Вы тут

Генпракурор расказаў пра крымінагенную абстаноўку ў Беларусі


У барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам не можа быць самазаспакоенасці. Пра гэта заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях дзейнасці органаў сілавога блока, паведамляе БелТА.


Фота: БелТА

Андрэй Швед адзначыў, што ў выніку прынятых праваахоўнымі органамі мер у мінулым годзе забяспечаны стабільная грамадска-палітычная абстаноўка, законнасць і правапарадак, абарона грамадзян ад злачынных замахаў.

«Пры гэтым знізілася колькасць забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, менш загінула людзей ад усіх наўмысных і неасцярожных злачынстваў», — канстатаваў генеральны пракурор.

Паводле яго слоў, таксама з’явіліся зрухі ў рабоце па процідзеянні нарказлачыннасці. Скарацілася колькасць такіх злачынстваў, напалову зменшылася колькасць смяротных зыходаў ад спажывання наркотыкаў.

«Паступова даюць вынік намаганні па барацьбе з кіберзлачынствамі. Ёсць і іншыя станоўчыя вынікі процідзеяння злачыннасці. Аднак праблемных пытанняў забеспячэння правапарадку, на жаль, застаецца нямала. У першую чаргу процідзеянне экстрэмізму і, як паказаў пачатак гэтага года, яго крайняму праяўленню — тэрарызму, — адзначыў Андрэй Швед. — Генеральная пракуратура займае дакладную і паслядоўную пазіцыю: парушэнне прынцыпу непазбежнасці пакарання вядзе да беспакаранасці і, як вынік, учынення больш цяжкіх злачынстваў. Цяпер абстаноўка характарызуецца імклівай радыкалізацыяй дзеянняў экстрэмістаў. Тэракты ў Мачулішчах і Гродне (размова пра няўдалыя тэрарыстычныя акты. — Заўвага БЕЛТА) яшчэ раз паказалі: неабходна ўдасканаліць дзейнасць праваахоўных органаў па прадухіленні тэрарызму».

Кіраўнік нагляднага ведамства звярнуў увагу, што расце колькасць парушэнняў парадку выкарыстання паветранай прасторы беспілотнымі лятальнымі апаратамі і паветранымі суднамі звышмалой авіяцыі. Ён падкрэсліў, што прыняць адзіныя правілы абароту, рэалізацыі і эксплуатацыі беспілотнікаў, а таксама ўзмацніць меры адказнасці трэба было яшчэ ўчора.

«Важнае месца ў барацьбе з экстрэмізмам займае процідзеянне на інфармацыйным фронце, якое, зноў жа, не заўсёды эфектыўнае. Актывізаваліся спробы маніпулявання моладдзю, стварэння нефармальных рухаў накшталт „Родан“, баявых груп, здольных за грошы выканаць любы заказ, якія могуць выкарыстоўвацца для расхіствання абстаноўкі, удзелу ў незаконных масавых мерапрыемствах і беспарадках. У сувязі з гэтым неабходна актывізаваць работу па прафілактыцы і спыненні такіх рухаў, іх лідараў і актыўных удзельнікаў», — падкрэсліў генпракурор.

Актуальным пытаннем застаецца абарона правоў непаўналетніх, адзначыў Андрэй Швед. Паводле яго слоў, з году ў год пракуроры ўносяць шматлікія акты рэагавання, звязаныя з недастатковай і неэфектыўнай работай міліцыі і мясцовых органаў улады па прафілактыцы правапарушэнняў. «Дзеючыя падыходы ў гэтым пытанні яўна не адпавядаюць рэальнай абстаноўцы. Работа часта вядзецца фармальна. Трэба сказаць адкрыта: гэта сістэмная і хранічная праблема, якая часта з’яўляецца каталізатарам іншых негатыўных з’яў, — заявіў ён. — Як вынік, у мінулым годзе ўзрасла колькасць учыненых раней судзімымі згвалтаванняў, разбояў, грабяжоў, а таксама злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Ад іх дзеянняў часцей сталі пакутаваць і дзеці. Так, у мінулым годзе на 20 працэнтаў павялічылася колькасць непаўналетніх, якія зведалі сексуальнае насілле. Пры гэтым з дзяцей здзекаваліся і 157 асоб, якія раней мелі судзімасць. З іх 38 — асуджаліся за аналагічныя злачынствы».

Генеральны пракурор таксама звярнуў увагу на арганізацыю бяспекі дарожнага руху. «Нягледзячы на зніжэнне колькасці асоб, якія загінулі ў ДТЗ, абстаноўка на дарогах істотна не змянілася. Штогод гіне каля 500 чалавек, — сказаў ён. — У мінулым годзе ўзрасла колькасць ДТЗ, учыненых бяспраўнікамі».

Пра наяўнасць праблем, паводле яго слоў, сведчыць і той факт, што няма сістэмы кантролю і ўзаемадзеяння паміж МУС і іншымі ведамствамі ў пытанні выяўлення нездаровых людзей, якія маюць вадзіцельскія пасведчанні. «Толькі ў Гомельскай вобласці пракурорамі выяўлены 215 асоб, якія пры наяўнасці псіхічных захворванняў і іншых проціпаказанняў мелі права на кіраванне транспартнымі сродкамі. А кожны з іх — гэта патэнцыяльная пагроза жыццю і здароўю людзей на дарозе, — падкрэсліў Андрэй Швед. — Праблема бяспекі дарожнага руху — гэта не толькі адказнасць ДАІ, але і органаў мясцовай улады».


У тэму

«Нам трэба ўсім, як кулак, сціснуцца»

Вынікі нарады, якая працягвалася тры гадзіны, у размове з журналістамі падвёў генеральны пракурор Андрэй Швед. Па яго словах, галоўнай тэмай размовы стаў разгляд рэальнага стану спраў у сілавым блоку.

«Намецілася тэндэнцыя, што за маштабнымі праектамі, за маштабнымі аперацыямі, якія правялі праваахоўнікі, крыху забыліся пра руцінную, штодзённую работу, пачынаючы ад участковага інспектара міліцыі і заканчваючы іншымі службовымі асобамі, якія павінны рабіць усё магчымае, каб на нашых вуліцах было спакой, мір і парадак. Абмеркавалі канкрэтныя пытанні, звязаныя з недахопамі ў рабоце. Гэтыя праблемы добра вядомыя, і яны не тое каб з’явіліся прама зараз, яны знаходзяцца ў нас на пастаянным кантролі і мы кожны дзень прымаем меры, каб яны вырашаліся. Але, на жаль, пэўная інертнасць, недастатковае разуменне, у некаторых выпадках і халатнасць, бяздушнасць службовых асоб прывялі да таго, што гэтыя пытанні былі ўзняты на ўзровень кіраўніка дзяржавы», — адзначыў ён.

Андрэй Швед расказаў, што на нарадзе былі ўзнятыя пытанні, звязаныя з дарожнай бяспекай. Па яго словах, за трагедыяй ў Смалявіцкім раёне, дзе загінулі 13 чалавек, з іх двое дзяцей, стаіць цэлы комплекс праблем. Генеральны пракурор, што аўтамабіль МАЗ, з якім сутыкнулася маршрутка, два гады не праходзіў тэхнічнае абслугоўванне, быў дапушчаны да ўдзелу ў дарожным руху без пацверджання яго нармальнага тэхнічнага стану. Выявіліся сур’ёзныя праблемы ў бяспецы перавозак пасажыраў. У тым злашчасным маршрутным таксі, дзе 15 пасадачных месцаў, ехалі 19 чалавек. У той маршрутцы ехалі дзеці-школьнікі. «Чаму яны там ехалі? Бо зламаўся школьны аўтобус і мясцовыя органы ўлады не забяспечылі аператыўную замену. Дзеці былі вымушаны ездзіць у маршрутным таксі. Як вынік, вядома, гэта вельмі сумна, двое дзяцей загінулі. Двое атрымалі цялесныя пашкоджанні. Вось гэтая сукупнасць фактараў паказвае, што забыліся, самазаспакоіліся, адышлі ад таго, што няма дробязяў, няма таго, што кожны павінен на сваім месцы выконваць ускладзеныя на яго задачы», — расказаў Андрэй Швед. Па яго словах, зараз па ўсёй краіне па даручэнні кіраўніка дзяржавы вядзецца татальная праверка, наводзіцца парадак, каб усе ўдзельнікі дарожнага руху адпавядалі ўсім патрабаванням бяспекі.

Генеральны пракурор таксама расказаў журналістам, што на нарадзе адбылася сур’ёзная размова па недахопах работы з рэцыдыўнай злачыннасцю: «Пракуроры з год у год узнімаюць гэтую праблему і мы бачым, што яна ўжо стала хранічнай. Калі ў нас 40 працэнтаў злачынстваў здзяйсняюць раней судзімыя асобы — гэта вельмі трывожная тэндэнцыя. Калі 38 раней неаднаразова судзімых за сэксуальныя злачынствы гвалцяць, у тым ліку і дзяцей, калі з больш як 700 асоб, якія ўчынілі злачынства на гэтай глебе 157 раней судзімых — тут ёсць сур’ёзныя пытанні. Мы абазначылі гэту праблему як яна ёсць. Абазначылі, як мы з ёй змагаемся і пазначылі, што органы ўнутраных спраў не да канца ўсведамляюць небяспеку гэтага». 

Удзельнікі нарады ўдзялілі ўвагу і пытанням супрацьдзеяння экстрэмізму. Па словах генпракурора, тут таксама ёсць пэўная самазаспакоенасць. «Тэракты і ў Мачулішчах, і ў Гродне паказалі, што паслабляць гэтую працу ні ў якім разе нельга. Бо тэрарыстам аказвалі дапамогу тыя асобы, якія пазбеглі адказнасці за экстрэмісцкія злачынствы. Яны садзейнічалі тэрарыстам, якія хацелі тут учыніць серыю тэрарыстычных актаў, звязаныя ў тым ліку і з забойствамі людзей. Насамрэч, гэтая сітуацыя паказала яшчэ раз, што нам трэба ўсім аб’яднацца, як кулак сціснуцца і не забываць нашу работу. Звярнулі ўвагу на работу папярэдняга следства, кадравую, ідэалагічную работу, СМІ у тым ліку», — расказаў генпракурор.

Па словах Андрэя Шведа, размова закранула вялікі спектр пытанняў і атрымалася канкрэтнай і прадметнай. Прэзідэнт даў дакладныя даручэнні ў тым ліку і па ўзмацненні каардынуючай ролі пракуратуры. «Як сказаў кіраўнік дзяржавы, роля пракуратуры павінна быць істотна павялічана ў тым ліку па правядзенні аналітыкі і ўнясенні прапаноў па выкараненні тых ці іншых негатыўных наступстваў у тым ліку над гэтым трэба будзе працаваць», — дадаў ён.

Па словах Андрэя Шведа, асноўная выснова нарады заключаецца ў тым, што праваахоўны блок працуе дакладна, задачы выконваюцца: на вуліцах мір, спакой і бяспека. Але пэўная самазаспакоенасць, недастатковае разуменне што трэба скрупулёзна займацца, на першы погляд, звычайнымі справамі, прыводзіць да негатыўных рэчаў і здарэнняў «Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўсіх страсянуць і самім страсянуцца, пэўныя высновы зроблены і ёсць над чым працаваць», — канстатаваў ён.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?