Вы тут

Ігар Колб: Фестывалі і конкурсы — хуткі шлях дасягнення прафесійнага росту


Сёння ў Доме прэсы прайшла прэс-канферэнцыя «Захаванне і папулярызацыя беларускай танцавальнай культуры. Новыя творчыя праекты». Удзельнікамі сталі прадстаўнікі як дзяржаўных тэатраў і навучальных устаноў, так і цэнтраў дадатковай адукацыі. 


Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская зрабіла акцэнт на тым, што на сённяшні дзень для харэаграфічнага мастацтва амаль не існуе абмежаванняў — навучанне пачынацца з трох гадоў, а часам і раней. Кожны мае шанец паказаць сябе. 

Спікер адзначыла, што сёлетняя вясна становіцца самым багатым часам на падзеі ў харэаграфічным жыцці. Звязана гэта са святкаваннем Дня тэатра 27 сакавіка і Міжнародным днём танца 29 красавіка. На красавік выпадае і юбілейная дата — сёлета кафедра харэаграфіі БДУКМ адсвяткуе 45-годдзе. Канцэртам з удзелам выпускнікоў, настаўнікаў і студэнтаў, які адбудзецца 19 красавіка, пачнецца тыдзень харэаграфічнага мастацтва. 

—Гэтае мерапрыемства ідзе разам з II Рэспубліканскім харэаграфічным конкурсам «Dance кангрэс», які праводзіцца ў два туры. У параўнанні з мінулым годам былі зменены некаторыя намінацыі і ўмовы ўдзелу, — дадала Наталля Карчэўская. 

У межах конкурсу адбудуцца майстар-класы ад педагогаў. Па словах рэктара ВНУ, плануецца запрасіць прадстаўнікоў кожнай установы адукацыі, дзе ёсць аддзяленне харэаграфіі. Таксама запланавана правядзенне вялікага круглага стала. Завершыцца тыдзень харэаграфічнага майстэрства 26 красавіка. 

Адной з асноўных тэм размовы стаў фестываль-конкурс «Піруэт», арганізатарамі якога выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж. У гэтым годзе мерапрыемства праводзіцца ўжо ў другі раз. 18 сакавіка ў каледжы збяруцца маладыя танцоры. Па словах галоўнага балетмайстра Вялікага тэатра оперы і балета Ігара Колба, фестываль-конкурс — гэта кароткі шлях да мэты. Дзякуючы падобным мерапрыемствам, настаўнікі ўстаноў адукацыі і арганізатары знаходзяць маладыя таленты. 

Працягнула яго думку наконт «Піруэта» дырэктар Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Зорыя Дусенка. Паводле яе меркавання, танцоры, якія праходзяць праз падобныя выпрабаванні, маюць магчымасць прафесійнага і творчага ўзросту. У мінулым годзе ў фестывалі-конкурсе прынялі ўдзел усяго 20 танцораў, а сёлета было адобрана 320 заявак. Да конкурсу далучыліся і прадстаўнікі з Расіі. «Нават калі пасля конкурсу да нас паступіць адзін ці два чалавекі — ён праводзіцца не дарма», — адзначыла спікер. 

Для гімназіі-каледжа мастацтваў г. Бабруйска вельмі важна прымаць удзел у падобных мерпрыемствах. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Філіпчык, паўдзельнічаць у конкурсах і фестывалях не заўсёды атрымліваецца. Але ў другім фестывалі-конкурсе «Піруэт» навучэнцы Бабруйска прымуць удзел і пакажуць 6 нумароў. 

Кіраўнік студыі эстраднага танца «ЭКЗЭРСІС» цэнтра дадатковай адукацыі «Кантакт» Алена Лахоўская таксама адзначыла важнасць конкурсаў і фестываляў у станаўленні маладых танцораў. Так, паводле яе слоў, у цэнтры тры харэаграфічныя кірункі, больш за 10 калектываў, два з якіх — узорныя. Яны заўсёды прымаюць удзел не толькі ў гарадскіх, але і ў рэспубліканскіх, і ў міжнародных конкурсах і фестывалях. 

— Паслязаўтра ўдзельнічаем у фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні», — падсумавала яна.

Адказваючы на пытанні, Наталля Карчэўская заўважыла: 

— На жаль, некаторыя не разумеюць, што такое сучасны танец. І ёсць вялікая праблема падрыхтоўкі спецыялістаў, якія могуць ствараць буйныя спектаклі. Гэта асобныя прафесіяналы, якія могуць думаць шырэй за катэгорыі аднаго харэаграфічнага нумара. 

Рэктар БДУКМ адзначыла, што ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў у нашай краіне стварае праблему. Назіраецца не толькі падзенне прэстыжу прафесіі і памяншэнне колькасці хлопчыкаў, якія ідуць у харэаграфію. Галоўная праблема беларускага харэаграфічнага мастацтва ў тым, што маецца адток кадраў.

У сувязі з гэтым на прэс-канферэнцыі было паднята пытанне аб уступнай кампаніі. 

— Якія новаўвядзенні? Абітурыенты, якія будуць паступаць па мэтавым накіраванні, здаюць цэнтралізаваны экзамен раней, недзе на пачатку чэрвеня. Абітурыенты па-ранейшаму здаюць ЦЭ, а пасля — творчы экзамен. Гэтая адзнака будзе пераважаць над адзнакамі па ЦЭ, — распавяла Наталля Карчэўская. 

Анастасія МАРЦІНОВІЧ

Прэв’ю: Дом прэссы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».