Вы тут

Пра духоўную адметнасць беларусаў


На кожнай Мінскай міжнароднай выставе-кірмашы стэнды выдавецтва «Беларусь» прыцягваюць увагу наведнікаў: дыхтоўныя фотаальбомы, кнігі па нацыянальнай гісторыі і культуры... Усё, што адлюстроўвае адметнасць нашага народа, яго духоўныя здабыткі. Якія ж цікавыя навінкі прадставіць выдавецтва на выставе-кірмашы, што адкрываецца на наступным тыдні?


— Найперш хачу згадаць нашы выданні, якія датычацца захавання гістарычнай памяці, — распавядае дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей ПЕШЫН. — Гэта кнігі «Генацыд беларускага народа» і «Генацыд беларускага народа. Лагеры смерці». У першай сабраныя даведачна-аналітычныя матэрыялы пра генацыд беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны, у пасляваенны перыяд, а таксама прыводзяцца ўражлівыя дакументы, якія датычацца падзей найноўшага часу. У другой кнізе прадстаўлены новыя і раней невядомыя звесткі пра лагеры смерці на тэрыторыі БССР у перыяд нацысцкай акупацыі. Уключаны таксама матэрыялы крымінальнай справы пра генацыд насельніцтва Беларусі. Абедзве кнігі адрасаваны шырокаму колу чытачоў — не толькі даследчыкам, але і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй. Звярну таксама ўвагу на кнігу «Хатынь». Выданне распавядае пра мемарыял на месцы спаленай беларускай вёскі, якая стала сімвалам трагедыі ўсяго беларускага народа. Акрамя апісання аб'ектаў комплексу, у кнізе даецца гістарычная даведка аб Хатыні, згадваюцца вёскі, якія напаткаў такі ж самы лёс. Адной з трагічных старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі, а менавіта масавай гібелі савецкіх ваеннапалонных у шталагу № 354 на тэрыторыі вайсковага гарадка ў Наваполацку, прысвечана кніга «Шталаг № 354. Гісторыя і памяць». Выданне пабачыла свет у нашай серыі «Беларусь. Трагедыя і праўда памяці». У тым лагеры ўтрымлівалася 29 000 савецкіх ваеннаслужачых, з іх 18 000 загінула. Асобна распавядаецца пра лёс вязняў-жанчын, а таксама пра лёсы тых ваеннапалонных, каму ўдалося ўцячы са шталагу і працягнуць барацьбу. Гэтай жа тэме прысвечана яшчэ адно наша выданне, якое мы прадставім на выставе-кірмашы, — «Лагеры савецкіх ваеннапалонных у Беларусі: 1941—1944». Там прыводзіцца шмат архіўных дакументаў, якія сведчаць пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання савецкіх ваеннапалонных у лагерах, створаных нацыстамі на Беларусі. Спадзяёмся, што шмат прыхільнікаў збярэ прэзентацыя кнігі вядомага пісьменніка Вячаслава Бандарэнкі «За други своя. Герои и подвиги Беларуси». Прэзентуем таксама багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне «Дзень народнага адзінства», прысвечанае дзяржаўнаму святу Рэспублікі Беларусь. Там дакументальна даказваецца, чаму дзень 17 верасня, з якога пачалося аб'яднанне Заходняй Беларусі з БССР, стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора.

Будзе на выставе прадстаўлена і тая кніжная прадукцыя выдавецтва «Беларусь», якая прысвечана сучаснасці. Кнігі Андрэя Мукавозчыка «Чему учить детей» і Людмілы Гладкай і Юрыя Цераха «Изнанка мятежа» заснаваны на матэрыялах газеты «СБ. Беларусь сегодня», якія распавядаюць пра падаплёку нядаўніх палітычных падзей. Абедзве кнігі аздоблены малюнкамі мастака Алега Карповіча. Дыхтоўны альбом на трох мовах «Нацыянальная бібліятэка Беларусі. 100 гадоў» расказвае пра галоўную кніжную скарбніцу краіны, што нядаўна адзначыла векавы юбілей.

Як заўсёды, на стэндзе выдавецтва адбудзецца прэзентацыя кніг пра народную культуру. Дзве кніжныя навінкі распавядуць пра беларускую кухню. Кніга «Смак беларускай гісторыі» вядомай даследчыцы Алены Мікульчык адметная тым, што рэцэпты старадаўніх страў адаптаваны пад сучасныя прадукты і тэхналагічныя прыёмы так, каб чытач мог лёгка паўтарыць гэта на сваёй кухні. Кожная страва суправаджаецца цікавай гісторыяй паходжання. Кніга «Беларуская кухня» пабудавана на базе працы знакамітага беларускага этнографа Нікіфароўскага «Очерки простонародного житья-бытья в Витебской Белоруссии и описание предметов обиходности». Усе рэцэпты страў, а сярод іх нават такія напаўзабытыя, як аўсяны кісель, саладуха, крупеня, камы, стульцы, пададзены на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Не абыдзена ўвагай і беларускае мастацтва. Тыя, хто наведае стэнд выдавецтва «Беларусь», убачаць альбом «Ю. М. Пэн», падрыхтаваны мастацтвазнаўцай Таццянай Старынскай, і альбом Уладзіміра Пракапцова «Народнае мастацтва Беларусі. Кераміка, мастацкія тканіны, разьба і роспіс па дрэве, саломапляценне і інкрустацыя». Апошняе выданне працягвае фундаментальны шматтомны навукова-адукацыйны праект Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Нашы калекцыі».

Кожны дзень выставы-кірмашу выдавецтва будзе ладзіць імпрэзы, да якіх шчыра запрашае ўсіх далучацца.

Падрыхтавала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.