Вы тут

Культурная сталіца. Чым здзіўляў Слуцк гасцей


У пятніцу, 24 лютага, прайшла цырымонія адкрыцця культурнай сталіцы Беларусі — горада Слуцка. Рэспубліканская акцыя па вызначэнні адпаведнага населенага пункта праводзіцца штогод з 2010-га па ініцыятыве Міністэрства культуры і мае на мэце паказаць багацце нацыянальнай культуры, самабытнасць гарадоў і рэгіёнаў, іх турыстычную прыцягальнасць.


Сёлета на пачэснае званне,акрамя Слуцка, прэтэндавалі Баранавічы, Бялынічы, Мазыр, Шчучын і Свіслач. Але журы выбрала Слуцк, які прыняў эстафету ад Оршы. Падчас акцыі госці свята пазнаёміліся з гісторыяй, традыцыямі і культурай раёна, даведаліся аб значных падзеях даўніны і сучаснасці, паўдзельнічалі ў майстар-класах.

На працягу года тут пройдуць дзясяткі розных мерапрыемстваў: канцэртаў, фестываляў, пленэраў, выставак, акцый, лекторыяў, спартыўных спаборніцтваў. А на вуліцы ў гонар пісьменніка Васіля Віткі адкрыецца сквер. Чакаюцца канцэрт-справаздача юных талентаў Міншчыны, канцэрт, прысвечаны Ганне Герман, спектакль «Пясняр» па п'есе Васіля Дранько-Майсюка і яшчэ шмат іншага.

Сёлета гараджане спалучылі два святы ў адным — адкрыццё культурнай сталіцы і Масленіцу. З такой нагоды каля Дома культуры быў зладжаны кірмаш. Мноства гараджан і запрошаных гасцей сабралася і ў зале ўстановы культуры. Тут было на што паглядзець. Так, на сцэне разгарнулася масавае касцюміраванае прадстаўленне. Вельмі відовішчнае і маляўнічае, яно дакладна перадало гераічныя старонкі гісторыі Слуцка. Напрыклад, бітву рыцараў з мангола-татарамі. Тут можна было паслухаць песні і атрымаць асалоду ад танцаў у выкананні самадзейных і прафесійных калектываў, артыстаў. Прысутных парадавалі таксама Аляксандр Саладуха, Тэа і Вольга Рыжыкава.

Перад гледачамі выступіў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

«Год міру і стваральнай працы, аб'яўлены ў Беларусі, дазволіць Слуцку паказаць усім жыхарам і гасцям горада свае творчыя магчымасці, адкрыць новыя яркія зоркі ў сферы культуры і з гонарам несці званне культурнай сталіцы», — запэўніў міністр.

Анатоль Маркевіч уручыў сертыфікат «Слуцк — культурная сталіца Беларусі» гаспадарам свята.

Па яго словах, культура павінна служыць дабру, хараству, гармоніі, абуджаць найлепшыя чалавечыя якасці.

— Слуцк — адзін са старажытных гарадоў і найпрыгажэйшых куткоў нашай краіны. Тут непаўторныя помнікі архітэктуры, добразычлівая атмасфера, — дадаў ён.

У ХVІІ стагоддзі ў Слуцку вялікі гетман Міхаіл Казімір Радзівіл заснаваў мануфактуру. Слуцкія ткачы выраблялі шаўковыя паясы з уплеценай у іх залатой і сярэбранай ніткай, якія прынеслі гораду вядомасць далёка за яго межамі.

— Кожны пояс быў творам мастацтва. Слуцкія паясы і сёння з'яўляюцца жамчужынай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва нашай краіны, захоўваюцца ў многіх музеях свету, — адзначыў міністр.

Дарэчы, у 1793 годзе тут працавалі 60 майстроў, якія, акрамя паясоў, выраблялі яшчэ і шаўковыя пакрывалы, залатыя і сярэбраныя галуны, аксельбанты, падвязкі, стужкі, габелены, дываны.

Ганарацца гараджане і княгіняй Анастасіяй Слуцкай, якую называюць беларускай Жаннай д'Арк. У пачатку XVІ стагоддзя, калі загінуў муж, Анастасія замест яго павяла ў бой воінаў. Ворагі вымушаныя былі адступіць. У цэнтры горада ўстаноўлены помнік гэтай смелай жанчыне.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч падкрэсліў: Міншчына ў чацвёрты раз прымае акцыю «Культурная сталіца Беларусі». І вельмі прыемна, што Слуцк заваяваў гэтае права менавіта ў 85-гадовы юбілей з дня заснаванння Мінскай вобласці.

На думку Івана Маркевіча, у горадзе культура прадстаўлена на высокім узроўні, Слуцк мае багатыя традыцыі і гісторыю. Ён выказаў упэўненасць, што ўсе запланаваныя мерапрыемствы пройдуць дастойна, і перадаў старшыні Слуцкага райвыканкама Уладзіміру Гогу падарачны сертыфікат.

Адбылася і цырымонія гашэння дзяржаўнага знака паштовай аплаты «Слуцк —культурная сталіца Беларусі».

Завяршылася свята канцэртам з удзелам самадзейных калектываў Слуцкага раёна, Мінскай вобласці, краіны і зорак эстрады.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

Такое рознае малако... Каму якое падыходзіць?

«Малако — паўнавартасны прадукт харчавання, а не напой, гэта важна ўлічваць».