Вы тут

У Міністэрстве адукацыі агучылі асноўныя задачы галіны на найбліжэйшы год


Якасць адукацыі, эфектыўнасць выхаваўчай работы, важнасць прафарыентацыі і прафесійннага самавызначэння старшакласнікаў, суправаджэнне таленавітых дзяцей, аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, пілотны праект па арганізацыі харчавання ў школьных сталовых — гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў калегіі Міністэрства адукацыі, на якой падводзіліся вынікі папярэдняга года і ўзгадняліся планы на будучыню.


Якасць, а не колькасць

Намеснік прэм'ер-міністра Ігар ПЕТРЫШЭНКА, які прыняў удзел у калегіі, заўважыў у сваім выступленні, што ўзмацненне ўвагі да праблем адукацыі з'яўляецца характэрнай рысай развіцця сусветнай супольнасці ў апошняе дзесяцігоддзе.

— Адукаваны чалавек — той, які здольны самастойна засвойваць новыя веды — становіцца найважнейшай каштоўнасцю і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Натуральна, што ў свеце разгарнулася сур'ёзная канкурэнцыя і барацьба за гэты капітал. І мы, як ніхто іншы, адчуваем гэта кожны дзень, — падкрэсліў віцэ-прэм'ер. — Сістэма адукацыі ў сваім развіцці, вядома, павінна ўлічваць сусветныя тэндэнцыі, у той жа час дзяржаўныя інтарэсы і ўласныя нацыянальныя асаблівасці з'яўляюцца для нас прыярытэтнымі.

«Неад'емнай часткай адукацыйнага працэсу з'яўляецца выхаваўчая і ідэалагічная работа. Мы, акрамя ведаў, павінны даць моладзі і жыццёвыя арыенціры. Таму на першы план выходзіць фаміраванне светапоглядных асноў навучэнцаў, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, — дадаў Ігар Петрышэнка. — Ва ўстановах адукацыі ўжо склалася сістэма выхаваўчай і ідэалагічнай работы, разам з тым актуальны парадак дня патрабуе новых сучасных падыходаў да яе арганізацыі. У сувязі з гэтым Міністэрству адукацыі трэба звярнуць асаблівую ўвагу на прафесійную кампетэнтнасць і асабістую пазіцыю арганізатараў выхаваўчага працэсу. Немагчыма пераацаніць уплыў на навучэнца настаўніка, выкладчыка, выхавальніка, якія штодня працуюць у класе ці ў аўдыторыі і з'яўляюцца праваднікамі асноў дзяржаўнай ідэалогіі.

— Адукоўваць мы навучыліся, а вось да выхаваўчай работы ёсць пытанні. Не заўсёды колькасць мерапрыемстваў пераходзіць у якасць, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар ЛУЦКІ. — Мы аналізавалі планы выхаваўчай работы ў некаторых установах адукацыі. Іх часам столькі, што ў дзяцей проста няма часу «прадыхнуць». Давайце ўсё ж такі зробім выхаваўчую работу больш мэтанакіраванай і практыка-арыентаванай.

Нюансы выхавання

— Выхаваўчая работа — вялікая, шматгранная, усёабдымная дзейнасць. І сваю мэту мы бачым у тым, каб аб'яднаць разрозненыя ініцыятывы ў цэласную сістэму, дасягнуць адзінства ўсіх сацыяльных інстытутаў у пытаннях выхавання, — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ. — З гэтай мэтай распрацаваны індэкс эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, які ўключае вывучэнне якасці нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі, занятасць, здароўе, захаванне сямейных каштоўнасцяў і падтрымку маладой сям'і, удзел моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны і іншыя пазіцыі.

Гаворачы аб якасці работы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, мы арыентуемся не толькі на той аб'ём ведаў і ўменняў, якім валодае наш выпускнік, але і на тое, каб са сцен школы выйшаў чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які прыносіць карысць сваёй краіне.

Міністэрства адукацыі цесна супрацоўнічае з МУС і Міністэрствам абароны. На тэрыторыі воінскіх часцей арганізаваны і актыўна дзейнічаюць 39 ваенна-патрыятычных клубаў.

Важкі ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны ўносяць пошукавыя аб'яднанні. Сёння ў 372 пошукавых аб'яднаннях займаюцца амаль 4,5 тысячы навучэнцаў.

Папаўняюцца экспазіцыі школьных музеяў, праводзіцца работа па абнаўленні іх сайтаў, арганізацыі музейнай даследчай дзейнасці. Ва ўстановах адукацыі функцыянуе 1420 музеяў, у тым ліку 209 — ваенна-гістарычнага профілю. З 2022 года ў школах арганізавана 2011 музейных экспазіцый, прысвечаных ахвярам генацыду беларускага народа.

Лічу своечасовым увядзенне летась у школах, а сёлета ў каледжах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Міністэрствам адукацыі праведзена неабходная арганізацыйная і інфармацыйна-метадычная работа. Кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні дадзена права выконваць у рабочы час аплатную педагагічную дзейнасць у частцы рэалізацыі адукацыйных праграм. Сёння ўстановамі адукацыі сумесна з ваенкаматамі працягваецца работа па падборы кадраў на гэтую пасаду.

На думку міністра, правільна выбудаваная інфармацыйна-тлумачальная работа — яшчэ адзін важны складнік выхавання. У апошнія некалькі гадоў ва ўстановах адукацыі рэалізоўваецца інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». У навучэнцаў выклікаюць непадробную цікавасць у фармаце адкрытага дыялогу зносіны з кіраўнікамі дзяржаўных органаў улады, сілавых ведамстваў, дэпутатамі. «Гэта фарміруе ў іх паспяховасць, мэтанакіраванасць, пазітыўнае стаўленне да жыцця, — лічыць кіраўнік адукацыйнага ведамства. — Новай формай арганізацыі выхаваўчай работы стаў адкрыты дыстанцыйны марафон праектаў «Мы дзейнічаем!». З мэтай яго рэалізацыі на нацыянальным адукацыйным партале адкрыта інтэрнэт-пляцоўка, дзе настаўнікам, навучэнцам, усім зацікаўленым даецца магчымасць падзяліцца вопытам рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў, а таксама ўнесці прапановы па ўдзеле ў грамадскім жыцці свайго рэгіёна».

Электронная «чарга» ў дзіцячы садок

Асобна ўдзельнікі калегіі спыніліся на пытанні даступнасці дашкольнай адукацыі. «У 2022 годзе доля дзяцей ад 1 да 6 гадоў, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, дасягнула амаль 90 працэнтаў, — праінфарміраваў міністр. — Упершыню магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома была дадзена дзецям, якія па медыцынскіх паказаннях пастаянна не могуць наведваць установу дашкольнай адукацыі.

Паводле звестак сацыялагічнага апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў верасні мінулага года, каля 95 % апытаных бацькоў без праблем атрымалі месца менавіта ў тым дзіцячым садку, у якім і хацелі.

Разам з тым у Мінскім раёне па-ранейшаму захоўваецца дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках па месцы жыхарства. Мы працуем над сістэмай, якая дазволіць бацькам ажыццяўляць працэдуру пастаноўкі дзіцяці на ўлік у электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг. Была арганізавана работа па візуалізацыі інфармацыі аб наяўнасці свабодных месцаў у кожнай установе дашкольнай адукацыі ў рэгіёнах. На інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі, сайтах аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама размешчаны інтэрактыўныя карты са спасылкамі на ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі рэгіёнаў і Мінска».

— У пытанні павышэння даступнасці дашкольнай адукацыі шмат зроблена, — паведаміў Ігар Петрышэнка. — Толькі за апошні год пабудавана 12 дзіцячых садкоў больш чым на дзве тысячы месцаў. І ў той жа час у асобных мікрараёнах з інтэнсіўнай жылой забудовай захоўваецца актуальнасць з месцамі ў дашкольных установах крокавай даступнасці. Заўважу, што агульная колькасць месцаў у садках перавышае колькасць дзяцей. Так, у Мінску на тысячу дзяцей дашкольнага ўзросту ў дашкольных установах ёсць 1100 месцаў. Таму мы працягнем практыку выдзялення месцаў у дашкольных установах, якія размешчаны побач з працай бацькоў малых або па дарозе да месца іх працы. Будзе арганізаваны падвоз дзяцей з мікрараёнаў да дзіцячых садкоў, дзе ёсць свабодныя месцы. Зыходзячы з гэтых падыходаў, неабходна на мясцовым узроўні распрацаваць лагістыку і весці прадметную індывідуальную работу з бацькамі. Трэба яшчэ раз праінвентарызаваць усю сетку дзіцячых садкоў у рэгіёнах. Вельмі важная гібкасць кіравання на месцах. Пры гэтым новыя дашкольныя ўстановы мы працягнем будаваць....

Сёлета павінна быць уведзена ў эксплуатацыю электронная сістэма пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў дзіцячым садку. Спадзяёмся, што яна значна спросціць працэс забеспячэння дзіцяці месцам у дашкольнай установе...

Зона адказнасці для ўсіх

Сур'ёзным экзаменам стане правядзенне ў маі бягучага года атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў новым фармаце.

— Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену паказала, што сур'ёзных праблем з яго арганізацыяй няма. Але ў той жа час, паважаныя калегі, хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што ніякіх недапрацаваных «дробязяў» у гэтым пытанні быць не павінна. Асабліва падкрэслю, што экзамен — зона адказнасці для ўсіх: ад міністра да кіраўніка кожнай установы адукацыі. Пільную ўвагу трэба ўдзяліць пытанням бяспекі, зладжаным дзеянням мясцовых органаў кіравання адукацыяй, аховы здароўя, праваахоўчых органаў і МНС, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Абмяркоўваючы тэму якасці адукацыі, Андрэй Іванец паведаміў, што Міністэрствам адукацыі прынята рашэнне аб правядзенні з гэтага года нацыянальнага даследавання па функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. Гэта будзе комплексная работа, якая ўключае заданні па чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчай і фінансавай адукаванасці.

— У даследаванні прымуць удзел каля 20 тысяч навучэнцаў дзясятых класаў з усіх рэгіёнаў. Яго вынікі дазволяць вызначыць шэраг задач, над якімі нам трэба будзе працаваць у найбліжэйшай перспектыве, — патлумачыў кіраўнік галіны. — У першую чаргу, гэта датычыцца ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Заданні, накіраваныя на прымяненне навучэнцамі засвоеных ведаў, уменняў і навыкаў у розных жыццёвых сітуацыях, павінны знайсці адлюстраванне ў кампанентах вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах. Задача Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі — правесці семінары па ўдасканаленні методык навучання вучэбным прадметам з выкарыстаннем гэтых матэрыялаў.

Важная задача — фарміраванне высокапрафесійнага экспертнага патэнцыялу ў галіне ацэнкі якасці адукацыі. Адпаведная задача пастаўлена Нацыянальнаму агенцтву па забеспячэнні якасці адукацыі.

У верасні бягучага года ў краіне адбудзецца фінал Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Ён праводзіцца раз на тры гады. Адначасова з адборачнымі турамі конкурсу «Настаўнік года» ў краіне праходзіць рэспубліканскі фестываль «Педагагічны дэбют», у якім удзельнічаюць педагагічныя работнікі ва ўзросце да 31 года са стажам работы на пасадзе не больш за пяць гадоў. Плануецца зрабіць яго таксама рэгулярным.

Прэстыж прафесіі і сацыяльны статус

Міністр адукацыі ўпэўнены ў тым, што якасць сучаснай адукацыі вызначаецца не толькі яе зместам і адукацыйнымі тэхналогіямі, але і гуманістычнай накіраванасцю. «Ад узроўню культуры, маральных каштоўнасцяў, прыстойнасці, дабрыні і іншых чалавечых якасцяў не толькі педагогаў, але ўсіх, хто мае дачыненне да сістэмы адукацыі, залежаць характары, лёсы, а часам і жыцці соцень і тысяч дзяцей, — звяртае ўвагу ён. — І кожны, нават адзінкавы выпадак невыканання настаўнікам ці выкладчыкам этычных нормаў негатыўна ўплывае на фарміраванне новага пакалення, на сацыяльны статус педагога і на прэстыж педагагічнай прафесіі ў цэлым.

Грамадства патрабуе ад педагагічных работнікаў як выканання ўласна прафесійных функцый па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, так і высокіх маральных якасцяў. Прыемна адзначыць, што добрых педагогаў у нас большасць. Мы шануем іх працу. Аднак у мінулым годзе званне заслужанага настаўніка атрымаў толькі адзін чалавек, заслужанага работніка адукацыі — трое, а народнага настаўніка — увогуле ніхто. Лічу, мы недапрацоўваем у гэтым пытанні. Трэба больш актыўна ўносіць прапановы па ўзнагароджанні заслужаных педагогаў».

— Летась было прынята рашэнне аб ліцэнзаванні практычна ўсіх устаноў адукацыі. Гэта яшчэ адзін інструмент для ўзмацнення адказнасці кіраўнікоў і ўстаноў адукацыі за вынікі іх дзейнасці, — паведаміў Ігар Петрышэнка. — Майце на ўвазе, што ліцэнзаванне і акрэдытацыя не павінны зводзіцца да падпісання фармальных аб'ёмных справаздач. Такія праверачныя мерапрыемствы павінны стаць стымулам у развіцці ўстаноў адукацыі і іх дзейнасці, спрыяць устараненню ўсіх пралікаў. Прашу міністра звярнуць асаблівую ўвагу на кантрольную дзейнасць. Лічу, што гэта работа павінна быць якасна абноўлена.

Ігар Петрышэнка таксама спыніўся на эфектыўнасці работы метадычных арганізацый: «Іх штат немалы. Аднак мушу канстатаваць, што дзеючая сістэма метадычнага суправаджэння сістэмы адукацыі патрабуе ўдасканалення. Неабходна перагледзець як яе структуру, так і функцыі метадычных арганізацый, — падкрэсліў ён. — Такая задача пастаўлена на бягучы год урадам перад Міністэрствам адукацыі, аблавыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

Як ідзе галасаванне ў самым маладым раёне сталіцы?

«Абавязак кожнага беларуса — прагаласаваць за сваю будучыню».

Эканоміка

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Эксперт: «Выкананне прагнозных паказчыкаў — задача складаная, але рэальная»

Мы змаглі пераадолець наступствы заходняга санкцыйнага ціску.

Палітыка

 «Якасць павінна стаць  рухавіком усіх працэсаў»

«Якасць павінна стаць рухавіком усіх працэсаў»

Зрабіўшы якасць неад’емнай часткай іміджу Беларусі як краіны, займацца ёй неабходна пастаянна і ва ўсіх напрамках.