Вы тут

Ад Талстога да Шэкспіра


На плошчы каля абласнога драмтэатра адбыўся вулічны перформанс і па чырвонай дарожцы прайшліся тэатральныя калектывы, эксперты і арганізатары мерапрыемства. Сярод іх вядомы рэжысёр, кіраўнік прыватнага драмтэатра ў Екацярынбургу «Каляда-тэатр» Мікалай Каляда, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Алена Барзова, расійскі рэжысёр Яўген Лаўцоў. Парадавала, што на плошчы сабралася шмат моладзі, дзеля якой, у прынцыпе, і адбываецца дзейства. Пра цікавасць да форуму сведчыць і тое, што білеты на тэатральныя пастаноўкі былі практычна раскуплены яшчэ ў студзені. У праграме 19 пастановак тэатральных калектываў з чатырох краін — Беларусі, Расіі, Казахстана, Балгарыі.


— Вельмі важна, што ў гэтыя сакавіцкія дні ў Магілёве арганізоўваецца такое актыўнае тэатральнае асяроддзе, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. — Сюды прыязджаюць вядучыя тэатры нашай краіны, з Расіі, Казахстана, Балгарыі. Мы бачым розныя інтэрпрэтацыі класічных твораў. Форум захоўвае сваю міжнароднасць ва ўсіх адносінах. Вельмі важна, што на форуме прысутнічае такое значнае экспертнае асяроддзе — вядомыя тэатральныя крытыкі і тэатразнаўцы. Усе білеты прададзеныя, значыць, ёсць цікавасць да форуму, ёсць людзі, якім гэта патрэбна і важна. Усе міжнародныя выклікі пераадольваюцца не палітыкамі, а простымі людзьмі. Спачатку ідзе культура, зносіны. І такія мерапрыемствы вельмі важныя для ўмацавання сувязяў.

Форум распачала пастаноўка мінскага тэатральнага праекта «ТрыТфармаТ» «Карэніна», якая выклікала шмат розных меркаванняў. Не менш драматычная гісторыя паказана на малой сцэне тэатра, дзе сабраліся прыхільнікі артыста Магілёўскай філармоніі Паўла Усовіча. У яго монаспектаклі «Я — найлепшы», дзе ён раздзяліў жыццё на сем умоўных тыдняў, шмат цікавых разважанняў пра сяброўства, нянавісць, пошукі асабістага шчасця.

Калі глядач усе сцэнічныя падзеі ўспрымае на аматарскім узроўні, заўсёды цікава і карысна даведацца, што пра іх думаюць прафесіяналы. Сёлетні «М@rt.кантакт» зноў дорыць магчымасць далучыцца да аўтарытэтных думак экспертаў і разабрацца ў сучасных тэатральных тэндэнцыях. Тэатральны форум у Магілёве менавіта тым і цікавы, што дазваляе паглыбляцца ў даследаванне эксперыментальных формаў, новых плыняў тэатральнага мастацтва. Гэтых думак чакаюць і артысты, і рэжысёры, бо заўсёды цікава, як іх работу ўспрымаюць тэатразнаўцы.

Тым часам фестываль толькі набірае абароты і наперадзе яшчэ шмат цікавых спектакляў. Музычна-тэатральны крытык Надзея Бунцэвіч ужо вылучыла некалькі для сябе. Па-першае, гэта Гомельскі маладзёжны тэатр з яго фантастычнай драмай «451° па Фарэнгейту: шлях Кларысы» і «451° па Фарэнгейту: шлях Мілдрэд». «Вельмі цікавы калектыў, імкнецца да сусветных тэндэнцый, адкрывае новыя імёны і п'есы», — кажа Надзея Бунцэвіч. Па-другое, яна з задавальненнем распавядае пра работу балгарскіх артыстаў тэатра «Сляза і смех» — «Агнес, жонка Уіла».

— Гэты спектакль я ўжо бачыла на фестывалі «Белая Вежа» ў Брэсце і была прыемна ўражана, — прызнаецца суразмоўніца. — Гэта п'еса тэатральнага крытыка Ніны Мазур, якая неаднаразова прыязджала ў Магілёў на «М@rt.кантакт». Яна даследуе творчасць Уільяма Шэкспіра з боку яго жонкі. І робіць тое бліскуча».

Вынікі ж форуму, як заўсёды, абвесцяць у Міжнародны дзень тэатраў 27 сакавіка. Пераможцу будзе ўрачыста ўручаны галоўны фестывальны прыз — «Залатая маска». Яшчэ дзве атрымаюць і тыя два спектаклі, якія будуць прызнаны найлепшымі па выніках галасавання гледачоў і на думку маладзёжнага журы. Астатніх удзельнікаў форуму ўзнагародзяць «Сярэбранай маскай». Дарэчы, паўплываць на лёс пастаноўкі можа і сам глядач. Для гэта трэба пасля спектакля апусціць свой квіток у спецыяльную ўрну.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Фінансы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

Як банкі абараняюць ад махляроў грашовыя пераводы

За чатыры месяцы 2024 года раскрывальнасць цяжкіх кіберзлачынстваў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павысілася на 19%. 

Спорт

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Настасся Касцючкова: Чалавек у калясцы не павінен быць зачынены ў чатырох сценах

Фехтаваць наша гераіня ўмее трыма відамі зброі: шабляй, шпагай і рапірай. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.