Вы тут

Лукашэнка прыляцеў з афіцыйным візітам у Тэгеран. Чым цікавыя адзін аднаму Беларусь і Іран


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візітам у Іран. Беларускі борт нумар адзін прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Мехрабад, паведамляе БелТА.


Гэта трэці візіт беларускага Прэзідэнта ў Іран. Апошні адбыўся 17 гадоў таму.

У Тэгеране 13 сакавіка Аляксандр Лукашэнка правядзе перамовы з прэзідэнтам Ірана Эбрахімам Раісі. Да гэтага кіраўнікі дзяржаў сустракаліся на палях самітаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Душанбэ 16 верасня 2021 года і роўна праз год у Самаркандзе.

Што будзе абмяркоўваць Лукашэнка з кіраўніцтвам Ірана

«Галоўнай тэмай перамоў у Тэгеране стане развіццё ўзаемадзеяння па ўсім спектры двухбаковых адносін з акцэнтам на гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. Сустрэча прэзідэнтаў пройдзе ў вузкім і пашыраным складах з удзелам членаў дэлегацый. Бакі абмяркуюць рэалізацыю праектаў у сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту і лагістыкі. Асобная ўвага будзе нададзена сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце ў цэлым», — паведаміла прэс-служба беларускага лідара.

У Іране Аляксандр Лукашэнка таксама правядзе сустрэчы з першым віцэ-прэзідэнтам Махамадам Махберам, старшынёй Сходу ісламскага савета Махамадам-Багерам Галібафам і вярхоўным лідарам Ірана Алі Хаменеі.

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Іране Дзмітрый Кальцоў у інтэрв’ю БелТА заявіў, што Беларусь гатовая да ўмацавання не толькі поўнафарматнага палітычнага дыялогу з Іранам, але і да развіцця гандлёва-эканамічных сувязяў, сумесных інвестыцыйных праектаў. Ключавой сферай узаемадзеяння ён назваў эканамічнае супрацоўніцтва.

На якім узроўні знаходзіцца гандаль паміж Беларуссю і Іранам

У 2021 годзе тавараабарот паміж краінамі перавысіў $33 млн, павялічыўшыся больш чым на трэць у параўнанні з 2020-м. Але за мінулы год узровень гандлю дадаў яшчэ больш істотна: у 2022 годзе Беларусь і Іран нагандлявалі на $100 млн, а гэта трохразовы рост.

Беларусь дапамагала Ірану пастаўкамі тэхнікі і абсталявання, прымала на навучанне іранскіх студэнтаў. Акрамя таго, беларускія спецыялісты працавалі пры ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў Бушэры.

У якіх сферах Беларусь і Іран развіваюць супрацоўніцтва

Паводле слоў Дзмітрыя Кальцова, Беларусь гатова працягваць пашырэнне супрацоўніцтва, вызначыўшы сумесна з Іранам перспектыўныя праекты ў такіх галінах, як прамысловая і тэхналагічная кааперацыя, лічбавая трансфармацыя і штучны інтэлект, зялёная эканоміка і кліматычная адаптацыя. «Па цэлым шэрагу з названых напрамкаў намі ўжо вядзецца актыўная праца», — сказаў пасол.

Ажыўленню ўзаемнага гандлю спрыяе ўдасканаленне інфраструктуры міжнароднага транспартнага калідора Поўнач — Поўдзень. «Уцягнутыя арганізацыі дзвюх краін выпрацоўваюць аптымальныя шляхі і ўмовы дастаўкі грузаў», — адзначыў дыпламат.

Транспартны калідор Поўнач — Поўдзень працягласцю 7,2 тыс. км праходзіць ад індыйскага порта Нава-Шэва, размешчанага на поўдні Мумбаі, да Санкт-Пецярбурга праз Іран. Для перавозак выкарыстоўваецца марскі, рачны і чыгуначны транспарт. Асноўнымі яго перавагамі перад іншымі маршрутамі (у прыватнасці, перад марскім маршрутам праз Суэцкі канал) з’яўляецца скарачэнне ў два разы і больш адлегласці перавозак, а таксама зніжэнне кошту перавозкі кантэйнераў у параўнанні з коштам транспарціроўкі па марскім шляху.

Беларусь і Іран аднаўляюць рэгулярныя авіязносіны

Як падкрэсліў Дзмітрый Кальцоў, рэгулярныя авіязносіны адыгрываюць важную ролю для падтрымання прамых дзелавых, навуковых, адукацыйных, культурных, турыстычных абменаў. «Зусім хутка паміж сталіцамі нашых краін будзе ўстаноўлена прамыя авіязносіны. Прамы рэйс, безумоўна, стане магутным фактарам для пашырэння эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі», — заявіў кіраўнік беларускай дыпмісіі.

Адной з цэнтральных падзей візіту стане падпісанне комплекснай дарожнай карты ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Іранам. Дакумент быў распрацаваны ў развіццё дамоўленасцяў кіраўнікоў дзяржаў, дасягнутых падчас іх сустрэчы ў Душанбэ ў верасні 2021 года.

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.