Вы тут

Набыць нядорага — выкарыстаць у поўнай меры


Трапяткое стаўленне да зямлі закладзена глыбока ў менталітэце людзей, у іх гістарычнай памяці, культуры, традыцыях продкаў, а справядлівыя базавыя правілы распараджэння зямлёй — фундамент стабільнасці ў грамадстве. Гэтыя словы Прэзідэнта працытавала НАТАЛЛЯ КАЧАНАВА, Старшыня Савета Рэспублікі, адкрываючы пасяджэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі «Аб сумеснай рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па вырашэнні праблемных пытанняў у галіне зямельна-маёмасных адносін і навядзенні парадку на зямлі» ў Стоўбцах, дзе парламентарыі азнаёміліся з вопытам вырашэння зямельных пытанняў у раёне: іх уводу ў севазварот, продажу маёмасці іншым карыстальнікам або зносу.


Стоўбцы — узорны райцэнтр — агульная праца

Праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць, неабходна аператыўна вырашаць. І работа Савета па ўзаемадзеянні наладжана вельмі правільна, калі ты сам прыязджаеш і бачыш, як вырашаюцца пытанні, дзе ёсць недапрацоўкі, якія трэба выправіць, каб было камфортна людзям, а магчымасць аператыўна іх вырашыць ёсць, бо Савет Рэспублікі працуе над законапраектамі і займаецца нарматыўна-прававымі актамі, падкрэсліла Наталля Качанава і дадала:

— Будаўніцтва жылля, інфраструктура, добраўпарадкаванне выканана ў Стоўбцах выдатна. Калі мы разам выконваем пастаўленыя задачы — ёсць вынік. Нам неабходна больш глыбока і цесна працаваць з дэпутацкім корпусам усіх узроўняў. І члены Савета Рэспублікі на месцах павінны быць каардынатарамі работы ў цэлым, таму што гэта вялікая армія людзей, якія штодня маюць справы з нашымі грамадзянамі. А мясцовы дэпутат блізкі народу, ён жыве побач з людзьмі і разумее ды бачыць, якія ў іх праблемы.

Стоўбцы — гарадок, які ў Мінскай вобласці можна браць за ўзор таго, як павінен выглядаць райцэнтр. У прыватнасці, праект добраўпарадкавання гарадской экасістэмы Стоўбцаў можа прэтэндаваць на ўзор развіцця малых гарадоў краіны, а ўнікальныя архітэктурныя прыёмы, якія выкарыстаны падчас рэканструкцыі кінатэатра «Беларусь», як і комплексны падыход пры стварэнні спартыўнай інфраструктуры вобласці для рашэння задачы даступнасці дзіцячых дашкольных і навучальных устаноў, ужо сталі візітнай карткай Міншчыны, адзначыў работу мясцовых уладаў і Аляксандр ТУРЧЫН, старшыня Мінскага аблвыканкама:

— Асабліва прыемна сустракаць гасцей сёлета, калі Міншчыне 85 гадоў, хоць як тэрытарыяльна-адміністрацыйная адзінка вобласць сфарміравана амаль 230 гадоў назад (у красавіку 1793-га Кацярына ІІ сваім указам заснавала Мінскую губерню ў складзе Расійскай імперыі). З тых часоў тэрыторыя вобласці зменшылася амаль удвая, аднак вынікаў, якія дэманструе сталічны рэгіён па шэрагу параметраў, не было ніколі. У прыватнасці, тут узводзіцца чвэрць усяго жылля, якое будуецца па ўсёй краіне.

Легалізаваць індывідуальную зямлю

Падзел зямельных участкаў, узаконьванне самавольных забудоў і іншыя праблемы, якія назапашваліся ў краіне гадамі, цяпер можна вырашаць на месцах, звяртаючыся да раённых улад, упэўненыя ўдзельнікі сустрэчы. З 1 верасня 2022-га ў сілу ўступіў Закон «Аб змяненні кодэксаў», які, у прыватнасці, замацаваў права землекарыстальнікаў набываць зямельныя надзелы, што знаходзяцца ў іх на 1 верасня 2022 года. А з 1 студзеня 2023-га запрацаваў абноўлены Кодэкс аб зямлі. Гэтыя дакументы ў многім вырашаюць праблемныя пытанні ў сферы зямельных адносін.

Дзяржкаммаёмасць завяршыў работу па рэалізацыі нормаў закона і кодэкса і прывядзенне ў адпаведнасць з імі іншых заканадаўчых актаў, адзначыў Дзмітрый МАТУСЕВІЧ, старшыня Дзяржкамітэта па маёмасці:

— Самае важнае — пастанова Саўміна № 32, якой зацверджана 21 палажэнне па рабоце з асобнымі зямельнымі пытаннямі. Каб інфармаваць зацікаўленых асоб аб новаўвядзеннях, арганізаваны шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку анлайн. А на сайце Дзяржкаммаёмасці змешчана і пастаянна абнаўляецца інфармацыя аб прымяненні нормаў закона і Кодэкса аб зямлі. У даступнай для насельніцтва форме прыведзены алгарытмы дзеянняў усіх зацікаўленых у частцы вырашэння пэўнай сітуацыі. Інфармацыя даведзена і ў рэгіёны, аднак карыстацца ёй пачалі толькі нядаўна і з некаторай асцярогай.

Па даручэнні Дзяржкаммаёмасці мясцовыя выканкамы на геапартале зямельна-інфармацыйнай сістэмы змяшчаюць інфармацыю аб рэалізацыі нормаў Кодэкса аб зямлі. Нормы па легалізацыі зямельных надзелаў пачалі прымяняцца ва ўсіх выканкамах, акрамя Гродзенскага і горада Мінска.

Паводле інфармацыі на сакавік, у краіне зямельныя ўчасткі з прымяненнем паніжаючага каэфіцыента ў прыватную ўласнасць выкупілі 287 грамадзян, а ў мясцовыя бюджэты праз гэта паступіла 550 тысяч рублёў. Трое грамадзян узялі зямлю ў арэнду.

Зямельныя ўчасткі для калектыўнага садаводства па фактычным карыстанні без унясення змен у зацверджаны праект арганізацыі забудовы мясцовыя выканкамы прадаставілі 219 грамадзянам, большасць з якіх пенсіянеры (пакуль так працуюць толькі 39 выканкамаў, сярод якіх лідзіруюць Гродзенскі, Пінскі і Светлагорскі). Падзел зямельнага ўчастка зроблены ў Слуцкім раёне і Стоўбцах, падзяліўся Дзмітрый Матусевіч:

— Пакуль няма прыкладаў па змяненні мэтавага прызначэння зямельнага ўчастка да завяршэння будаўніцтва і па выдзяленні дадатковых участкаў. Трэба смялей карыстацца новым заканадаўствам, бо у людзей ёсць цікавасць, аднак на месцах (як сведчаць звароты грамадзян) не заўжды ёсць жаданне дасканала разбірацца з выпадкамі, і людзей прасцей накіраваць у сталіцу. Абноўлены кодэкс вымушае выканкамы браць на сябе калектыўную адказнасць у прыняцці адпаведных рашэнняў.

Будынак за адну базавую

Навесці парадак на зямлі немагчыма, пакуль не вызначаны лёс аб'ектаў невыкарыстоўваемай нерухомай маёмасці, лічаць спецыялісты. Каб скараціць іх колькасць, будынкі прадаюць з аукцыёнаў (многія — за адну базавую велічыню), зносяць, здаюць у арэнду.

З сённяшняга дня ўступае ў сілу Указ Прэзідэнта № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», які рэгламентуе адносіны па распараджэнні дзяржмаёмасцю і маёмасцю арганізацый з доляй дзяржавы.

— Навацыя ўказа — стварэнне адзіных умоў адчужэння невыкарыстоўваемых аб'ектаў такой маёмасці без рэгістрацыі на падставе старога пашпарта або ведамасці тэхнічных характарыстык. А калі такіх дакументаў няма, трэба зрабіць новы вельмі спрошчаны пашпарт невыкарыстоўваемага аб'екта (фактычна толькі яго фізічныя параметры), каб пусціць будынак у гаспадарчы абарот, — акрэсліў старшыня Дзяржкаммаёмасці. — Замацавана таксама права гаспадарчых таварыстваў самастойна вызначаць пачатковую цану продажу ці паніжаць яе на таргах да адной базавай велічыні. Пашыраны ўказам і паўнамоцтвы мясцовых Саветаў дэпутатаў — яны змогуць вызначаць абавязковыя ўмовы продажу невыкарыстоўваемай камунальнай маёмасці, спосабы забеспячэння іх выканання, выпадкі продажу без таргоў і яе перадачы ў бязвыплатнае карыстанне, а таксама ўмовы і парадак давання растэрміноўкі па аплаце кошту адчужальнай маёмасці. Акрамя таго, можна вызваляць пакупнікоў (поўнасцю або часткова) ад штрафу за невыкананне абавязковых умоў продажу камунальнай нерухомасці, змяняць умовы і тэрміны іх выканання зыходзячы з сітуацыі.

Набыць дом анлайн

У Беларусі сёння каля пяці тысяч пустых дамоў. Летась каля трох тысяч такіх будынкаў разбурана, 581 — прададзены, а ў гаспадарчы абарот уцягнута 3,8 тысячы гектараў зямлі. Яшчэ 7662 будынкі сёлета таксама трапяць у рэестр пустых (на базе адзінага рэестра маёмасці з 1 студзеня запрацаваў зводны рэестр пустых дамоў), па іх вядзецца работа, удакладніў Дзмітрый Матусевіч:

— Больш як дзве тысячы будынкаў будзе знесена, а ў абарот уцягнуць 2907 пустых дамоў, у выніку чаго вызваліцца 436 гектараў зямлі. Доступ да ўнясення даных у рэестр пустых дамоў маюць 462 мясцовыя выканкамы, усе астатнія могуць проста карыстацца ім. З 20 лютага на публічнай кадастравай карце зроблена візуалізацыя аб'ектаў гэтага рэестра. А з 1 студзеня 2024-га з'явяцца і звесткі аб зямельных участках, якія ўключаны ў пералік незанятых, і ўчасткі для рэалізацыі інвестпраектаў.

Для навядзення парадку на зямлі старшыня Дзяржкаммаёмасці прапанаваў на працягу 2024—2025 гадоў рэалізаваць у Пружанскім і Лунінецкім раёнах Брэсцкай вобласці пілотны праект падрыхтоўкі Брэсцкім агенцтвам па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры дазвольнай дакументацыі на будаўніцтва. Гэта дапаможа скараціць колькасць адміністрацыйных працэдур праз аказанне мясцовым заказчыкам і насельніцтву комплекснай паслугі па прынцыпе «аднаго акна»: ад землеўпарадкавальных работ да страхавання.

— Неабходна вучыць старшынь райвыканкамаў разумець заканадаўчыя пытанні, якія дзейнічаюць у краіне, каб яны маглі перадаць веды сваім людзям, каб ужо тыя маглі прафесійна вырашаць зямельныя пытанні на месцах, а не ў Мінску, — перакананая Наталля Качанава. Яна падкрэсліла, што насельніцтва неабходна інфармаваць пра існаванне рэестра пустых дамоў. — Няхай людзі купяць кавалак зямлі, можа, нават і дом не будуюць, але ж пасадзяць сад, паставяць шэзлонг, прывязуць унукаў.

Аляксандр Турчын прапанаваў удасканаліць рэестр, каб можна было не толькі паглядзець аб'ект анлайн, але і купіць яго гэтак жа, перайшоўшы па адпаведнай спасылцы (калі гэта прамы продаж). А калі дом прадаецца з аўкцыёну — зарэгістравацца на ўдзел у ім праз інтэрнэт. «Фактычна гэта павінна стаць інтэрнэт-крамай пустога жылля, і тое тэарытычна магчыма», — пагадзіўся Дзмітрый Матусевіч.

Калі ўласнік за мяжой...

Раённыя Саветы дэпутатаў у Гродзенскай вобласці ладзяць для старшынь сельвыканкамаў работу па рэалізацыі Указа № 116 «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі» з удзелам прадстаўнікоў суда, філіялаў Гродзенскага агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры. Вынікам работы стала павелічэнне ў 2022 годзе продажу пустых дамоў на 90, падзяліўся вопытам работы мясцовай улады па адчужэнні жылля Андрэй ЖУК, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— На пачатак гэтага года было 614 пустых дамоў. У дачыненні да 750 дамоў вядзецца работа па іх уключэнні ў рэестр. Большасць пустых дамоў прыходзіцца разбураць — летась знесены 323 будынкі. Стан іх, зразумела, дрэнны. Нават набываючы дом з аукцыёну за адну базавую велічыню, пакупнік сутыкаецца з тым, што рэгістрацыя права ўласнасці і афармленне адпаведных дакументаў абыходзяцца ў разы даражэй, таму з аукцыёну, як правіла, набываюць дамы, якія знаходзяцца ў раёнах, набліжаных да абласнога цэнтра.

Праблема ў рэалізацыі Указа № 116 звязана з немагчымасцю адшукаць спадчынніка дома. У многіх будынках зарэгістраваны па месцы жыхарства грамадзяне, якія пастаянна пражываюць за межамі Беларусі. Мясцовым органам улады да прыняцця рашэння аб прызнанні дома пустым прыходзіцца прымаць меры па прызнанні ў судовым парадку гэтых грамадзян асобамі, якія страцілі права валодання і карыстання жылым домам і зняцці іх з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства. Аднак на практыцы суд адмаўляе ў такім рашэнні, адпаведна, далейшая рэалізацыя мерапрыемстваў указа адносна такіх дамоў становіцца немагчымай. Выклікае пытанні і атрыманне інфармацыі аб грамадзянах, якія памерлі за мяжой. Таму гэтыя акалічнасці варта было б спрасціць, лічыць Андрэй Жук.

Калі спадчыннік не хоча рэгістравацца...

Праблемы ўзнікаюць і пры ўцягванні зямлі пасля зносу пустога дома ў гаспадарчы абарот. Калі будынак быў на ўскрайку пасёлка, то сельгасаргаізацыі неяк зацікаўленыя ў атрыманні гэтай зямлі. А вось калі ў цэнтры, дзе паабапал дамы эксплуатуюцца, то ўцягнуць участак у абарот вельмі праблематычна, абазначыў яшчэ адну праблему Андрэй Жук:

— Акрамя таго, адсутнічае адказнасць пакупніка пустога дома за своечасовую дзяржрэгістрацыю нерухомасці. Новы праваўладальнік можа гадамі не рэгістраваць права ўласнасці, і гэта праблема ўсяго жыллёвага фонду, а не толькі пустых дамоў.

У новую рэдакцыю закона па дзяржрэгістрацыі ўжо закладзена ўмова аб абавязковай дзяржрэгістрацыі любога аб'екта на працягу паўгода, пракаментаваў Дзмітрый Матусевіч. А Наталля Качанава выказала прапанову не распрацоўваць праектна-каштарысную дакументацыю на знос дамоў, бо гэта ж капітальныя затраты. А яшчэ зрабіць абавязковай умову падтрымліваць эстэтычны вонкавы выгляд будынкаў.

Летась складзены 183 акты агляду дамоў з прыкметамі пустых. З іх пасля апавяшчэння ўласнікаў будынкаў 22 чалавекі паведамілі аб намерах выкарыстоўваць дом для пражывання. Працэдура адчужэння па такім доме прыпыняецца на год, аднак найчасцей меры па навядзенні парадку так і не прымаюцца, расказала Святлана ЧЭКУН, старшыня Клецкага раённага Савета дэпутатаў, якая прапануе ўвесці спрошчаную працэдуру і падаваць у суд на ўласнікаў, якія на працягу года пасля падачы паведамлення не прынялі меры па добраўпарадкаванні ўчастка:

— 50 чалавек пісьмова адмовіліся ад догляду ўчасткаў, і па іх, згодна з Указам № 116, прынята рашэнне аб зносе без звароту ў суд падаваць іскавую заяву. Дапамагаюць у гэтым арганізацыі раёна і нават мясцовыя жыхары, якія могуць ссячы расліннасць на ўчастку і разабраць дом, а драўніну забраць сабе на дровы. Гэта дапамагае ў тым ліку і эканоміць бюджэтныя сродкі на знос.

Старшыня Тэлеханскага сельсавета (Івацэвіцкі раён) Аксана МЯЛІК расказала, што спадчыннікаў дамоў запрашаюць на пасяджэнні камісій па добраўпарадкаванні:

— Пасля таго некаторыя самі за свой кошт пагаджаюцца знесці дамы, а ўчасткі — перадаць сельсавету. Зямельныя надзелы, якія прымыкаюць да суседскіх, часам перадаюцца пад агародніцтва суседзям.

Наталля Качанава падкрэсліла важнасць такіх сустрэч з органамі мясцовага самакіравання ў розных кутках краіны, паколькі падчас іх можна не толькі азнаёміцца з вопытам работы ўлады з людзьмі, але і пачуць праблемы, якія існуюць у рэгіёнах, і знайсці магчымасць вырашыць іх, у тым ліку праз змяненне заканадаўства.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.