Вы тут

Што паказаў кантроль за спажывецкім рынкам Гродзеншчыны


Прыярытэтам праграмы дзейнасці ўрада да 2025 года з'яўляецца забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці. Для людзей важна, каб у гандлёвых аб'ектах прысутнічалі даступныя і якасныя тавары. У цэлым сітуацыя на спажывецкім рынку рэгіёна стабільная, аднак ёсць і негатыўныя тэндэнцыі. Напрыклад, зніжэнне рознічнага тавараабароту. Праблемы асартыменту тавараў, іх кошту, санітарнага стану аб'ектаў прааналізаваны на калегіі Камітэта дзяржкантроля Гродзенскай вобласці.


Фота: pixabay.com

За рост цэн — адказнасць

У КДК звярнулі ўвагу на цэнавы фактар. У першую чаргу з пазіцыі нядаўна прынятай Дырэктывы № 10 аб недапушчальнасці росту цэн. Тым не менш выпадкі парушэння заканадаўства ўстаноўлены і пасля прыняцця гэтага нарматыўнага акта.

Як паведаміла начальнік упраўлення кантролю за работай галін гаспадарання КДК Гродзенскай вобласці Наталля Жур, за мінулы год рознічны тавараабарот па вобласці склаў 6,7 млрд рублёў, тэмп росту — 98,2 %. Меры па стабілізацыі цэн дазволілі знізіць узровень інфляцыі. Разам з тым у Гродзенскай вобласці індэкс спажывецкіх цэн на харчовыя тавары і паслугі быў вышэйшы за рэспубліканскі паказчык. На шэраг тавараў рост цэн у некалькі разоў перавысіў гадавы паказчык у 6 %, які ўстаноўлены ўказам.

Напрыклад, у снежні мінулага года больш чым на 50 % вырасла цана на цукар у параўнанні са снежнем 2021 года. Адзначаецца рост цаны на цытрусавыя, бананы, маянэз, рыс, чай і іншыя прадукты. Сярод прамысловых тавараў падаражэлі касметыка, мыйныя сродкі, мыла. Падчас маніторынгу ўстаноўлены шматлікія факты парушэння цэнаўтварэння суб'ектамі гандлю, у асноўным ІП, хто рэалізоўвае свае тавары на рынках. Бывае, што надбаўкі перавышаюць 300 %, зазначыла прадстаўнік КДК.

У рамках Дырэктывы № 10 праведзены маніторынг 7 тысяч аб'ектаў гандлю і паслуг. Парушэнні цэнаўтварэння былі выяўлены ў 67, пераважна ў Гродне. Па ўсіх фактах дадзена прававая ацэнка. Узбуджана 7 крымінальных спраў. Акрамя гэтага, па ўстаноўленых у ходзе праверак парушэннях больш за 20 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Чаму «кульгае» асартымент

Большасць парушэнняў датычаць менавіта асартыменту тавараў. Наталля Жур згадала леташнія перабоі з пастаўкай цукру, мукі, грэчкі. У мінулым годзе з 248 правераных аб'ектаў у 97 выяўлены факты няпоўнага асартыменту тавараў. Гэта амаль 40 % ад усіх, дзе праводзіўся маніторынг. Таксама інспектары КДК выявілі адсутнасць у некаторых аб'ектах гандлю мяса птушкі, рыбы, пельменяў, мясных кансерваў, гародніны, сокаў для дзяцей. Такая карціна часцей назіраецца ў вясковых крамах.

Напрыклад, у адным з гандлёвых аб'ектаў Шчучынскага раёна адсутнічала 14 найменняў тавараў, якія прадугледжаны ў асартыменце, у краме горада Слоніма — пяць відаў тавару. Не знайшлі інспектары ў шэрагу гандлёвых пунктаў беларускай цыбулі, а некаторыя віды гародніны былі неналежнай якасці ці наогул адсутнічалі. Гэта сведчыць аб несвоечасовай выбарцы прадукцыі стабілізацыйных фондаў гандлёвымі сеткамі і незаключэнні дагавораў з айчыннымі вытворцамі. У асобных гандлёвых аб'ектах у лютым назіралася адсутнасць яек. Не прымаюцца адпаведныя меры па нарошчванні долі айчынных тавараў у гандлёвай сетцы.

— Парушэнні ёсць, і на іх трэба рэагаваць. У першую чаргу варта прыняць да ўвагі Дырэктыву № 10 аб недапушчальнасці росту цэн, — звярнуў увагу намеснік старшыні КДК Гродзенскай вобласці Аляксандр Садаўнічы. — Сітуацыю на спажывецкім рынку вобласці можна лічыць стабільнай, аднак мы бачым, наколькі гэта грань тонкая. Ёсць парушэнні па цэнаўтварэнні, хоць яны і не носяць сістэмнага характару, а сустракаюцца, як правіла, у індывідуальных прадпрымальнікаў. Значна больш праблем датычыць насычэння спажывецкага рынку таварамі, асартымент выконваецца не ўсюды. Звязана гэта, у тым ліку, і са знешнепалітычнай абстаноўкай. У гэтым выпадку трэба мець запасныя варыянты, трымаць сітуацыю на кантролі, своечасова выяўляць рызыкі і пагрозы рынку. Бо пастаўкі — не толькі пытанне эканамічнага стану прадпрыемства, але гэта ўплывае на сітуацыю на спажывецкім рынку рэгіёна.

Стаўка на новых гульцоў

Гаворка ідзе аб пастаўшчыках яек. Перабоі з гэтым відам прадукцыі гродзенцы адчулі ў сярэдзіне лютага. Як патлумачыў генеральны дырэктар ААТ «Бакалея Гродна» Віталь Біч, такая сітуацыя склалася ў сувязі з закрыццём на мадэрнізацыю Першай мінскай птушкафабрыкі. Менавіта адсюль паступаў значны аб'ём прадукцыі ў рэгіён. Што датычыць мясцовых птушкафабрык, у тым ліку пад брэндам буйнога прадпрыемства «АВС», гэтай прадукцыі недастаткова, каб забяспечыць патрэбы вобласці. Гандлёвым сеткам прыйшлося аператыўна перабудоўвацца. Напрыклад, зараз пастаўка ідзе з Віцебскай і Гомельскай абласцей. Станоўчым фактарам, па словах кіраўніка «Бакалеі Гродна», можна назваць своечасовае спыненне экспарту гэтай прадукцыі, што значна выраўнавала ўнутраны рынак.

Дадатковыя магчымасці ў пастаўцы яек з'явіліся ў новых гульцоў рынку. Актывізаваліся невялікія птушкафабрыкі, якія нават гатовы павялічыць сваю вытворчасць. Менавіта ў гэтым кірунку будуць выбудоўваць работу і буйныя прадпрыемствы. Праўда, ёсць тут і дадатковыя затраты, такія, напрыклад, як закупка кармоў, пошук новых плошчаў і іншыя акалічнасці.

Што датычыць садавіны і гародніны, на недахоп якой звярнулі ўвагу кантралёры, тут робяцца пэўныя захады для таго, каб выправіць сітуацыю. На гродзенскі рынак вядуць пастаўкі такія буйныя сельгаспрадпрыемствы, як «Свіслач», «Гродна Азёры», імя Крамко. Значны аб'ём забяспечваюцца фермерскімі гаспадаркамі «Гарызонт» і «Шарыч В. І.» Усе яны маюць сучасныя сховішчы і пастаўляюць прадукцыю на экспарт. Зараз гаспадаркі арыентуюцца на айчыннага пакупніка.

Трэба сказаць, што значнай падтрымкай у набыцці сельгаспрадукцыі сталі восеньскія кірмашы. Як паведаміла першы намеснік гандлю і паслуг Гродзенскага аблвыканкама Марына Сяргеева, сёлета адзначаўся рост продажу садавіны і гародніны ў параўнанні з папярэднім сезонам. Напрыклад, толькі бульбы на кірмашах рэалізавана 34 % ад усяго аб'ёму, які закладзены ў стабілізацыйныя фонды. Менавіта на сельгаскірмашах робіцца значны запас насельніцтвам садавіны і гародніны.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

Праўда і міфы аб паўфабрыкатах

У Год якасці мы задалі навукоўцам нязручныя пытанні аб тым, што «ўнутры» магазіннай пельмешкі або катлеткі.