Вы тут

У Мінпрыроды падвялі вынікі леташняй работы і агучылі напрамкі сёлетняй


Ахова навакольнага асяроддзя і клопат пра захаванне прыроды — адна з прыярытэтных дзяржаўных задач, таму асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць выкананню Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ў экалагічнай сферы. Неабходна таксама больш эфектыўна і якасна выкарыстоўваць нетры, а ва ўмовах клімату, які мяняецца, — захоўваць водныя рэсурсы. Пра задачы і дасягненні галіны, а таксама праблемныя пытанні прыродаахоўнай сферы на выніковай калегіі ведамства расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.


Фота: Мінпрыроды.

Перавыкананыя паказчыкі

Хоць леташні год быў няпросты, аднак амаль па ўсіх напрамках работы Мінпрыроды ёсць станоўчыя вынікі. Дзейнасць ведамства летась была скіравана на выкананне Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі ў экалагічнай сферы, міжнародных абавязкаў, а таксама на рэалізацыю мерапрыемстваў дзяржпраграмы «Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў» на 2021—2025 гады, адзначыў міністр:

— Для ўдасканалення заканадаўства ў галіне аховы наваколля ў 2022-м было прынята 85 нарматыўных прававых актаў, у тым ліку два ўказы Прэзідэнта, пяць законаў, 11 пастаноў Саўміна і 67 пастаноў Мінпрыроды. Падрыхтаваны і перададзены ў распрацоўку 54 радовішчы (іх часткі) карысных выкапняў. Рэкультывавана 208 унутрыгаспадарчых кар'ераў на плошчы 201,24 гектара. Праведзена 13 відаў маніторынгу наваколля, у тым ліку распачаты работы па комплексным маніторынгу тарфянікаў.

Дасягнуты вызначаныя значэнні чатырох зводных мэтавых паказчыкаў дзяржпраграмы. Рэсурсы нафты прыраслі на 678 тысяч тон (271,2 % ад плана). Выкіды парніковых газаў зменшыліся да ўзроўню 1990 года на 32 % (100 % ад плана). Суб'екты гаспадарання летась выканалі мерапрыемствы па ахове атмасфернага паветра, якія дазволяць скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу на 5,35 тысячы тон у год, удакладніў міністр. Спраўджвальнасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я па абласных цэнтрах дасягнула 95,6 % (на 3 % вышэй запланаванага). Удзельная вага плошчы асабліва ахоўных прыродных тэрыторый у агульнай плошчы краіны дасягнула 9,1 % (100 % ад плана) і цяпер складае 1,9 мільёна гектараў.

Летась эксперты прыроднай галіны займаліся таксама ўдасканаленнем заканадаўства ў дачыненні да аховы навакольнага асяроддзя. У Палаце прадстаўнікоў цяпер знаходзяцца тры падрыхтаваныя да разгляду праекты, распачата работа па падрыхтоўцы канцэпцыі Экалагічнага кодэкса.

Захаваць ваду і выкараніць безгаспадарчасць

Адзін з прыярытэтных кірункаў работы міністэрства сёлета — мерапрыемствы па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання нетраў на якасным узроўні. Мяркуецца ўдасканаліць і распрацаваць тэхналогіі абагачэння шэрагу карысных выкапняў, такіх як бентанітавыя і тугаплаўкія гліны, мел, каалін, кварцавыя пяскі, паведаміў кіраўнік прыродаахоўнага ведамства:

— Плануецца правесці разведку базальтаў радовішча Навадворскае, а таксама ўнесці ва ўрад падрыхтаваныя тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў з адпаведнымі прапановамі для прыняцця рашэнняў аб іх прамысловым асваенні.

На асаблівым кантролі ў Мінпрыроды сёлета паабяцалі трымаць работу па захаванні водных рэсурсаў ва ўмовах клімату, які мяняецца. Міжведамаснай рабочай групай ужо выпрацаваны комплексныя прапановы для фарміравання мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку першачарговых і сярэднетэрміновых.

Работы па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні тэрыторыі і барацьбе з інвазійнымі раслінамі трэба ўзняць на іншы ўзровень, падкрэсліў міністр:

— Сістэмнай якаснай работы патрабуюць і кірункі работы па абыходжанні з адходамі, скарачэнні выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра, памяншэнні аб'ёмаў скіду недастаткова ачышчаных сцёкавых вод у паверхневыя аб'екты. Яшчэ адзін важны момант — правядзенне тлумачальнай работы з насельніцтвам.

Кантрольную дзейнасць трэба скіраваць на выкараненне фактаў безгаспадарчасці, паколькі цяпер меры адміністрацыйнага ўздзеяння прымяняюцца толькі да асоб, якія рэгулярна дапускаюць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства і ігнаруюць прафілактычныя і папераджальныя меры, дадаў Андрэй Худык:

— Па выніках 2022-га, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута тры тысячы вінаватых на агульную суму звыш за 2,75 мільёна рублёў. А шкода, нанесеная наваколлю, ацэньваецца ў больш як 9 мільёнаў. Каля паловы правапарушэнняў датычныя невытрымлівання заканадаўства ў сферы абыходжання з адходамі.

Абараніць «чырванакніжнікаў» і папярэдзіць палы

Падводзячы вынікі мінулагодняй работы, кіраўнік ведамства расказаў, што спецыялістамі распрацавана 30 ахоўных дакументаў (пашпарты і ахоўныя абавязацельствы) на месцах росту дзікарослых раслін, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі, а таксама 11 планаў дзеянняў па захаванні відаў раслін і грыбоў, занесеных у гэтую ж кнігу. Пад ахову карыстальнікам перададзена 780 месцаў пражывання дзікіх жывёл і месцаў росту дзікарослых раслін, якія адносяцца да відаў, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі.

Колькасць азялененых тэрыторый у гарадах і райцэнтрах летась павялічылася на 2244 гектары, а ўзровень азелянення ў 40 % дасягнуты ў 129 гарадах і райцэнтрах. Плошчай азелянення тэрыторыі драўнінна-кустовай расліннасцю могуць пахваліцца 112 гарадоў і райцэнтраў. Усяго ў краіне за 2022-гі з'явілася 595,5 тысячы дрэў і 531,8 тысячы кустоў, а ад баршчэўніку Сасноўскага вызвалілася 5925,7 гектара.

Леанід Заяц, намеснік прэм'ер- міністра, які прысутнічаў на калегіі, нагадаў аб хуткім надыходзе веснавога сезона, які прынясе з сабой класічныя праблемы: сельскагаспадарчыя палы і несанкцыянаваныя звалкі, з якімі трэба не проста змагацца і ўстараняць наступствы іх існавання, а папярэджваць з'яўленне загадзя.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.