Вы тут

«Хатынскі спіс» дапоўнены 30 населенымі пунктамі, якія будуць увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь»


Расследаванне, распачатае Генеральнай пракуратурай па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, вядзецца ўжо другі год. За гэты час устаноўлены невядомыя дагэтуль месцы масавага знішчэння і прымусовага ўтрымання мірнага насельніцтва Беларусі. Праведзены раскопкі, у якасці пацярпелых і сведак дапытана звыш 16 тысяч асоб. Матэрыялы крымінальнай справы сведчаць: маштаб трагедыі, звязаны з дзеяннямі акупацыйных сіл фашысцкай Германіі на тэрыторыі Беларусі, нашмат большы, чым лічылася раней.


На падставе архіўных крыніц, а таксама дзякуючы ўспамінам удзельнікаў і сведак тых падзей, Генпракуратурай вызначана найбольш дакладная колькасць спаленых населеных пунктаў. У гады Вялікай Айчыннай вайны фашыстамі і іх памагатымі на тэрыторыі нашай краіны поўнасцю або часткова было знішчана звыш 10,3 тысячы паселішчаў — на тысячу больш, чым лічылася да нядаўняга часу.

Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры, да 186 населеных пунктаў, спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі разам з насельніцтвам у гады акупацыі і не адноўленых пасля вайны, у «Хатынскі спіс» дабаўлены яшчэ 30 паселішчаў. Большасць з іх — 21 населены пункт — раней знаходзілася ў Асвейскім (цяпер Верхнядзвінскім) раёне. Усе яны будуць увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». Пры ўключэнні ў «Хатынскі спіс» новых паселішчаў улічваліся звесткі аб іх назвах, геаграфічным размяшчэнні ў гады вайны і ў цяперашні момант, абставіны знішчэння разам з жыхарамі і іншае. Такім чынам, не менш як 216 населеных пунктаў, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, больш ніколі не паўстала з попелу, назаўсёды знікла з геаграфічнай карты Беларусі. Пра лёсы паселішчаў і іх жыхароў, якія ўпершыню будуць увекавечаны ў Хатыні, — далейшы аповед.

Булы: малітва не спыніла ворага

Вёску Булы Верхнядзвінскага раёна карнікі спалілі 16 лютага 1943 года. З 39 двароў, якія былі тут да вайны, не засталося ні аднаго. У акце аб колькасці загінулых жыхароў вёскі Булы Росіцкага сельсавета Дрысенскага раёна, складзеным 3 чэрвеня 1943 года Зыгмунтам Амяльчонкам і Іванам Пірагом, паведамляецца аб 125 ахвярах: указваецца, што падчас карных дзеянняў немцаў загінулі 8 мужчын (трое старых і пяцёра маладых), 39 жанчын (15 старых і 24 маладыя) і 78 дзяцей. У кнізе «Памяць. Верхнядзвінскі раён» гаворыцца, што ў той дзень у Булах загінулі 127 чалавек.

Каменны напамін аб вёсцы Булы і яе жыхарах

Населены пункт быў знішчаны падчас карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва». Гэта была адна з найбольш жудасных аперацый фашыстаў на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якая па сваёй жорсткасці і колькасці ахвяр пераўзышла ўсе іншыя акцыі нацыстаў па знішчэнні мірных жыхароў. У лютым — сакавіку 1943 года на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага і Расонскага раёнаў, што на Віцебшчыне, а таксама Себежскага раёна Расіі гітлераўцы і іх памагатыя спалілі звыш 430 вёсак, знішчылі тысячы мірных жыхароў. Дагэтуль даследчыкі не могуць устанавіць дакладную лічбу забітых. Іх колькасць, па некаторых звестках, даходзіць да 12 тысяч чалавек. Толькі ў адным Верхнядзвінскім раёне (Асвейскім і Дрысенскім да вайны) карнікі спалілі 426 вёсак, а іх жыхароў расстралялі або жывымі кінулі ў агонь. Астатніх — амаль 15 тысяч мірных грамадзян — вывезлі ў рабства ў Германію. 203 вёскі так ніколі і не паўсталі з попелу, а тысячы іх жыхароў, каму пашчасціла выжыць, не вярнуліся на радзіму — не было куды вяртацца.

— Вёскі Булы, Забароўцы, Козлава трапілі ў пастку фашысцкіх карнікаў у першыя дні карнай акцыі «Зімовае чараўніцтва», калі на рахунку людаедаў ужо была жудасная расправа ў Росіцы, якая распаліла крыважэрныя апетыты немцаў і паліцаяў, нацкавала іх на далейшыя «подзвігі» ў вайне супраць мірнага насельніцтва, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея Антон Бубала. — Заслоненыя ад Росіцы рукавом лесу, жыхары гэтых вёсак бачылі зарыва і чорныя дымавыя хмары на захадзе, але іх свядомасць ніяк не хацела верыць, што ў агні могуць гарэць людзі. На папярэджанне партызанскіх разведчыкаў адгукнуліся толькі тыя нямногія гаспадары, у якіх меўся конь. Але ж навокал ляжалі глыбокія лютаўскія снягі, у вялікіх сем’ях туліліся дзеці... 

І ўрэшце стала зразумела: позна, паратунак адзін — у Бога. Выхаваныя пад крылом рэлігійнай маралі ў бажніцах Росіцы, людзі аддаліся на яго волю, і, калі звярыная аблава вымкнула з лесу, усе як адзін жыхары Булаў выйшлі ім насустрач з абразамі і пасталі на калені ў малітве. Нямецкія камандзіры пахвалілі іх за арганізаванасць і накіравалі палонны натоўп на «інструктаж» у самую вялікую хату, якая хутка стала вогненнай магілай для яе 127 вязняў, палову з якіх складалі дзеці.

Брацкая магіла на месцы спаленых Забароўцаў

Пра лёс сваіх аднавяскоўцаў перад смерцю з бальнічнага ложка расказала адзіная ўцалелая, ужо стагадовая жыхарка Хрысціна Абразэй. Праз дзесяцігоддзі яе памяць захавала імёны ўсіх — ад малога да старога, а таксама ўсе жахлівыя моманты апошняга дня вёскі Булы.

Забароўцы і Козлава: 45 ахвяр

— У той жа час запалалі хаты ў Забароўцах, — распавядае пра далейшы ход падзей Антон Бубала. — Звярыны апетыт падагрэла і відовішча аднаго са «сталінскіх» дотаў, які стаяў у вёсцы з даваенных часоў на самым бачным месцы. Стаіць ён і цяпер, толькі замест вёскі — чыстае поле ды брацкая магіла яе ахвяр пры дарозе.

Трагедыя ў Забароўцах адбылася ў лютым 1943 года. Карнікі знішчылі ўсе 12 двароў, пазбавілі жыцця 20 чалавек.

У тыя ж дні з геаграфічнай карты Беларусі знік і некалі ўтульны фальварак Козлава, загінулі 25 чалавек. «Козлава знаходзілася ўдалечыні ад вялікіх дарог і блізка да балота, але карнікі не абмінулі ўвагай і гэту вёсачку з пяці хат, — заўважае старшы навуковы супрацоўнік Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея. — У кнігу „Памяць“ яна трапіла кароткай ахвярнай таблічкай: Бабковы, сям’я; Клімовічы, сям’я; Лаўчыноўскія, сям’я; Міцкевічы, сям’я; Піткевічы, сям’я. У гэтым куце ёсць і асобная магіла. У ёй пахавана дзяўчынка Аня Бабанава, якая, не спадзеючыся на нябёсы, імкнулася, відаць, знайсці паратунак у гіблым балоце, але, зняможаная ў снягах, трапіла аслабелым птушанём проста пад штыкі ды кулі фашыстаў».

Ваўчкі: перад смерцю людзей катавалі 

У памяць аб жыхарах вёскі Ваўчкі

Вёска Ваўчкі знаходзілася прыкладна за 50 кіламетраў ад Віцебска. Цяпер на месцы былога населенага пункта — палі, засеяныя сельскагаспадарчымі культурамі, зарослыя бур’яном яры, масівы са змешаных парод дрэў і кустоў. Вялікі дуб, як адзіны сведка той трагедыі, захоўвае памяць аб людзях, што некалі тут жылі, выхоўвалі дзяцей, будавалі планы на будучыню. Замацаваная на дрэве таблічка сведчыць: «На гэтым месцы знаходзілася в. Ваўчкі. У 1928 г. — 13 двароў. Знішчана ў лютым 1943 г., загінулі 43 жыхары. Не аднавілася».

Прыкладна на адлегласці паўкіламетра ад дуба знаходзіцца курган — на месцы знішчанай вёскі ён быў насыпаны ў 1968 годзе. На вяршыні кургана ўстаноўлены помнік, які ўвекавечвае памяць жыхароў вёскі Ваўчкі, расстраляных у гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Пасля вайны аб злачынствах фашыстаў у гэтай мясцовасці расказваў ураджэнец вёскі Асіпоўшчына Лёзненскага раёна Дзмітрый Махлаеў. У 1943 годзе, калі адна за адной у акрузе адбываліся вогненныя трагедыі, мужчына знаходзіўся ў партызанскім атрадзе. Па яго словах, жыхары вёскі Ваўчкі былі расстраляны, а потым спалены. Перад смерцю людзей катавалі: ім выколвалі вочы, адразалі вушы... Тыя, каму пашчасціла выжыць, былі адпраўлены ў нямецкае рабства. Абставіны знішчэння вёскі і яе жыхароў, як адзначаў Дзмітрый Махлаеў, адсутнічаюць з прычыны таго, што насельніцтва гэтай вёскі поўнасцю было знішчана. З цягам часу складана разабрацца, пра які населены пункт ідзе гаворка ў пратаколе допыту Дзмітрыя Махлаева: «У прысутнасці Петуховай Марыі Сафонаўны былі расстраляны яе дзеці: сын 19 гадоў і яшчэ двое дзяцей ад 13 да 16 гадоў, а затым была расстраляна і сама». Потым, па словах былога партызана, забітых кінулі ў хаты, якія гарэлі. З яго ж успамінаў: «На вачах Усцінавай Надзеі расстралялі пяцігадовае дзіця, а затым і маці. Дзяўчына Усцінава Ганна 23 гадоў была згвалтавана на вачах 70-гадовай маці, а затым расстраляны дачка і маці».

Затлойшчына: «Без сур’ёзнага супраціўлення»

Помнік спаленым жыхарам Затлойшчыны

Яшчэ адна верхнядзвінская сястра Хатыні — вёска Затлойшчына. Населены пункт быў спалены 3 сакавіка 1943 года. Карнікі знішчылі ўсе 30 двароў. Загінуў 61 жыхар — такія скупыя звесткі дае кніга «Памяць. Верхнядзвінскі раён».

Вядома, што ў знішчэнні населенага пункта брала ўдзел група палкоўніка ахоўнай паліцыі Кнехта. Паводле дакументаў, у яе склад уваходзілі штаб групы, 10-ы маторны ўзвод жандармерыі, узвод сувязі Лявенскага, батарэя зенітнай артылерыі Гацье, 276-ы, 277-ы, 278-ы і 279-ы латышскія паліцэйскія батальёны. Мэтай падраздзяленняў было «выяўленне бандытаў»: менавіта так нацысты называлі партызанаў.

З дзённіка баявых дзеянняў групы Кнехта: «На другі дзень наступлення на занятай напярэдадні тэрыторыі бандыты не былі выяўлены. Вёскі Шлыкі, Жарабцова, Затлойшчына, Папялушава, Курашы, Дзямідава, Дубровы, Чэрвонцы і 6 хутароў заняты без сур’ёзнага супраціўлення. Штаб, 10-ы (матор.) узвод, узвод жандармерыі і зенітная батарэя ў раёне вёскі Шлыкі былі абстраляны з мінамётаў. СД расстраляна 204 чалавекі бандыцкіх памагатых. Усе пералічаныя вышэй вёскі і хутары спалены. Дзённая задача батальёнамі выканана».

Пушчавыя: тройчы спаленая

Вёску Пушчавыя палілі тройчы: у 1942, 1943 і 1944 гадах. Найбольш жудасная акцыя, калі населены пункт разам з 48 жыхарамі быў поўнасцю знішчаны, адбылася тут у лютым 1943 года. Тыя, каму пашчасціла выжыць, спрабавалі адрадзіць вёску, аднак смерць усё роўна іх напаткала.

Помнік жыхарам вёскі Пушчавыя

З успамінаў Марыі Доўгай (г. Рыга):

«... На востраве Жаночы Бор нас было, мабыць, каля тысячы чалавек — з вёсак Абрамова, Крыськава, Нямыцькі, Гарадзішча, Каркалец. Пад 1 мая зрабілі цераз дрыгву грэблю, як стараста параіў: маўляў, выедзем, зааром агароды ды засеем, восенню будзе што ўбіраць. Так і зрабілі. А ў 9 гадзін раніцы 1 мая заявіўся карны атрад Мартыноўскага на чале з яго намеснікам Рашэтнікавым, што базіраваўся ў Жагулях. Раздзяліўшыся на дзве групы, яны рушылі на Барысова і да нас завіталі па той грэблі. ...Нас пагналі, як жывёлу. Аслабелых пасля тыфу людзей білі, а мы ледзьве ішлі — ад 9 раніцы да 9 вечара. Перашкодай стаў узарваны мост на рачулцы паміж вёскамі Каменка і Пушчавыя. Тут нам загадалі сесці. Жыхары Пушчавых кінуліся ўцякаць са сваіх зямлянак, некаторым гэта ўдалося, астатніх далучылі да нас. Церахаў падзяліў нас на дзве групы. Мой свёкар і я з бацькам засталіся на месцы, а маці з пяццю дзецьмі пагналі да Кахановіч. Усю тую групу з Кахановіч завезлі ў Дрысу, у СД. Пратрымаўшы іх там чацвёра сутак, у суботу 5 мая завезлі ў Азернікі і спалілі там жывымі.

...Нас стралялі ў Крыжаборыку — колькі было, цяжка палічыць. Мяне выдаў стараста, сказаўшы, што я жонка партызана, па чыю галаву быў высланы атрад карнікаў. Я была цяжарная, і мяне ўзялі ў палон. З Дрысенскага СД я трапіла ў турму, потым у канцлагер Саласпілс, адтуль — у Равенсбрук. 7 верасня ў мяне нарадзілася дачушка Оля. Яна пражыла 9 месяцаў, і яе спалілі ў крэматорыі, бо не было чым карміць».

Смалаўкі: у брацкай магіле большасць — дзеці

Імёны некаторых загінулых у вёсцы Смалаўкі ўвекавечаны на пастаменце

У лясную вёску Смалаўкі смерць прыйшла падчас карнай экспедыцыі «Ота» — у апошнюю ваенную зіму, калі нямецкае камандаванне вырашыла канчаткова «зачысціць» тэрыторыю партызанскай зоны. Населены пункт быў спалены 25 снежня 1943 года. Па інфармацыі Генпракуратуры, у вёсцы загінула паўсотні чалавек. На помніку, устаноўленым на брацкай магіле ў Смалаўках, дзякуючы клопату Дзёрнавіцкага сельскага Савета і яго старшыні, можна прачытаць імёны 17 ахвяр, дзесяць з іх — дзеці.

«Партызанскія атрады, абцяжараныя тысячамі збеглых ад смерці ў лясы жыхароў спаленых вёсак, памкнулі да лініі фронту, папярэдне правёўшы арганізацыйную і тлумачальную работу ў лясных лагерах ды сховішчах, — расказвае Антон Бубала. — Адным з пунктаў збору сталі Смалаўкі, дакладней, адзін з раскіданых па лесе пад агульнай назвай хутароў ды леснічовак. Для збору была абрана сядзіба пры разбегу лясных дарог. Частка абяссіленых ды хворых людзей не адважылася рушыць у цяжкі шлях. З імі застаўся і паранены партызан Мікалай Ушацкі. Пакінуўшы за сабой папялішча, карнікі рушылі па слядах за калонай».

Міхалец: трагедыя хутара

Як устаноўлена Генеральнай пракуратурай, у Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці поўнасцю або часткова ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкімі захопнікамі былі спалены ўрочышчы Войтаў Мост і Ялава, хутары Каралёва, Людвінава, Арлова і Міхалец. Апошні хутар папаўняе «Хатынскі спіс». Да вайны ў Міхальцы былі два двары, пражывала шэсць чалавек. У пачатку 1942 года карнікі спалілі ўсе хаты і пабудовы, якія меліся на хутары, пакінуўшы людзей без даху над галавой, дваіх чалавек забілі. Ад знішчанага назаўсёды населенага пункта нічога не засталося. Няма там і помніка, які нагадваў бы аб трагедыі.

З успамінаў Веры Грыцкевіч (аг. Новы Двор, Свіслацкі раён):

«Са слоў бацькоў мне вядома, што ў пачатку 1942 года нямецкімі войскамі былі знішчаны шляхам спалення хутары Каралёва, Міхалец і Людвінава. Ці ўдзельнічалі ў знішчэнні хутароў паліцаі, іншыя карныя атрады, мне невядома. Калі я не памыляюся, на кожным хутары было па 2-3 хаты. Ці быў хтосьці забіты ў ходзе гэтых карных акцый, мне невядома. Жыхары хутароў былі пераселены ў в. Новы Двор».

Кабыліна Балота: трагедыя без напаміну

У «Хатынскі спіс» унесены звесткі аб трох населеных пунктах Мінскай вобласці: Кабыліна Балота (Слуцкі раён), Ямнае (Салігорскі раён) і Сухі Востраў (Смалявіцкі раён). Да вайны на хутары Кабыліна Балота было два двары, у якіх пражывала шэсць чалавек. Паводле кнігі гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк», 22 лютага 1943 года нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі тут 65 чалавек — можна меркаваць, жыхароў іншых населеных пунктаў, якія маглі хавацца на хутары. Ад спаленага паселішча не засталося ніякага напаміну. Аб людзях, якія тут некалі жылі, — таксама.

Ямнае: суцэльнае папялішча

Вёску Ямнае, што ў Салігорскім раёне, карнікі спалілі ў лютым 1943 года. Усе 16 двароў, якія былі тут да акупацыі, зраўнавалі з зямлёй. Усіх 92 жыхароў ператварылі ў попел. Цяпер на месцы былога населенага пункта — поле каля лесу. Аб тым, што тут некалі жылі людзі і якая доля іх напаткала 80 гадоў таму, нагадвае помнік, агароджаны металічным заборам. На помніку зафіксаваны факт знішчэння вёскі ў лютым 1943 года. Колькасць загінулых не ўказваецца.

Сухі Востраў: вярнуліся і трапілі ў пекла

Вёска Сухі Востраў Смалявіцкага раёна таксама была поўнасцю знішчана і больш ніколі не адрадзілася. Помнік, размешчаны ў лясным масіве, сведчыць: «Тут 3 красавіка 1943 г.  нямецка-фашысцкія захопнікі расстралялі і спалілі разам з вёскай Сухі Востраў 52 савецкіх грамадзян».

З успамінаў Уладзіміра Кранцэвіча (в. Крывая Паляна):

«9 красавіка 1943 г. пасля абеду ў нашу вёску наляцелі эсэсаўцы і паліцаі, якія адразу пачалі падпальваць хаты. Жыхары былі загадзя папярэджаны партызанамі і схаваліся ў лесе. Аднак, як потым высветлілася, не ўсе здолелі схавацца. Нехта паведаміў, што немцы ідуць у лес, таму жыхары вёскі перабраліся цераз Усяжу і схаваліся ў траве, а пад вечар вырашылі вярнуцца да родных хат і нарваліся на карнікаў. Тыя адкрылі агонь. Пайшоў моцны снег, які перашкаджаў ім весці прыцэльны агонь. Людзі пераправіліся назад цераз Усяжу і схаваліся хто ў лугах, хто ў лесе. Але немцы не супакоіліся. Здаецца, 13 красавіка яны зрабілі аблаву, у якую трапіла шмат людзей. Сагнаўшы ўсіх у калону, карнікі павялі іх у в. Сухі Востраў, дзе спалілі жывымі. Толькі трое змаглі выбрацца з таго пекла: дваіх я помню — Брылеўская Юзэфа і Шабан Міхаіл. Паводле расказа Міхаіла Шабана, гітлераўцы загналі людзей у дом Фраловічаў і пачалі расстрэльваць, потым абклалі яго саломай і падпалілі.

Калі ўсё заціхла, мы, хто застаўся жывы, вярнуліся на родныя папялішчы. Там мы ўбачылі расстраляных каля сваіх хат аднавяскоўцаў — сям’ю Рабецкіх, Паўла і Вольгу, і чатырох іх дзяцей, сям’ю Навумовічаў (фашысты забілі не толькі бацькоў, а і пяцёра іх дзяцей: Любу, Сашу, Валю і гадавалых двайнят). На двары Паўла Шабана побач з ім ляжалі яго жонка і двое іх дзяцей. Нам з цёткай Анэляй было вельмі страшна. Мы адшукалі зямлянку і схаваліся ў ёй. Праз некалькі дзён у вёсцы зноў з’явіліся немцы. Яны знайшлі нас, але, на шчасце, не расстралялі, а сказалі перабірацца ў вёску Юр’ева. Так мы засталіся жывыя».

Помнік на месцы былой вёскі Сухі Востраў

З успамінаў Юзэфы Брылеўскай (Варанько), в. Алешнікі Лагойскага раёна:

«Праз два-тры дні пасля спалення вёскі Крывая Паляна (яе спалілі 9 красавіка 1943 года) я з трыма дзецьмі і яшчэ чалавек 20-30 (у асноўным дзеці і жанчыны) былі выяўлены карнікамі ў лесе і дастаўлены ў вёску Сухі Востраў Смалявіцкага раёна. У гэты час яна ўжо гарэла. Заставалася цэлай толькі адна хата, прыкладна пасярод вёскі, куды нас і загналі. Помню, што разам з намі ў яе запіхнулі некалькі сем’яў партызанаў і траіх жыхароў вёскі Сухі Востраў, усяго звыш сарака чалавек, сярод якіх у асноўным былі жанчыны і дзеці. Калі я знаходзілася яшчэ перад хатай, нейкі карнік у нямецкай форме зялёнага колеру сказаў мне, што нас расстрэльваць не будуць. У гэтай хаце мы прасядзелі гадзіны паўтары, жанчыны і дзеці плакалі. Потым праз акно я ўбачыла, як фашысты акружылі хату і хацелі кінуць у яе гранату, але чамусьці не кінулі. Некалькі чалавек зайшло да нас, і я адразу страціла прытомнасць. Прыйшла ў сябе толькі пасля таго, як пачала адчуваць апёкі. Я ўбачыла, што ляжу сярод трупаў, уся ў крыві, а на галаве ў мяне была рана. Мае ногі і валасы былі абгарэлыя, гарэла адзенне. С цяжкасцю я выпаўзла з-пад трупаў і выбралася праз акно хаты, якая гарэла, на вуліцу, а затым запаўзла ў нейкі склеп. Калі і ён загарэўся, я адпаўзла далей на агарод. Я бачыла, як сышлі карнікі, а некаторыя на павозцы паехалі ў кірунку вёскі Юр’ева. Пераначаваўшы недалёка ад вёскі, я разам з хлопчыкам гадоў васьмі, які выпадкова выратаваўся, раніцай сустрэла асобных партызанаў і мірных жыхароў (ужо дакладна не памятаю каго), якім расказала аб тым, што адбылося».

З успамінаў Уладзіміра Дарашкевіча (в. Бабін Лес):

«Я нарадзіўся і жыў у Сухім Востраве да яго спалення. Хутчэй за ўсё, гэта быў хутар, які знаходзіўся пасярод лесу, бо ўсяго шэсць хат стаяла. Але дзяцей сярод жыхароў было нямала. У той дзень, калі спалілі Сухі Востраў, была ў акрузе нямецкая блакада. Партызаны нас папярэдзілі, каб мы сыходзілі ў балота. Вось мы і вывезлі ўсё, што маглі, і на вялікай лясной паляне пабудавалі лагер. У акрузе палілі і іншыя вёскі, жыхары якіх уцякалі ў лес. Калі прыйшлі немцы ў Сухі Востраў, мы ўсё пакідалі і сталі хавацца. Іван Дарашкевіч быў хворы, так ён і не змог уцячы, яго застрэлілі. Астатнія людзі пабеглі па балоце. Доктар Аляксей Храловіч, Вінцусь Юзуфовіч, Міша і Леаніда Храловічы адсталі ад нас. Мы прайшлі праз балота і ноччу пайшлі ў вёску Бабін Лес, дзе жыла бацькава родная сястра. А ў гэты час карнікі злавілі крывапалянцаў (жыхароў вёскі Крывая Паляна. — „Зв“.) і прыгналі да нас, у Сухі Востраў. Там былі і старыя, і жанчыны, і дзеці. Усіх запіхнулі ў хату Антона Храловіча, Міша і Лёня, якія не былі з намі, напароліся на немцаў. Немцы іх і забралі назад на хутар, дзе ўжо былі людзі з Крывой Паляны. У балоце карнікі злавілі і прывялі яшчэ партызанскую сям’ю Сафронавых, якая жыла ў вёсцы каля Жодзіна. Мішу Храловіча немцы білі, спрабавалі даведацца, дзе знаходзяцца партызаны, але, на шчасце, ён жывы застаўся. Усіх людзей у хаце паставілі ў шэраг, некаторыя дзеткі сядзелі на падлозе. Карнікі нанасілі ў хату саломы, а потым з аўтамата пачалі страляць па людзях. Мне Міша расказваў, што ён, як убачыў, што немцы настаўляюць зброю на іх, адразу на падлогу ўпаў. Дзяўчынцы, якая стаяла побач з ім, куля трапіла ў нагу, і яна таксама ўпала. Не ўсе тады ад куль загінулі, дзеці некаторыя зажыва згарэлі, крычалі вельмі. У той дзень загінуў і мой родны брат Міхаіл, якому ішоў толькі васямнаццаты год. Міша Храловіч з той дзяўчынкай змаглі выбрацца з-пад трупаў, калі фашысты сышлі. Папаўзлі яны праз агароды да лесу, так і жывымі засталіся. Забілі тады і старога Юзуфовіча. Ён не захацеў уцякаць, сказаў: „Раз усіх людзей пабілі, няхай і мяне забіваюць“. А сям’я яго жывая засталася. З Сухога Вострава згарэлі Лёня Храловіч, мой брат Міша, Вінцэсь Юзуфовіч і Іван Дарашкевіч. Астатнія спаленыя былі з іншых населеных пунктаў. Цяжка было потым згарэлых апазнаць, але мы пазналі брата па абгарэлых дакументах, якія ўцалелі неяк у кішэні штаноў. Астанкі многіх жыхароў забралі сваякі і пахавалі ў агульнай магіле. Брата мы пахавалі асобна».

Целы тых, хто загінуў у Сухім Востраве, перапахаваны на грамадзянскіх могілках у вёсцы Бабін Лес. Як і на месцы былой вёскі, у памяць аб людзях, якія сталі ахвярамі карнікаў, там устаноўлены помнік.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Генпракуратуры і Верхнядзвінскага гісторыка-краязнаўчага музея

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».