Вы тут

Дэпутаты Магілёўшчыны памераліся сіламі ў зімовай Спартакіядзе


Калі дэпутацкая сесія — гэта аналіз нейкіх важных праграм, грамадскай дзейнасці і ініцыятыўнасці, то Спартакіяда — праверка на актыўнасць, волю да перамогі, гатоўнасць працаваць на вынік. Да яе народныя выбраннікі Магілёўшчыны рыхтуюцца таксама адказна і грунтоўна. Удзельнікамі спартыўных спаборніцтваў стала больш за 200 дэпутатаў, якія выступілі ў складзе 24 каманд з розных рэгіёнаў Падняпроўскага краю.


Спаборніцтвы праходзілі ў шматфункцыянальным фізкультурна-аздараўленчым комплексе «Друць» — як заўсёды, маштабна і ўрачыста.

— Спартыўныя спаборніцтвы развіваюць лідарскія навыкі, якія дапамагаюць дабівацца перамог не толькі на спартыўнай, але і на прафесійнай арэне, — з самага пачатку натхніла калег на высокія вынікі і асабістыя рэкорды старшыня Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Ірына Раінчык.

Удзельнікі з азартам дэманстравалі свае здольнасці ў такіх відах спорту, як «трапны хакеіст», дартс, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, плаванне, і нават у такой народнай забаве, як кіданне валёнка.

Найлепшай у агульнакамандным заліку стала каманда Магілёўскага раёна, на другім месцы — дэпутаты з Горацкага раёна, на трэцім — бабруйчане. Шмат адзначана пераможцаў у асабістых заліках.

— Цудоўная магчымасць для зносін з калегамі ў нефармальнай абстаноўцы, — падкрэсліла ўдзельніца спаборніцтваў з Краснапольскага раёна старшыня Яноўскага сельскага Савета дэпутатаў Наталля Лагуціна. — Мы, вядома, не спартсмены, але кожны з нас на аматарскім узроўні чымсьці захапляецца. У мяне, напрыклад, муж — паляўнічы, і ён навучыў мяне страляць. Дома трэніравалася біць у мішэнь, але на месцы даведалася, што цэліцца будзем без упору, — прыйшлося прыстасоўвацца.

Што датычыцца пераможцаў, то ўдалы, як той казаў, дасягнуты дзякуючы рэгулярным і мэтанакіраваным трэніроўкам. У летняй Спартакіядзе, якая праходзіла ў Кіраўскім раёне, каманда дэпутатаў Магілёўскага раёна заняла другое агульнакаманднае месца. Зімой — першае!

— Мы імкнёмся калі нешта рабіць, то рабіць з адказнасцю, — дзеліцца сакрэтам поспеху старшыня Магілёўскага райсавета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка. — І ў плане спорту таксама падышлі вельмі сур'ёзна. Спартсменаў у нас няма, але нашы дэпутаты ездзілі ў Раманавіцкую школу трэніравацца — стралялі, кідалі дроцік, бегалі на лыжах, хоць, на жаль, снегу ўжо не было і тыя спаборніцтвы не адбыліся. Але калі падрыхтаваны, усё атрымліваецца. Мы на ўласным вопыце пераканаліся, што не абавязкова быць спартсменам, каб дасягнуць добрых вынікаў. Трэба толькі адказна падрыхтавацца. Згуртаваліся, настроіліся на вынік — і перамаглі.

Некалькі чалавек адсвяткавала свае асабістыя перамогі. Дзякуючы ім, па сутнасці, каманда і перамагла. Члены каманды паказалі добрыя вынікі ў плаванні, дартсе і «трапным хакеісце».

— Спартакіяда — вельмі важная справа, — лічыць Сяргей Дзмітрыевіч. — Некаторыя арганізацыі, якія гэта раней практыкавалі, чамусьці сёння адмовіліся ад такой карыснай формы зносін. І дарэмна. Дэпутаты не праводзілі зімовую Спартакіяду толькі адзін раз — у 2019 годзе з-за ковіду. Але потым усё аднавілася. Свежае паветра, запал, здаровы дух спаборніцтваў — усё гэта вельмі добра загартоўвае. Акрамя таго, што спорт карысны для здароўя, ён яшчэ і з'ядноўвае, дапамагае ўсталяваць сяброўскія сувязі, пагутарыць на розныя тэмы з калегамі, падзяліцца вопытам. Усе дэпутаты вобласці ў дні спаборніцтваў жывуць адной сям'ёй. І малайчына наша старшыня аблсавета Ірына Раінчык, што актыўна падтрымлівае добрую традыцыю. А кубак, які мы заваявалі, сёння знаходзіцца ў фае нашага райвыканкама і натхняе на новыя рэкорды.

Ганаровыя граматы, падарункі ад спонсараў — прыемны складнік Спартакіяды. Гэтым разам быў яшчэ і творчы падарунак ад Бялыніцкага раёна. Пасля спаборніцтваў дэпутатаў запрасілі ў раённы Дом культуры, дзе адбыўся канцэрт.

Падрыхтоўка да летняй Спартакіяды дэпутацкага корпуса Магілёўскай вобласці, якая пройдзе ў маляўнічым Слаўгарадскім раёне, ужо пачалася.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...

Сельская гаспадарка

 Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Высокія ўраджаі ўзбагачаюць гаспадаркі і выяўляюць лідараў жніва

Гродзенскі раён традыцыйна ў ліку перадавых на Гродзеншчыне.