапае на ўсё!

Т. П.: — Так, усё цесна пераплялося: адно немагчыма без другога. У нейкі момант прыйшло разуменне, што для далейшага развіцця «Хвілінцы» патрэбная ў тым ліку юрыдычная самастойнасць. А каму даверыць пячатку, бухгалтэрыю? На 100% я магла даверыцца толькі мужу. Таму і папрасіла Яўгена стаць дырэктарам калектыву.

Таццяна Панова з мужам і сынам

Я. Ф.: — Мне падабалася мая праца ў аркестры ўнутраных войскаў. Але я цудоўна разумеў, што Тані патрэбна дапамога. Падумаў, раз спраўляюся з сямейнай бухгалтэрыяй, атрымаецца і тут. Да таго ж, я ўдзельнічаю і ў творчым працэсе, таму няма такога адчування, што я як музыкант наступіў на горла ўласнай песні.

— У вас шмат зносін з бацькамі дзяцей, напэўна, даводзіцца сутыкацца з іх завышанымі патрабаваннямі і да вас, і да дзяцей?

Я. Ф.: — У нас ёсць дакладныя правілы, і мы адразу знаёмім з імі бацькоў. Першае, аб чым папярэджваем: мы не прадзюсарскі цэнтр і не ствараем «зорак». Мне заўсёды няёмка, калі бацькі кажуць: маўляў, аддаў сваё дзіця на музыку. Што значыць аддаў? Адразу тлумачым, што ў «Хвілінцы» няма гувернёраў і аніматараў, у нас — педагогі. Таму бацькі самі павінны разумець і дзяцей настроіць на тое, што тут яны будуць займацца, мець зносіны, гэта значыць, прыкладаць свае намаганні. Прынцып просты: лепш мы менш заробім, але будзем сумленныя перад сабой і бацькамі.

Калі мы працуем з новымі рэжысёрска-пастановачнымі групамі, яны звычайна пытаюцца, колькі будзе дзяцей і бацькоў за кулісамі. І некаторых здзіўляе мой адказ: напрыклад, дзесяць дзяцей і адзін педагог. У нас катэгарычна не прынята, каб за кулісы з дзіцем прабіралася пяцёра дарослых і там яны спаборнічалі, хто лепш завяжа бант. Дзякуючы педагогам нашы дзеці дысцыплінаваныя, самастойныя, упэўненыя ў сабе, у іх развіта пачуццё каманды.

Т. П.: — Задача бацькоў — купіць квіткі на канцэрт і падтрымаць дзяцей апладысментамі. Ведаеце, мы навучаем, развіваем не толькі дзяцей, але і бацькоў. Апошні выпадак: зборны канцэрт, сярод салістаў — Уладзімір Громаў. Дзве мамы нашых вучняў пасля канцэрта пытаюцца ў мяне, дзе яшчэ можна яго паслухаць. Кажу, што ў оперным тэатры. А далей мне зразумела: прыйдуць у тэатр, паслухаюць Громава, а потым іх зацікавяць іншыя салісты, і ўсё — людзі далучаюцца да опернага мастацтва.

Я. Ф.: — Ведаеце, я перакананы, што дзяцінства павінна быць шчаслівым. Для гэтага патрэбна любоў бацькоў і пачуццё паспяховасці ў дзіцяці. А яно з’яўляецца тады, калі малое робіць тое, што атрымліваецца. Бацькам важна зразумець, што цікава, да чаго дзіця імкнецца, даць яму волю. Наш сын, дарэчы, не хацеў наведваць музычную школу з першага класа. Мы яго не прымушалі. А ў пятым ён сам вырашыў навучыцца іграць на гітары, сам знайшоў, дзе займацца. Цяпер гэты досвед дапамагае яму ў працы.

— Раскажыце пра вашага сына... Ці працягвае ён творчую дынастыю?

Т. П.: — Яраслаў — гэта наш гонар! А я — вельмі аб’ектыўная мама. Здольнасці сына ацэньвала як прафесіянал, таму не дапускала яго спяваць у канцэртах, бо былі дзеці, у якіх гэта лепш атрымлівалася. Але неяк, нават нечакана для нас, ён аказаўся выдатным вядучым канцэртаў, у яго проста вось такая прафесійная дыктарская манера была. Яму падабалася журналістыка, ён публікаваўся ў «Зорьке», быў вядучым дзіцячай рубрыкі ў праграме «Наша раніца», карэспандэнтам на «Еўрабачанні». Мы былі ўпэўненыя, што сын паступіць на журфак, але ён абраў прафесію гукарэжысёра. У свае 26 гадоў Яраслаў дасягнуў прафесійных поспехаў, яму давяраюць агучваць самыя прэстыжныя канцэрты. Вельмі ганарымся, што сын усяго дабіўся сам. «Чаму мама не сказала, што ты яе сын?» — пытаўся неяк у Яраслава кіраўнік вакальнай групы «Беларусы» Валерый Шмат. А для мяне важна, каб Яраслаў атрымліваў высокую адзнаку як прафесіянал, а не як мой сын.

— Гэта значыць, у адносінах да сына ў вас перамагае прафесіянал?

Т. П.: — Перш за ўсё я мама, якая вельмі любіць сына, але цвярозай любоўю. Гэтаму я навучылася ў сваёй мамы. Заўсёды адчувала сябе любімым дзіцем, але патрабавальнасць таксама прысутнічала. Больш за ўсё мяне песціў дзядуля. Мама паважала мае дзіцячыя інтарэсы. З мамай нам падабалася хадзіць на канцэрты ў філармонію. Гэта такія цёплыя ўспаміны. Вельмі рада, што мая мама таксама ў «Хвілінцы» — яна выкладае вакал у малодшай групе.

Я. Ф.: — І робіць гэта цудоўна. Раіса Міхайлаўна праводзіць заняткі ў гульнявой форме, каб дзецям было камфортна і зразумела.

— Як вы праводзіце водпуск?

Яраслаў — гонар бацькоў

Т. П.: — Цяжкае пытанне. У чыстым выглядзе водпуск у нас добра, калі тыдзень. А традыцыйна мы адпраўляліся з калектывам на фестывалі, конкурсы. Атрымлівалася і падарожнічаць, і паглядзець іншыя краіны. Цікава ўбачыць іншыя дзіцячыя творчыя калектывы і сябе паказаць. У нас цудоўныя дзеці, добры рэпертуар, створаны менавіта для іх, таму заўсёды паспяхова выступаем.

— Ці гатовыя вы да з’яўлення ўнукаў?

Т. П.: — Мы, можа, і гатовыя, але ад нас гэта ніяк не залежыць. Мы не з тых бацькоў, якія ўвесь час пытаюцца: калі ажэнішся? Калі Яраслаў з намі нечым дзеліцца, мы рады, але самі парад не даём. Як калісьці мае і мужавы бацькі бачылі ў нас асоб, паважалі наш выбар, так і мы зараз ставімся да свайго сына.

Маргарыта ДРАЗДОВА

фота з сямейнага архіва Таццяны Пановай і Яўгена Фамбарава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.