Вы тут

Аб чым старшыня КДБ Іван Тэртэль гаварыў у Савеце Рэспублікі


Члены Савета Рэспублікі разгледзелі законапраекты «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» і «Аб змяненні законаў», ратыфікавалі шэраг міжнародных пагадненняў аб супрацоўніцтве ў сферы бяспекі. 


Прадстаўляючы праект закона, які закранае змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Тэртэль заўважыў, што нягледзячы на тую работу, якая праводзіцца, нашы праціўнікі плануюць далейшыя меры па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне на фоне тых падзей, якія адбываюцца ў нас на поўдні, на фоне іншых лакальных канфліктаў на постсавецкай прасторы, іншых частках свету. «Планы іх распаўсюджваюцца на перыяд 2024 — 2025 гады, — удакладніў ён. — Тут увесь кантэкст звязаны з імкненнем іх да нашых органаў улады і кіравання, да здзяйснення акцый, накіраваных на падрыў стабільнасці ў краіне. Адпаведна, мы дакладваем аб гэтых пагрозах кіраўніку дзяржавы, прапануем выпрацоўку канкрэтных мер, накіраваных, па-першае, на прафілактыку гэтых пагроз, па-другое, на рэальнае стварэнне механізмаў, калі яны выявяцца, як на іх уздзейнічаць».

У сувязі з гэтым, па словах старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сумесна з зацікаўленымі ўнесены змяненні ў шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць КДБ, і пытанні, звязаныя з дачай ацэнкі тым аспектам, якія ў нас могуць праявіцца ў гэты і больш далёкатэрміновы перыяд, выставіць надзейную заслону ў адстойванні нашых інтарэсаў пры спробах рэалізацыі гэтых пагроз ужо на практыцы ў адносінах да нашай дзяржавы. 

Іван Тэртэль паведаміў, што КДБ з улікам існуючай знешняй і ўнутрыпалітычнай сітуацыі адзначаецца рэзкая актывізацыя ўсіх відаў разведкі спецслужбаў калектыўнага Захаду супраць Рэспублікі Беларусь. «Асноўны акцэнт — вярбавачная работа адносна асоб, якія маюць магчымасць здабывання інфармацыі закрытага характару, вярбоўка супрацоўнікаў сілавых ведамстваў і служачых дзяржаўнага апарату, — удакладніў ён. — З улікам агрэсіўнай дзейнасці замежных спецслужбаў па пранікненні ў сілавыя структуры і дзяржаўны апарат (дарэчы, з пачатку года затрымана больш дзесяці здраднікаў), значнай шкоды, якая наносіцца нацыянальным інтарэсам, абстаноўка патрабуе прыняцця комплексных мер па нейтралізацыі гэтых пагроз».

Па меркаванні старшыні Камітэта дзяржбяспекі, дзеючая рэдакцыя артыкула 356 Крымінальнага кодэкса «Здрада дзяржаве», якая прадугледжвае павышаную адказнасць за здраду дзяржаве службовых асоб з адпаведным становішчам або ваеннаслужачых, не ахоплівае ўсе патэнцыяльныя ўразлівыя катэгорыі служачых дзяржапарату. «У сувязі з гэтым прапануецца пашырыць павышаную адказнасць на катэгорыю „службовыя асобы, якія займаюць дзяржаўныя пасады“, якая аб’ядноўвае ўсіх прадстаўнікоў улады, — адзначыў Іван Тэртэль. — Акрамя гэтага, прапануецца ўзмацніць жорсткасць пакарання за здраду дзяржаве ажно да прымянення выключнай меры — смяротнага пакарання. Дадзеная мера, дарэчы, прадугледжана заканадаўствам ЗША, Кітая, Егіпта, Ірана, В’етнама, Сірыі, Арабскіх Эміратаў, Іарданіі і некаторых іншых дзяржаў. Рэлізаваная ў выключных выпадках, гэтая вышэйшая мера стане сур’ёзным стрымліваючым фактарам для патэнцыйных здраднікаў. Мы трактуем гэтую меру найперш як прафілактычную, накіраваную на недапушчэнне сур’ёзных злачынстваў супраць дзяржавы».

— Законапраект накіраваны на павышэнне ступені абароненасці грамадскай і дзяржаўнай бяспекі ад тэрарыстычных і іншых пагроз, а таксама на ўзмацненне прэвентыўнай функцыі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей Сівец. — Па ініцыятыве верхняй палаты парламента законапраект быў дапоўнены палажэннем аб устанаўленні крымінальнай адказнасці за прапаганду тэрарызму. Пашыраны пералік кваліфікуючых прыкмет для акта міжнароднага тэрарызму і акта тэрарызму. Удакладнена вызначэнне тэрміну «пагроза здзяйснення акта тэрарызму». Вызначаны новыя кваліфікуючыя прыкметы здзяйснення пагрозы, небяспечнай выкарыстаннем радыёактыўных матэрыялаў. Праект закона не супярэчыць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адпавядае дзеючаму заканадаўству і патрабуе нарматворчай дзейнасці. 

Члены Савета Рэспублікі адобрылі ратыфікацыю Пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб узаемным прызнанні і выкананні рашэнняў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях у галіне дарожнага руху. Як звярнуў увагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч, ратыфікацыя пагаднення будзе садзейнічаць умацаванню дысцыплінаванасці кіроўцаў на дарогах і павышэнню бяспекі дарожнага руху ў цэлым. 

Акрамя таго, сенатары ратыфікавалі Пагадненне паміж урадамі Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі аб супрацоўніцтве ў барацьбе са злачыннасцю. Як падкрэсліў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, праваахоўныя органы Беларусі ўзаемадзейнічаюць з кітайскімі калегамі ўжо даўно, пры гэтым вельмі шчыльна. Неабходнасць ратыфікацыі пагаднення, па яго словах, перш за ўсё абумоўлена некаторымі зменамі ў заканадаўстве абедзвюх краін. «У прадстаўленым міжнародным дагаворы ўтрымліваецца шырокі пералік кірункаў і форм узаемнага супрацоўніцтва, — паведаміў кіраўнік міліцэйскага ведамства. — Асноўнымі з іх будуць з’яўляцца выкананне запытаў аб аказанні садзейнічання, абмен інфармацыяй аб здзейсненых злачынствах або тых, якія рыхтуюцца, а таксама прыняцце мер, неабходных для іх прадухілення, абмен аператыўна-даведачнай, крыміналістычнай і іншай інфармацыяй, якая ўяўляе ўзаемны інтарэс». 

Акрамя таго, парламентарыі разгледзелі праект Закона «Аб змяненні законаў», адобрылі ратыфікацыю Пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД у супрацьдзеянні карупцыі. Як акцэнтаваў увагу Валерый Гайдукевіч, пагадненне не перашкаджае рэалізацыі раней заключаных дамоўленасцяў, стварае дадатковыя паўнамоцтвы Беларусі ў сферы супрацьдзеяння карупцыі і барацьбе са злачыннасцю. 

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Стасся Корсак: «Заставайцеся індывідуальнымі»

Юная артыстка, якая арганічна падае сябе ў розных вобразах і жанрах. 

Жыллё

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Па якіх крытэрыях дамы ўваходзяць у праграму па капрамонце?

Пра ўсе тонкасці правядзення капітальнага рамонту расказалі спецыялісты.