Вы тут

За два дні ў чатырох вёсках Лагойскага раёна карнікі знішчылі 179 двароў


Лёс кожнага чалавека звязаны з лёсам роднай мясціны, дзе ён нарадзіўся, вырас, а магчыма, і жыве. І кожны чалавек на пэўным этапе свайго жыцця задае сабе пытанні: адкуль я родам, дзе мае карані, што было тут раней, як жылі на гэтай зямлі нашы дзяды. І часам вельмі цяжка адказаць на тыя пытанні, бо ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны было спалена больш за 9 тысяч вёсак. Многія з іх — разам з жыхарамі. Фашысцкія карнікі перапынілі сувязь пакаленняў, многія маладыя людзі не ведаюць пра лёс сваіх сваякоў і не маюць крыніц, з якіх можна было б вывесці свой радавод ці даведацца пра гісторыю роднай мясціны. На жаль, час няўмольны і ўсё менш застаецца сведак тых падзей. Таму хацелася б, каб па кожным раёне, па кожнай вёсцы засталіся такія гістарычныя звесткі, успаміны апошніх сведак, якія ў будучыні дапамогуць людзям знайсці свае карані. Нездарма ж кажуць, што адной з прыкмет здаровай нацыі з'яўляецца захаванне памяці, паважлівае стаўленне да сваёй гісторыі.


Помнік загінулым жыхарам саўгаса Лонва.

У самым цэнтры вёскі Засоўе, што на Лагойшчыне, устаноўлены велічны помнік. На пастаменце стаіць жанчына з маленькім дзіцем на руках. Дзіця прыціснулася да мамы, якая трымае ў руках галінку з лісточкамі — знак міру і вечнага жыцця. Помнік жыхарам Засоўя і навакольных вёсак, якія трагічна загінулі падчас карнай аперацыі нацыстаў, быў пастаўлены мясцовым саўгасам «Лонва».

Страшная трагедыя — адна з самых вялікіх у Лагойскім раёне — адбылася тут у маі 1943 года. За два дні фашысцкія карнікі знішчылі ў чатырох вёсках 179 двароў, забілі і спалілі 575 чалавек, з іх — 185 дзяцей.

Гэты акт генацыду ў дачыненні да мірнага насельніцтва адбыўся падчас нямецкай карнай аперацыі «Котбус». Яе мэтай было знішчэнне партызанаў і набор мясцовых жыхароў на работу ў Германію. Да аперацыі былі прыцягнуты карныя батальёны СС, ахоўныя войскі, паліцыя, а таксама рэгулярныя войскі з танкамі, артылерыяй, авіяцыяй. Была створана баявая група, якой кіраваў брыгадэнфюрар СС і генерал-маёр паліцыі фон Готберг. Нямецкія войскі суцэльнымі ланцугамі прачэсвалі ўсю мясцовасць, уключаючы лясы і балоты, і выцяснялі партызанаў у раён возера Палік і Домжарыцкіх балот, дзе і збіраліся знішчыць іх. Партызаны паступова адыходзілі да Паліка і ў той час знаходзіліся ў лясах каля вёскі Літвічы.

Літвічы: 118 ахвяр

Падзеі ў вёсцы Літвічы развіваліся імкліва. 21 мая 1943 года нямецкі атрад колькасцю каля 30 салдат прыбыў на аўтамашынах з Плешчаніц у Літвічы і застаўся начаваць у вёсцы — у хатах мясцовых жыхароў. Раніцай немцы сабралі жыхароў у цэнтры вёскі, адабралі моладзь у Германію і адправілі іх на машыне ў Плешчаніцы. Частка немцаў засталася ў вёсцы: трэба было дадаткова набіраць моладзь. Прыкладна праз гадзіну пасля ад'езду машын партызаны атакавалі Літвічы. За ноч яны разведалі колькасць немцаў у вёсцы і сабралі свае сілы для нападзення.

Леаніда Астраўко.

Добра запомніла тыя падзеі Леаніда Астраўко, якая жыла тады ў Літвічах:

«Прыехалі немцы пад вечар, заставаліся начаваць. І да нас у хату прыйшлі. У пяці хатах яны спыніліся начаваць. Прыйшлі ж — не прагоніш. Бацька трохі разумеў, што яны гаварылі. Гэта былі франтавікі. Яны сказалі, што іх знялі з фронту збіраць моладзь у Германію. Раніцай набралі машыну людзей і паехалі ў Плешчаніцы. У вёсцы засталося некалькі немцаў. Калі пад Амнішава пад'ехалі, там іх партызаны абстралялі, але яны далей паехалі. Адзін наш хлопец саскочыў з машыны, хацеў уцякаць, але немцы яго забілі. Крыху часу прайшло, партызаны з боку Бягомля прыбеглі, усчалі стральбу. У нас у хаце сядзеў адзін немец, нават пісталета ў яго не было. Мы за печку схаваліся, падушкамі закрыліся, і гэты немец сеў каля нас. Потым бацька глянуў у акно, сказаў, што партызаны ўжо ў вёсцы. Немец выйшаў з хаты, на месцы яго і забілі. І астатніх забілі, чалавек дзесяць іх было. Бацька спытаў у партызанаў, што нам рабіць. Яны сказалі сыходзіць на Васількоўку. Мы туды пайшлі, у лесе сядзелі. Тых, хто не пайшоў разам з намі, усіх і спалілі».

У літаратуры засталіся партызанскія сведчанні гэтых падзей у Літвічах. З кнігі Рамана Мачульскага «Страницы бессмертия»: «22 мая атрады імя Суворава і імя Катоўскага (брыгада «Народныя мсціўцы») напалі на карнікаў, якія занялі веску Літвічы Амнішаўскага сельсавета, і выбілі іх адтуль. Карнікі пакінулі на полі бою 23 трупы».

Пра тыя падзеі згадвалі і немцы. З аператыўнага данясення начальніку СС і паліцыі Барысаўскай акругі: «22.5.1943 года капітан ВПС Хаарэ разам с 20 унтэрафіцэрамі і радавымі накіравіўся ў вёску Літвічы для мабілізацыі рабочай сілы для адпраўкі ў Германію. Прыкладна ў 11.30 капітан Хаарэ з адным унтэрафіцэрам і сямю радавымі на адной аўтамашыне выехалі ў Плешчаніцы. Сем унтэрафіцэраў і 21 радавы, якія засталіся ў Літвічах, у 12.30 нечакана былі атакаваны з усіх бакоў бандай прыкладна ў 200 чалавек, прычым некалькімі хвалямі... Паколькі агонь праціўніка ўзмацняўся і бандыты ўсё бліжэй прасоўваліся ў вёску, салдаты вермахта, пакінуўшы забітых і цяжка параненых, адступілі ў напрамку вёскі Акалова. Капітан Хаарэ, атрымаўшы ў Плешчаніцах паведамленне аб нападзенні на яго каманду ў Літвічах, звязаўся з батальёнам Дзірлевангера, які займаў пазіцыі ў вёсцы Буда, і папрасіў аб дапамозе. 23.5.1943 года батальён Дзірлевангера распачаў нападзенне на вёску Літвічы, дзе выявіў 11 чалавек з каманды Хаарэ забітымі і трох чалавек зніклымі. Забітыя былі абрабаваныя і знявечаныя».

У немцаў і партызанаў не супадаюць даныя пра страты, але гэта звычайная з'ява на вайне. У архіўных дакументах атрада імя Катоўскага напісана: «22.5.43 бой у вёсцы Літвічы Плешчаніцкага раёна. Атрад у складзе 2 і 3 роты. К-р атрада Краснянкоў. Знішчана: 15 нямецкіх салдат, часова выведзена са строю 7. Трафеі — аўтаматаў 2, вінтовак 9... Свае страты — забіта 5, паранена 2...»

Гэта было буйное паражэнне немцаў. Было забіта шмат унтэрафіцэраў. Дараваць такое яны не маглі і спагналі злосць на безабаронных жыхарах. Зразумела, што са з'яўленнем у Літвічах асобага эсэсаўскага батальёна Дзірлевангера нічога добрага чакаць не даводзілася. Шмат вёсак было знішчана ў Беларусі менавіта гэтым батальёнам, у склад якога ўваходзілі асуджаныя браканьеры, штрафнікі-немцы і былыя савецкія ваеннапалонныя. Некаторыя жыхары вёскі адразу пасля нападзення партызанаў сталі сыходзіць у лес і іншыя паселішчы, але многія засталіся, бо не бачылі сваёй віны ў дзеяннях партызанаў. Ды не ведалі яны, што да іх прыбылі карнікі, якія займаліся знішчэннем вёсак разам з насельніцтвам. У акружанай вёсцы эсэсаўцы хадзілі па вуліцы, расстрэльвалі жыхароў і падпальвалі хаты. Тады ў Літвічах спалілі 40 хат і знішчылі 118 чалавек. У сваім данясенні карнікі пра тое не напісалі.

Успамінае Уладзімір Жаваронак, сям'я якога паспела сысці з Літвіч у Засоўе:

«Надвячоркам я схадзіў у Літвічы. Тое, што ўбачыў, моцна ўразіла. Паветра было напоўненае дымам, дагаралі будынкі. Сярод галавешак ляжалі трупы людзей, маіх аднавяскоўцаў. Вярнуўшыся назад, пра ўбачанае расказаў бацькам. А назаўтра ў хату, дзе спыніліся мы і яшчэ некалькі сем'яў, зайшлі два карнікі. Сказалі, што будуць правяраць дакументы. Затым яны аб нечым пагаварылі, і адзін з іх пайшоў. Але неўзабаве вярнуўся з ручным куляметам. Зайшоўшы ў хату, ён распачаў стральбу па прысутных. Пачуліся крыкі, стогны, плач. Я адчуў востры боль у левым сцягне і паваліўся... Разам з братамі Астроўкамі — Віктарам і Адамам — мне ўдалося выбрацца праз акно, калі ўсё наўкол ужо было ахоплена полымем».

Усе сведчанні аб тых падзеях даюць падставу зрабіць выснову, што немцы зрабілі адказнай за забойства нямецкіх салдат вёску Літвічы і яе жыхароў — жанчын, дзяцей і старых. Але гэтага карнікам падалося мала. У Літвічах быў толькі першы акт трагедыі. Працяг адбыўся на наступны дзень у суседніх вёсках — Засоўе, Амнішава і Слабада.

Засоўе: 235 бязвінных жыццяў

Начавалі карнікі ў Засоўі і Слабадзе. Спалі ў хатах разам з ахвярамі. Увечары арганізавалі вечарынку, ігралі на губных гармоніках, весела ім было пасля крывавай бойні ў Літвічах. Жыхары Засоўя не чакалі той страшнай долі, бо зусім не мелі дачынення да падзей у суседняй вёсцы. Але немцы ўжо асудзілі іх на жудасную смерць.

У Засоўі карнікі спалілі 58 двароў, рассталялі і спалілі 235 чалавек. На жаль, сёння ўжо не працуе школа ў Засоўі, але раней там кожны год праводзіліся ўрокі памяці. Школьнікі і настаўнікі некалі з разуменнем успрынялі і падтрымалі ідэю праводзіць у школе ўрокі памяці, урокі па гісторыі краю, гэтага невялікага мікрарэгіёна з цэнтрам у вёсцы Засоўе. Арганізатарам згаданых мерапрыемстваў стала настаўніца беларускай мовы Антаніна Мяхедка. Яна нарадзілася і вырасла ў суседняй вёсцы Лонва, часта чула расказы бацькоў і мясцовых жыхароў пра вайну, і паступова да яе прыйшла думка захаваць звесткі пра гісторыю тутэйшых населеных пунктаў. Так яна пачала збіраць разам з вучнямі ўспаміны пажылых людзей пра вайну, трагічныя гісторыі спаленых вёсак.

Антаніна Мяхедка каля помніка спаленым жыхарам вёскі Слабада.

— Магчыма, менавіта памяць і разуменне таго, што з цягам часу ўсё менш і менш застаецца сведак той страшнай трагедыі, сталі асноўным штуршком для мяне, які прымусіў яшчэ раз звярнуцца да вогненнай гісторыі маёй малой радзімы, — расказвае Антаніна Мяхедка. — Мы з вучнямі распачалі работу па зборы звестак аб дзецях вайны, сустракаліся з імі, запісвалі іх успаміны, запрашалі ў школу. Жанчыны, чыё дзяцінства апякла вайна, дзяліліся сваёй бядой. На іх вачах забівалі і спальвалі іх бацькоў, родных, суседзяў. Ім самім ледзь удалося выжыць. Цяпер яны са слёзамі на вачах расказваюць страшную праўду нам, сваім нашчадкам, каб мы яе захавалі, не забылі, перадалі іншым пакаленням для таго, каб ніколі не паўтарыліся жахі вайны».

Захаваліся ўспаміны мясцовых жыхароў, сведак трагічных падзей. У кожнага з іх свая незвычайная гісторыя выратавання. З успамінаў Юзэфы Шапялевіч з Засоўя: «Засоўе палілі немцы раніцай у панядзелак, хоць прыехалі ў нядзелю. У вёсцы загаварылі, што моладзь будуць браць у Германію. Таму мама, устаўшы вельмі рана, пайшла да цёткі, што жыла на другой вуліцы, каб узяць крыху бульбы і спячы мне праснак на дарогу. Мяне пабудзіла пасвіць карову, а малодшая сястра Ядзя ў гэты час спала. Праз некаторы час я пачула стрэлы. Потым убачыла, што сям'я Грыня выбегла на вуліцу, і ў гэты час да іх падскочылі немцы, вярнулі ўсіх у хату і расстралялі. Раптам заўважаю, што гарыць вёска, і тады я зразумела, што немцы забіваюць людзей і паляць сяло. Я хуценька схавалася пад бярвенне, каля якога стаяла, а калі ўсё сціхла, вылезла. Навокал усё гарэла. Загінула мая малодшая сястра. Маме, на шчасце, удалося выратавацца. Жылі мы ў зямлянцы ажно да канца вайны».

З успамінаў Алены Батуры з Засоўя:

«Той раніцай мама згледзела праз акно немцаў, што ішлі праз двор да нас. Падумала, можа, у Германію будуць забіраць. І кажа мне: «Лезь, дачушка, на печ, схавайся і сядзі». Сяджу там цішком, чую ў хаце галасы: «Дзе хазяін?» «Няма ў мяне хазяіна, памёр». «А сыны твае дзе?» «Ды вось адзін у ложку спіць, другі ў пуні недзе». І тут жа — стрэл, чую: мама ўпала. Услед яшчэ стрэлы, меншых брата і сястру ў ложку забілі. Страшна мне, ды стрымалася, голасу не падала. Пастралялі і пайшлі. Чую, страляюць ужо ў суседняй хаце — Анэлю Бабровіч з дочкамі. Што ж, думаю, рабіць? Злезла ўсё ж з печы і хуценька ў пограб, што быў пад падлогай, забралася, дошчачкі зноў закрыла. Падумалася: гэта ж зараз хату паліць прыйдуць, я і згару тут. Выбралася — і за дзверы, у гародчык кінулася, лягла ў баразёнцы, выпрасталася, бы нежывая. Здаецца, каб зямля правалілася, ды каб паглыбей. А побач крокі, ідуць паліць нашу хату. Раптам чую: «Во, уцякла, дык у гародзе забілі». Я ж не ведала, што мая спіна ўся ў крыві. Як сядзела ў пограбе, дык зверху кроў на мяне цурчэла праз шчыліну — маміна кроў, яна мяне і ўратавала. А тыя двое ў хату зайшлі, падпалілі. Мне горача становіцца, іскры зверху сыплюцца. Я жменяю зямлю грабу ды на сябе сыплю. Пасмялела, як пайшлі яны з двара, прыўзнялася на локці ды паўзком, паўзком, каб далей ад агню. Выкацілася з град і зноў у баразну, дзе бульба пасаджана. Так і праляжала, пакуль усё сціхла. На ногі ўстала, глянула — гарыць суседняе Амнішава. Іду сваёй вуліцай — хаты дагараюць, скрозь людзі пабітыя ляжаць».

Ванда Шапялевіч.

Расказвае Ванда Шапялевіч:

«Гэта было 23 мая 1943 года. Немцы акружылі вёску і пачалі акопвацца. Вечарам зладзілі вечарынку. А раніцай на наступны дзень пайшлі па хатах і пачалі расстрэльваць людзей. Пасля падпалілі будынкі. У гэты час я і мае браты Пеця і Стась спалі ў пуні. Пачуўшы стрэлы і крыкі, прыбеглі ў хату. Мы ўбачылі, што мама і тата мёртвыя. Я завязала маме хустку (не ведаю чаму), і мы пабеглі з хаты. Мы сталі ўцякаць ад немцаў і кінуліся ў бок Гарэлага, дзе было балота. Але раптам я ўспомніла сваю маму, што засталася ў хаце ляжаць, і пабегла з сяброўкай Ленай назад, у сяло, якое ўжо гарэла. Мы выбеглі проста на немцаў. Адзін падышоў да нас, паглядзеў, а потым, нешта сказаўшы па-нямецку астатнім, вывеў нас з балота на сцежку, якая вяла ў Гарэлае. Мы пабеглі, а немец выстраліў уверх. Відаць, і сярод немцаў былі тыя, у каго заставалася яшчэ нешта людскае. Нас прытуліла адна жанчына, у якой было сваіх пяцёра дзяцей. Столькі гадоў прайшло, а ў памяці стаіць жахлівая карціна: мама ляжыць забітая ў завязанай мною хустачцы. Як бы мне хацелася, каб толькі наша пакаленне пранесла жах вайны, хай бы гэтае слова «вайна» і пахавана было разам з намі».

Пра жахі таго дня расказала адна з найстарэйшых жыхароў вёскі Засоўе Ядвіга Кальніцкая:

«Раніцай, як і заўсёды, сястра завяла на лагчыну жарабя і навязала. Ідучы дамоў, убачыла, што гарыць канец адной вуліцы, і хуценька прыбегла ў хату. Я і мой старэйшы брат Аляксандр яшчэ спалі ў гэты час. Мама нас разбудзіла, і мы ўсе пабеглі да Грамовіча Юстына. Там ляжалі на падлозе ўжо забітыя гаспадыня і дзеці. Тады мы праз вуліцу пабеглі да суседа Казіміра, там палілася печ, стаялі гаршчкі на прыпечку, а на зямлі ляжала забітых аж 12 чалавек. Мы выскачылі з хаты і павярнулі на сцежку, што вяла да вузенькай рэчкі, праз якую быў мосцік. У гэты час да нас далучылася двое дзяцей. Гэта былі Пеця і Стась Радзевічы. За сялом на пасту стаяў немец. Убачыўшы нас, ён спачатку пабег за намі, а потым прыпыніўся, стрэліў адзін раз і вярнуўся назад. Немцы, пачуўшы стрэл, хутка згледзелі нас і застрачылі з кулямётаў. Мы ўжо былі каля рэчкі, паваліліся, прыціснуліся да зямлі. Але доўга ляжаць не маглі, баяліся, што яны нас дагоняць і расстраляюць. Надзеі на выратаванне не было, і мама сказала, што прыйдзецца тапіцца. Мы заплакалі, а Пеця і Аляксандр сказалі, што яны пабягуць да кустоў. Так яны і зрабілі. Кулі свісталі з усіх бакоў, але хлопцам удалося ўцячы. Калі страляніна сціхла, мы выпаўзлі на ўзгорак, дзе расла пшаніца, і па двое заляглі ў баразёнкі. За мной ляжала Сабіна, а за Стасем — мама. Пшанічка была зусім маленькая, і мы, вядома, былі бачныя з вёскі. Як толькі мы заварушымся і пачынаем паўзці, немцы пачынаюць страляць. Мы сцішымся, паляжым. Потым Сабіна стукае мне ў пяту — гэта каманда паўзці, і мы зноў паўзём, а немцы пачынаюць зноў страляць. Так было некалькі разоў. І вось доўгачаканыя кусты і балота. Мы выратаваліся. Але Сабіну параніла ў нагу. Мама перавязала ёй рану, і мы адышліся яшчэ далей. Мы бачылі, як гарэла вёска, як ад'язджалі машыны».

Амнішава: мінус 18 жыхароў

Не абмінула бяда і Амнішава. За гады вайны гітлераўцы спалілі тут 39 двароў з 41, загубілі 18 жыхароў.

Дэталі трагедыі ў памяці захоўвае Валянціна Гейна з Амнішава:

«...Майскім ранкам я і мае сяброўкі пасвілі недалёка ад вёскі кароў. Раптам мы ўбачылі, што над Засоўем сцелецца чорны густы дым. Мы зразумелі, што гарыць вёска. Потым заўважылі машыны, якія рухаліся ў бок Амнішава. Мы кінулі кароў і хуценька пабеглі ў вёску, каб папярэдзіць яе жыхароў. Аднак у вёсцы ў гэты час ужо ніхто не спаў, і, ведаючы, што здарылася з Літвічамі і Засоўем, жыхары Амнішава пабеглі хто куды змог. Большасць людзей уратавалася. Наша сям'я схавалася ў балоце. Мы бачылі, як гарэла наша вёска. Мабыць, у такі момант людзі пачынаюць востра разумець, што жыццё — самае дарагое, што ёсць у чалавека. Ніхто не нёс з сабою хатні скарб — усе ратавалі сябе і дзяцей...»

Слабада: 204 трагедыі

Літвічы, Засоўе і Амнішава пасля вайны аднавіліся. А на месцы спаленай вёскі Слабада, якая не паўстала з попелу, цяпер устаноўлены невялікі помнік каля дарогі. Вакол — поле: вёска назаўжды знікла з твару зямлі. У Слабадзе загінулі 204 чалавекі. У вёску карнікі таксама прыехалі, як і ў Засоўе, увечары і начавалі ў хатах мясцовых жыхароў. Жыхары гэтага рэгіёна не ведалі, куды ісці ратавацца, дзе не будуць паліць вёску. Хтосьці адправіў дзяцей у суседнія Пушчу і Лонву, а хтосці, наадварот, думаў выратавацца ў Слабадзе.

Рэгіна Грыдзюшка прыйшла ў Слабаду да сваякоў і трапіла на расправу да карнікаў:

«Нас было ў хаце васямнаццаць чалавек. Сястра стрыечная з Літвіч прыехала, чацвёра дзяцей. Усе мы чыста паселі на саломе ў хаце і чакаем. Адзін немец прыйшоў, паставіў кулямёт, нешта сказаў па-нямецку і давай страчыць. Я лягла, вось і выжыла толькі адна... Астатніх забілі. Ляжала я доўга. Чула, як нешта па-нямецку гаварылі. Ручнік вісеў на іконах, дык яны паклалі сена на стол і на ручнік ды падпалілі. Калі яны пайшлі, я падняла галаву і ўбачыла, што гарэў кут».

Станіслаў Ляўданскі.

А вось што расказаў Станіслаў Ляўданскі, які жыў у Слабадзе:

«У той дзень, калі палілі вёску, бацька нас раненька пабудзіў і сказаў збірацца — папярэдзіў, што будзем сыходзіць у лес. Сонца толькі ўставала, неба было чыстае, і так ціха навокал, што ўсё было чуваць. Бацька нас сабраў, паклаў па булцы хлеба за плечы і ў лес адправіў з мамай. У хаце засталася бабуля, яе і расстралялі... Маю цётку родную з сям'ёй паклалі на падлогу, расстралялі і падпалілі. З іх застаўся жывы мой стрыечны брат Казімір Няверка. Ён расказваў, што два разы стралялі па іх, але ў яго куля не пайшла, а калі хату падпалілі, ён выскачыў з акна. Засоўе і Слабаду знішчылі ў адзін дзень — раніцай. Сонца ўставала, скаціна раўла, вёску акружалі, а мы сыходзілі ў лес... Калі вярнуліся з лесу, ужо ўсё было знішчана».

Горкім аказаўся лёс Слабады, якая размясцілася ўздоўж дарогі, што вяла на Лонву. Людзі былі ў хатах, калі завіталі карнікі. Яны заходзілі ў хаты і палілі іх разам з людзьмі, а хто спрабаваў уцякаць, тых забівалі.

З усіх жыхароў уратаваліся цалкам толькі дзве сям'і: сям'я Ігнася Ляўданскага і Марыі Скакун. Ігнась Вікенцевіч паспеў з жонкай Мальвінай схапіць сваіх дзетак: Стася, Альдзю, Віцю і Лёцю, — і пабегчы ў лес. На ўскрайку лесу Ігнась дамовіўся аб сустрэчы з жонкай і дзецьмі і вярнуўся ў вёску па маці, якая хадзіла з кійком толькі па хаце. Вяла сына адна думка — дапамагчы маме выбрацца, а там — як будзе. Калі ж прыблізіўся да вёскі з іншага боку, зразумеў, што спазніўся: хата ўжо гарэла.

Сям'я Марыі Скакун уратавалася ў хаце. На вуліцы ўжо стралялі, таму маці вырашыла схавацца разам з дзецьмі пад печ. Карнікі іх там не знайшлі і падпалілі хату. Калі адкрылі заслонку, пачулі горкі пах дыму, які слаўся па падлозе і хутка запаўняў хату. Вылезлі са свайго сховішча і выйшлі на вуліцу. Дзякуючы дыму, які распасціраўся па вёсцы, жанчына разам з чатырма дзецьмі змагла незаўважанай дайсці да лесу.

Вось што паведала Вікторыя Бардушка, былая жыхарка вёскі Слабада, якая цудам засталася жывая пасля той страшнай трагедыі:

«Была нядзелька. Мама ў печы паліла, бліны пякла, калі панаехалі немцы. Да нас зайшоў фашыст. Сеў каля сцяны, пасядзеў крыху і, нічога не гаворачы, пачаў разглядаць шпалеры. Напэўна, не спадабаліся яны яму, і ён стаў іх зрываць. Мама крыкнула: «Не чапайце! Навошта вы гэта робіце?!» Фашыст спакойна адказаў: «Не хвалюйцеся, заўтра выклеім чырвонымі». Я нічога не зразумела, а мама пра ўсё здагадалася. На другі дзень, як толькі пачало віднець, сястру з братам яна адправіла ў поле пасвіць карову, а мне загадала схавацца ў лесе і там чакаць. Нас было пяцёра: хлапец і чатыры дзяўчынкі, двое — суседскія дзеці. Мы ў лесе да вечара сядзелі, чулі гул — гэта наша Слабада гарэла. Сказаць, што было страшна, значыць не сказаць нічога. Сэрца маё тады здранцвела. Крыху ачунялі толькі тады, калі далучыўся да нас Ігнась Ляўданскі. Праз нейкі час дзядька Ігнась прывёў нас на папялішча. Я пабегла да сваёй хаты і ўбачыла, што мама сядзіць каля абгарэлага плота. Кінулася да яе, схапіла за руку, а яна... рассыпалася. Я страціла прытомнасць. Калі апамяталася, побач былі брат з сястрою. Мы выкапалі яму, у якую апусцілі астанкі роднага чалавека, сабраныя ў абрус. Баяліся пясок кідаць, думалі, што матулі балюча будзе. Хай Бог сцеражэ ад такога, каб малыя дзеці бацькоў хавалі. Пасля той ночы мы адразу пасталелі, бо трэба было мірыцца з лёсам сірот, шукаць прытулку ў чужых людзей. Згарэлі тады і Засоўе, і Амнішава. Але пазней гэтыя вёскі адрадзіліся, узняліся з попелу, а мая Слабада засталася толькі ва ўспамінах».

За два дні фашысцкія карнікі ператварылі ў попел чатыры вёскі. Людзі засталіся без сродкаў для жыцця і да вызвалення выжывалі як маглі.

Аляксандр ПАЎЛЮКОВІЧ

Фота з архіва аўтара

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Наперадзе — лета! Ці гатовыя тэрыторыі дзіцячага адпачынку прыняць гасцей?

Вучэбны год завяршаецца для 1,1 мільёна беларускіх школьнікаў, з іх 107,8 тысячы заканчваюць 9-я класы і 57,5 тысячы — 11-я.

Грамадства

У чым пайсці на выпускны баль?

У чым пайсці на выпускны баль?

 Паглядзім, што раяць стылісты і што рэальна набыць у нашых шыротах, пажадана не ўганяючы бацькоў у даўгі.

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».