Вы тут

Вобраз радзімы ў люстэрку стагоддзяў прадстаўлены на адмысловай выставе


«Каб любіць Беларусь нашу мілую...» трэба лепш яе ведаць, больш цікавых мясцін пабачыць і мясцовых жыхароў сустрэць. Але за дзень не аб’едзеш, за раз не пабачыш і не зразумееш. Але можна ўбачыць яе вачыма тых, хто тут жыў цягам стагоддзяў і імкнуўся адлюстраваць свае ўражанні ў творах. Такую магчымасць дае экспазіцыя «Вобраз Радзімы ў творах беларускіх мастакоў XVIII–XXI стагоддзяў», што размясцілася ў адным з выставачных карпусоў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (па вуліцы Карла Маркса).


Выстава прысвечана Году міру і стварэння. Але што такое год у вымярэнні краіны? Пра мір марылі і імкнуліся да яго шмат пакаленняў тых, хто жыў і жыве на гэтай зямлі. І стваралі ў імя яго, у тым ліку творы мастацтва. На выставе прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура аўтараў, якія працавалі ў розныя часы. Творы, па якіх можна адсачыць, як развівалася Беларусь гістарычна, якія часы перажыла, якімі ідэямі мацавалася, якой яе бачылі творцы, якіх яна нарадзіла, прыцягвала і натхняла. Нават іканапісцы, якія працавалі на хрысціянскую ідэю, рабілі гэта з павагай да мясцовых вернікаў, іх традыцый, уводзілі ў абразы то раслінныя ўзоры, то мясцовыя пейзажы. Гравёры, якія імкнуліся зрабіць кнігі больш прыцягальнымі і зразумелымі, стваралі адметныя малюнкі з мясцовым каларытам. XVIII–XXI стагоддзі далі магчымасць казаць пра мастацкую Беларусь, хоць трэба ведаць і пра адметных творцаў ды іх працы, якія з’яўляліся значна раней (згадаем наш Полацк з яго храмамі і фрэскамі, што захаваліся, але гэта асобная тэма). 

Цікава тое, што радзіма заставалася ў душы і свядомасці нават тады, калі людзі, надзеленыя талентам, ехалі вучыцца ці працаваць у іншыя краіны. Быў такі перыяд у гісторыі нашай краіны, калі творцы любілі сваю радзіму на адлегласці. А пры магчымасці далучаліся да яе развіцця. А некаторыя, як Вітольд Бялыніцкі-Біруля, імкнуліся сюды і ўвасаблялі мясцовыя краявіды. Магчыма, таму і стаў Бялыніцкі-Біруля майстрам пейзажаў, бо тонка адчуваў крохкасць прыгажосці, сярод якой вырас і якую пісаў у Беларусі ў сталыя гады. А яшчэ адзін знакаміты майстар пейзажаў Фердынанд Рушчыц вярнуўся на радзіму, у роднае Багданава, на парозе сустрэчы з вечнасцю. Бо радзіма радуе душу, яе вобразы даюць супакаенне ад мітусні. Ды няма чаго дзівіцца, што Марк Шагал будзе пісаць свой родны Віцебск... Яго твораў тут няма, але ёсць магчымасць згадаць шагалаўскага (і не толькі) настаўніка Юдэля Пэна, які маляваў улюбёныя мясціны. 

Што казаць, ХХ стагоддзе дало айчыннаму мастацтву багата творцаў, якія працавалі ў графіцы і жывапісе. Аркадзь Астаповіч, напрыклад, умеў перадаць настрой, які навявалі краявіды, у графіцы. Ці Анатоль Тычына — яго зачараванасць дазволіла дадаць гравюрам колеру. Віктар Грамыка, Павел Масленікаў, Гаўрыла Вашчанка — асобы, улюбёныя ў творчасць, і, магчыма, таму, што адчувалі: сваё пачуццё колеру трэба скіраваць на ўдзячную працу, якая дазволіць захаваць на палотнах прыродную прагажосць і чалавечую ўлюбёнасць. А як жа без яе напісаць шчыра і так, каб запала ў душу? Вось як у Віталя Цвіркі — яго ўменне распараджацца колерамі і манеру пісьма не зблытаеш ні з кім.

Тут не проста Беларусь у вобразах. Тут захапленне ёю — лясамі, узгоркамі, рэкамі, палямі, бусламі... Але ж пейзаж — толькі адна з магчымасцяў выказаць сваё пачуццё. Вобразы нашай радзімы больш складаныя, часам яны вымагаюць не толькі сузірання, але і думкі, што асабліва важна для разумення больш сучасных твораў.

Пра радзіму можна гаварыць праз розныя віды мастацтва, тэхнікі і падыходы. І, што адметна, не толькі з мінчанамі. Гэты праект быў рэалізаваны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сферах навукі, адукацыі, аховы здароўя, культуры, маладзёжнай палітыкі. Цягам года выставу плануюць паказаць у розных гарадах Беларусі ў рамках Года міру і стварэння.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».