Вы тут

Як гродзенская міліцыя супрацьстаіць махлярам і кіберзлачынствам


У мінулым годзе колькасць злачынстваў па лініі інфармацыйных тэхналогій на Гродзеншчыне знізілася ў тры разы. Аб мерах, якія садзейнічаюць барацьбе з кіберзлачынцамі, а таксама іншых аспектах праваахоўнай дзейнасці, расказаў падчас прэс-канферэнцыі начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Разянкоў.


Згодна са статыстыкай, тэмпы росту махлярства насцярожваюць. Толькі за мінулы год было зарэгістравана 714 падобных выпадкаў. У параўнанні з папярэднім годам лічба павялічылася амаль удвая. Тут гаворка, у першую чаргу, ідзе аб той катэгорыі злачынстваў, якая атрымала ўмоўную назву «Алё, мама». Махляр тэлефануе грамадзянам, як правіла, старэйшага ўзросту, і паведамляе, што іх сваяк трапіў у аварыю. Каб вырашыць пытанне і пазбегнуць адказнасці, патрабуецца нейкая грашовая сума, прычым у найбліжэйшы час. Чалавек, занепакоены сітуацыяй з яго родным, гатовы аддаць усе свае зберажэнні, чым і карыстаецца злачынца. 

Сваю супрацьпраўную дзейнасць кіберзлачынцы будуюць таксама на даверлівасці грамадзян. У даным выпадку для крадзяжу грашовых сродкаў яны выкарыстоўваюць інтэрнэт. Выявіць махляроў складана, бо яны, як правіла, знаходзяцца за межамі Беларусі. Таму праваахоўныя органы накіроўваюць увагу на тое, каб павысіць дасведчанасць людзей аб такіх схемах і навучыць іх асновам фінансавай граматнасці і кіраванню асабовымі данымі. Дзеля гэтага супрацоўнікі міліцыі нават абыходзяць дамы, гутараць з жыхарамі і папярэджваюць іх аб розных махлярскіх схемах. Асаблівая ўвага ўдзяляецца людзям сталога ўзросту. Дзякуючы гэтай рабоце, за мінулы год колькасць злачынстваў па лініі інфармацыйнай бяспекі знізілася ў тры разы. 

— Наша задача скіравана на прафіліктыку, каб людзі разумелі, як паводзіць сябе ў інтэрнэце альбо ў размове па тэлефону з незнаёмымі людзьмі, — падкрэсліў Дзмітрый Разянкоў. — І гэта работа прыносіць свой плён. З другой паловы мінулага года і па сучасны момант захоўваецца тэндэнцыя да скарачэння колькасці кіберзлачынстваў. Для ўзмацнення прафілактычнай работы распрацавана праграма, якая прадугледжвае поўную адпрацоўку жылога мікрараёна ўчастковымі інспектарамі. Гэта значыць, супрацоўнік павінен абыйсці ўсе кватэры без выключэння. У ходзе такіх сустрэч мы, па-першае, атрымоўваем інфармацыю аб сітуацыі ў сям’ях, ці не знаходзяцца, напрыклад, дзеці ў сацыяльна небяспечным становішчы. Па-другое, мы маем магчымасць пагутарыць са сталымі людзьмі аб правілах лічбавай бяспекі. Аб’ём работы, вядома, каласальны, але ён дае свой плён. 

Інфармацыйныя тэхналогіі застаюцца галоўным фактарам, які ўплывае на фарміраванне крымінагеннай абстаноўкі і па лініі наркакантролю. Амаль 80 працэнтаў падобных злачынстваў — гэта факты з выкарыстаннем інтэрнэт-крам. За мінулы год было затрымана 49 наркадылераў, у чатыры разы скарацілася колькасць крам у «дарк-нэце». 

Такую ж карпатлівую работу праваахоўныя органы вядуць у сферы эканомікі. У мінулым годзе такім чынам тут выяўлена больш за 500 крымінальных дзеянняў, у тым ліку, у аграпрамысловым комплексе. 

— Галоўным упраўленнем па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі быў распрацаваны алгарытм работы. Мы пералічвалі ўсю тэхніку, усе машыны, прыцэпы, сеялкі. Акрамя гэтага праверылі наяўнасць угнаенняў, пестыцыдаў — усіх матэрыяльных каштоўнасцяў. Тое ж самае датычыць і буйной рагатай жывёлы. На жаль, у гэтым сектары не ўсюды ёсць парадак і ўлік, як хацелася б, — падкрэсліў начальнік абласнога УУС.

Прыарытэтная ўвага па-ранейшаму надаецца прадухіленню карупцыйных злачынстваў. Зарэгістравана 169 падобных фактаў за мінулы год. Дарэчы, наводкай для праверак нярэдка з’яўляюцца паведамленні грамадзян. 

— Згодна з заканадаўствам, калі гаворка ідзе аб бяспецы дзяржавы, мы любое, нават ананімнае паведамленне, павінны праверыць. І ў 60 працэнтах выпадкаў інфармацыя, якая паступае ад грамадзян аб карупцыйных праявах, рэалізуецца ў крымінальную справу. Такія факты рэгулярна знаходзяць адлюстраванне ў СМІ, — паведаміў Дзмітрый Разянкоў. 

Дарэчы, пры дапамозе грамадзян удалося раскрыць 11 злачынстваў па размешчаных на сайце УУС фота- і відэаматэрыялах. 

На асаблівым кантролі міліцыі — экстрэмісцкія правапарушэнні. З улікам маючай адбыцца электаральнай кампаніі 2024 года, праваахоўныя органы бачаць сваю задачу так: максімальна выявіць дэструктыўныя элементы ў грамадстве. Раскрывальнасць спраў экстрэмісцкай накіраванасці складае каля 80 працэнтаў. Як было заяўлена падчас прэс-канферэнцыі, кожная асоба, якая здзейсніла падобныя дзеянні будзе прыцягвацца да адказнасці. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота: Мікалай ЛАПІН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.