Вы тут

Коласаўскі падыход: Сучаснае дзіцячае кнігавыданне


У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшоў круглы стол «Музей і школа: магчымасці сістэматызаванага сумеснага падыхода да вывучэння творчасці Якуба Коласа». Дыскусійная пляцоўка стала складнікам Фестывалю дзіцячай кнігі «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу». 


Удзельнікі круглага стала сабраліся, каб абмеркаваць наступныя пытанні: «Варыятыўнасць і патэнцыял сумеснага падыходу да глыбейшага вывучэння творчасці і асобы класіка»; «Персанальная энцыклапедыя «Якуб Колас»; «Узровень коштаў на кніжную прадукцыю як фактар даступнасці»; «Месца прыватных выдаўцоў на рынку кніжнай прадукцыі»; «Сацыяльная адказнасць выдаўцоў»; «Літаратурныя музеі для дзяцей: правакацыя чытаць». Мадэратарам размовы па ўсіх гэтых актуальных накірунках выступіў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ. 

Грунтоўным паведамленнем на тэму «Сумесная дзейнасць дзіцячых бібліятэк і школ па патрыятычным выхавані праз любоў да кнігі і роднай мовы» распачала размову на круглым стале супрацоўнік Мінскай гарадской цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Карына МАЦКО. Сапраўды, у сістэме дзіцячых бібліятэк сталіцы робіцца неверагодна шмат для прапаганды айчыннай кнігі. Юныя чытачы і іх бацькі прыходзяць у асветніцкія ўстановы не проста дзеля таго, каб узяць з паліцы тую ці іншую кнігу. Прыходзяць за парадай, за досведам, для ўдзелу ў рознага характару прэзентацыях, знаёмствах з кніжнымі навінкамі альбо адкрыццём новага пра нашых класікаў. Летась, у прыватнасці, неверагодна шмат было зроблена бібліятэкарамі дзеля ўшанавання нашых класікаў — народных песняроў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў сувязі са 140-годдзем з дня іх нараджэння. І памагатым у гэтай працы быў, канешне ж, Коласаўскі музей. У многіх мерапрыемствах удзельнічалі нашчадкі класіка — унучкі паэта Марыя МІЦКЕВІЧ, Вера МІЦКЕВІЧ, праўнучка кандыдат сацыялагічных навук Васіліна МІЦКЕВІЧ. Імі вельмі шмат зроблена і для прэзентацый кнігі, прысвечанай жонцы Якуба Коласа — «Табой я жыў, табой жыву...» Унікальнае выданне, якое пабачыла свет у Выдавецкім доме «Звязда», стала падзеяй і ў беларускім літаратуразнаўстве, і ў беларускай культуры. 

Гаварылі на круглым стале і пра тое, што не стае папулярных кніг пра Якуба Коласа, адрасаваных юнаму чытачу, як і не стае кніг самога класіка, выдадзеных з разлікам на прачытанне дзецьмі, на працу з гэтай кнігай настаўнікамі пачатковай школы, на працу бібліятэкараў зусім з юнымі чытачамі. Такіх кніг павінна быць многа. І не дзіўна, што ў апошнія літаральна два гады кніжачка «Беларускія народныя казкі ў апрацоўцы Якуба Коласа» пабачыла свет трыма накладамі. Выдадзеная ў Выдавецкім доме «Звязда», яна разыходзілася ў кожным з тыражоў імгненна, за некалькі месяцаў. У Якуба Коласа вельмі шмат твораў, адрасаваных самым юным чытачам. І найцікавейшы з іх — паэма «Міхасёвы прыгоды». Два гады назад адно прыватнае выдавецтва выпусціла гэтую кнігу ў свет зусім невялікім накладам. Раней, у 1994 годзе, кніга пабачыла свет тыражом 20 000 экзэмпляраў, дзякуючы выдавецтву «Юнацтва»... А што сёння?.. Хіба ў XXI стагоддзі «Міхасёвы прыгоды» не будуць запатрабаваны?!. І як пераканаць айчынныя выдавецтвы ў тым, што такія кнігі павінны выдавацца масавым тыражом?!. Чаму б, напрыклад, і не з новым афармленнем маладых кніжных графікаў. Шукаючы новыя тэматычныя абсягі, мастакі часам забываюцца на роднае і блізкае, на тое, што фарміруе нашу краіну, нашу Беларусь...

Вядомы ў краіне музейшчык, багдановічазнаўца, паэт і перакладчык Міхал БАРАНОЎСКІ нагадаў пра тое, што ў шэрагу персанальных энцыклапедый «Янка Купала» (а пачатак быў пакладзены ў 1986 годзе; Беларусь была адным з лідараў у стварэнні персанальных энцыклапедый. Купалу прысвечана і трохтомная персанальная энцыклапедыя), «Скарына», «Максім Багдановіч», «Уладзімір Караткевіч». Вядома, што ў свой час у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» склалі слоўнік з некалькіх тысяч тэмаў для будучай персанальнай энцыклапедыі. Вядома, што па многіх тэмах былі раздадзены заданні дасведчаным аўтарам, найперш — коласазнаўцам. Але няма ўжо энцыклапедычнага выдавецтва: частка яго калектыву ўлілася ў выдавецтва «Беларусь». Зразумела, праект такога масштабу, як шматтомная персанальная энцыклапедыя, можа з’явіцца толькі як супольная праца розных дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў. Але такое выданне павінна прыйсці да айчыннага чытача, павінна прыйсці ў бібліятэкі. Сам факт яго нараджэння можа істотным чынам паспрыяць развіццю коласазнаўства на новым узроўні. Міхал Бараноўскі нагадаў пра тое, што ў свой час асобныя артыкулы будучай коласаўскай энцыклапедыі друкаваліся ў часопісе «Роднае слова». І зараз можна было б раздзяліць працу па падрыхтоўцы персанальнай энцыклапедыі на некалькі этапаў. І першым з іх павінен стаць напісанне і адпаведна саміх артыкулаў, прысвечаных Коласу, яго творам, перакладчыкам вершаў, паэм, апавяданняў, аповесцяў на розныя мовы народаў свету, прысвечаных мясцінам, якія наведваў народны пясняр... Хто толькі возьме на сябе кансалідацыю гэтых намаганняў?.. 

Бібліятэкары, нагадаўшы пра выданні кшталту тых, што пабачылі свет у серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), гаварылі пра тое, што патрэбны лаканічныя папулярныя кнігі пра Якуба Коласа і Янку Купалу. Так што ёсць і такі сацыяльны заказ ад бібліятэкараў, якія ўсвядомлена, зыходзячы з чытацкіх інтарэсаў, падыходзяць да праектавання ідэй, розных кніжных задум. Пра вартасці шырокай прапаганды айчыннай класікі, яе ўплываў на развіццё, пашырэнне чытацкіх актыўнасцяў гаварылі на круглым стале дырэктар цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк горада Мінска Таццяна ШВЕД, яе калегі з розных дзіцячых бібліятэк і бібліятэк адукацыйных устаноў Мінска. 

Прыкметным быў удзел у круглым стале і вядомага мастака — карыкатурыста і кніжнага графіка і не меней вядомага выдаўца Анатоля ГАРМАЗЫ. Ён звярнуў увагу на высокі кошт кнігі, на тое, што большай увагі патрабуе кніга на беларускай мове. Асабліва — тая беларускамоўная кніга, якая адрасавана дзецям. Сваімі развагамі пра супольную працу музейшчыкаў і кнігавыдаўцоў падзялілася і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна ГАЛІНОЎСКАЯ. 

Гаспадыня коласаўскай музейнай пляцоўкі — дырэктар музея Ірына МАЦЯС адзначыла вартасці і размовы на розныя тэмы, што спрыяе развіццю ўвагі да жыцця і творчасці Якуба Коласа. А таксама нагадала пра тое, што фестываль дзіцячай кнігі «Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу!» атрымае сваё развіццё. І наступным праектам падобнага характару стане фестываль дзіцячай кнігі ў Коласаўскім музеі «Міхасёвы прыгоды». Ужо вызначана і дата яго правядзення — 2 чэрвеня. Дарэчы, фестываль «Міхасёвы прыгоды» праводзіцца другі год запар. У 2022-м былі яго вытокі... І сярод заснавальнікаў фестываля па-ранейшаму і сёлета будзе Саюз пісьменнікаў Беларусі. «Мы шукаем самыя розныя формы супольнай працы, — падзялілася развагамі Ірына Мацяс. — Лічым, што музей можа аб’яднаць усіх, хто ў нашым грамадстве з пашанай ставіцца да беларускага прыгожага пісьменства, да спадчыны класікаў, хто бачыць у звароце да жыцця і творчасці Якуба Коласа велізарны патэнцыял у выхаванні патрыятызму, любові да Радзімы». 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.