Вы тут

Мінулыя і сучасныя зоркі оперы і балета Вялікага тэатра Беларусі


Ва ўсяго вечнага ёсць пачатак. Якой бы неад’емнай часткай мінскіх краявідаў і культурнай прасторы Беларусі ні з’яўляўся Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета, аднак яго гісторыя распачалася 90 гадоў таму. Тэатрі сёння застаецца прыкладам захавання і пераемнасці традыцый.


Фота: БелТА.

Адданасць 

15 лютага — дзень памяці опернай спявачкі народнай артысткі БССР Ларысы Александроўскай. Менавіта яна ў якасці кіраўніцы тэатра ў 1935 годзе абірала месца для ўзвядзення знакамітага будынка. У гонар Ларысы Пампееўны названа камерная зала ў Вялікім тэатры, але імя яе гучыць і далёка за сценамі ўстановы культуры. 

Ларыса Александроўская.

Артыстка ўзначаліла Вялікі тэатр оперы і балета Беларускай ССР у 1933 годзе, пасля смерці заснавальніка і першага кіраўніка, настаўніка спявачкі Антона Баначыча. З іменем Ларысы Александроўскай звязаны самыя складаныя гады храма мастацтва: вайна, акупацыя, эвакуацыя ў Горкі (сучасны Ніжні Ноўгарад), цяжкія гады аднаўлення сталіцы. У яе часы пра беларускія оперу і балет загаварылі ва ўсёй вялікай краіне. 

Ахвотна займалася знакамітая спявачка не толькі дабрабытам роднага тэатра, але і грамадскай дзейнасцю, праяўляла актыўную пазіцыю ў палітычным жыцці БССР. Ларыса Александроўская стала не толькі першапачынальніцай беларускай оперы, але і адной з арганізатараў Беларускага тэатральнага аб’ядання, якое ўзначальвала з 1946 да 1979 года. З 1942-га — член КПСС, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 2–4 скліканняў, Вярхоўнага / Савета БССР 3–5 скліканняў. 

Кацярына Дулава.

У нашы часы справу тэатральнай дзяячкі працягвае генеральны дырэктар Вялікага тэатра Кацярына Дулава, прафесар і доктар мастацтвазнаўства, выпускніца Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі імя М. А. Рымскага-Корсакава. Да опер¬нага тэатра яна прысвяціла 30 гадоў Беларускай акадэміі музыкі, а з 2010 да 2022 года з’яўлялася рэктарам установы. 

Вядома і актыўная грамадзянская пазіцыя генеральнага дырэктара тэатра. Кацярына Дулава з’яўлялася членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6-га склікання, а ў 2021 годзе ўвайшла ў склад Канстытуцыйнай камісіі. Такім чынам, кіраўніцтва і калектыў Вялікага тэатра падаюць добры прыклад грамадскай адказнасці.

Шматгалоссе 

Ніна Ламановіч.

90-ы юбілейны сезон тэатра оперы і балета напоўнены мноствам унікальных падзей, канцэртаў і прэм’ер. Сапраўдным святам стаў канцэрт «Шэдэўры харавой опернай музыкі», які адбыўся 18 лютага. Са сцэны гучалі партыі і інтрадукцыі да оперных пастановак, якія не адно дзесяцігоддзе дэманструюць усю веліч беларускага опернага мастацтва. 
Адной са стваральніц музычнага свята стала Ніна Ламановіч, народная артыстка Беларусі і галоўны хормайстар Вялікага тэатра. Яна заняла гэту пасаду ў 1993 годзе, замяніўшы свайго выкладчыка народнага артыста Беларусі Аляксея Кагадзеева. Менавіта пад кіраўніцтвам Н. Ламановіч хор тэатра дасягнуў новага прафесійнага ўзроўню, стаў сапраўдным «героем» мноства фестываляў і мерапрыемстваў. 

Усе 47 гадоў вернай працы ў якасці хормайстра — Ніна Ламановіч аддана і адказна рабіла сваю справу. У самыя складаныя для тэатра часы яе пазіцыя заставалася нязменнай: перадусім — мастацтва і гледачы. У гісторыі Вялікага тэатра ўжо была адна жанчына такога ж уражальнага лёсу. 

Таццяна Каламійцава.

Таццяна Каламійцава стала першай і адзінай жанчынай-дырыжорам у БССР і адной з дзвюх у СССР (другая — Вераніка Дударава). Будучая народная артыстка БССР нарадзілася ў 1914 годзе ў Санкт-Пецярбургу, да вайны скончыла Адэскую кансерваторыю. Адразу пасля вызвалення Мінска ў 1944 годзе яна была запрошана ў якасці дырыжора ў Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета БССР, які знаходзіўся яшчэ ў стане рэстаўрацыі пасля разбуральных гадоў акупацыі. 

Аддаўшы тэатральнаму служэнню роўна 50 гадоў, Каламійцава пакінула аркестр незадоўга да свайго 80-годдзя. Многія выдатныя спектаклі, якія складаюць залатую калекцыю беларускай оперы, упершыню былі паказаны менавіта пры яе ўдзеле. Асаблівыя пачуцці ў рускай па нацыянальнасці Таццяны Каламійцавай выклікала выкананне твораў беларускіх кампазітараў — «Палымяныя сэрцы» В. Залатарова, «Выбранніца» Я. Глебава, «Алеся» Я. Цікоцкага. 

Як і пяцьдзясят гадоў таму, у Вялікім тэатры выконваюць найлепшыя творы Рымскага-Корсакава, Мусаргскага, Чайкоўскага, Вердзі і Бізэ, а кіруюць установай надзвычайныя жанчыны, верныя сваёй працы, гле¬дачам і мастацтву. 

Варыяцыі 

Ігар Колб стаў галоўным балетмайстрам тэатра оперы і балета ў мінулым годзе. Нягледзячы на беларускае паходжаннне (артыст нарадзіўся ў Пінску, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы), гэта першы прыход танцора ў Вялікі. З 1996 года ён знаходзіўся ў трупе Марыінскага тэатра, з 1998-га — у якасці саліста. Менавіта ў Расіі І. Колб стаў у 2009 годзе заслужаным артыстам. 

Ігар Колб.

Вяртанне на Радзіму было адной з трох дарог, якія адкрываліся перад танцорам. Знакаміты беларус быў акружаны славай і ўвагай у краіне-суседцы, выконваў галоўныя ролі. Мінская публіка цёпла сустрэла Ігара Калба, і новы балетмайстар не падвёў. 

Прэм’ернай пастаноўкай былога саліста Марыінскага тэатра стала «Жызэль» Бізэ. Для Мінска гэта шостая рэдакцыя знакамітага балета, аднак у маладога балетмайстра атрымалася здзівіць і зацікавіць спрактыкаваных тэатралаў і насцярожаных крытыкаў. Спектакль атрымаўся і здолеў сабраць станоўчыя водгукі. 

Валянцін Елізар’еў.

Калісьці ў 1973 годзе такім жа чынам з Санкт-Пецербурга (у той час яшчэ Ленінграда) прыехаў у Мінск 26-гадовы Валянцін Елізар’еў, таксама адразу заняў пасаду галоўнага балетмайстра. Падобны паварот зусім не ўваходзіў у планы харэографа, які дагэтуль увогуле не бываў у Беларусі, а планаваў распачаць кар’еру ў адным з тэатраў Балгарыі. 
Малады харэограф апынуўся пад пільнай увагай калектыву і гледачоў. Незвычайны выпускнік ленінградскай балетнай школы родам з Баку. Усе ўважліва сачылі за дзейнасцю і падыходам балетмайстра. У 1974 годзе Елізар’еў паставіў прэм’ерную «Кармэн-сюіту» Бізэ — Шчадрына. 

Сёння Валянцін Елізар’еў займае пасаду мастацкага кіраўніка тэатра і працягвае творчую дзейнасць. Гэта той рэдкі выпадак, калі два таленавітыя майстры існуюць у адной прасторы і спрыяюць творчаму развіццю, а не на¬адварот. Ігар Колб прызнае абсалютны аўтарытэт маэстра і, між тым, працягвае рухацца ў сваім кірунку. 


Вечна малады і класічны Вялікі тэатр оперы і балета з’яўляецца нязгасным промнем мастацтва і жывой сілы на карце сталіцы. Як гейзер, крыніца і вулкан, вялікі будынак на плошчы Парыжскай Камуны быў і застаецца храмам творчасці і святам музыкі. 

Яна ЦЭГЛА 

Фота з сайта bolshoibelarus.by 

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.