Вы тут

Іграй, гармон!


Адна мая знаёмая сустракаецца з маладым чалавекам. Насамрэч маладым, бо яму 38, а ёй... Не, розніца ва ўзросце не такая істотная, як у Алы Барысаўны і вядомага гумарыста. І ўсё ж...


Нядаўна яна патэлефанавала і папрасіла парады... Маўляў, пайшла са сваім бойфрэндам у кавярню, зрабілі заказ, выпілі, расслабіліся... І яна (напэўна, ад вялікай дозы выпітага) вырашыла прызнацца яму ў пачуццях. Карацей, адкрыла рот і пачала: не магу без цябе жыць, не ўяўляю, як я існавала да гэтага, ты мой адзіны і г. д. 

І раптам, у самы кульмінацыйны момант гэтага душэўнага стрыптызу, ён падскоквае, пляскае сябе далоняй па лбе і з крыкам «Я забыўся закрыць машыну!» выносіцца з залы... І толькі праз 15 хвілін, упэўніўшыся, што ніхто не спакусіўся ні на адну запчастку яго дапатопнага «фальксвагена», вяртаецца…

І ўсё гэта яна мне расказвае, бо адчувае: нешта тут не так. Ёсць нейкі падвох у паводзінах маладога чалавека. Але ці можна з гэтым мірыцца? Вось што непакоіць маю прыяцельку. І яна чакае адказу. А я што — суддзя? Ну, дапусцім, скажу ёй: «Пасылай яго падалей!» Яна паслухае і пашле, а сама пачне марнець і сохнуць, сохнуць і марнець…

Не, не пашле. Бо ў яго «гармон іграе», і ў гэтым плане ён задавальняе маю прыяцельку на ўсе сто працэнтаў. Яму нават звілінамі варушыць не трэба, каб прыдумаць, як і дзе з ёю сустрэцца. Не паспее ён сказаць «а», як яна дагаворвае ўвесь алфавіт, прычым хуценька, скорагаворкай. Глядзіць на яго як на грэчаскага бога («Ой, ён так складзены! Ты не ўяўляеш!») і пастаянна напружваецца па прычыне сваёй непаўнацэннасці.

«Ведаеш, — кажу ёй, — я тут у адным часопісе пра Растраповіча чытала, пра віяланчэліста...»

«Гэта такі страшненькі, лысы, з адтапыранай губой?» — перапытвае яна.

Ну, можа, і так, можа, і страшненькі. Калі паглядзець з аднаго боку. А з іншага... Яго кахалі выдатныя жанчыны свайго часу — нягледзячы на лысіну і неатлетычны целасклад. І не толькі за віртуознае валоданне смычком. Проста ён здольны быў на такі вар’яцкі жэст, так мог уразіць жанчыну, што ў яе не заставалася сіл супраціўляцца... Праважаючы ў непагадзь каханую дадому, мог, каб не абыходзіць за кіламетр лужыну, папросту скінуць з плячэй паліто і пасцяліць ёй пад ногі... Мог падарыць кошык ландышаў, а мог — вальс Штрауса ў незвычайным выкананні... Безумоўна, мог, скажаце вы — ён жа славутасць. Але ж, па-першае, хацеў! У выніку ў яго заўсёды былі самыя прыгожыя жанчыны, хоць знешне ён і не лічыўся Апалонам.

У Апалона, ведаеце, свае замашкі. Ён жа прывык, што да яго ўсе хочуць дакрануцца і ўжо адпаліравалі да бляску. А навошта вам мужчына, які 24 гадзіны ў суткі думае пра ўласную паліроўку? Ці пра паліроўку свайго аўто? Такі наўрад ці здзівіць ці ўразіць. І сваё паліто пашкадуе больш, чым вас.
Вам дастаўся менавіта такі экзэмляр? Ну, што ж, побач з жанчынай звычайна аказваецца той мужчына, якога яна заслугоўвае…

Рэўнасць

У суботу Ніна прачынаецца рана. Надзявае сіні спартыўны касцюм з нашытымі на рукавах белымі палоскамі, залазіць на свой новы веласіпед і едзе ў магазін атаварвацца. Калі праз гадзіну вяртаецца, паходная сумка, якая па буднях служыць «дамскай», а па выхадных — гаспадарчай, аж трашчыць ад напружання, і ў ёй нешта загадкава пабразгвае…

Ніна асцярожна «прыпаркоўваецца» каля ўласнага плота, здымае з руля свой каштоўны груз і, злёгку кульгаючы, ідзе па цэментнай дарожцы ў бок хаты. Не даходзячы метры тры да дзвярэй, рэзка збочвае, каб схаваць у кустах бутэльку для будаўнікоў, якія перакрываюць дах.

Астатняе нясе ў хату — вечарам да іх запрошаны госці. Ну, не тое каб госці ў прыстойным сэнсе гэтага слова, а так, суседзі, Марыя з Раманам (былым армейскім афіцэрам, а зараз звычайным адстаўніком). У іх сем’ях такая завядзёнка — хадзіць адзін да аднаго па чарзе. Можна і без чаргі, калі ёсць што адзначыць. Сёння ж для сустрэчы мелася важкая падстава. «Абмыўкі» патрабаваў новы Нінчын веласіпед. Новы — не новы... Спачатку братава жонка, напэўна, з год развозіла на ім пошту. Аднак усё ж уламалі радню на «бартар» у выглядзе дзвюх скрынак дражджэй (балазе, Ніна працавала на дражджавым заводзе). Веласіпед быў ёй як нельга дарэчы. Ці да свекрыві ў вёску матануцца, ці ў краму, ці да сына на другі канец горада.

...Марыя з Раманам з’явіліся адразу пасля абеду — прынеслі з сабой дамашняй настойкі ў бутэльцы з-пад армянскага каньяку і колца пальцам піханай каўбасы. Ніна злазіла ў склеп па агуркі, насмажыла бульбы. Муж Пеця, які толькі прачнуўся пасля ўчарашняга, плюхнуўся на сваё любімае месца паміж сталом і газавай плітой. Ляніва пацікавіўся — з якой нагоды сабраліся? — і падазрона скасавурыўся на Рамана: нешта зачасціў ваяка. Можа, «жэрдка» яго худая яму надакучыла? Ніна, кульгаючы, бегала з кухні на веранду. «Бач, як стараецца! — прамільгнула ў галаве. — З чаго б гэта?»

«Ну, за ваш ровар! Каб добра ездзіў!» — сказаў першы тост Раман. Усе выпілі, і ён вярнуўся да сваёй любімай тэмы — армейскіх успамінаў, пачаўшы на гэты раз так: «Калі я служыў у Ніжнім Тагіле, у жонкі нашага камандзіра таксама быў веласіпед. Дык яна на ім...»

Далей Пётр ужо нічога не чуў. Не абмежаваная ніякімі рамкамі фантазія, падагрэтая «знізу», малявала яму самыя фрывольныя сцэны з Нінчынага будучага жыцця: вось яна, кульгаючы на адну нагу, падыходзіць да веласіпеда, залазіць на яго, націскае на педалі і імчыць у напрамку найбліжэйшага бярэзніка. А там... Там яе ўжо чакае вусаты сусед у поўнай баявой выпраўцы.

«Ну, за каханне!» — прапануе наступны тост бравы адстаўнік Рома. Пётр павольна ўстае з-за стала. Хістаючыся, выходзіць у «бакоўку», дзе скіданы розныя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.

«Божухна, сякеру ўзяў! Навошта?» — шэпча Ніна. Заварожанымі позіркамі госці сочаць за Пятром. Ён размахваецца і... з усёй сілы наносіць удар. Спачатку — па багажніку, потым — па рулю, па колах... Спіцы разлятаюцца па зямлі, як іголкі. Ніна хоча падбегчы да мужа, Раман з Марыяй ледзь стрымліваюць яе. «Ды халера з ім, не лезь. Зараз супакоіцца, спаць ляжа. А веласіпед... Падумаеш — веласіпед! Не чалавек жа. 

Давай лепш вып’ем. Трэці тост — за жанчын!»

Лёгкасць быцця...

Вечарам у нядзелю, стоячы ў чарзе ў касу крамы, міжволі выслухоўваю дыялог двух маладых людзей, на выгляд гадоў 16-17. «Ведаеш, — расказвае адзін, — ледзь трымаюся на нагах пасля бяссоннай ночы. Бацькі ўчора паехалі да бабулі, а я вырашыў скарыстацца момантам. Пазваніў Дашы, запрасіў у госці. Кажа, буду праз тры гадзіны. І што мне — тры гадзіны дарэмна губляць? Набраў Ксюху... Тая тачку па дарозе перахапіла і праз дзесяць хвілін прыехала... Ну, уключаю музычку, ідзём у душ... І тут — званок у дзверы. Накідваю прасціну і бягу адчыняць. А там — Дашка... Я — ёй: „Мілая, пагуляй з гадзінку, я пакуль заняты“. Ледзь паспеў потым Ксюху выставіць. А Даша праз гадзіну вярнулася і да раніцы засталася».

«А чым усё скончылася з гэтай, як яе, з Алёнай? — пытаецца другі. — Яна ж рэальна была ў цябе закаханая!» — «Ды ты што! Я яе ўспамінаю як кашмарны сон. Прыкінь, два месяцы цягалася за мной, адвязацца не мог. А потым сказала, што цяжарная. Кожны дзень тэлефанавала, раўла... Я тады ледзь не пасівеў! Спаць не мог, рукі дрыжэлі ад жаху: а раптам бацькі даведаюцца? А потым проста паслаў яе, вельмі жорстка. З таго часу, дзякуй богу, не бачыў і не чуў. Не паверыш, пасля гэтага паўгода не мог на баб глядзець... Цяпер прэзерватывы нават у школу з сабой бяру».

Яны абодва залівіста рагочуць.

Піва, аднак, «крутым пацанам» не адпускаюць па банальнай прычыне — недацягваюць па ўзросце. Пакуль яны — зусім па-дзіцячы — умольваюць касіра «ўнікнуць у становішча», я думаю пра віртуальную Алёну. З аднаго боку, яе, бедную, шкада. 

З іншага... Ну, напэўна ж, ведала, ад чаго «заводзяцца» дзеці. І не проста «заводзяцца», а праз дзевяць месяцаў з’яўляюцца на свет, не маючы нічога агульнага з лялькай Барбі, якую можна выкінуць, калі надакучыць. Дзіця — гэта нешта ўжо зусім рэальнае, не падобнае на ілюзіі, якімі забіты галовы 16-17-гадовых шукальніц прыгод. Чамусьці ў гэты перыяд жыцця побач з імі зачастую не аказваецца чалавека, здольнага далікатна растлумачыць, што каханне — гэта не вывяржэнне вулкана, не перарэзаныя лязом вены, не вар’яцкі секс пасля бутэлькі тэкілы і ўжо ні ў якім разе не групавое наведванне душа. Каханне не працуе на паказуху. Яно — маўклівае, кранальнае, шкадуючае і адданае. Гатовае несці адказнасць за ўсе наступствы. Нельга чакаць прынца — і адначасова аддавацца ўсім і кожнаму. Нельга марыць пра казку — і пагарджаць элементарнымі нормамі маралі. Адна знаёмая мама дзяўчынкі-падлетка неяк заўважыла: «Нічога... Да васямнаццаці перашалеюць, а потым зоймуцца сур’ёзнымі справамі».
Гэта, канешне, абсалютная праўда. Перашалеюць. Наядуцца «забароннага плоду». Набудуць сякі-такі «дарослы» вопыт, каб было чым перад сябрамі бліснуць. Пратопчуць дарожку да гінеколага і венеролага. Займеюць букет недалечаных хвароб, якія будуць перыядычна нагадваць аб сабе. Зробяць па адным-два «вакуумы». І супакояцца... Пачнуць прынцаў і прынцэс чакаць. Каб усё было, як у нармальных людзей: дом, сям’я, дзеці…

Нядаўна яшчэ адна мама выдавала замуж 18-гадовую дачку. Малады быў хоць куды: і прыгожы, і багаты, і з прыстойнай сям’і. Ды толькі вось незадача: нявеста «застукала» яго з іншай, заспела, што называецца, на гарачым. Акурат за тыдзень да вяселля. На сямейным савеце «грэх» будучаму зяцю вырашылі дараваць. А куды падзецца, калі сама нявеста — на чацвёртым месяцы цяжарнасці? Ды і запрашэнні на вяселле разасланыя, і рэстаран заказаны, і сукенка са шлейфам…

Пра што гэта я? Ды так, пра жаночую годнасць. Не пра тую, што ў падручніках па анатоміі. А пра тую, аб якой нашы прабабулі расказвалі бабулям, а бабулі — маці. Якую нельга страціць, а можна толькі мець ці не мець. Каштоўнасць гэта невялікая, але дарагая. У тым сэнсе, што адсутнасць яе дорага абыходзіцца.
Хоць, магчыма, я памыляюся, і ніякай жаночай годнасці ўвогуле не існуе. Ні жаночай, ні мужчынскай. А ёсць толькі «лёгкасць быцця». Спачатку такая невыказная, а потым — такая невыносная.

Наталля УЛАДЗІМІРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Аднапакаёвыя кватэры імкліва даражэюць

Прычына — даступныя крэдыты і ажыятажны попыт.

Культура

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Чым сёлета будзе адметны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне?

Арганізатары і ўдзельнікі свята запэўніваюць — знайсці сабе адпачынак па душы зможа кожны.

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.