Вы тут

Удзельнік «Фактар.by» Уладзімір Аруцюнян: Для мяне галоўнае — застацца чалавекам


Ён стаў героем для многіх аматараў вакальнага шоу «Фактар.by», калі прайшоў на ім шлях ад кастынгу да суперфіналу. Мяняў вобразы, здзіўляў рэпертуарам, вакалам і з выпуску ў выпуск працягваў змагацца за шанц заявіць пра сябе на вялікую аўдыторыю... А як змянілася жыццё маладога чалавека пасля праекта, на што ён гатовы дзеля поспеху і ў чым бачыць уласныя перспектывы, мы распыталі ў артыста пры сустрэчы.


— Уладзімір, на «Фактар.by» ў вас з’явілася шмат прыхільнікаў, і іх інтарэс не праходзіць дагэтуль. Скажыце, у якой ступені гатовы пускаць людзей у сваю асабістую прастору?

— Асабістае жыццё — гэта толькі маё, бо я ведаю, што ёсць мяжа ў тым, што я гатовы паведаміць публіцы. Заўсёды з задавальненнем дзялюся нейкімі фактамі пра сябе, магу расказаць пра ўласны вопыт як чалавека і артыста, але ў прынцыпе адкрываюся людзям толькі ў той меры, якую лічу для сябе прымальнай.

— А сяброў у вас шмат? Што ўвогуле значыць для вас сяброўства?

— У мяне іх трынаццаць. Як у фільме «13 сяброў Оўшэна» (Смяецца.) У нас менавіта мужчынскае сяброўства. У маім разуменні дружба — гэта калі табе цікава і ёсць пра што пагаварыць з чалавекам, і вы абодва гатовыя прыйсці на дапамогу абсалютна бескарысліва. Не мае значэння, клічаш ты сябра штурхаць машыну ў мароз познім вечарам альбо ён дапамагае табе як прафесіянал у нейкім пытанні. Сапраўдны сябар заўсёды з табой і на тваім баку проста таму, што вы блізкія па духу. Менавіта ў гэтым для мяне заключаецца самая вялікая каштоўнасць сяброўства.

— Думаю, прыхільніцам цікава, якую дзяўчыну вы ўяўляеце побач з сабой?

— Я разумею, што прафесія артыста — гэта пастаянныя раз’езды, знаёмствы і сустрэчы са шматлікімі людзьмі, і прыняць такі стыль жыцця не заўсёды проста. Таму мне хочацца спаткаць клапатлівую, добрую дзяўчыну, якая здолее зразумець мяне, маю прафесію і падтрымае на абраным шляху.

— На праекце «Фактар.by» што было для вас найбольш складаным выпрабаваннем?

— У прынцыпе ўсё шоу можна разглядаць як выпрабаванне, дзе ты праяўляеш сябе ў самых розных сітуацыях. Ты можаш не паесці, не высыпацца, але найбольш перажываеш за вынік плюс разумееш, што гэта работа ў прамым эфіры. А паралельна людзі часам пішуць табе недарэчныя, крыўдныя каментарыі — усе ўдзельнікі такія паведамленні атрымлівалі. Таму ўвесь час на праекце — адзін вялікі экзамен, але я яго ўспрымаў як магчымасць мне вырасці над сабой.

— А ў той перыяд, калі вам давялося развітацца з перспектывай спартыўнай кар’еры і пераключыцца на музыку, што дапамагло прыняць сітуацыю?

— Разуменне, што гэта ўжо незваротны крок. Але пэўны час усё яшчэ працягваў заставацца ў спорце. Я чатыры гады займаўся бодзібілдынгам, у чым таксама дасягнуў добрых вынікаў. І менавіта тое, што нават са зменай прафесійных інтарэсаў працягваў хадзіць на трэніроўкі, мне і дапамагло паступова перастроіцца на новую хвалю.

— А хто і ў чым з’яўляецца для вас прыкладам сярод спартсменаў?

— Бясспрэчны прыклад для мяне — Крышціяну Раналду. Ён — чалавек, пацалаваны Богам, які зрабіў сябе сам. Яго гісторыя — той выпадак, калі хлопец нарадзіўся ў «нетрах», але меў мару, мэту і настойліва займаўся, каб дасягнуць жаданага. Гэтым я ў ім вельмі захапляюся. Як і тым, што і сёння, дасягнуўшы ўжо неверагодных поспехаў у сваёй сферы, ён працягвае самаўдасканальвацца.

— Скажыце, хто сёння стаіць за артыстам Уладзімірам Аруцюнянам?

— Сёння гэта Белтэлерадыёкампанія, мае бацькі і прыхільнікі. Словам, усе тыя, хто ў мяне верыць і падтрымлівае. Таксама пасля праекта ў мяне з’явіўся менеджар. З ім можна весці ўсе перамовы адносна маіх канцэртаў і выступленняў.

— Ведаю, вы не з’яўляецеся вялікім прыхільнікам сацыяльных сетак, таму спытаю, ці падзяляеце думку, што такія пляцоўкі варта разглядаць як прастору для прасоўвання артыста? І ўвогуле які варыянт вашага далейшага існавання як артыста лічыце аптымальным?

— Так, я не вялікі аматар сацыяльных сетак, бо яны зацягваюць і адбіраюць шмат часу, які можна выкарыстоўваць для больш важных і карысных спраў. Я адношу сябе не да спажыўцоў кантэнту такога фармату, а хутчэй да тых, каму цікава ствараць штосьці карыснае для іншых. І згодны з тым, што за інтэрнэт-прасторай — будучыня, бо ўжо зараз мы пераконваемся і бачым шматлікія прыклады таго, наколькі хутка можна падняцца і выстраліць праз сацыяльныя сеткі. Таму я таксама вучуся ўзаемадзейнічаць са сваёй аўдыторыяй і ў гэтай прасторы. Але ўсё ж буду старацца ладзіць больш жывых выступленняў.

— А на што вы арыентаваліся, абіраючы сабе прафесійную сферу?

— Мяне заўсёды прываблівала музыка. Паколькі мая першая спроба паступіць ва ўніверсітэт культуры і мастацтваў не мела поспеху — не прайшоў на бюджэт, то я спачатку пайшоў вучыцца ў каледж. А там ужо зразумеў, што яшчэ адзін варыянт далейшай адукацыі — гэта паступленне на факультэт эстэтычнай адукацыі БДПУ. І менавіта тут я навучаюся зараз у магістратуры. Планую застацца ў родным універсітэце працаваць выкладчыкам па вакале.

— Які вопыт дае вам жыццё ў студэнцкім інтэрнаце?

— Перш за ўсё, там чалавек вучыцца наладжваць узаемаадносіны з іншымі. У блоку мы жывём па некалькі чалавек, і штогод хтосьці з’язджае, а на яго месца засяляецца новы сусед. І ўменне дамаўляцца з усімі, часам ісці на кампрамісы, арганізоўваць агульную падрыхтоўку чагосьці — прыборка, гатаванне ежы і г. д. — працэсы, якія аб’ядноўваюць і дазваляюць адкрываць людзей з новых ракурсаў. Плюс у такіх умовах выхоўваецца самастойнасць, таму што бацькоў ужо няма побач. Толькі ты сам адказваеш за тое, як выглядаеш, чым харчуешся і якім чынам размяркоўваеш час.

— На што вам не шкада вольных гадзін?

— На сустрэчы з сябрамі, ігру на фартэпіяна і чытанне кніг. Са школы вельмі люблю беларускую літаратуру.

— Якім творам аддаяце перавагу?

— З задавальненнем чытаў «Знак бяды» і «Сотнікава» Васіля Быкава, «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча, «Сэрца на далоні» Івана Шамякіна. Усяго не пералічыш, але беларускія аўтары заўсёды ў ліку любімых.

— А хто з вашай сям’і аказаў на вас як на асобу найбольшы ўплыў?

— Маім выхаваннем мама і тата займаліся аднолькава, але як хлопчык я ўсё ж больш цягнуўся да бацькі. З ім мы часцей размаўлялі, разам рабілі нешта. Тата заўсёды вучыў мяне кіравацца розумам у любой сітуацыі. Думаю, у пэўнай ступені даецца ў знакі і тое, што па лініі бацькі ў мяне армянскія карані. Мне ўласцівыя імпульсіўнасць і ўпартасць.

— З назіранняў за бацькамі: які вопыт вы хацелі б пераняць для сваёй будучай сям’і?

— Іх згуртаванасць і ўменне размаўляць, разумець адно аднаго. Гумар. І галоўнае — усведамленне, што рашэнне стварыць сям’ю з пэўным чалавекам — гэта ўжо назаўсёды.

— Па-вашаму, што значыць быць сапраўдным мужчынам сёння?

— Лічу, што гэта чалавек, які мае сям’ю, дзяцей і забяспечвае іх усім неабходным. У такога мужчыны ёсць мэты, да якіх ён ідзе, і пры гэтым ён няспынна развіваецца як асоба.

— А на што вы ніколі не пойдзеце дзеля вялікага поспеху?

— Для мяне як артыста поспех у тым, каб пакінуць сваё імя ў гісторыі і справай свайго жыцця заваяваць любоў аўдыторыі, якая будзе мяне помніць, прыходзіць на мае канцэрты. Аднак нават дзеля гэтага я не згодны ісці па галовах, бо перакананы, што па-сапраўднаму чалавек паспяховы тады, калі здолеў уласнай працай дайсці да вяршынь. Я хачу незалежна ад абставін заставацца чалавекам…

Алена ДРАПКО

Фота з архіва героя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.