Вы тут

Якой убачылі гродзенскія фотааматары былую рэзідэнцыю Радзівілаў


У Гродзенскай выставачнай зале адкрыта фотавыстаўка, якая стала вынікам плэнэра ў Замкавым комлексе «Мір». Усе аўтары работ — члены заслужанага народнага фотаклуба «Гродна». Гэта ўжо шосты яго плэнэр і даволі аб’ёмны. Экспазіцыя дазваляе ўбачыць замак вачыма фотатворцаў у самых нечаканых ракурсах і нават дакрануцца да яго таямніц. 


Як расказаў кіраўнік Аляксандр Ласмінскі, падчас плэнэра было зроблена больш 3 тысяч кадраў. Звыш тысячы прынялі ўдзел у адборы. Урэшце было вызначана 160 здымкаў, якія ўвайшлі ў экспазіцыю выстаўкі. Іх аўтары — сам кіраўнік фотаклуба Аляксандр Ласмінскі, фотамайстры Сяргей Барушка, Марыя Завіноўская, Юлія Паска, Святлана і Мікалай Сярэбраковы, Сяргей Тарасюк і Ян Хведчын. 

Акцэнт быў зроблены на тыя работы, якія маюць свой цікавы погляд, з’яўляюцца пазнавальнымі і эмацыянальнымі. Тут можна ўбачыць выяву замка ў розныя часы дня — на досвітку, апоўдні і падчас заходу сонца. Цікава прадстаўлены інтэр’еры і артэфакты. Дарэчы, у Мірскім замку захоўваецца вельмі шмат экспанатаў, якія зроблены падчас археалагічных раскопкаў. 

Гэта свайго роду экскурсія па старажытнай жамчужыне Беларусі і візітоўцы Гродзеншчыны. А для некаторых, можа, і першае знаёмства, бо ад Гродна да Міра крыху больш за 200 кіламетраў, і магчыма, многія пакуль проста не даехалі туды. Спадзяюся, што фотаздымкі, якія прадставілі на выстаўцы восем нашых членаў клуба, падштурхнуць гродзенцаў наведаць гэты ўнікальны комплекс, — зазначыў Аляксандр Ласмінкі. Ён спадзяецца, што фотавыстаўка працягне сваё падарожжа па Беларусі і будзе прадстаўлена ў Расійскай Федэрацыі. 

А вось адна з аўтараў экспазіцыі Сятлана Серабракова неаднойчы пабывала ў замку як турыст. Але толькі падчас плэнэра, прызнаецца яна, удалося адчуць душу замка, яго велічнасць і даўніну. Усе свае пачуцці Святлана адлюстравала на здымках, дзе засяроджвае ўвагу на яго старажытных сценах, якія захаваліся з ХVI стагоддзя — часоў пабудовы замка. 

Дырэктара Замкавага комлекса «Мір» Аляксандра Лойку выстаўка, можна сказаць, здзівіла. На яго думку, фотааматары выбралі самыя цікавыя моманты. Кажа, што нават не ўяўяляў, наколькі нечаканымі могуць быць ракурсы замка. У штодзённых справах работнікі комплекса многае не заўважаюць. І цяпер ёсць магчымасць па-ншаму паглядзець на звыклы для іх аб’ект. 

Дарэчы, у кіраўніка замка даўнія сувязі з фотаклубам «Гродна». Менавіта ён і прапанаваў зрабіць такі двухдзённы плэнэр з арганізацыяй экспазіцы. Лічыць, што гэта вельмі ўдалая папулярызацыя аднаго з самых знакамітых аб’ектаў Беларусі. Сюды варта прыехаць нават на некалькі дзён, для гэтага створаны ўсе ўмовы. Ёсць 16 гатэльных нумароў, кафэ, ёсць што паглядзець у самім замку і ў гарадскім пасёлку Мір. 

Пакуль у турыстычным плане замак не дайшоў да пандэмійнага ўзроўню, але ў мінулым годзе нас наведала 273 тысячы турыстаў, у 2019-м было 330 тысяч. Тым не меньш, у мінулым годзе мы прынялі 3-мільённага наведвальніка, — заўважыў Аляксандр Лойка. 

Ёсць і патэнцыял, які садзейнічае паляпшэнню інфраструктуры. Напрыклад, нядаўна вырашылі праблему з дамбай на мясцовым возеры — пабудавалі нанова і да яе прыстасавалі летняе кафэ. Цяпер наведвальнікі змогуць перакусіць з відамі на замак і на вадаём. Таксама нядаўна тут завяршылі трохгадовыя раскопкі на былым палацы Святаполк-Мірскіх і ёсць планы аднавіць яго. Што там будзе, пакуль вырашаецца. Магчыма, дадатковы гатэль ці экспазіцыйны палац. Ва ўсялякім выпадку, той факт, што гэты будынак будзе адноўлены, не выклікае сумнення.

У нас яшчэ на выхадзе праектна-каштарысная дакументацыя на італьянскі парк. Літаральна шэсць гадоў мы працуем вельмі цесна з Мінскпраектам і спадзяюся, што ў гэтым годзе атрымаем усе паперы, каб аднавіць нашу тэрыторыю. У нас 26 гектараў, якія трэба развіваць, — удакладняе дырэктар комплекса. 

Замкавы комплекс «Мір» — унікальны помнік архітэктуры Беларусі, які адзін з чаторых беларускіх аб’ектаў уключаны ў Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадычны ЮНЭСКА. Мірскі замак не толькі з’яўляецца яркім прыкладам палацава-замкавага дойлідства Беларусі XVI-XVIII стагоддзяў, але і ўвасабляе прыклад захавання нацыянальнай дзяржаўнай спадчыны. Доўгі час тут вяліся рэстаўрацыйныя работы, і вось ужо больш за 10 год замак адкрыты для турыстаў. Ля сцен ладзяцца маштабыя вечары, праходзяць балі, стылізаваныя пад старадаўнюю эпоху. Замак ахінуты таямніцай. Кажуць, што у яго танэлях захаваны каштоўныя скарбы, а па замку гуляе прывід і палохае наведвальнікаў.

Ці сустракалі гэты прывід удзельнікі плэнэра, невядома. Тым не менш, фотаздымкі сапраўды маюць нейкі адбітак таямніцы, як, дарэчы, і сам замак. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.