Вы тут

Помнікі — ад слова «памяць»


У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурнай спадчыны значыцца больш за 5000 аб'ектаў. Не страціць, не забыць, не зневажаць, але захаваць і па магчымасці вярнуць у іх жыццё — тое, што асабліва стала хваляваць беларускае грамадства з атрыманнем незалежнасці. Помнікі гісторыі, якія ўдалося аднавіць, цяпер служаць людзям, і гэта яскравы прыклад таго, як мінулае можа злучацца з сучаснасцю. Але ў Беларусі яшчэ ёсць аб'екты, якім патрэбны ўвага і аднаўленне. Справа адказная і нятанная. І помнікі ў нас розных катэгорый — не ўсе могуць разлічваць на ўвагу ўжо сёння, застаючыся маўклівымі сведкамі розных эпох у лёсе нашай краіны. Таму, уласна, іх лёс — дзяржаўная справа, пра што засведчылі на калегіі Міністэрства культуры Беларусі па выніках працы за 2022 год.


Шэраг дзяржаўных праграм прадугледжваюць рэстаўрацыю і захаванне матэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. А што з тымі аб'ектамі, якія пакуль застаюцца па-за ўвагай рэстаўратараў? Да работы з імі ёсць іншыя падыходы, якія прадумваюцца адказнымі асобамі, у тым ліку ўдасканаленне заканадаўства, якое рэгулюе працэсы, датычныя захавання помнікаў гісторыі.

— Неабходна спрасціць парадак увядзення ў гаспадарчы абарот гісторыка-культурных каштоўнасцяў, прыняць меры па выяўленні помнікаў архітэктуры, якія не выкарыстоўваюцца, — адзначыў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч. — Дзеля выканання пастаўленых задач прыняты нарматыўныя прававыя акты, якія спросцяць правядзенне патрэбных работ на помніках архітэктуры, выключыўшы неабходнасць дадатковага звароту па ўзгадненне ў Міністэрства культуры. Сумесна з Дзяржкаммаёмасцю спрошчаны парадак падрыхтоўкі дакументаў для продажу на аўкцыёнах пашкоджаных, зруйнаваных аб'ектаў. Ужо з'явілася магчымасць продажу на таргах зруйнаваных аб'ектаў спадчыны без падрыхтоўкі тэхнічнага пашпарта. У мэтах фінансавага стымулявання інвестараў па прапанове Міністэрства культуры ў снежні 2022 года ўнесены змены ў Падатковы кодэкс, якія дазволілі замацаваць нормы вызвалення ад падатку на нерухомасць і зямельнага падатку ўсіх уласнікаў аб'ектаў спадчыны. Варта адзначыць, што за справаздачны перыяд дзяржавай накіравана парадку 90 мільёнаў рублёў на фінансаванне работ, якія праводзяцца на аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны (у 2021 годзе было 79 мільёнаў рублёў). З фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва выдаткавана 2 мільёны 970 тысяч рублёў. Дадзеную сістэму працы лічым мэтазгодным працягнуць і ў 2023 годзе.

Такім чынам, адна з галоўных задач у 2023 годзе — вяртанне ў гаспадарчы і турыстычны абарот помнікаў, якія пакуль не выкарыстоўваюцца. Тут прыйдзецца парупіцца, каб знайсці на гэта неабходныя сродкі альбо прыцягнуць інвестараў да аднаўлення гісторыка-культурных аб'ектаў. І, хто ведае, можа, такім пошукам паспрыяе прасоўванне нашай гісторыка-культурнай спадчыны на міжнародным узроўні — інвестары бываюць розныя?..

— Згодна з дзяржінвестпраграмай на 2022 год, на працяг будаўніцтва дзевяці аб'ектаў былі выдаткаваны сродкі рэспубліканскага бюджэту ў аб'ёме 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў. З улікам тэмпаў будаўніцтва, якія апярэджвалі план, асігнаванні былі павялічаны на 140 працэнтаў — да 21 мільёна рублёў, якія асвоены ў поўным аб'ёме. Гэта дазволіла ў 2022 годзе ўвесці ў эксплуатацыю Косаўскі палацава-паркавы ансамбль, былы калегіум езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна, а таксама завяршыць кансервацыйныя супрацьаварыйныя работы на Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку, — патлумачыў Анатоль Маркевіч. — На 2023 год дзеля працягу будаўніцтва пяці аб'ектаў дзяржінвестпраграмай выдаткаваны сродкі рэспубліканскага бюджэту ў аб'еме 11 мільёнаў 230 тысяч рублёў. У галіне капітальнага будаўніцтва неабходна ў тэрмін да 30 чэрвеня 2023 года ўвесці ў эксплуатацыю помнік архітэктуры ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў — палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці.

Што да інвестараў — пытанне няпростае, і яно датычыцца не толькі непасрэдна пошуку тых, хто жадае паклапаціцца пра аб'ект. Гэта яшчэ пытанне іх адказнасці. І тут дзяржава выконвае функцыю кантролю: хто, што, чаму і калі павінен рабіць на аб'екце.

— Хачу звярнуць увагу на магчымасць, што ў мінулым годзе даў Указ Прэзідэнта за № 330 «Аб распараджэнні маёмасцю», па ўключэнні тэрмінаў этапаў рэмонтна-рэстаўрацыйных работ гісторыка-культурных каштоўнасцяў як абавязковай умовы пры продажы такіх аб'ектаў з пачатковай цаной, якая роўная базавай велічыні. Гэтую норму трэба абавязкова ўключаць як гарантыю правядзення інвестарамі аднаўленчых работ у канкрэтныя тэрміны, недапушчэння іх замаруджвання ці адтэрміноўкі. У нас шмат якія аб'екты інвестары выкупілі і, выбачайце, нічога з імі не робяць. А гэта зона адказнасці не толькі інвестара, але і дзяржавы, і органа, які ажыццяўляе паўнамоцтвы ў сферы культуры на месцах, — акцэнтаваў Ігар Петрышэнка, намеснік прэм'ер-міністра. — Дзеля прыцягнення інвестараў і павышэння іх зацікаўленасці ўстаноўлены падатковыя льготы тым, хто выкарыстоўвае капітальную пабудову, якая з'яўляецца культурнай каштоўнасцю, для прадпрымальніцкай дзейнасці. Таму мясцовыя органы павінны актыўна карыстацца дадзенымі нормамі ў рабоце з патэнцыяльнымі інвестарамі. Міністэрству трэба працягнуць выяўленне падобных праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць на практыцы пры ўзаемадзеянні з патэнцыяльнымі інвестарамі альбо ўласнікамі аб'ектаў, якія з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Тут неабходныя пастаянны аналіз і абагульненне досведу, які маецца ў нашай краіне, — як станоўчага, так і адмоўнага — дзеля падрыхтоўкі метадычных рэкамендацый і тлумачэнняў, падобных тым, якія міністэрства зрабіла сумесна з Дзяржкаммаёмасцю датычна куплі зруйнаваных і пашкоджаных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, альбо выпрацоўка прапаноў па ўдасканаленні заканадаўства. Станоўчы досвед, нават той, што датычыцца дэталяў, трэба вычляняць і распаўсюджваць па ўсёй краіне, таму што шмат такіх пытанняў, датычных нашых гісторыка-культурных каштоўнасцяў у розных мясцовасцях.

Станоўча ацэньваецца праведзеная летась работа па аналізе і выпрацоўцы пакрокавых дзеянняў на аб'ектах гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў нездавальняльным стане, і тых, што не выкарыстоўваюцца. Напрыклад, зацверджаныя аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам планы ўключаюць 280 помнікаў архітэктуры, якія не выкарыстоўваюцца і знаходзяцца ў нездавальняльным стане. Таксама складзены планы па распрацоўцы праектаў зон аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Па выніках паўгоддзя міністэрства дэталёва прааналізуе праведзеную па гэтым кірунку работу. Але адказныя асобы разумеюць, што гэтыя планы не вырашаюць усіх пытанняў захавання матэрыяльнай культурнай спадчыны. Кожны з аб'ектаў, якому нададзены статус гістрыка-культурнай каштоўнасці, патрабуе спецыяльных мер аховы і сістэмнай работы ў гэтым кірунку.

— Такія аб'екты павінны знаходзіцца ў належным стане, недапушчальныя безгаспадарчыя адносіны да іх, парушэнне заканадаўства па іх ахове, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Неабходнае эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў пры правядзенні работ на такіх аб'ектах, максімальнае ўвядзенне іх у гаспадарчы абарот. За міністэрствам — кантроль і каардынацыя ўсёй работы. На дзяржаве ляжыць абавязак па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны і адказнасць незалежна ад таго, хто з'яўляецца ўласнікам гэтых аб'ектаў. На аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў дзяржава штогод выдаткоўвае сродкі. Летась кіраўніком дзяржавы са сродкаў фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва выдаткавана каля 3 мільёнаў рублёў — на пяць аб'ектаў спадчыны. Але, на жаль, на завяршэнне першачарговых супрацьаварыйных і кансервацыйных работ сродкі на чатыры з іх да цяперашняга часу не знойдзены.

На калегіі адзначалася, што змены ў Кодэксе аб культуры, якія былі прыняты летась, павінны спрасціць парадак рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гістарычных аб'ектах трэцяй катэгорыі. Гэта прапанова прадстаўнікоў рэгіёнаў, заканадаўцы яе падтрымалі. Паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў адносна гэтых аб'ектаў цяпер перайшлі да аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Такі падыход павінен дэбюракратызаваць гэту сферу дзейнасці і спрыяць таму, каб рашэнні прымаліся больш проста і хутка.

Ларыса ЦІМОШЫК

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.