Вы тут

Тэатральны форум «М@rt.кантакт-23» завітаў у Магілёў


У Магілёў завітаў Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М@rt.кантакт-23». Хутка пра яго адкрыццё паведамяць артысты Магілёўскага драмтэатра вулічным перформансам на пляцоўцы каля  будынка тэатра. Потым свята перамесціцца на сцэну, дзе гледачоў павіншуюць з прыемнай падзеяй — пачаткам любімага форума і запросяць тэатральны праект «ТрыТфармаТ» з Мінска паказаць свае бачанне «Карэнінай». Сёння ж на малой сцэне адбудзецца монаспектакль артыста Магілёўскай філармоніі Паўла Усовіча «Я — лепшы».


У афішы, як мы ўжо паведамлялі, 19 спектакляў тэатральных калектываў з Беларусі, Расіі, Казахстана і Балгарыі. Магілёў на форуме прадставяць абласны драматычны тэатр з камедыяй «Шалёныя грошы» і абласны лялечны тэатр з прэм’ернай пастаноўкай «Магіла льва». Гродзенскі абласны тэатр лялек пакажа п’есу «Локіс», а Тэатр-студыя кінаакцёра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» —  жартаўлівую беларускую камедыю «Мікітаў лапаць». Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прапануе натхніцца музычна-пластычным творам «Пачупкі», а Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача — сваім варыянтам «Фігара». Самай працяглай пастаноўкай стане фантастычная драма Гомельскага маладзёжнага тэатра — «451° па Фарэнгейце: шлях Кларысы» і «451° па Фарэнгейце: шлях Мілдрэд». У сукупнасці спектаклі будуць ісці каля шасці гадзін з ўлікам двухгадзіннага антракту! Тры тэатры завітаюць у Магілёў з Санкт-Пецярбургу — тэатр-студыя «Невялікі драматычны тэатр», камерны тэатр «ТАК» (тэатр адкрытых кампетэнцый) і тэатр юных гледачоў ім. А. Бранцава. У выкананні пецярбуржцаў гледачы ўбачаць монаспектакль «Фауст», фарсавую гульню ў духу нямецкага кабарэ «Марыя Сцюарт» і спектакль-урок з вычарпальнай назвай — «Урок». Да магіляўчан прыедуць артысты арлоўскага тэатра для дзяцей і моладзі «Свабодная прастора» і пермскага тэатра «Ля Моста». Яны ўжо бралі ўдзел у форуме і заўсёды дарылі гледачам шмат цёплых эмоцый. З нецярпеннем чакаюць у Магілёве тэатр драмы і камедыі ім. Азербайжана Мамбетава з Казахстана і тэатр «Сляза і смех» — з Балгарыі. Першы парадуе пастаноўкамі «Чарлі Чаплін» і «Дэтэктыў Крыстафер», другі — спектаклем «Агнес, жонка Уіла» .

Фестываль цікавы тым, што не толькі дорыць шчаслівыя моманты жыцця адданым тэатралам, але і дазваляе тэатрам паспаборнічаць. У Міжнародны дзень тэатра 27 сакавіка (апошні дзень форуму) пераможцу па традыцыі ўручаць галоўны прыз фестывалю — «Залатую маску». «Залатую» маску атрымаюць і тыя два спектаклі, якія будуць прызнаны лепшымі па выніках галасавання гледачоў і на думку маладзёжнага журы. Астатніх ўдзельнікаў узнагародзяць «сярэбранымі» маскамі.

Акрамя асноўнай праграмы для калятэатральнай публікі запланаваныя традыцыйныя майстар-класы, творчыя сустрэчы, майстэрня маладой рэжысуры, работа выставачных экспазіцый. 

Гэта ўжо 26-я вясна, якая радуе гараджан і гасцей горада лепшымі тэатральнымі пастаноўкамі беларускіх і замежных тэатраў. На гэты раз арганізатары падарылі дадатковы дзень тэатральнага свята. На працягу 8 дзён, з 20 па 27 сакавіка, Магілёў будзе жыць і дыхаць цудоўным тэатральным жыццём. Кажуць, што менавіта ў гэтыя дні ў горад прыходзіць сапраўдная вясна. Напэўна, ёй таксама цікава паназіраць за падзеямі. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Для непаседаў і іх бацькоў

Для непаседаў і іх бацькоў

Пабывалі ў першай дзіцячай мультыбрэндавай краме «Світанак Непаседа» і даведаліся, што пачым.