Вы тут

Таямніцы масак і партрэты іншапланецян. Размова ў майстэрні Івана Міско


Калі прыходзіш у майстэрню-музей народнага мастака Беларусі Івана Якімавіча Міско, заўсёды знойдзеш, чаму здзівіцца і чым натхніцца. Здаецца, зусім нядаўна, год таму, мы адзначалі 90-годдзе «зорнага скульптара», як яго называюць за адданасць тэме космасу. Тады адбылося шмат цікавых імпрэз, выстаў, у тым ліку адкрыццё помніка Якубу Коласу ў Стоўбцах па праекце, які перамог у рэспубліканскім конкурсе, — адным з аўтараў быў Іван Якімавіч. Паўстаў помнік Льву Сапегу на радзіме скульптара, у Слоніме. А ў майстра з'явіліся ўжо новыя праекты, над якімі натхнёна працуе, а колькі ідэй, задумак... Іван Якімавіч жартуе: лічу ад дзевяноста, іх убок. Вось яшчэ год пражыў, значыць, адзін год мне.


— Нядаўна вы былі на Слонімшчыне, Іван Якімавіч? Бачыла вашы фота ў сеціве...

— Так, быў... Цяпер здымаюць дакументальны фільм пра мяне. Вось аўтары фільма і запраграмавалі паехаць на маю радзіму... Кажу — холадна ж, пейзаж непрыгожы... І не вясна, і не зіма... Не, кажуць, нам трэба падзняць. Добра... Патэлефанаваў сённяшнім гаспадарам дома — маці яшчэ пры жыцці прадала яго пад лецішча. Гаспадыня сказала, што можа туды прыехаць толькі на выхадныя. Вырашылі ў яе адсутнасць проста пахадзіць вакол, паздымаць. Прыехалі... Вакол пустыя дамы.

І сабака нідзе не гаўкнуў, і кошка дарогу не перабегла... Певень не пракукарэкаў. І ніводнага з жывых аднавяскоўцаў не ўбачыў. Вакол палі, дзе бацька мой араў, зараслі лесам. Падышоў я да дома, пастукаў у акенца, пусціў слязу... Страшна стала. Як усё сышло... Паўгода таму я зайшоў да старшыні, кажу: «Я памятаю крыніцы... Іх у ваколіцах было шмат. Ці захаваліся?» Прапанаваў аднавіць іх, каб людзі папілі чыстай вады. Аформіць. Кажуць — добры праект... Але хто будзе піць гэтую ваду? Жыхароў няма, дамы пустыя... А якая была вялізная вёска! Як дружна жылі! Успамінаю, як і мае бацькі, і суседзі, паколькі халадзільнікаў тады не было, захоўвалі прадукты ў халоднай вадзе крыніц. І мы, пацанва, усё ведалі. Але ні разу не залезлі, не скралі... Настолькі гэта былі святыя месцы.

— А фільм пра вас калі мы пабачым?

— Мяркуецца, дзесьці ў красавіку. Магчыма, да Дня касманаўтыкі. Я прасіў, каб зазнялі выставу, якая да Дня касманаўтыкі будзе адкрывацца ў галерэі М. Савіцкага. Зараз мая выстава ў Маскве, на ВДНГ. Вось адтуль яе прывязуць і адкрыюць у Мінску. А яшчэ да гэтай мінскай выставы хачу стварыць серыю партрэтаў іншапланецян. Якраз над ёй працую.

— Магчыма, касманаўт Алег Навіцкі, з якім вы сябруеце, вам расказаў, як яны выглядаюць?

— Расказваць не расказваў, але дапамагае мне ляпіць. Рукі ў гліну запускае! Я раблю гэтыя партрэты з задавальненнем. Вось адзін такі, яшчэ ў пластыліне. Як вам тыпаж? Нешта егіпецкае ёсць. Гераіня будзе акружаная зорамі. Я не хачу, каб яна была такой, як пайшоў на вуліцу — і сустрэў. Адметная! Гэта ў мяне чацвёрты партрэт іншапланецян. Тры ўжо ў форме, у кантэйнеры. Усе вельмі розныя.

— А імёны якія-небудзь ім даяце?

— Іншапланецянка, і ўсё. Так і назаві свой матэрыял: «Была ў Міско, але яго наведалі іншапланецяне». Так што ў галерэі Савіцкага, магчыма, 12 красавіка вы іх пабачыце. Чакаю Алега Навіцкага, каб тое-сёе наконт выставы ўзгадніць. Ёсць і яшчэ праекты, задумы... Калі адкрывалі мемарыяльны знак на вуліцы Касманаўтаў, я сказаў, што мару, каб дзесьці паблізу быў рэстаран, які б назвалі «Космас». Каб там было дзве залы. Першая, якая нагадвала б унутраную частку касмічнага карабля, і другая — выхад у адкрыты космас. Мы нават дамовіліся ў Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў, што для гэтага рэстарана будуць пастаўляць касмічнае харчаванне ў цюбіках. На жаль, ідэя завісла, няма спонсараў.

Цяпер я чакаю, калі з шасцёркі патэнцыяльных беларускіх касманаўтак, сімпатычных нашых дзяўчат, адбяруць адну. Адразу зляплю яе партрэт. Мне кажуць: «А ты ляпі адразу шасцёх!» Кажу: «Нашто мне шэсць...» У мяне ўжо ёсць ідэя партрэта, вельмі хачу зрабіць скульптуру «Беларусачка ў космасе». Шкада, у Зорны гарадок паехаць, зняць для фільма, фінансаў у здымачнай групы няма. Я ж думаў, каб выстава з ВДНГ пайшла па тых краінах, адкуль былі касманаўты па праграме «Інтэркосмас». Але пры сённяшняй абстаноўцы гэта немагчыма. Быў у мяне нядаўна ў гасцях кубінскі касманаўт, нечакана. Я яго пачаставаў добрай самагонкай... Ён кажа: «Іван, мы з табой больш за сорак гадоў не бачыліся». Я калісьці яго ляпіў, вунь маска, з яго знятая, стаіць.

— Дарэчы, у вашай майстэрні вельмі шмат масак...

— Так, у сваёй кнізе ўспамінаў я хачу цэлы раздзел прысвяціць маскам. Да мяне прыехаў быў адзін калекцыянер, хацеў купіць іх у мяне. Я не згадзіўся. Адчуў, што будзе тыражыраваць іх і прадаваць. У чым каштоўнасць маіх масак? Яны знятыя з жывых людзей. Не з мёртвых. Іншая энергетыка. Днямі быў Сашка Мядзведзь, я дастаў маску, якую калісь з яго здымаў. Ён кажа: «Ну дык гэта ж Мядзведзь быў!»... Я хацеў зрабіць прыз, яму прысвечаны. Дзве рукі, узятыя ў замок. Гэта ў барцоў знак перамогі пасля бою... Я ўжо завярнуў Аляксандру рукавы, рукі падрыхтаваў, каб злепак з іх зняць... І раптам ён: «Не!». Рукі, кажа, ужо не тыя... Не тая напоўненасць, пругкасць... Усё думаю, як бы яго ўгаварыць. Чужыя рукі для гэтага ляпіць не буду. Не пайду на гэта — не тая энергетыка.

— Кажуць, рукі — таксама партрэт чалавека?

— Так... Прыйшоў неяк Ігар Лучанок. Я кажу: «Ігар, якая прыгожая ў цябе рука! А многія знакамітыя кампазітары робяць маску са сваіх рук». Ён кажа: «А навошта?» — «Для гісторыі! Ігар, давай зробім!» — «Добра. Давай з правай». — «А чаму?» — «Яна працоўная». — «А з левай?» — «Яна не». Я тады хутка змазаў яго руку вазелінам, паставіў камеру, і ўвесь працэс адзняў. Адліў форму, Лучанок распісаўся... І вось ёсць у мяне такая гістарычная «Рука кампазітара». А з расійскага клоўна Алега Папова я за адзін дзень зняў тры маскі. Алег паглядзеў: «Няўжо гэта я? Я ж сонечны клоўн — чаму я такі сумны?» Давялося наноў рабіць. Калі памёр Уладзімір Караткевіч, да мяне прыйшоў пісьменнік Міхась Дубянецкі, папрасіў зняць з памерлага маску. Я адмовіўся. Я проста не магу з мёртвых маскі здымаць. Калі памёр Кісялёў, старшыня Савета Міністраў, мне патэлефанавалі, каб я зняў з яго маску. Я не мог адмовіцца... Але пазваніў знаёмаму фарматару Грыгорыю Імбра: «Я ў цябе буду памочнікам, ты здымай маску». І мы пайшлі... Ён прывёз увесь інструмент. Адзеў цёмныя акуляры. Выпіў шклянку гарэлкі. Усё для чаго: каб згубілася рэзкасць таго, што ён бачыць. Твар нябожчыка змазаў вазелінам, заліў гіпсам... Трэба, каб гіпс схапіўся, і хутка яго зняць. А калі гіпс доўга будзе знаходзіцца на твары, падчас зняцця маскі адкрываюцца вочы. І тады шокавы стан. Маску зрабілі, знялі... На наступны дзень Імбра мне тэлефануе: «Іван Якімавіч, не прапаноўвай мне больш такога рабіць. Не хачу. Яны мяне пераследуюць, сняцца. Ні грошы мне не трэба, нічога». Імбра шмат масак зняў з мёртвых. А калі ты здымаеш маску з жывога чалавека, ты ж з ім камунікуеш. З касманаўтаў абавязкова робяць маскі — са спіны. Таму што ім трэба крэслы, каб дакладна ўвайшлі лапаткі, усе выступы спіны — пры перагрузцы гэта важна.

— Вы здымаеце маскі толькі са знакамітасцяў?

— Мне цікавыя для масак тыпажы. Але самыя прыгожыя маскі — з дзяўчатак ва ўзросце 10—12 гадоў. Маска такая нагадвае чысты, прыгожы мармур. Аднойчы я паказаў яе Аляксею Канстанцінавічу Глебаву, ён паглядзеў і кажа: «Іван, ніколі мы так не вылепім». А калісьці я зрабіў цэлую серыю работ з вучняў 90-й мінскай школы. Маскі здымаў і ляпіў... Гэта былі 5—7-я класы. Я вельмі б хацеў з кімсьці з тых вучняў сёння сустрэцца, даведацца пра іх лёсы. Тады я браў партрэт, прыносіў у школу і прапаноўваў пісаць сачыненне «Нараджэнне скульптурнага партрэта нашага аднакласніка». Праўда, адзінкі, хто мог напісаць... Прывыклі спісваць... «Вобраз Пячорына», «Вобраз Паўкі Карчагіна»... Я тлумачу: «Апішыце, як вы ехалі да мяне ў майстэрню, што бачылі за вокнамі аўтобуса, як я браў гліну, як ляпіў...» Аказваецца, цяжка ім ад сябе пісаць. Адзіны, хто добра напісаў, стаў журналістам.

А вось глядзі, маска спявачкі Валянціны Талкуновай, ля акна, беленькая... Яна была тут з сынам на экскурсіі. Я кажу: «Валянціна, вы такая прыгожая... Улучыце пятнаццаць хвілін, здыму з вас маску». Я не чакаў, што яна так свабодна згодзіцца: «Добра, калі ласка, здымі». Паглядзі, якая маска: жывая, цікавая. Вось там маска Клімука... Румынскага касманаўта Дзмітрыу Прунарыё. А гэта маска народнага артыста Беларусі Генадзя Аўсяннікава. Я здымаў яе дзесьці ў 1960-х гадах. Я і з сябе маску зняў.

— Як, самому з сябе можна зняць?

— Мне, вядома, дапамагалі. Вярнуўся з поўдня. Прыгожы, загарэлы. Не падумаў, што загару на масцы не будзе відаць. Знялі маску... Зрабілі адліў. І калі я паглядзеў, думаю: «Няўжо гэта я?» Поўнае расчараванне. Я ўзяў малаток, як запусціў у маску... І разбіў. Засталіся фрагменты. Я пасля іх склеіў. Вось яна ляжыць... Выпадкова захавалася. І з часам я пагляджу: «Дык нічога ж я быў? Чаму я так расчараваўся?» А вось зняў я быў маску з Люсі, прыгожай супрацоўніцы музея. Яна пабачыла і тры дні на працу не выходзіла. Ёй зрабілася кепска ад таго, што яна такая непрыгожая. А чаму? Таму што сышоў колер, засталася форма. І вось прайшло шмат гадоў, і яна прыйшла: «Іван Якімавіч, падары мне маю маску. Я такая была прыгожая». Я фатаграфую зараз усе свае маскі ў профіль і анфас, каб надрукаваць выявы. Магчыма, нават пакажу самі маскі на выставе. Не ведаю, вядома, як народ гэта ўспрыме. Якіх толькі гісторый не было... Прыйшлі неяк вучоныя з акадэміі: у нашага калегі дзень нараджэння, трэба падарунак зрабіць. Калега не жанаты, але меў нявесту. Я і прапанаваў: «Давайце маску з яе зробім». Угаварылі дзяўчыну... Прычым маску не з твару, а з грудзей. Знялі, прыгожа аформілі. Вось святкуюць дзень нараджэння, сталы накрытыя, прыносяць вялікую скрыню. Дасталі маску... І раптам усе жанчыны: «І я хачу такую! І я!» Той імяніннік, дарэчы, так і не ажаніўся. Але маска грудзей яго нявесты ўсё жыццё вісела ля яго ложка.

А самую страшную маску бачыў я ў музеі Мікалая Астроўскага. Я, калі ў Сочы наведаў яго музей, спытаў: «А маска ёсць у вас?» — «Ёсць». — «А дзе яна?» — «У сховішчы». Яны мяне павялі і паказалі... Тое, што я ўбачыў — гэта ж колькі прайшло, — да сённяшняга дня як наяве... Як гэты чалавек мог жыць, гаварыць... Таму што практычна тканкі на чэрапе не было, костка, абцягнутая скурай. Можна глядзець на гэтую маску і пісаць кнігу, хто такі Мікалай Астроўскі. Праз якія пакуты прайшоў.

— Але ў вашай калекцыі ўсё ж такі ёсць пасмяротныя маскі?

— Маска Леніна была — тады ва ўсіх скульптараў меліся з яе копіі. Праўда, калі шмат разоў робяць копіі, ужо мала што застаецца ад арыгінала. Прапаноўвалі мне неяк купіць пасмяротныя маскі Сталіна і Каралёва. Але надта дорага прасілі, я не даў згоды. Пасмяротная маска Ясеніна мелася. Я тады працаваў у майстэрні Гумілеўскага і там яе пакінуў. І яна знікла. Забралі, каб зняць копіі. А прывёз я яе з Рускага музея ў Ленінградзе.

— О, думаю, менавіта копію з той, вашай, маскі Ясеніна мне і падарылі аднойчы на дзень нараджэння — наш знаёмы мастак Алег Маціевіч. Яна вісела ў яго майстэрні.

— Можа быць... Але копіі з копій, як я кажу, гэта ўжо не тое. У маіх масках ты можаш знайсці яшчэ волас прылеплены... На масцы Алега Папова засталася памада ад яго грыму. А вось маска знакамітага астролага Паўла Глобы. Калі ён пабачыў яе: «Ну вось, я такім сябе і бачу. Напалеон! Персідскі шах!» Валасы настолькі ў яго пругкія, спружыністыя, колькі вазеліну я на іх страціў... У яго ж яшчэ і вусы, і барада...

— Скульптурны партрэт яго, які ў вас стаіць, дарэчы, выглядае страшнавата — бо вялікая трэшчына праз увесь лоб. Можа, вы спецыяльна так зрабілі?

— Трэшчына ўтварылася натуральным чынам, ад таго, што гліна, высыхаючы, лопаецца. Атрымалася сімвалічна, быццам ад разумовага напружання. Мне параілі не рэстаўрыраваць — а проста назваць партрэт «Напружанне». А як я здымаў маску з касманаўта Алега Навіцкага, цэлы фільм знялі.

Запісала Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.