Вы тут

«Радок павінны пражыцца, „выбалець“». Памёр пісьменнік Анатоль Казлоў


«Пісьменніку нельга ніколі забываць, што чалавек — гэта цэлы свет. Бязмежны і супрацьлеглы, просты і парадаксальны, шчыры і хцівы, прамалінейны і завуаляваны, сур’ёзны і блазнаваты...» — гэтыя словы прагучалі ў адным з артыкулаў пісьменніка Анатоля Казлова. Ён і імкнуўся апісваць у сваіх творах гэты чалавека-свет — ва ўсёй яго супрацьлегласці і глыбіні... 


На жаль, аповеды пра Анатоля Казлова цяпер будуць гучаць у мінулым часе. Бо прыйшла сумная вестка: 20 сакавіка член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы літаратар Анатоль Казлоў памёр, раптоўна, на 61-м годзе жыцця. 

Анатоль Казлоў нарадзіўся ў вёсцы Асінаўка Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці. «Мае бацькі Сяргей Гардзеевіч і Марыя Сямёнаўна Казловы, як мне здаецца, вызначаліся асаблівай працавітасцю і ўвішнасцю, ды і астатнія аднавяскоўцы не адставалі, — згадваў Анатоль Казлоў у аўтабіяграфічным эсэ „Не люблю грыбоў ды ягад“. — Не прыгадаю сярод асінаўцаў гультаёў і выпівох. Як ні дзіўна, але то быў час, калі на вёсцы яшчэ моцна трымаліся спаконвечныя традыцыі маралі і культуры беларусаў. У вёсцы я зусім не чуў лаянкі. Ні ад мужчын, ні ад жанчын. Што ўжо гаварыць пра нашых дзядуль і бабуль».

Напэўна, памяць пра тыя спаконвечныя традыцыі змушала пісьменніка ў творах выкрываць заганы сучаснага чалавека, які забыўся на духоўныя каштоўнасці продкаў, паказваць важнасць увесьчаснага выбару паміж дабром і злом. У прозе Анатоля Казлова адчуваецца глыбіннае веданне беларускай народнай культуры, міфалогіі, мовы. «А колькі душы ў народных песнях, якія выдыхаюцца, ліюцца падчас цяжкой працы ў полі! Асабліва я любіў жніўныя... Неперадавальнае адчуванне зліцця непаўторных галасоў, калі песню падхопліваюць з аднаго канца вёскі на другім».

Шлях да пісьменніцкага лёсу быў няпросты. У дзявятым і дзясятым класе давялося хадзіць за сем кіламетраў у Наваельненскую школу. Пасля заканчэння нейкі час меў адметную працу — абдзіршчыка алмазаў у дыяменты на Гомельскім заводзе. Працаваў у раёнцы. А ў 1980-м паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт ГДУ. Першая замалёўка Анатоля Казлова «Завітаў чорны бусел» была надрукавана ў краснапольскай газеце «Чырвоны сцяг», яшчэ калі аўтар вучыўся ў школе. А калі выйшла першая кніжка апавяданняў «Міражы ценяў» у бібліятэцы часопіса «Маладосць», Анатоль Казлоў вучыўся ў аспірантуры Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы, пісаў пад кіраўніцтвам Івана Навуменкі дысертацыю «Сатыра і гумар у беларускай літаратуры 20-х — пачатку 30-х гадоў». 

Ужо дэбютны зборнік засведчыў: у беларускую літаратуру прыйшоў адметны празаік, са сваім пазнавальным голасам і бачаннем свету. Ведаюць Анатоля Казлова і як дасведчанага, уважлівага рэдактара. Ён працаваў загадчыкам аддзела публіцыстыкі і нарыса часопіса «Полымя», загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва», загадчыкам аддзела часопіса «Неман». Апошнія гады загадваў аддзелам прозы часопіса «Полымя». На яго творчым рахунку — кнігі прозы «Міражы ценяў» (1990),"І тады я памёр..." (1993), «Незламаная свечка» (2000), «Юргон» (2006), «Горад у нябёсах» (2009), «Той, хто абганяе сны» (2014) ды іншыя. 

У гэтым годзе ў № 2 часопіса «Маладосць» была надрукавана гутарка з Анатолем Казловым, якая аказалася апошняй яго гутаркай. У ёй пісьменнік прызнаваўся: «Ніколі не сяду пісаць, калі ў мяне сюжэт не саспее. Пакуль не знайду нешта нетрывіяльнае. Абсалютна не пагаджуся з вядомым тэзісам «ні дня без радку». Радок павінны пражыцца, «выбалець».

На пытанне пра жыццёвыя прынцыпы пісьменнік адказаў сярод іншага: «У любой сітуацыі заставацца чалавекам. Каб праз хвіліны і гады не было балюча, сорамна, што не заступіўся, не абараніў. Змаўчаў там, дзе трэба было крычаць».

Завяршаецца ж гутарка такімі словамі: «Увогуле, скажу наконт адзіноты каротка і не мной прыдуманае: чалавек нараджаецца ў адзіноце, жыве з ёю і адзінокі памірае. Я, вядома, не выключэнне. Адзінота — гэта цэльнасць і цэласнасць асобы». 

Але пагодзімся, што таленавіты пісьменнік адзінокім не застаецца — ён заўсёды са сваймі творамі, са сваймі героямі, якія ён пакідае пасля сябе свайму народу. Творы Анатоля Казлова, яго імя назаўсёды засталіся ў гісторыі беларускай літаратуры.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Самы працяглы ўрок гістарычнай праўды і сяброўства

Удзельнікі «Цягніка Памяці» папярэдніх гадоў дзеляцца сваімі ўражаннямі ад праекта.

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.