Вы тут

Возера ў чоўне, альбо «Крылы» Гаўрыіла Вашчанкі


«Іх павольнае лунанне ў вышыні, дзівосная чысціня ліній — крыніца майго натхнення. Без іх я не ўяўляю роднага Палесся. Яны нябачна прысутнічаюць у маіх работах, нават калі там не намаляваны». Так казаў народны мастак Беларусі Гаўрыіл Вашчанка пра буслоў... 


Так, крылы — бачныя ці нябачныя, позірк з птушынай вышыні на мітусню быцця заўсёды адчуваюцца ў карцінах гэтага мастака, філосафа, паэта фарбаў. Нездарма выстава да 95-годдзя Гаўрыіла Вашчанкі, якая адкрылася ў Полацкай мастацкай галерэі, мае назву «Крылы». У старажытных мурах колішняга полацкага езуіцкага калегіюма, дзе месціцца галерэя, усе творы мастацтва гучаць асабліва... Філасофскія палотны Гаўрыіла Вашчанкі, напрыклад, нібыта абуджаюць рэха колішніх вучоных дыспутаў, што тут гучалі, пра сэнс быцця, прысутнасць Творцы, жыццё і смерць. 

Возера і човен, а ў чоўне — не проста рыба, а, калі прыгледзецца, яшчэ адно возера, быццам жыццё ў жыцці, злоўленае хцівым рыбаром... А мо гэта алюзія на мастака, які спрабуе злавіць хоць часцінку свету ў човен сваёй творчасці? Таненькая белая постаць на фоне цёмнага лесу — душа, якая прыходзіць у цемру прафаннага быцця, і так цяжка захаваць сваё святло... Карціна «Час» — на чырвонай канапе белая талерка з яблыкам і чорны жаночы капялюш са штучнай чорнай ружай, два прадметы містычна паўтараюць адно аднаго... І адначасова нагадваюць вочы — адно глядзіць у святло, другое ў цемру... І цень ад нябачнай постаці пераразае карціну, вырастаючы з плямы капелюша-чорнага вока... Зрэшты, разгадваць карціны мастака можна бясконца, яны з’ядноўваюць універсальныя знакі — і сімволіку Палесся... Дакладней, менавіта з любові да роднага Палесся, да ягоных фарбаў і вобразаў і ўскрыляў майстар да агульначалавечых, надсветавых абагульненняў.

У Полацк, на адкрыццё выставы «Крылы» прыехалі сын Гаўрыіла Вашчанкі, мастак Канстанцін Вашчанка, з дачкой Ангелінай — унучка Гаўрылы Харытонавіча таксама таленавітая мастачка, якая ў гэтым годзе закончыць Акадэмію мастацтваў. Дарэчы, гэтымі ж днямі на выставе ў мінскім Палацы мастацтваў на выставе «Дынастыя» наведнікі са здзіўленнем і захапленнем назіралі, як працягваецца мастакоўская традыцыя сям’і Вашчанак. А ў Полацку прысутныя маглі сфатаграфаваць Ангеліну ля яе партрэта ў дзевяцігадовым узросце аўтарства яе дзеда — на фоне квітнеючых каштанаў... А мо анёлкаў, якія прыселі на цёмнае лісце будняў, заклікаючы ўзірацца ў святло мараў? А мо гэта душы продкаў на сямейным дрэве?

— Было цікава назіраць, як бацька працуе над сваімі карцінамі, не робячы нават эскізаў, — успамінаў Канстанцін Вашчанка. — Вось ён сядзіць, задумаўшыся — і ў гэты час ужо піша сваю карціну, ён бачыць яе. 

Пра шматмернасць, складаную сімволіку і беларускасць карцін майстра, пра іх пазнавальнасць і сусветную значнасць гаварыла мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская. 

—Кожнае пакаленне ўбачыць у карцінах Гаўрыіла Вашчанкі нешта новае, — сцвердзіла загадчык мастацкай галерэяй Ларыса Лысенка. 

Мастачка Марына Бацюкова згадала пра дабразычлівасць мастака — ён ніколі не адмаўляўся дапамагчы людзям, не ўзносіў сябе на п’едэстал, нават дасягнуўшы вялікай славы — да яго заўсёды можна было звярнуцца. Рэдактар аддзела культуры «Звязды» пісьменніца Людміла Рублеўская распавяла, як Гаўрыла Харытонавіч удзельнічаў у дыскусіі да юбілея Уладзіміра Караткевіча — ён тады сказаў, што кожны мастак, што б ён не маляваў, малюе свой партрэт. Сапраўды, у кожнай карціне Гаўрыіла Вашчанкі — гранічная шчырасць, здольнасць зазірнуць у глыбіні ўласнай душы і праз гэта сягнуць да калектыўнай памяці.

Канстанцін Вашчанка правёў для прысутных экскурсію па карцінах свайго бацькі, суправаджаючы ўспамінамі пра яго — атрымалася надзвычай шчыра і цікава. Каля некаторых карцін узнікалі сапраўдныя дыскусіі. Вось, здаецца, «звычайны» нацюрморт — зрэзаныя грыбы, удалечыні, на фоне лесу — дзве маленькія постаці... А ці гэта не сімвал крохкасці, хуткаплыннасці чалавечага жыцця, якое ў любы момант таксама можа быць зрэзана? 

Карціны народнага мастака пазнаюцца беспамылкова — у тым ліку дзякуючы асабліваму каларыту... Фарбам Палесся. Гаўрыла Харытонавіч вельмі любіў роднае Палессе — у свой час, трапіўшы ў Малдавію па размеркаванні пасля інстытута і добра там уладкаваўшыся, зрабіў усё, каб вярнуцца на родную Беларусь. Казаў — толькі тут, на радзіме, можа напоўніцу працаваць. І зрабіў дастаткова, каб не толькі самому застацца ў гісторыі, але і прэзентаваць у свеце сваю зямлю, краіну таямнічай, суровай прыгажосці, дзе жывуць мастакі-філосафы такога ўзроўню.

Выстава працягне сваю працу да 2 красавіка.

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Гараскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

У пачатку тыдня да Ракаў могуць падступна падкрасціся трывогі і сумневы.

Здароўе

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Як працуюць санаторныя школы-інтэрнаты для дзяцей, хворых на скаліёз?

Па статыстыцы на пяць хворых дзяўчынак прыходзіцца толькі адзін хлопчык.

Рэгіёны

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

У якіх ўмовах працавалі медыкі ў гады вайны?

Подзвіг ваенурачоў адлюстроўвае выстава Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.