Вы тут

Вадзім Сіняўскі адкрыў у Маладзечне ваенна-патрыятычны клуб «Адвага»


Цырымонія адкрыцця адбылася на базе мадэрнізаванага будынка пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Пасведчанні членам клуба ўручыў асабіста міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.


Як заўважыў кіраўнік ведамства, зусім нядаўна мы чакалі выніку выратавальнай аперацыі рэспубліканскага атрада МНС «Зубр» у Турцыі. «10 дзён аўтаномна беларускія ратавальнікі выконвалі задачы па пошуку і выратаванні людзей у вельмі складаных умовах надзвычайнай сітуацыі, звязанай з землятрусам, — нагадаў ён. — Навык, падрыхтоўка, сіла волі, мужнасць, адвага — усё гэта дазволіла выканаць задачу адказна і прафесійна. Удзел у гэтай выратавальнай аперацыі стаў яшчэ адным стымулам укамплектаваць нашы падраздзяленні самай сучаснай тэхнікай, абсталяваннем, экіпіроўкай. Сёння мы падзяляем важную для ўсяго гарнізона ратавальнікаў Міншчыны падзею — адкрыццё клуба і абноўленага падраздзялення. Мне прыемна, што тут знаходзяцца нашы дзеці, наша будучае пакаленне. Зусім хутка, напэўна, гэтыя хлопцы папоўняць рады беларускіх ратавальнікаў».

Па словах Вадзіма Сіняўскага, той ваенна-патрыятычны рух, які сёння развіваецца ў Беларусі, закліканы ўмацаваць любоў да Радзімы і сфарміраваць навык бяспечных паводзін. «Мы жадаем, каб вам з намі было камфортна, каб вы маглі зарыентавацца ў тых складаных сітуацыях, якія можа паднесці жыццё, і дапамагчы іншым, — звярнуўся міністр да дзяцей. — Але самае галоўнае, каб вы раслі сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны. Паважаныя бацькі, будзьце ўпэўнены, што ратавальнікі навучаць вашых дзяцей дабру, любові да сваёй Радзімы, навучаць праўдзе, сапраўдным каштоўнасцям нашай роднай дзяржавы».

У сваю чаргу, міністр па надзвычайных сітуацыях павіншаваў асабовы склад з адкрыццём мадэрнізаванага падраздзялення. З мэтай забеспячэння ўмоў для эфектыўнага функцыянавання атрада і камфортнай работы ратавальнікаў былі адрамантаваны ўсе камунікацыі, сістэмы ацяплення, вентыляцыі, водазабеспячэння. Рамонтныя работы былі праведзены ад замены падлогавага пакрыцця ў гаражы да ўцяплення фасадаў, даху, пакрыцця. Пераразмеркаванне памяшканняў, унутранае аздабленне, абнаўленне мэблі — усё заклікана служыць таму, каб ратавальнікі маглі ў найкароткі час адрэагаваць на выклік, а па вяртанні — прывесці ў парадак тэхніку і абсталяванне, патрэніравацца і адпачыць. Абнаўленне падраздзялення паслужыць забеспячэнню бяспекі грамадзян.

Напрыканцы мерапрыемства Вадзім Сіняўскі ўручыў юным ратавальнікам пасведчанні і знакі, якія пацвярджаюць членства ў ваенна-патрыятычным клубе.

Як адзначыў камандзір клуба Ігар Дрозд, атрымаць віншаванні асабіста ад міністра — вельмі ганарова. Малады чалавек падзяліўся сваімі эмоцыямі і чаканнямі ад заняткаў у клубе. «Першыя заняткі па страявой падрыхтоўцы ў нас ужо прайшлі, — распавёў Ігар. — Мы будзем навучацца ў клубе асновам бяспекі жыццядзейнасці, тут мы зможам развіць рашучасць, гатоўнасць не разгубіцца ў няштатнай сітуацыі і дапамагчы людзям. Важна, што мы зможам дапамагаць ветэранам вайны, удзельнічаць у мерапрыемствах, якія дазваляюць захаваць гістарычную памяць».

Вадзім Сіняўскі ўручыў кіраўніку клуба памятную плакетку з наказам, а хлопцам і дзяўчатым — салодкі падарунак — торт, упрыгожаны эмблемай клуба.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».