Вы тут

Скульптуры, якія могуць упрыгожыць сталіцу, прадстаўлены ў Палацы мастацтва


Помнік Уладзіміру Караткевічу (задума скульптара Льва Гумілеўскага), летапісныя альбо казачныя героі Беларусі, напрыклад, Зюзя, прыродныя кампазіцыі і канцэптуальныя творы, арыгінальныя арт-аб’екты, вобразы, якія патрабуюць разгадкі... 


Нашы скульптары імкнуцца прыцягнуць увагу да сваіх ідэй. Яны іх увасабляюць — у мадэлях, — калі разумеюць, што не ўсё прыдуманае можна рэалізаваць у рэальнасці. А хацелася б. «Скульптура — гораду» — гэта тая выстава, дзе можна зразумець, як працуе творчая думка і на што спадзяюцца беларускія скульптары. А яны спадзяюцца! І, можа быць, камусьці пасля выставы ў Палацы мастацтва сапраўды пашчасціць — ідэя атрымае шанец на рэальнае, а не схаванае ў майстэрні жыццё.

— Гэтая выстава адрозніваецца ад звычайнай выставы скульптур, — адзначае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Традыцыйна мы праводзім своеасаблівы агляд таго, што зроблена за пэўны перыяд часу. А гэтая выстава запрашае да дыялогу. І яна носіць прыкладны характар: хацелася паказаць, што скульптура — гэта не толькі станковыя працы, якія размяшчаюцца ў выставачных залах, што майстры-скульптары працуюць у гарадской прасторы. 

Калі мы ўважліва паглядзім на карту Мінска, то ўбачым, што цэнтр горада добра насычаны скульптурай, асабліва манументальнай. Апошнім часам з’явілася даволі шмат і паркавых работ — напрыклад, каля Нацыянальнай бібліятэкі, Опернага тэатра. Але ў нас двухмільённы горад, які далёка не перанасычаны скульптурай. Будуюцца новыя мікрараёны. Таму гэтая выстава — наша прапанова гораду. У кожнага скульптара на паліцы шмат нерэалізаваных праектаў. Сёння ў Палацы мастацтва прадстаўлены невялікія макеты і скульптуры, якія лёгка могуць быць маштабаваны. Гэтыя задумкі маглі б вырасці і стаць часткай, напрыклад, паркавай зоны ці спальнага раёна горада, дзе гэтага не хапае. Тут прадстаўлены розныя прапановы і майстры, якія належаць да розных пакаленняў. 

Напрыклад, працы народнага мастака Беларусі Івана Міско, якому 91 год. Канешне, большасць прапаноў — ад актыўных і вядомых сёння скульптараў..

Калі прайсціся па залах і паглядзець працы, то можна заўважыць, што творы рэалістычнага характару або прысвечаныя нацыянальнай тэматыцы суседнічаюць з абстрактнымі працамі, якія чапляюць незвычайнасцю форм. І як тут не пагадзіцца з тым, што сучасная архітэктура патрабуе пэўных рашэнняў у арганізацыі асяроддзя вакол. І сапраўды: рэалістычная скульптура, з’явіся яна там, будзе выглядаць недарэчна. А вось прыгожая абстракцыя сярод будынкаў са шкла здольная надаць сучасным кварталам напоўненасць. У той час як скульптуры міфалагічнага, казачнага характару дарэчная ў зонах, дзе гуляюць дзеці.

— Чаму гэтая выстава важная? Калі мы паглядзім на сённяшняе развіццё Мінска, то ўбачым, што ў гарадской прасторы часам з’яўляюцца аб’екты, якія не маюць мастацкай задумы, — адзначае Наталля Шаранговіч. — Яны здаюцца выпадковымі, знішчаюць архітэктуру і нават скульптуру, ёсць дзіўныя аб’екты, зробленыя са штучнай травы, сумніўныя светлавыя інсталяцыі (як, напрыклад, на плошчы Якуба Коласа), а гэта псуе ўражанне ад твораў, якія сапраўды ўпрыгожваюць горад. Часта праблема ў тым, што да ўдзелу ў такіх праектах не запрашаліся сябры Беларускага саюза мастакоў. Таму мы хацелі б, каб гэтая выстава ператварылася ў пляцоўку для разважанняў пра тое, як можа выглядаць наша сталіца.

У скульптараў шмат думак на гэты конт. Многія ідэі ўжо рэалізаваны — фота ў доказ. Арганізатары выставы вырашылі прадставіць і асоб, а не толькі працы ці мадэлі. Тут партрэты саміх скульптараў і своеасаблівае партфоліа кожнага.

— Калі мы прыходзім на любую мастацкую экспазіцыю, мы бачым творы, але не заўсёды думаем пра людзей, якія іх стварылі, — кажа куратар выставы Іван Арцімовіч. — У нас была задача не толькі прадставіць працы, але і пазнаёміць гледача з аўтарамі. Таму ёсць невялікая анатацыя і кароткая біяграфія аўтараў, каб глядач мог пазнаёміцца са скульптарамі, героямі сённяшняга дня. З аднаго боку мы бачым шэраг рэалізаваных задум, а бліжэй да цэнтра залы акумуляваны яшчэ не рэалізаваныя праекты, якія патэнцыйна могуць стаць часткай нейкага асяроддзя — прыроднага, архітэктурнага або камбінаванага. Але ўсе прапановы могуць быць рэалізаваны ў рэальным жыцці.

На выставу могуць прыйсці людзі, ад якіх залежыць, ці атрымае скульптура права на жыццё ў горадзе. Арганізатары і куратары экспазіцыі запрашаюць у першую чаргу сваіх калег — архітэктараў, якія фарміруюць асяроддзе, і ад якіх у пэўнай ступені залежаць мастакі, бо скульптура прыходзіць ужо ў падрыхтаванае і сфармаванае асяроддзе або праектуецца разам з ім. Гэта праца ў тандэме, сумесны пошук ідэй, дасягненне кампрамісаў, сутворчасць. Невыпадкова на адкрыццё выставы прыйшлі прадстаўнікі Саюза архітэктараў Беларусі.

— Мы, безумоўна, чакаем і прадстаўнікоў структур, дзе прымаюцца рашэнні, — супрацоўнікаў Мінгарвыканкама, Міністэрства культуры, — прызнаецца Іван Арцімовіч. — Таму што ўсталяванне любой скульптуры — складаны працэс, які патрабуе ўзгаднення на розных узроўнях (гарадскім, абласным ці рэспубліканскім). Гэта нябачны для простага гледача кавалак працы, але вельмі важны. Таму мы плануем у межах выставы правесці круглы стол з прадстаўнікамі розных зацікаўленых арганізацый, дзе можна было б абмеркаваць сітуацыю, якая ўжо склалася, і пагаварыць пра надзённыя праблемы. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Зоркі абяцаюць шмат прыемных момантаў і добрых навін для Блізнятаў.

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.