Вы тут

Як нясуць службу надзейныя сябры чалавека


Сёння ў краіне адзначаецца Дзень унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэта свята тых, хто стаіць на варце грамадскай бяспекі — адважных і гатовых бездакорна служыць радзіме і людзям. У адну нагу з ваеннаслужачымі насустрач праблемам і здарэнням крочаць не менш адважныя чатырохлапыя байцы — сабакі. Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт «Звязды» завітала ў сёмую асобную спецыяльную міліцэйскую брыгаду ўнутраных войскаў МУС РБ і даведалася, як нясуць службу надзейныя сябры чалавека.


Старшы інструктар Валерый Марцінкевіч і Дана.

Вайсковая часць 5524 сёлета адзначае 30-гадовы юбілей: сваю гісторыю злучэнне вядзе з 1 лістапада 1993 года, калі загадам міністра ўнутраных спраў на базе 17-й роты па канваіраванні в/ч 6713 у Віцебску быў сфарміраваны другі асобны спецыяльны міліцэйскі батальён. У 2013 годзе на яго базе была створана 7-я асобная спецыяльная міліцэйская брыгада. Сёння пад пільнай увагай абаронцаў знаходзіцца ўвесь паўночны рэгіён, а горад Віцебск, амаль у цэнтры якога і размяшчаецца часць, — пад двайным кантролем.

Ваеннаслужачыя забяспечваюць ахову грамадскага парадку; канваіруюць асуджаных і асоб, якія знаходзяцца пад вартай і ажыццяўляюць нагляд; абяскоджваюць і знішчаюць неразарваныя снарады часоў Вялікай Айчыннай вайны; аператыўна рэагуюць на паведамленні аб мініраванні.

Чатыры лапы, вільготны нос і разумны позірк — крочыць службовы сабака, які заступіў у нарад. Ён возьме след, дзе следу няма, ён не баіцца зла: пагоня, бойка, пісталет — звычайная справа. Жывое «сэрца» брыгады — кіналагічная служба. Сёння яе выхаванцамі з'яўляюцца больш за 100 сабак, сярод якіх — не толькі нямецкія аўчаркі, але і кокеры-спаніэлі, малінуа, лабрадоры. Кожная з парод спецыялізуецца на асобных відах работ: кокеры ўваходзяць у склад сапёрна-піратэхнічных груп, добра шукаюць наркатычныя рэчывы. Аўчаркі задзейнічаны ў канваіраванні, затрымцы небяспечных злачынцаў, ахове грамадскага парадку падчас правядзення масавых мерапрыемстваў.

На варце бяспекі — начальнік групы спецыялістаў-кінолагаў  Дзмітрый Гарбацэвіч і Ачар.

З унутранай кухняй «сабачага жыцця» мяне знаёміў начальнік групы спецыялістаў-кінолагаў Дзмітрый Гарбацэвіч. Праходзім уздоўж так званага «інтэрната»: у кожнага сабакі свой пакой з пляцоўкай для выгулу і камфортнай будкай. Але пагладзіць на першы погляд ласкавых жывёл не даводзіцца: рэагуюць на журналіста гучным брэхам. Яно і правільна: служба ёсць служба. «Шчанюкоў мы атрымліваем у магілёўскім цэнтры падрыхтоўкі, але ў кожнага сабакі павінен быць адзін гаспадар з маленства да самай старасці. Таму часта нашы кінолагі шукаюць сабе выхаванцаў самі: вопытны спецыяліст з першага погляду можа заўважыць разумнага сабаку. Аптымальны ўзрост, калі шчанюка можна браць на выхаванне, — 3 месяцы, потым паўгода ён асвойвае базавыя каманды. Пасля кінолаг разам з гадаванцам праходзяць трохмесячныя курсы падрыхтоўкі, дзе сабака здае прафесійны экзамен, атрымлівае так званы «дыплом» і афіцыйна заступае на службу», — расказвае Дзмітрый.

Некаторыя з чатырохлапых байцоў, якія аформлены як асабістыя, разам з «бацькамі-кінолагамі» пасля дзяжурства ідуць дадому, некаторыя — увесь час жывуць на базе вайсковай часці, атрымліваюць забеспячэнне — якасны збалансаваны сухі корм (ад пярловай кашы тут адышлі даўно). У раскладзе аднаго сабакі — восем дрэсіровак па дзве гадзіны на месяц. Астатні час у кінолагаў займае догляд падапечнага, рэгулярная ваенная падрыхтоўка, бо гэта спецыяльнасць не толькі пра выхаванне, але і пра навыкі стральбы, абароны.

Як жа сабакі адрозніваюць наркотыкі ад іншых рэчываў або адчуваюць пад зямлёй снарад? «Мне як кінолагу з 20-гадовым стажам прынцып навучання зразумелы. Раскажу і вам, — пачынае дзяліцца сакрэтамі дрэсіроўкі начальнік групы спецыялістаў-кінолагаў. — Спачатку гэта гульня, калі шчанюк шукае нешта смачнае. Потым ласунак хаваюць у розных каробках, і сабака павінен абраць патрэбную. А пасля побач са знаёмым смачным кладуць паханосьбіт — ватны дыск, прамочаны наркотыкам. Для чалавека ўлавіць гэты тонкі пах цяжка, для сабакі з абвостраным нюхам — лёгка. Тое ж самае і з пошукам выбуховак — яны адчуваюць пах трацілу і пораху. Дарэчы, тых, хто спецыялізуецца на пошуку мін і снарадаў, адвучваюць ад капання зямлі ў мэтах бяспекі».

Цікава, што першымі наведвальнікамі хакейных і футбольных матчаў, буйных масавых мерапрыемстваў з'яўляюцца таксама сабакі. Вось і падчас нашай сустрэчы спецыялісты з вернымі памочнікамі выправіліся на праверку Палаца спорту перад баталіяй на лёдзе. Выбуховых прылад не выяўлена, можна гуляць спакойна.

Кантралёр-дрэсіроўшчык Арцём Кабраль і Акс.

Такія розныя па знешнім выглядзе і характарах, але аднолькава паслухмяныя побач з гаспадарамі, яны імкнуцца ў любую вольную хвіліну выказаць сваю любоў: лізнуць языком шчаку ці проста ветліва памахаць хвастом. Бельгійская аўчарка Ачар, які нясе службу ўсяго паўгода, адрозніваецца суровасцю і строгім позіркам, а вось рыжая кокер-спаніэль Дана вельмі гарэзлівая і ласкавая, любіць спяваць па-свойму, па-сабачаму, і гэта не жарты: я паспрабавала ўспомніць адзін знаёмы матыў, і Дана ідэю падтрымала, зацягнуўшы працяжнае «у-у-у». Рына пароды малінуа ўмее лічыць: калі кінолаг спытае: «Колькі будзе 1+1?», яна беспамылкова гаўкне два разы. Вось такія яны — надзейныя сябры чалавека!

Тэрмін выхаду на «пенсію» для сабак вызначаецца па іх рэакцыі, хуткасці, фізічнай форме. У сярэднім гэта дзевяць гадоў, а пасля ім шукаюць новую сям'ю, дзе маленькі баец дажывае свой век у спакоі. «Распаўсюджанае меркаванне аб тым, што ўсіх сабак, якія больш не могуць несці службу, усыпляюць, — гэта міф. Ні адзін кінолаг не адвядзе свайго таварыша, якога песціў і выхоўваў на працягу доўгіх гадоў, у ветклініку проста так», — адзначае Дзмітрый.

У вайсковай часці 5524 кінолагі — гэта ваеннаслужачыя з багатым прафесійным вопытам: былыя пагранічнікі, выпускнікі кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл. А таму, хто вельмі хоча працаваць з сабакамі, можна атрымаць кваліфікацыю на спецыяльных курсах, здаць неабходныя экзамены і стаць на абарону краіны.

«Што, на ваш погляд, галоўнае ў рабоце кінолага?» — пытаюся ў Дзмітрыя Гарбацэвіча на развітанне. «Не здрадзіць чатырохлапаму сябру. Менавіта ён закрывае цябе сабой на заданні. Нездарма кажуць: сабака для нас — яркая старонка жыцця, а мы для яго — цэлае жыццё».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.