Вы тут

14 снежня — 80 гадоў, як фашысты знішчылі вёску Ала


«Камандаванне Чырвонай Арміі ўжо папярэджвала і папярэджвае вас, салдаты і афіцэры, паўторна, што вінаватае не толькі нямецкае камандаванне, якое аддае загады аб знішчэнні савецкага насельніцтва, але і нямецкія салдаты і афіцэры, якія выконваюць гэтыя загады...» Больш за 75 гадоў у зямлі праляжаў пачак пасланняў ад Чырвонай Арміі ворагу з папярэджаннем аб адказнасці за зверствы на акупаванай савецкай тэрыторыі. Час не крануў паперу і тэкст зваротаў выдатна чытаецца. Улёткамі на нямецкай мове была начынена мінамётная міна. Унікальны ваенны трафей тры гады таму, вясной, ужо на фінішнай стадыі ўзвядзення мемарыяльнага комплексу на месцы спаленай вёскі Ала ў Светлагорскім раёне Гомельшчыны знайшлі будаўнікі. У Вялікую Айчынную вайну паблізу якраз праходзіла лінія фронту.


«Хто даруе вам такія зверствы?»

Важна звярнуць увагу на тэкст улёткі — зварот камандавання Чырвонай Арміі непасрэдна да часцей вермахта, вядомых ваеннымі злачынствамі:

«Нам стала вядома, што так званы атрад спецыяльнага прызначэння і паляўнічыя атрады, складзеныя з вашых дывізій, здзяйсняюць злачынствы супраць савецкага мірнага насельніцтва... 14 студзеня 1944 года жыхары населенага пункта Ала былі сагнаны гэтымі атрадамі ў дамы і адрыны, а затым падпалены... Ваш урад сказаў вам, што гэтыя людзі партызаны, і вы аўтаматычна прывялі ў выкананне загад па забойстве і спальванні. З-за гэтага нявінныя старыя і дзеці прынялі пакутніцкую смерць. Як вы будзеце адказваць за такія жорсткія дзеянні? Хто даруе вам такія зверствы?»

Спецыяльны праект «Звязды» «Вогненныя вёскі. Нельга забыць» не мог абысці ўвагай трагедыю Алы. Гісторыя гэтага невялікага населенага пункта ў Светлагорскім раёне Гомельшчыны — адлюстраванне лёсаў сотняў беларускіх вёсак, знішчаных акупантамі ў гады вайны. Па колькасці ахвяр Ала — гэта 12 Хатыняў! Нягледзячы на тое, у нашай краіне пра спаленую вёску яшчэ нядаўна ведалі зусім нямногія. Але імкненне ўвекавечыць памяць аб ахвярах трагедыі аб'яднала тысячы неабыякавых беларусаў.

Няма на карце, але выбіта ў сэрцах

Вёска Ала даўно не існуе як населены пункт. Яе былая тэрыторыя — глыбінка сучаснага Светлагорскага раёна. Між тым яшчэ ў XІX стагоддзі на правым беразе аднайменнай ракі, сярод густых лясоў і балот ужо існавала паселішча. У савецкі час Ала — вёска Парыцкага раёна. Перад вайной населены пункт налічваў 34 двары, дзе пражывала 168 чалавек. У вёсцы знаходзіўся Шацілкаўскі лесаўчастак, былі свой калгас, пачатковая школа, якую ў 1941 годзе скончылі 35 вучняў.

Калі пачалася Вялікай Айчынная вайна, населеным пунктам — спрадвеку глухім, цяжкадаступным — гітлераўцы не цікавіліся. Колькасць насельніцтва ў вёсцы ўзрасла. У Алу цэлымі сем'ямі пераязджалі жыхары навакольных сёл.

Сітуацыя зразумелая: лінія фронту па гэтай тэрыторыі пралягала дзевяць месяцаў. У канцы лістапада 1943 года ў раёне ніжняга цячэння Бярэзіны з баямі савецкія войскі занялі шэраг вёсак. Была вызвалена чыгуначная станцыя Шацілкі — асноўны перавалачны пункт, адкуль людзей з навакольных вёсак вывозілі вагонамі ў Нямеччыну. Мясцовыя мірныя жыхары адчувалі і чакалі: хутка іх вызваляць ад акупантаў.

У студзені 1944 года ў глухой, аддаленай Але сабраліся жыхары больш як дзесяці навакольных вёсак. Ёсць дзве версіі, чаму так здарылася. Па адной з іх у пачатку студзеня мірных грамадзян сагналі ў Алу, каб вывозіць на работы ў Нямеччыну. Па іншых звестках, у снежні 1943 года на мосце цераз рачулку побач з вёскай быў забіты або паранены фашысцкі афіцэр. Акупанты, як вядома, актыўна ўжывалі прынцып «калектыўнай адказнасці»: калі паблізу населенага пункта гінуў хоць бы адзін нямецкі салдат, пад выглядам барацьбы з партызанамі знішчалася ўся вёска. Ёсць сведчанні, што фашысты славіліся і садысцкай традыцыяй — прымяркоўвалі карныя аперацыі да важных рэлігійных свят. У Але 14 студзеня — прастольнае свята — Васіль Вялікі. Вяскоўцы, якія хаваліся пэўны час у лесе, зноў вярнуліся ў хаты. З імі прыйшлі і людзі з навакольных вёсак. У Але шукалі ратунку жыхары Чыркавіч, Здудзіч, Ракшына, Рудні, Какаля (пазней — Светач), Іскры, Дзеднага з сучаснага Светлагорскага раёна і Каратковіч, Плясавіч, Антонаўкі, Сяльнога, Мармаля сучаснага Жлобінскага раёна. Сабраліся ў Але пераважна жанчыны і дзеці. Па ўспамінах сведак, людзей было настолькі шмат, што ў кожнай вясковай хаце жыло па 50-60 чалавек, займалі ўсе гаспадарчыя пабудовы, лазні, склепы, зямлянкі — не думалі і не гадалі, што фашысты зробяць аблаву на вёску.

Адна з самых масавых карных аперацый

Раніцай 14 студзеня 1944 года Алу акружыў нямецкі карны атрад. Усіх, хто мог самастойна перамяшчацца, сагналі ў вялікую калгасную адрыну на ўскраіне вёскі. Збіралі людзей пад выглядам рэгістрацыі для адпраўкі ў эвакуацыю. Потым групамі па 30-40 чалавек вяскоўцаў адводзілі на іншы край вёскі, заганялі ў дамы, гаспадарчыя пабудовы, якія потым узрывалі і падпальвалі. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі з аўтаматаў, спускалі на іх сабак. Некаторых людзей кідалі ў агонь жывымі.

Устаноўлена, што ў той дзень падчас зверскай расправы нацыстаў пакутніцкую смерць прынялі 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 508 жанчын і 950 дзяцей. Менавіта такая колькасць ахвяр была пазначана ў актах Надзвычайнай камісіі Парыцкага раёна, якая працавала на месцы здарэння ў красавіку 1945 года. Гісторыкі адзначаюць: ёсць усе падставы сцвярджаць, што загінула ў Але мірных людзей насамрэч значна больш. На жаль, да гэтага часу дакладная колькасць ахвяр невядомая і ацэньваецца як амаль дзве тысячы чалавек. Дакладна можна сказаць, што ў Але адбылося адно з самых масавых знішчэнняў мірнага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Засталіся жывымі пасля трагедыі ў Але толькі восем чалавек. Адны паспелі ўцячы і схавацца ў лесе, камусьці пашанцавала вырвацца з агню ці параненаму выжыць пад прыкрыццем цел мёртвых аднавяскоўцаў. Іх сведчанні і ўспаміны, запісаныя пасля трагедыі, захоўваюцца ў фондах Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Аб трагедыі з першых вуснаў

Жудасны факт генацыду мірнага беларускага насельніцтва ў Але ў свой час адлюстраваў у дакументальнай аповесці «Бярэзіна ў агні» Усевалад Мігай. Былы франтавік, а пасля вайны краязнавец, журналіст і пісьменнік, ён займаўся зборам успамінаў савецкіх воінаў — удзельнікаў вызвалення Парыцкага (цяпер Светлагорскага) раёна. Доўгі час зборам успамінаў з першых вуснаў ад сведак, што цудам выжылі ў пекле Алы, займалася жыхарка Чыркавіч Марыя Зыкун. «Эсэсаўцы прыйшлі на досвітку, стралялі па вокнах аўтаматнымі чэргамі... Мужчын расстрэльвалі групамі па 6-7 чалавек. Жанчын спалілі жывымі. Шмат дзяцей пазагрызалі сабакі. У хаце аднаго з жыхароў фашысты застрэлілі парадзіху, а яе немаўля забілі ўдарам аб сцяну», — успаміналі сведкі трагедыі. Ацалелыя відавочцы згадвалі: карнікі сваю справу рабілі з энтузіязмам, падчас расправы вялі ажыўленыя гутаркі, рагаталі.

Некалькі пратаколаў апытання сведак захоўваецца ў Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

«Нямецка-фашысцкія каты спачатку акружылі вёску, устанавілі кулямёты і аўтаматы і пачалі зганяць мірнае насельніцтва на вуліцу, а хворых і слабасільных старых адразу ж на месцы расстрэльвалі. Сагналі ў калгасную адрыну, расстралялі і спалілі (...). Факт вядомы мне, таму што я асабіста з іншымі грамадзянамі прыйшоў 15 студзеня 1944 года на месца расправы, дзе было відаць, што людзі былі або знішчаны жыўцом у агні (...), або выбягалі з агню з абгарэлымі рукамі і нагамі і пасля былі прыстрэлены нямецка-фашысцкімі катамі», — расказваў жыхар Алы Аляксандр Зыкун.

У кнізе «Памяць. Светлагорск. Светлагорскі раён» прыведзены ўспаміны Тараса Колеснева. Ён быў паранены, але выжыў:

«Ад групы аддзялілася жанчына ў целагрэйцы і вялікай клятчастай хустцы. Аўтаматчык ішоў за ёй. Я пачуў яе просьбу дазволіць згарэць у сваёй хаце. Гэта была Аксіння Цімафееўна Курловіч, жонка бухгалтара калгаса. Пад дружны рогат фашыстаў жанчына павярнулася і цвёрдым крокам пайшла да сваёй палаючай хаты. За ёй бег фашыст з вялікім балонам за спінай. На хаду апырскваў яе бензінам. Жанчына не звяртала на яго ўвагі. Афіцэр дастаў пісталет. Але на парозе дома жанчына ўспыхнула паходняй і схавалася за дзвярыма...».

Карэнны жыхар Алы Арцём Усціменка ваяваў у партызанскім атрадзе. У роднай вёсцы засталіся яго жонка і пяцёра маленькіх дзяцей. У дзень расправы мужчына якраз прыйшоў дадому. На свае вочы бачыў, як акружалі хаты, выганялі людзей на вуліцу, у тым ліку і яго сям'ю. Змог прабрацца ў вёску, толькі калі сцямнела. Жывымі не знайшоў нікога. Пасля трагедыі Арцём Усціменка ў складзе рэгулярных войскаў дайшоў да Берліна. Калі скончылася вайна, пасяліўся ў суседняй вёсцы Іскра, працаваў лесніком.

Выжыла ў Але Вольга Курловіч — з малалетнім сынам на руках прыкінулася мёртвай сярод цел аднавяскоўцаў. Уратаваліся ад смерці Таццяна Ярашэвіч, Антаніна Навуменка, Гаўрыла Кандрацьевіч Зыкун. За пару гадзін да трагедыі ён з сям'ёй пайшоў у лес, вярнуўся праз некалькі дзён і знайшоў толькі абгарэлыя целы суседзяў.

Дарэчы, Вольга Іванаўна Курловіч і Арцём Макаравіч Усціменка ў 1945 годзе былі выкліканы ў Бранск на судовы працэс над ваеннымі злачынцамі, якія расстрэльвалі мірных жыхароў на тэрыторыі Гомельшчыны. Але, на жаль, не ўдалося знайсці інфармацыю, як праходзіў той працэс.

Смерць апярэдзіла на 13 дзён

Савецкія войскі прыйшлі ў Алу 27 студзеня, праз 13 дзён пасля карнай аперацыі ў вёсцы. Вызвалялі гэту тэрыторыю салдаты 41-й стралковай дывізіі 48-й арміі. Аб тым, што ўбачылі салдаты, захаваліся ўспаміны чырвонаармейца, будучага пісьменніка Сяргея Галіцына:

«У пачатку 1944 года мы пракладвалі дарогу-гаць у паласе наступлення. Да мяне прыбеглі салдаты: «Хутчэй, хутчэй!» Я быў узрушаны: куча спаленых людзей. Кінуліся ў вочы лапці ды анучы на цудам ацалелых ножках абгарэлага хлопчыка гадоў шасці. Яго сваім целам прыкрывала маці».

Астанкі, якія ўдалося сабраць на папялішчы, разам з целамі загінулых салдат-вызваліцеляў пахавалі ў брацкай магіле ў спаленай Але. На гэтым месцы ў 1958 годзе ўстанавілі помнік — скульптура воіна з аўтаматам на грудзях, што стаў на калена перад пахаваннем. Догляд за брацкай магілай узяло на сябе лясніцтва: дабрацца да знішчанай вёскі можна было толькі на кані.

У свой час Алу разглядалі як магчымае месца стварэння агульнарэспубліканскага мемарыяльнага комплексу спаленым беларускім вёскам. Але з-за цяжкадаступнасці месца выбар прыпаў на Хатынь, куды была перанесена зямля з Алы.

Распаўсюджана памылковае меркаванне, што спаленая вёска не адрадзілася. У мірны час у Алу вярнуліся сваякі загінулых, перасяліліся жыхары суседніх вёсак. У 1948 годзе ў населеным пункце былі 21 новы двор і грамадскія пабудовы, пачала працаваць пачатковая школа. Але цяжкадаступнасць мясцовасці на жыццё ў Але паўплывала — людзі перасяляліся. У 1969 годзе ў вёсцы налічвалася толькі тры двары. Да канца сваіх дзён жыў у роднай вёсцы Уладзімір Дзікун. У 1980-х гадах Ала апусцела. На яе вуліцы доўга стаяла апошняя хата і калодзеж з «журавом». Тыя, хто бываў у Але, здзіўляліся: усё ў вёсцы пазарастала, але лес не крануў брацкага пахавання і пасляваеннага помніка. Гэта месца той самай калгаснай адрыны — фактычна, алтара жудаснай кары. На ім, казалі, за 70 з лішнім гадоў не вырасла ніводнае дрэва.

Першыя крокі вяртання

Пракладваць дарогу ў кірунку да былой вёскі Ала пачалі ў 2009 годзе. Калі паднімалі грунт паблізу неіснуючага ўжо населенага пункта, будаўнікі выявілі чалавечыя астанкі. Пачаліся пошукавыя работы, падчас якіх вайскоўцы знайшлі абгарэлую цэглу, аплаўленае шкло, косці, змешаныя з попелам...

Ужо праз некалькі гадоў было прынята рашэнне ўстанавіць памятны знак і крыж на ўскрайку былой вёскі. Месца абралі сімвалічнае: там, дзе стаяў даваенны двор франтавіка Аляксея Зыкуна — салдата, які страціў жонку і восем дзяцей. Яны выкапалі ў двары зямлянку, схаваліся падчас аблавы, а немцы кінулі ўнутр сховішча гранату. Аляксей Зыкун прайшоў усю вайну. У памяць аб сям'і на месцы спаленага падворка ён паставіў крыж.

Увогуле велізарную ролю ў прасоўванні ідэі аб увекавечанні памяці загінулых у Але адыграў жыхар Светлагорска, знакаміты пісьменнік, публіцыст Ізяслаў Катляроў. Ён стукаўся ва ўсе дзверы, прапаноўваў свае ідэі. І яго пачулі і падтрымалі. Ізяслаў Рыгоравіч напісаў шмат артыкулаў і паэму аб гэтай трагедыі. Ён арганізаваў пленэр для скульптараў з усёй краіны, каб адлюстраваць у самых розных жанрах творчасці гісторыю Алы. Гэта былі першыя крокі на шляху да стварэння мемарыяльнага комплексу на месцы былога населенага пункта.

Лёс — у камені

Вядома, сіламі толькі Светлагорскага раёна стварыць такі мемарыял было немагчыма. На дапамогу прыйшла не толькі Гомельская вобласць, але і ўся краіна. У снежні 2019 года
ідэя стварэння мемарыяла ў памяць аб спаленай Але была агучана падчас сустрэчы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх ВНУ. Кіраўнік дзяржавы прапанову падтрымаў. Падчас узвядзення мемарыяльнага комплексу свой уклад унеслі прадпрыемствы, грамадскія арганізацыі, прадстаўнікі бізнесу і простыя грамадзяне. На будаўніцтва мемарыяла былі накіраваны сродкі, заробленыя падчас рэспубліканскага суботніка ў гонар 75-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 2020 годзе, у 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі, на месцы спаленай вёскі Ала на Светлагоршчыне з удзелам Прэзідэнта быў адкрыты маштабны мемарыяльны комплекс. За яго стварэнне прэміі «За духоўнае адраджэнне» ўдастоіліся аўтарскі калектыў галоўных архітэктараў праекта ААТ «Інстытут Гомельграмадзянпраект» Сяргей Пярвіцкі і Віктар Бельцюкоў, а таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ізяслаў Катляроў.

Падчас работы над праектам архітэктары чыталі літаратуру, некалькі разоў прыязджалі на месца спаленай вёскі, вывучалі даваенныя тапаграфічныя карты, каб перадаць выгляд вёскі.

Кожная дэталь мемарыяльнага комплексу напоўнена глыбокім сэнсам. Так, цэнтральная дарожка, якая ідзе праз увесь мемарыял, паўтарае кірунак былой цэнтральнай вясковай вуліцы. Адноўлены маршрут сваёй няроўнасцю, па задуме аўтараў, не дае расслабіцца і ўвесь час трымае ў напружанні. Няроўныя пліткі чырвонага колеру перадаюць вобраз шляху праз вуглі на папялішчы. На месцы згарэлых дамоў — стылізаваныя брамкі. Гэтыя бетонныя дэталі адліваліся на Гомельскім домабудаўнічым камбінаце: спецыялісты змаглі надаць бетону фактуру згарэлага дрэва. На прадпрыемстве адлівалі і пліты, скрозь якія праглядаюць сілуэты людзей, што назаўжды засталіся ў тутэйшай зямлі. Лёс жыхароў суседніх 12 вёсак, якія шукалі ў Але ратунку, а знайшлі пагібель, адлюстроўвае столькі ж бязгучных званоў.

На мемарыяльным комплексе размешчаны барэльеф з картай Гомельскай вобласці. На яе нанесена 127 вёсак, у кожнай з якіх нацыстамі была знішчана не адна сотня мірных жыхароў. Знакавы аб'ект месца памяці — парк скульптур-камянёў. Яны былі створаны падчас таго самага пленэру, ініцыіраванага Ізяславам Катляровым. Для стварэння работ выкарыстоўваліся адшуканыя і прывезеныя энтузіястамі двухметровыя камяні: іх дастаўлялі з Віцебскай, Мінскай абласцей, два знайшлі і паднялі з Бярэзіны. Так, высечаныя ў камені сюжэты ўзнаўляюць лёс вёскі. Сярод іх маці, якая моцна прыціскае немаўля да грудзей; дзяўчынка з прастрэленай лялькай, яна выстаўляе перад сабой руку і нібы просіць: «Не страляй!» У адной са скульптур увасоблены трагічны вобраз Аксінні Курловіч, якая вырашыла прыняць смерць у яе роднай хаце.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота з адкрытых крыніц і з архіву Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея


Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.