Вы тут

Вясной абноўлены «Дон Кіхот» вернецца на сцэну Вялікага тэатра Беларусі


Сёмую рэдакцыю балета, які ў Вялікім тэатры Беларусі ўпершыню быў пастаўлены ў 1941-м годзе, прадставіць Валянцін Елізар’еў 24 і 25 сакавіка. Фактычна ён абнаўляе ўласную пастаноўку, якая была здзейснена ў 1989 годзе. Даўно. Але яна ішла паспяхова, карысталася ўвагай публікі. Але час ідзе, гледачоў трэба здзіўляць. А спектакль — можна абнавіць. Што і будзе зроблена: новыя дэкарацыі, новыя касцюмы. Ды і артысты маладыя падрастаюць, якія гатовыя танцаваць у лёгкім і вясёлым балеце, дзе шмат яскравага каларыту паўднёвай краіны. 


Фота: БелТА.

«Дон Кіхот» — адзін з тых класічных балетаў, якія любіць публіка, прычым з ХІХ стагоддзя, калі аўстрыйскі кампазітар Людвіг Мінкус напісаў музыку для пастаноўкі харэографа Марыуса Пеціпа ў Вялікім тэатры Расіі. Пасля іншыя харэографы прапаноўвалі свае варыянты, імкнуліся зрабіць балет больш відовішчным і яркім, удасканальвалі асобныя нумары і партыі. Але сутнасць спектакля пры гэтым не мянялася, бо ў аснове — раман Сервантэса пра Дон Кіхота Ламанчскага. У балеце на мове танца распавядаецца пра закаханых Кітры і Базыля, на шляху якіх устаў заможны жаніх Гамаш. Але лёсавызначальнае ўмяшанне Дон Кіхота дапамагае знайсці шчасце тым, хто яго варты. І трэба мець на ўвазе, што дзеянне адбываецца ў Іспаніі, дзе танцуюць сегідзілью і фанданга, дзе жывуць смелыя тарэадоры і сустракаюцца вандроўнікі-цыгане. А тут яшчэ Дон Кіхот з марай пра сваю Дульсінею... Гэта той класічны балет, што патрабуе ад выканаўцаў майстэрства не толькі тэхнічнага, але і артыстычнага.

І ўсё ж класіка — не значыць закасцянеласць. Нават класічны балет можа мець аўтарскае прачытанне. Гэта тое, што заўсёды вылучала стыль працы народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева. Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі выступае яшчэ як сааўтар лібрэта, а не толькі харэограф-пастаноўшчык (бо выкарыстоўвае тое, што раней напрацаваў сам, і ў тым ліку такія харэографы, як Марыус Пеціпа, Аляксандр Горскі і заслужаны артыст Беларускай ССР Касьян Галейзоўскі). Дырыжор пастаноўшчык — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Калядка. Калі гаворка пра абнаўленне, асабліва вонкавае, то тут варта звярнуць увагу на работу народнага мастака Расіі Вячаслава Окунева. Ён у Вялікім тэатры Беларусі працаваў не з адной пастаноўкай, як балетнай, так і опернай. Хто ведае спектаклі, той разумее стыль Окунева, і зверне ўвагу на сцэнаграфію і касцюмы. Але ён прадумваў і дызайн светлавога афармлення, пры тым, што як мастак па святлу працавала таксама Ніна Іванкіна.

Але галоўныя, дзякуючы каму будзе жыць балет на сцэне, — гэта артысты, яны павінны запаліць, абудзіць эмоцыі і ўтрымліваць увагу на ўсе тры дзеі. У розныя гады ў гэтым спектаклі ззялі зоркі беларускай сцэны. Сярод тых, хто будзе танцаваць у «Дон Кіхоце» цяпер, ёсць прызнаныя майстры. Напрыклад, у галоўнай жаночай партыі выступіць народная артыстка Беларусі Ірына Яромкіна. А таксама ў спектаклі можна будзе пабачыць залужаных артыстаў Беларусі Людмілу Хітрову, Марыну Вежнавец, а таксама Юрыя Кавалёва ды Канстанціна Героніка. Танцаваць у «Дон Кіхоце» рыхтуюцца Вікторыя Трэнкіна, Таццяна Уласень, Дзіяна Багатава, Аліна Рудэнка, Дзмітрый Уксуснікаў, Канстанцін Белахвосцік, Дзяніс Шпак, Уладзімір Руда, Аляксандр Місіюк, Іван Камышоў, Аляксей Баярынаў. Тым, хто сочыць за развіццём тэатра, будзе цікава адзначыць работу маладых артыстаў, якія папоўнілі трупу беларускага Вялікага тэатра ў апошнія гады.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.