Вы тут

І ўвага, і расходы. Ці падыходзіць вам такі лад жыцця


Апошнім часам набірае папулярнасць набыццё загараднай нерухомасці. Гэтаму спрыяюць шматлікія рэпартажы аб тым, як людзі стары дом ператварылі ва ўтульны і сучасны. Ну, ці паездка да сваякоў-сяброў на лецішча, у праграме якой шпацыры-шашлыкі. Назіраць збоку за дачным жыццём — адно задавальненне. А калі самім абзавесціся летняй рэзідэнцыяй?


Як стаць дачнікам?

Можна атрымаць участак ад некаторых прадпрыемстваў ці арганізацый, калі там працуе член сям'і. Але першае пытанне, на якое варта было б адказаць у такім выпадку: а вы гатовы і ў выхадныя дні бачыць сваіх калег?

Сучасныя СТ больш падобныя на катэджныя пасёлкі, у якіх будуюцца не летнія домікі, а дамы, прыдатныя для круглагадовага пражывання. Новае СТ патрабуе каласальных затрат на інфраструктуру. Так, яна будзе служыць дзясяткі гадоў, але аплаціць гэта трэба сёння. А яшчэ і ўласны дом пабудаваць, і каб не горш, чым у калег. Так што сумленна і ўдумліва адкажыце на другое пытанне: ці дастаткова грошай на такую задуму?

Другі варыянт — купіць лецішча ў старым СТ. Тут, вядома, не будзе побач працоўнага калектыву, але знаёмых можна ўсё роўна сустрэць. Мая прыяцелька Ганна, якая арандавала лецішча ў мінулым сезоне, рэгулярна бачылася з былой калегай, якая досыць часта прыязджала да сваіх бацькоў. Дарэчы, гэта добрая ідэя — спачатку сезон ці два арандаваць дачу, каб зразумець, ці зможаце вы прыжыцца ў новых для сябе ўмовах. Маладой сям'і гэты варыянт спадабаўся. Лецішча ў арэнду знайшлі на дзіва хутка. Неяк адразу з'явілася сімпатыя паміж гаспадаром і арандатарамі. Усё было зроблена афіцыйна, заключылі дагавор. Дом з усімі гарадскімі выгодамі не расчараваў.

Межы ўчасткаў і асабістыя

«Трэба было вучыцца жыць навідавоку, — кажа Аня. — Участак шэсць сотак, плот з вуліцы і ад адной суседкі — металапрофіль, з двума іншымі суседзямі нас падзяляла сетка-рабіца. Важна зразумець, ці не будзе дыскамфорту ад таго, што зусім побач знаходзяцца чужыя людзі. Злева жыве сям'я ўрачоў, вельмі прыемная, мы пасябравалі. Але распавядалі, што як толькі атрымалі ў спадчыну лецішча, дык адразу да іх пачалі прыходзіліць суседзі: то ціск памераць, то таблетку папрасіць, то пракансультавацца, то перавязку зрабіць... Пазбавіліся ад візіцёраў такім чынам: удакладнялі, дзе чалавек працуе. Потым той доктар прыходзіў, напрыклад, да выхавальніцы і прасіў «паглядзець нашых дзяцей», ці да кухара — «прыгатаваць абед».... О, як яны ўсё абураліся. Але візіты спыніліся. Затое ў чаце СТ з'явіліся рэкамендацыі па прафілактыцы і першай дапамозе пры дачных траўмах, парады гіпертонікам і тым, хто пакутуе на іншыя хваробы.

А вось іншыя суседзі... Мяне шакавала, як суседка вучыла дзіця: «Можаш пагуляць з хлопчыкамі з суседняга ўчастка, яны з багатай сям'і». І як яна вымярае тое «багацце»?

У прынцыпе, людзі ўсюды аднолькавыя. У горадзе на дзіцячай пляцоўцы абавязкова сустрэнеш маму, якая лічыць, што тут усё толькі для яе дзіцяці, астатнія — пайшлі прэч, такая ж будзе і ў садаводчым таварыстве».

Старыя і новыя

Ганна бачыць перавагу старых СТ у тым, што там рана ці позна разбураецца маналіт «адна праца, адзін дом у горадзе, адно СТ». Новыя гаспадары лецішчаў у асноўным не лезуць у чужое жыццё і ў іх няма успамінаў: хто каго пакрыўдзіў дваццать гадоў таму. У той жа час гэтыя людзі могуць хутчэй аб'яднацца, каб вырашыць нейкае пытанне, якое датычыцца агульнага камфорту ў СТ. Ва ўсякім разе, калі ў канцы сезона старшыня СТ падзякаваў у чаце дачнікам, якія нешта зрабілі для агульнага дабрабыту, спіс аказаўся вялікі.

Таксама Ганне падабаецца неаднародная забудова — гэта цікавей, чым новыя СТ з падобнымі дамамі. «А яшчэ тут такія прыгожыя кветнікі, на якія нават у маладых спадчыннікаў рука не падымаецца, а не гэтыя сумныя газоны з туямі», — кажа яна.

Інфраструктура і мікраклімат

Перш чым набываць лецішча, трэба даведацца не толькі аб стане дома і гаспадарчых пабудоў, але і аб агульнай інфраструктуры. Што з электрычнасцю, з вадой? Ёсць сезонная крама ці прыязджае аўтакрама? Наколькі добра «ловіць» мабільная сувязь — таксама важнае пытанне. І галоўнае — што адбываецца ў кіраўніцтве СТ? Ганна расказвае, што ў суседнім СТ другі год судзяцца стары старшыня праўлення і новы. Прычым апошні ўвесь час прайграе працэсы, а грошы на ўсякага роду кампенсацыі бяруць з членскіх узносаў. Значыць, мала таго, што мікраклімат неспрыяльны, дык яшчэ і грошы вылятаюць у трубу.

Сем разоў адмерай...

Ганна з мамай і свякрухай палічылі, што на лецішчы выгадна мець фруктовыя дрэвы і ягады. «Ты ўяўляеш, колькі б мы заплацілі за ажыну і дурніцу на базары?!» — цешылася мама Ганны. Датычна агарода прыйшлі да адназначнай высновы: гародніну лепш купляць у суседзяў, якія ўвесь сезон жывуць на лецішчах.

Пятая частка дамоў у гэтым СТ заселена круглы год, прычым жывуць у іх як пенсіянеры, так і маладыя сем'і. А святы на лецішчах адзначаюць, мабыць, у кожным чацвёртым доме. Зімой людзі хоць бы раз на месяц прыязджаюць сюды, напрыклад, зняць снежную шапку з цяпліцы.

Ганна кажа, што сям'я хоча яшчэ сезон пажыць на арандаваным лецішчы. А ўжо потым на сямейнай радзе вырашыць, што і дзе купляць ці па-ранейшаму арандаваць. Занадта сур'ёзная пакупка, каб здзяйсняць яе, кіруючыся эмоцыямі або модай. Гэта куханны камбайн купіш, месяц пакарыстаешся, а потым ён гадамі займае месца, але есці не просіць. Уласнае лецішча патрабуе і пастаяннай увагі, і расходаў.

Ксенія КАВАЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.