Вы тут

Як прайшоў Міжнародны Дзень жанчын у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску


На фоне маштабнай і шматпланавай выстаўкі «Джаз! Кошкі! Вясна!» (яна праводзіцца да 26 сакавіка), у якой галоўным «героем» альбо «персанажам» стаў вусаты хатні любімец — кот, гаспадары Цэнтра у дзень Восьмага сакавіка запланавалі правесці некалькі творчых майстар-класаў з маляваннем і выразаннем з паперы.


Прыйшло шмат жадаючых паўдзельнічаць і правесці свой вольны час у творчым асяроддзі. Адна з такіх лакацый знаходзілася ў былой майстэрні акадэміка жывапісу, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. Дарэчы, яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя мне пашчасціла здымаць знакамітага мастака менавіта ў гэтым будынку і ў гэтым памяшканні. Цяпер ў былой майстэрні месціцца зала з палотнамі класікаў беларускага выяўленчага мастацтва. Госці святочнага дня ўбачылі работы Леаніда Шчамялёва, Гаўрылы Вашчанкі, Віктара Грамыкі, Віталя Цвіркі, Вячаслава Кубарава, Ігара Бархаткова і іншых знакавых майстроў пендзлю. А акварэльныя і гуашныя малюнкі, графічныя аркушы, палотны, аб’екты дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з выявамі катоў (а такіх твораў было не меней паўтары сотні) займаюць іншыя галярэйныя пакоі і залы. Аўтары такіх работ самыя розныя — і прафесіянальныя мастакі, і аматары. Узрост самага меншага ўдзельніка «кацінай» выстаўкі ўсяго два года! 

Дамінантай святочнага дня на Някрасава, 3 стаў монаспектакль пад назвай «Каравай» вядомага беларускага музыкі, спевака і фалькларыста Івана Кірчука. Монаспектакль уяўляе ўмоўнае падарожжа па старонках старажытнага беларускага вяселля. На сустрэчы Іван Кірчук распавёў гледачам, што свой матэрыял збіраў у шматлікіх фальклорна-этнаграфічных падарожжах і эспедыцыях у розных рэгіёнах Беларусі ў перыяд з 1983-га па 2021 год. Асноўны момант спектакля — «каравай» — вясельны хлеб. Аўтар цікава распавёў пра вясельныя традыцыі, праспяваў старажытныя песні і балады пад акампанемент рарытэтных музычных інструментаў.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?